Знайсці
27.09.2010 / 10:583РусŁacБел

«Беларускі» раман чэха Яхіма Топала пакуль не зацікавіў выдаўцоў у Беларусі

«Chladnou zemí" („Па халоднай зямлі“) — так называецца раман чэскага пісьменьніка Яхіма Топала, значная частка дзеяньня ў якім адбываецца ў Беларусі. За гэты твор аўтар атрымаў нядаўна на радзіме прэстыжную літаратурную прэмію імя Яраслава Зайфэрта. А вось беларускія выдаўцы пакуль што не зацікавіліся творам, сюжэт якога крута замяшаны на менскай тэматыцы.

Назва раману — гэта мэтафара ўсяе сучаснае Беларусі, — мяркуе паэтка і перакладчыца Марыя Мартысевіч. Яна была гідам чэскага пісьменьніка, калі ён прыяжджаў у Менск у надзвычай сьцюдзёным лютым 2008-га. Тады прэзэнтавалася выдадзеная па-беларуску кніга „Анёл“ з творамі трох Топалаў — бацькі Ёзафа і братоў Яхіма і Філіпа:

У той дзень, калі ён прыяжджаў, а гэта люты, было вельмі холадна, і, хоць дзеяньне раману адбываецца ў траўні, яго героі ходзяць у цёплай вопратцы і краіна выглядае такой Сібір’ю».

Дадалі «халодных» уражаньняў суткі ў гатэлі аэрапорту «Менск-2», дзе Яхім Топал, спазьніўшыся на свой самалёт, змушаны быў чакаць на наступны рэйс.

На «завірушную» мэтафару ў рамане накладзены палітычныя падзеі, хоць, гуляючы тады па Менску, ён ніякіх такіх падзеяў ня бачыў. Але пэрсанажы твору, прыехаўшы з Чэхіі ў Беларусь, трапляюць у самыя неймаверныя гісторыі сучаснага жыцьця краіны.

Марыя Мартысевіч — пра адзін з такіх эпізодаў сюжэту, які адбываецца ў ціхай менскай кавярні «Салодкі фальварак»:

«Яны прыходзяць у „Салодкі фальварак“, хаваюцца там. Але тут Лукашэнка абвяшчае ваеннае становішча і ўсе людзі пачынаюць кідацца крэсламі, біцца, выбягаюць на вуліцу і — пачынаецца рэвалюцыя»

Паводле раману «Па халоднай зямлі» у Нямеччыне паставілі радыёп’есу, у якой выкарыстаныя, дарэчы, гукі з рэальных беларускіх падзеяў, кажа спадарыня Мартысевіч:

«Сам раман і п’еса асабліва вельмі намякаюць на падзеі вясны 2006 году, і нават у п’есе скарыстаны жывыя гукі, якія запісвалі журналісты падчас разгонаў дэманстрацыяў і мітынгаў».

Уляўраваны «беларускі» раман чэха Яхіма Топала ўзяўся са згоды аўтара перакладаць на беларускую Сяргей Сматрычэнка:

Я яго пачаў рабіць, але зрабіў пакуль што ня шмат».

На пытаньне ж, ці ёсьць у перакладчыка прапановы ад выдаўцоў, спадар Сматрычэнка сказаў, што няма, а сам ён нікому не прапаноўваў. Хоць мяркуе, што надрукаваць раман удасца прынамсі ў якім часопісе, напрыклад, у «ARCHE», бо твор невялікі — усяго сто зь нечым старонак.

Валянціна Аксак, Радыё Свабода

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930