Знайсці
28.04.2024 / 21:4319РусŁacБел

Паўстагоддзя з кляймом здрадніка: гісторыя адной правакацыі

Мінск быў захоплены вермахтам на сёмы дзень вайны, а ўжо на чацвёрты ў горадзе не было нікога з кіраўніцтва. Антынацысцкі супраціў тут узнік стыхійна, без кіравання з Масквы. Але гэта прызналі толькі пасля краху савецкай улады. 

Мінск. Аэрафотаздымка 1942 года. З архіва Паўла Растоўцава

Уцякайце

У чэрвені 1941 года ў Мінску жыве каля 270 тысяч чалавек — пераважна ў межах сённяшняга другога кальца. За гэтай рысай горад актыўна рос толькі ў раёне Сельгаспасёлка. Забудова збольшага драўляная, а жылыя камяніцы цэнтра — амаль усе яшчэ дарэвалюцыйныя, з драўлянымі перакрыццямі, якія ў выпадку пажару імгненна выгаралі.

Першыя нямецкія бомбы падаюць на горад ужо на другі дзень вайны: бамбяць раёны вакзала і аэрапорта. Назаўтра нямецкая авіяцыя наносіць жахлівы ўдар па цэнтры. Мінск бамбяць хвалямі па сорак самалётаў, агулам за дзень 24 чэрвеня адбылося каля дваццаці налётаў. 

Колькі было ахвяр гэтых налётаў — не палічылі дагэтуль, але немцы пакуль што не цэлілі адмыслова ў людзей.

Перадусім імкнуліся парушыць камунікацыі, пасеяць паніку і прымусіць насельніцтва бегчы з горада, каб запоўніць транспартныя артэрыі і перашкодзіць перамяшчэнню савецкіх войскаў.

Найбольш пацярпелі ад бамбаванняў цэнтральныя раёны: сённяшнія праспект Незалежнасці і вуліца Леніна. Ад пажараў, выкліканых нямецкімі бомбамі, згараць амаль цалкам кварталы на левым беразе Свіслачы аж да самай Камароўкі.

І ўжо ўвечары 24 чэрвеня людзі пабягуць з Мінска, запоўняць Маскоўскую і Магілёўскую шашу, спяшаючыся на ўсход. Рэспубліканскае кіраўніцтва на чале з Панцеляймонам Панамарэнкам дачакаецца а 20- й гадзіне дазволу Сталіна — і таксама «эвакуіруецца». У ноч на 25 чэрвеня горад пакінуць усе органы ўлады, структуры НКВД і дзяржбяспекі, а таксама штаб фронту. Пры гэтым звычайных жыхароў працягнуць запэўніваць, што Мінск не трапіць у рукі ворага. 

28 чэрвеня ў горад увойдуць часці вермахта.

Вярнуцца на працу

У першыя ж дні пасля захопу горада ўсе мужчыны ад 16 да 50 гадоў будуць змешчаныя ў адмысловы фільтрацыйны лагер, створаны ў Драздах на беразе Свіслачы (на гэтым месцы да нядаўняга часу размяшчалася птушкафабрыка імя Крупскай, сёння тэрыторыя актыўна забудоўваецца жылымі кварталамі). Сюды сагналі каля ста тысяч ваеннапалонных і каля сарака тысяч цывільных. Каля дзесяці тысяч вязняў адразу ж расстралялі і пахавалі непадалёк: перадусім яўрэяў і камуністаў. Гэта было першае жахлівае ваеннае злачынства нацыстаў у Мінску.

Астатніх некалькі дзён утрымлівалі на адкрытым паветры пад спякотным сонцам без вады і ежы. Ваеннапалонных пасля перавядуць у лагер «Шталаг 352», створаны ў Масюкоўшчыне, — а цывільных адпусцяць па хатах, абавязаўшы вярнуцца на ранейшыя месцы працы. Яўрэяў прымусяць перасяліцца ў гета.

Агулам падчас акупацыі насельніцтва горада будзе налічваць у розныя гады прыкладна 100—150 тысяч чалавек. 

Ініцыятыва знізу

Першыя канспірацыйныя групы ўзніклі ў горадзе самастойна, па ініцыятыве знізу. Ствараліся яны зазвычай у асяроддзі добра знаёмых міжсобку людзей: сваякоў, суседзяў, калегаў па працы альбо навучанні. Аднымі з першых уключыліся ў падпольную дзейнасць медыкі: працуючы ў лазарэтах, створаных немцамі для ўтрымання параненых савецкіх ваеннапалонных, яны дапамагалі сваім пацыентам хавацца і далучацца да падпольных груп ці партызанскіх атрадаў.

Ужо ў першы год акупацыі падпольныя групы існавалі на ўсіх асноўных прадпрыемствах горада: чыгуначным вузле, цагельнях, пякарнях, ЦЭЦ, гарбарным, вагонабудаўнічым і станкабудаўнічым заводах, і нават у Доме друку ды гаражы гарадской управы. На сёння вядомыя імёны каля дзевяці тысяч удзельнікаў мінскага падполля. Такім чынам, падполлю дапамагаў прыкладна кожны дзясяты жыхар горада. 

Савецкае кіраўніцтва проста не паспела пакінуць у нямецкім тыле адпаведныя групы для арганізацыі супраціву. Але ў канцы чэрвеня, калі фронт ужо знаходзіўся на ўсход ад Мінска, партыйныя дзеячы ўзяліся за справу: прынялі пастановы аб пераводзе партыйных арганізацый на акупаванай тэрыторыі ў стан падпольнай дзейнасці. А праз год тэрытарыяльна падзялілі падполле на пяць падпольных райкамаў: Сталінскі, Кагановіцкі, Варашылаўскі (паводле трох раёнаў даваеннага горада), а таксама Чыгуначны (падпольная арганізацыя чыгуначнікаў была адной з найбольшых) і Тэльманаўскі, які быў створаны на тэрыторыі гета.

Медыкі і здраднік

26 кастрычніка 1941 года ў Мінску адбылося першае публічнае пакаранне смерцю. Салдаты літоўскага паліцэйскага батальёна на чале з Антанасам Імпулявічусам павесілі ў розных месцах на вуліцах горада дванаццаць удзельнікаў групы, якая займалася ратаваннем савецкіх ваеннапалонных і перапраўкай іх да партызан. 

Мінчукам добра вядомае адно з месцаў страты ўдзельнікаў гэтай групы: Кірыла Труса (Трусава), Уладзіміра Шчарбацэвіча і Марыю Брускіну павесілі на браме дражджавога завода на вуліцы Варашылава, якая сёння называецца Кастрычніцкай. Цяпер на гэтым месцы стаіць сціплы мемарыял з барэльефам. Публічнае павешанне было акцыяй застрашвання.

Гэтая група дзейнічала ў лазарэце, які размяшчаўся ў галоўным корпусе сённяшняга БНТУ. Яе выдаў здраднік — адзін з тых ваеннапалонных, якім дапамагалі падпольшчыкі. Барыс Рудзянка, былы шыфравальшчык адной з савецкіх вайсковых часцей, быў перахоплены гітлераўцамі на шляху да партызан і пагадзіўся на супрацоўніцтва з нямецкай вайсковай контрразведкай — абверам. Супрацоўніцтва было плённым: здраднік спрычыніўся да цэлага шэрагу правалаў падполля, хаця пэўныя засцярогі на яго конт выказваліся.

Пасля вайны ён усё ж трапіў у рукі савецкай дзяржбяспекі і ў 1951 годзе быў расстраляны.

Мінскае ўпраўленне абвера знаходзілася на вуліцы Карла Маркса, у будынку, які цяпер займае філалагічны факультэт БДУ. У маі 1943 года, падчас адной з найбуйнейшых савецкіх бамбардзіровак Мінска, будынак быў значна пашкоджаны і ахоплены пажарам. Фота: YANDEX.MAPS

Але змагалася супраць мінскіх падпольшчыкаў не толькі і не столькі франтавая вайсковая контрразведка, як органы СД — тыя, якія часта называюць «гестапа», хаця афіцыйна структуры нацысцкай дзяржбяспекі называліся так толькі ў Рэйху і на непасрэдна ўключаных у яго склад тэрыторыях.

СД (Служба бяспекі рэйхсфюрара СС)

орган выведкі і контрвыведкі ў Трэцім рэйху і на акупаваных Германіяй землях падчас Другой сусветнай вайны. 

Штат мінскага СД налічваў каля 1 100 чалавек, прычым толькі сто з іх былі немцамі. Рэшта былі хто заўгодна: фольксдойчы, «белаэмігранты», савецкія калабаранты і г.д., існавала таксама асобная латышская каманда.

Сядзіба СД размяшчалася ў будынках універсітэцкага гарадка — прыкладна ў раёне сучаснага галоўнага корпуса БДУ. Тут жа ў падвалах дзейнічала следчая турма, а рэшту вязняў трымалі ў «Валадарцы». Будынак СД таксама моцна пацярпеў падчас савецкіх бамбардзіровак пры вызваленні горада і пазней быў разабраны падчас рэканструкцыі плошчы перад Домам урада.

Прычым, кажуць, у 1960-х будаўнікі натрапілі ў падвалах разбуранага гмаху на частку дакументаў нацысцкай спецслужбы.

Не галоўны герой

Ажно да самага распаду СССР лічылася, што мінскім падполлем кіраваў Ісай Казінец. Ураджэнец украінскага Генічаска, яўрэй, інжынер-нафтавік, перад нападам Германіі на СССР ён быў накіраваны на працу ў Беласток, а пасля, уцякаючы ад нацыстаў, выпадкова апынуўся ў Мінску.

Ісай Казінец і Лёля Равінская. Фота: MOLODGUARD.RU

Ісай (Іегуда) Казінец

(1910—1942) нарадзіўся ў Генічаску на беразе Азоўскага мора (цяпер Херсонская вобласць Украіны) у яўрэйскай сям’і. Жыў у Батумі, вучыўся ў Кіеве, працаваў у Калініне і Горкім.

У Беларусь упершыню трапіў толькі ў 1939 годзе, пасля пачатку Другой сусветнай вайны і далучэння да СССР Заходняй Беларусі. Ён быў камандзіраваны ў Беласток на пасаду галоўнага інжынера прадпрыемства «Нафтазбыт» і працаваў там да самага пачатку вайны з немцамі. Пасля таго разам з часцямі Чырвонай арміі адступіў на ўсход і апынуўся ў Мінску. 

У акупаваным горадзе арганізаваў і ўзначаліў падпольную групу, уваходзіў у Мінскі падпольны гаркам КП(б)Б, адказваў за сувязь з падпольшчыкамі гета, кіраваў адпраўкай партызанам папаўнення, зброі, медыкаментаў. Быў таксама адным з арганізатараў падпольнай друкарні.

27 сакавіка 1942 года арыштаваны, 7 мая павешаны.

На месцы пакарання смерцю ў Аляксандраўскім (Цэнтральным) скверы цяпер ёсць мемарыяльная шыльда, таксама іменем Казінца названыя плошча, вуліца і два завулкі ў мікрараёне Курасоўшчына. 

Ніхто не даваў яму ніякіх афіцыйных паўнамоцтваў, і таму дзіўна, што Казінца так бессумнеўна прынялі ў ролі галоўнага мінскага падпольшчыка: і самі падпольшчыкі, якія нібыта нават выбралі яго сакратаром Мінскага падпольнага гаркама партыі, і вышэйшае кіраўніцтва. У 1965-м Казінцу пасмяротна далі званне Героя Савецкага Саюза, пісьменнік Іван Новікаў зрабіў яго галоўным героем сваёй кнігі «Руіны страляюць ва ўпор», а ў 1970-х выйшаў тэлесерыял «Руіны страляюць…» — і прызнанне стала ўсенародным.

Але папраўдзе не Ісай Казінец кіраваў мінскімі падпольшчыкамі, хоць ён і ўваходзіў у кіраўніцтва падполля. Дабраўшыся да Мінска, ён легалізаваўся як татарын Мустафа Дэлікурды-Аглы.

Пазнаёміўся і блізка пасябраваў з Аленай (Лёляй) Равінскай — дачкой таго самага Міколы Равенскага, кампазітара, які на эміграцыі пасля вайны паклаў на музыку гімн Наталлі Арсенневай «Магутны Божа» (розніца ў напісанні прозвішчаў бацькі і дачкі тлумачыцца блытанінай у дакументах).

Казінец і Равінская былі разам арыштаваныя ў сакавіку 1942 года. У маі павесілі ў Аляксандраўскім скверы яго, а крыху пазней у турме СД закатавалі і яе.

Двухпавярховы будынак злева — адна з сядзіб мінскага СД падчас акупацыі. Фота: PLANETABELARUS.BY

На чале гаркама

Хто ж насамрэч быў кіраўніком мінскага падполля і чаму яго імя не называлі? 

Яшчэ ў жніўні 1941 года ў Мінску з’явіўся Іван Кавалёў. Ён быў адным з тых самых арганізатараў падполля, якіх накіроўвалі праз лінію фронту для стварэння канспірацыйных структур на акупаванай тэрыторыі.

Іван Кавалёў меў паўнамоцтвы на стварэнне падполля ў Заслаўі, але, дабраўшыся туды, справядліва разважыў, што ў невялікім мястэчку, дзе яго ўсе ведаюць, дзейнічаць будзе даволі складана. Так Кавалёў апынуўся ў Мінску, дзе падполле ўжо існавала і намагалася аб’яднацца. Іван Кавалёў адшукаў сваіх даваенных знаёмых па партыйнай рабоце, стварыў падпольны гаркам партыі і сам жа ўзначаліў яго.

Іван Кавалёў. Фота: ZVIAZDA.BY

У Маскве пра гэта даведаліся толькі праз некалькі месяцаў: да вясны 1942 года аніякай сувязі з Мінскам у цэнтра не было, і толькі першыя закінутыя сюды разведгрупы ГРУ з рацыямі здолелі паведаміць, што падполле ў Мінску ёсць. 

Як ні дзіўна, для найвышэйшага беларускага кіраўніка Панцеляймона Панамарэнкі гэта была, відаць, не надта прыемная навіна: ён ужо паспеў даць справаздачу Сталіну і нават пашырыць у савецкай прэсе меркаванне, што ўсе, хто хацеў, у чэрвені 1941 года з Мінска эвакуіраваліся, а тыя, хто застаўся, — спрэс здраднікі і калабаранты. І таму кожны правал падполля Панамарэнка выкарыстоўваў для дыскрэдытацыі яго кіраўнікоў і ўдзельнікаў наогул.

Іван Кавалёў (1906—1943)

нарадзіўся ў вёсцы Бабічы Рагачоўскага павета (цяпер Чачэрскі раён Гомельскай вобласці). Перад вайной працаваў у Заслаўі, спачатку дырэктарам мясцовай машынна-трактарнай станцыі, пасля сакратаром Заслаўскага райкама. Пасля пачатку вайны перабраўся ў Мінск, ствараў гарадскую падпольную арганізацыю, ініцыятар стварэння і кіраўнік падпольнага Мінскага гаркама партыі. Гэты гаркам займаўся не толькі арганізацыяй падполля непасрэдна ў горадзе, але і стварэннем партызанскіх атрадаў у яго ваколіцах. 

У кастрычніку 1942 года Іван Кавалёў быў арыштаваны немцамі, далейшы лёс дакладна не вядомы, але, хутчэй за ўсё, ён загінуў вясной 1943-га ў Трасцянцы.

Падмена

Буйныя правалы ў мінскім падполлі здараліся, але найстрашнейшай была хваля арыштаў увосень 1942 года, у выніку якой было схопленае амаль усё кіраўніцтва падпольнага гаркама на чале з Іванам Кавалёвым. Тут і хаваюцца карані гісторыі з «падменай кіраўнікоў».

Арыштаваўшы лідара гарадскога падполля, нацысты зладзілі маштабную правакацыю: яны пашырылі ў мясцовай пранямецкай прэсе звесткі, нібыта Іван Кавалёў пайшоў на супрацоўніцтва з акупантамі і заклікае спыніць супраціў. Імя кіраўніка падполля было абылганае — але самае прыкрае, што ў гэтую дэзынфармацыю паверылі ў Маскве. 

Кіраўніцтва Цэнтральнага штаба партызанскага руху на чале з Панцеляймонам Панамарэнкам выдала дырэктыву, у якой абвінаваціла кіраўніцтва падполля ў здрадзе, назваўшы падпольны гаркам падстаўным і адмыслова створаным нацыстамі для выкрыцця савецкіх патрыётаў. Дырэктыва прадугледжвала, што ўсе, хто будзе прыходзіць з Мінска ў партызанскія атрады ад імя гаркама, мусяць быць затрыманыя. На практыцы гэта азначала, што западозранага ў «здрадзе» часцей за ўсё чакаў расстрэл. Так, напрыклад, загінула дачка аднаго з найбліжэйшых паплечнікаў Кавалёва, Лявонція Адзінцова, — 18-гадовая Ніна. Сёння іменем яе бацькі названая вуліца на захадзе сталіцы. 

Пасля восеньскага правалу 1942 года падпольны гаркам быў адноўлены толькі праз год, і ўжо не ў горадзе, а ў партызанскай зоне, і адтуль кіраваў групамі падпольшчыкаў у Мінску.

Вяртанне імя

Пасля вайны шальмаванне імені Івана Кавалёва працягнулася: партыйнае кіраўніцтва лічыла яго здраднікам. Хоць напрыканцы 1950-х справы аб «здрадніцтве» больш чым 120 удзельнікаў падполля былі перагледжаныя і амаль усе фігуранты рэабілітаваныя. 

Толькі з прыходам галоснасці выявілася, што савецкія спецслужбы вымусілі аднаго са сваіх тайных супрацоўнікаў, земляка Кавалёва, агаварыць кіраўніка мінскага падполля. Той даў хлуслівыя паказанні, нібыта Кавалёва бачылі ў нацысцкай Германіі, дзе ён выступаў перад публікай з антысавецкімі прамовамі.

Пашыраліся плёткі, нібыта Кавалёў нават здымаўся ў нейкіх прапагандысцкіх фільмах і пісаў на замову нацыстаў кнігі. Усё гэта не мела ніякага дачынення да праўды. Урэшце даследчыкі знайшлі паклёпніка — і ён пацвердзіў, што агаварыў лідара падпольшчыкаў пад ціскам. Імя гэтага чалавека гісторыкі пакуль не назвалі, вядомы толькі псеўданім — Дубаў. 

Такім чынам, усё сведчыць аб тым, што Іван Кавалёў ніколі не пагаджаўся на супрацоўніцтва з ворагам і быў закатаваны ўжо ўвесну 1943 года. 

Сабакі Аніта і Рэй на вуліцы Кавалёва ў мінскім Сухараве, якая складаецца з прыватных дамкоў, што рассыпаныя між шматпавярховікаў

Вуліца Івана Кавалёва з’явілася ў 1990-я ў сталічным Сухараве. Сёння яе траса актыўна забудоўваецца шматпавярховікамі, ад старой прыватнай забудовы застаецца з дзясятак дамоў. Так зноў незаўважна сціраецца памяць аб гэтым несправядліва абвінавачаным чалавеку — сапраўдным герою, які цэлы год, самы цяжкі год вайны, калі здавалася, што немцы перамагаюць, кіраваў мінскім падполлем.

Іван Кавалёў заслугоўвае помніка ў горадзе, у якім загінуў.

Клас
77
Панылы сорам
10
Ха-ха
5
Ого
9
Сумна
23
Абуральна
23
1
Лукашенки в этой стране не переведутся /адказаць/
28.04.2024
Как окоментовать хренина, так налетят как осы, а как услышать историю дедов и правду, так то, что есть
0
Алег/адказаць/
28.04.2024
Наша нива перепечатывает сб.
0
мамаколи/адказаць/
29.04.2024
Не удивлюсь, если окажется что минское подполье с Ковалевым слили по команде из Москвы.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031