Знайсці
25.04.2024 / 22:13РусŁacБел

«Так цяпер ужо не пішуць». «Свет позняй Антычнасці» Пітэра Браўна

У оптыцы Браўна перыяд распаду Рымскай Імперыі — гэта не перыяд дэградацыі сістэмы кіравання, а час паўставання новай духоўнасці, піша ў сябе ў фэйсбуку пра гэтую выдатную гістарычную кнігу кандыдат сацыялагічных навук Аляксей Ластоўскі.

Peter Brown. The World of Late Antiquity — Folio Society, 2014

Питер Браун. Мир поздней Античности. 150—-750 гг. н. э. Новое литературное обозрение, 2024.

Кніга Мэры Бёрд SPQR сканчалася якраз на акце надання рымскага грамадзянства імператарам Каракалай усім жыхарам Рымскай Імперыі ў 212 годзе, і цалкам лагічным выглядала працягнуць чытанне новаапублікаваным перакладам ужо класічнай працы (першая публікацыя — ажно 1971 года!!) Пітэра Браўна.

Але пры аддаленасці ў часе стварэння прац і выбары храналагічна адрозных перыядаў існавання Рымскай дзяржавы ёсць і адно сутнаснае падабенства між аўтарамі: яны абое імкнуцца пазбегнуць фаталістычнага наратыву пра падзенне Рымскай Імперыі. Толькі Бёрд засяроджваецца на фармаванні рымскіх палітычных інстытутаў, а Браўн абапіраецца на нейтральны тэрмін «позняя антычнасць» і спыняецца на вырастанні ў гэты час новых інстытутаў, на рэвалюцыйных зменах гэтага часу. Таму яднае гэтыя дзве кнігі своеасаблівы гістарычны аптымізм пры разглядзе старажытнарымскай гісторыі.

Але на гэтым падабенствы, мабыць, і скончваюцца. Для Браўна характэрны ўсё ж стыль абагульненняў, які грунтуецца на эрудыцыі, Бёрд вельмі асцярожная і ў гэтым плане больш блізкая да сучасных стандартаў навуковасці ў сваім пісьме. Браўн напісаў невялікую па аб'ёме кнігу (расейскі пераклад — 256 старонак), але вельмі насычаную па сваіх пранізлівых высновах, нечаканых абагульненнях і нават парадаксальных сцверджаннях. Безумоўна, адбываецца гэта за кошт доказнай базы і аргументаванасці, некаторыя сцверджанні як быццам падвісаюць у паветры, напрыклад, вельмі цікавая размова пра эвалюцыю эліт у Рымскай імперыі і прыход да ўлады вайсковай эліты, і Браўн звязвае хуткасць распаўсюду хрысціянства з гэтай зменай: «Лёгкасць, з якой хрысціянства ўстанавіла контроль над вышэйшымі класамі Рымскай імперыі ў IV стагоддзі, была наступствам перавароту, які змясціў імператарскі двор у цэнтр грамадства «новых людзей». І мяне гэты тэзіс зачапіў, а вось разгортвання няма, Браўн ідзе далей.

Агулам, і гэта таксама мяне прывабіла, аўтар досыць часта аперуе катэгорыямі гістарычнай сацыялогіі, яго не асабліва цікавіць пераказ учынкаў імператараў і пералік вайсковых сутычак, яго цікавіць сацыяльная дыферэнцыяцыя, вылучэнне элітаў, узаемадзеяннямі паміж рознымі слаямі грамадства. Так, пры апісанні аднаўлення рымскага грамадства ў IV стагоддзі ён звяртае ўвагу не толькі, што гэта была рэстаўрацыя dolce vita буйных землеўласнікаў, але і нарастанне прорвы між багатымі і беднымі, а разам з тым — рост сацыяльнай мабільнасці.

І асабліва аўтара цікавіць, як змяняліся ўяўленні, на чым будавалася лаяльнасць імператару, як адчувалі жыхары сваю прыналежнасць да імперыі. Пры гэтым Браўн лёгка піша ў стылістыцы «як яно было», такім раскошным стылем прафесара старой школы, які дзякуючы сваёй эрудыцыі пранікае ў розумы людзей ранейшых часоў.

Асабліва шмат увагі (практычна большую частку гэтай не такой вялікай кнігі) ён надае выбуху рэлігійна-філасофскіх пошукаў, звязаных і з пашырэннем неаплатанізму, і з пашырэннем хрысціянства. Мабыць, таму гэта кніга і выйшла ў серыі Studia religiosa, гэтую напружанасць у развагах пра дачыненні з сакральным Браўн лічыць «духоўнай рэвалюцыяй», найвышэйшым дасягненнем позняй антычнасці. Браўн у сваёй оптыцы звяртаецца да аналізу настрояў, нейкіх пачуццяў, якія луналі ў паветры і ўплывалі на свядомасць: але ў мяне застаецца скепсіс, як можна верыфікаваць «адчуванне немінучага «прарыву» боскай энергіі ва ўнутраны свет індывідуума»?

З другога боку, мы цяпер жывём у цалкам у іншых катэгорыях, і нам цяжка зразумець, чым так істотныя пытанні прыроды Бога і чалавека, якія раздзіралі познеантычны свет.

Браўн прываблівае тым, што ён як быццам жыве гэтымі дыскусіямі (і што істотна, ён зачараваны логікай мыслення ўсіх плыняў, імкнецца быць не сухім і нейтральным, а натхнёным палётам думкі і прагай спазнання). Можна толькі пазайздросціць, з якім стылістычным майстэрствам і неймавернай эрудыцыяй аўтар спалучае чуллівасць да сацыяльных адрозненняў і ўражлівасць да тэалагічных канцэптаў. Сапраўды, у такой оптыцы позняя антычнасць — гэта не дэградацыя сістэмы кіравання, а паўставанне новай духоўнасці.

Разумееш, чаму кніга атрымала статус класічнай: яна жывая, дыскусійная, зачароўвае магіяй новых ідэй, і гэта ў надзвычай канцэнтраваным выглядзе (264 старонак). Так цяпер ужо не пішуць.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

label.reaction.like
8
label.reaction.facepalm
0
label.reaction.smile
0
label.reaction.omg
1
label.reaction.sad
0
label.reaction.anger
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031