Знайсці
05.01.2024 / 17:0714РусŁacБел

«Гэты асфальт ляжыць дакладна на той дарозе, дзе 236 гадоў таму праехала Кацярына II». Вам самім не смешна?»

З цікавасцю прачытаў пра ідэю турыстычнага праекта «Дарогамі Кацярыны» па матывах падарожжа праз Усходнюю Беларусь расейскай імператрыцы Кацярыны II у канцы XVIII стагоддзя па дарозе з Пецярбурга ў Крым. І вось чаму гэтая ідэя недарэчная, піша на сайце «Штодзень» Раман Абуховіч.


Карыкатура «Імперскі крок», выдадзеная ў Лондане ў разгар так званага Ачакаўскага крызісу незадоўга да заканчэння другой руска-турэцкай вайны (1787-1791), высмейвала фантастычны «Грэчаскі праект» Кацярыны II, які прадугледжваў падзел Асманскай імперыі і адраджэнне Візантыі

Сэнс прапанаванай ідэі праекта ў тым, каб на тэрыторыі Магілёўскай і Гомельскай абласцей Беларусі, а таксама прылеглых абласцей Расіі, Бранскай і Смаленскай, стварыць турыстычны маршрут, тэматычна прывязаны да ідэі падарожжа расійскай імператрыцы Кацярыны II у канцы XVIII стагоддзя, і ў кожным населеным пункце, задзейнічаным на гэтым маршруце, распрацаваць сваю цікавостку, прывязаную да агульнай ідэі.

Як паведамляюць аўтары праекта:

«Напрыклад, у Грабаўскай сярэдняй школе Гомельскага раёна распрацавалі канцэпцыю фестывалю «Імяніны ў Кацярыны», куды ўвойдуць і інтэрмедыі XVIII стагоддзя, і літаратурныя чаяванні. Клімаўская сярэдняя школа прапануе некалькі варыянтаў велаквэстаў, прычым абавязкова з наведваннем ліпавай алеі, размешчанай недалёка ад вёскі. Дырэктар установы адукацыі Вера Флярко расказвае: — Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што менавіта міма гэтых ліп і дубоў праязджала імператрыца».

Праблемныя месцы пачынаюцца з таго, што дарога з Санкт-Пецярбурга на Крым не праходзіла праз Бранскую вобласць, адпаведна, яе ўдзел у гэтым праекце абсалютна недатычны да заяўленай тэмы «Дарогамі Кацярыны», бо яна там не ехала.

І вось у прыгожай ідэі з’яўляецца геаграфічная неадпаведнасць, шытая белымі ніткамі і прыцягнутая за вушы. Так бы мовіць, ідэйна нявытрыманы праект. Дык чаму б тады і Мінскую ды Брэсцкую вобласці не далучыць? Кацярына там таксама не ездзіла, але яны мяжуюць з Гомельскай вобласцю. Трэба ўрэшце вырашыць — ці «дарогі Кацярыны», ці праект з усімі добрымі людзьмі свету і суседзямі па кантыненце, за ўсё добрае супраць усяго кепскага.

Традыцыйна такія маршруты прадугледжваюць, што па меры руху па ім турыст зможа паглядзець мясцовыя цікавосткі — помнікі, знакавыя мясціны, звязаныя з заяўленай тэмай. Але з гэтым яшчэ горш, чым з недарэчным прыцягненнем Бранскай вобласці да маршрута «Кацярынінскіх дарог».

Ну давайце рэальна паглядзім, што можна паказаць турыстам на гэтым маршруце, напрыклад, на тэрыторыі Гомельскай вобласці, калі ўзяць шырокай паласой лінію ад Доўска да Новай Гуты (Гомель у разлік не бяром).

Паказваць рэальна можна толькі Чачэрск і ўсё, больш нічога. Недазнішчаны панскі дом канца XIX стагоддзя ў Карме? Клімаўскую ліпавую алею? Рэканструкцыю інтэрмедый XVIII стагоддзя ў Грабаўскім клубе ці школе?

Вы рэальна верыце, што гэта кагосьці прыцягне з, напрыклад, Смаленшчыны, каб праехаць за 300 км на аўтобусе і пабачыць абсалютнае нічога? Каб паслухаць, што «гэты асфальт ляжыць дакладна на той дарозе, дзе 236 гадоў таму праехала Кацярына II»? Вам самім не смешна?

Наступным этапам такога турызму будзе, мяркуючы па ўсім: «Над нашай вёскай у 1997 годзе пралятаў вялікі амерыканскі і сусветны спявак Майкл Джэксан падчас свайго падарожжа на канцэртнае выступленне ў Маскве! І ён дакладна глядзеў на гэты лес, а цяпер гэта самая вядомая славутасць нашага раёна!»

Колішні палац Чарнышовых-Круглікавых у Чачэрску. Фота: radzima.org

Праблема ў тым, што апошнія 100 гадоў на Гомельшчыне і ва ўсіх абласцях маршруту прапанаванага праекта савецкая і постсавецкая ўлада мэтанакіравана вынішчала ўсе тыя аб’екты, якія маглі б адыграць хоць нейкую ролю ў напаўненні гэтага (і мора іншых!) турыстычнага маршрута. На Гомельшчыне вынішчана амаль усё, што хоць неяк можна было б паказваць.

Скажыце, дзе ўсе тыя шматлікія старажытныя палацы, паркі пры іх, панскія дамы, храмы, паштовыя станцыі, якія рэальна знаходзіліся на гэтым маршруце ў пачатку XX стагоддзя? Амаль усё знішчана бясследна, а тое, што засталося (за выключэннем рэдкіх прыкладаў, напрыклад выпадкова недазнішчаныя тры архітэктурныя аб’екты Чачэрска), у такім стане, што турыстам іх лепш не паказваць.

«Паглядзіце налева — на гэтай пустцы колісь стаяла…» Рэальна, ну хто паедзе глядзець на тое, чаго няма? Альбо каго зацікавіць прыдуманая з неадкуль вясковая рэканструкцыя «інтэрмедыі XVIII ст.», якая пад сабой не мае абсалютна нічога рэальнага? Гэта Васюкі. На жаль. На вялікі жаль.

Недазнішчаная сядзіба паноў Быкоўскіх у Карме. Фота: radzima.org

Але так заўжды бывае, калі праектамі развіцця турызму займаюцца людзі, якія да турызму не маюць ніякіх адносін, ніколі не вадзілі рэальных гістарычных экскурсій, ніколі не спрабавалі зацікавіць экскурсанта дэманстрацыяй пустога месца «з вялікай захапляльнай гісторыяй», не разумеюць розніцы паміж патрабаваннямі турыста мясцовага і турыста прыезджага.

На маё глыбокае перакананне, гэта абсалютна мёртвы праект, не большы чым гульня прыгожымі словамі, за якімі пустата. Прынамсі, для большай часткі населеных пунктаў прапанаванага «маршруту».

Калі б аўтары праекта адштурхоўваліся не ад паветраных замкаў кантынентальнага маршруту, а ад рэальнасці наяўнай гістарычнай інфраструктуры нашай Гомельшчыны, карысці было б больш.

Я думаю, значна цікавей было б для развіцця турызму ў той жа Грабаўцы распрацаваць праект аднаўлення там панскай сядзібы старажытнага гомельскага шляхецкага роду Фашчаў, якія там жылі з сярэдзіны XVI стагоддзя. Вось у Фашчаў рэальна балі былі, і гэта не мела ніякага дачынення да праезду недзе там Кацярыны II ці Емяльяна Пугачова.

Канешне, напачатку трэба было б правесці даследаванні — апытаць старажылаў, сабраць фотаматэрыялы, скласці план, адшукаць і выдаць дакументы пра Фашчаў і іх маёнтак у Грабаўцы (напрыклад, захаваўся архіў Фашчаў з дакументамі XVI-XIX стагоддзяў на некалькі тысяч старонак) і іншае.

А ёсць яшчэ гістарычная легенда пра прывід грабаўскай Пані, і гэта не нейкае трызненне, прыдуманае мясцовым старшынём сельсавета, а рэальна існуючая не менш за сто гадоў сярод жыхароў Грабаўкі легенда.

Аднак гэта ж тытанічная праца, каб падняць і актуалізаваць такі пласт мясцовай гісторыі, і вынікі яго яшчэ невядома калі будуць бачныя. Нашмат прасцей генераваць ідэі вялікіх транскантынентальных праектаў — такіх прыгожых, прыцягальных, нават захапляльных, нягледзячы на тое, што абсалютна пустых, мёртвых, якія не маюць амаль нічога агульнага з рэчаіснасцю.

Па вялікім рахунку, гэты праект — цудоўны паказчык рэальнага сённяшняга ўзроўню развіцця гістарычнага турызму на тэрыторыі Гомельскай вобласці: спачатку сто год знішчалі тое, што ўяўляла прыгажосць нашага краю, пасля на зайздрасці да суседзяў вырашылі развіваць свой турызм на гэтым гістарычным папялішчы.

Але па прычыне абсалютнай адсутнасці аб’ектаў для дэманстрацыі мы будзем паказваць банальнасці (алею ўздоўж дарогі), альбо прыдумаем «прыгожую» легенду (бедны шавец у Гомелі), ну на крайні варыянт дамо заданне сельсавету і вясковай школе раз на год праводзіць рэканструкцыю «інтэрмедыі XVIII стагоддзя».

І ў гэты ж час будзем працягваць знішчаць рэальныя гістарычныя аб’екты — драўляную архітэктуру Гомельшчыны (сапраўдную, а не прыдуманую ўнікальнасць нашага краю), узвядзём раёны панэльных шматпавярховікаў вакол унікальнага гарадзішча эпохі жалезнага веку «Шведская горка» ў Гомелі (замест прапанаванага ландшафтнага парку) і на беразе Сожа насупраць гомельскага парку Румянцавых-Паскевічаў (каб канчаткова знішчыць задумку архітэктараў эпохі класіцызму XVIII-XIX стагоддзяў).

Можа, на Гомельшчыне, як гэта было ва ўсім свеце, было б лепш пачынаць развіваць турызм з захавання таго, што яшчэ не знішчана і ў будучым можа патэнцыйна служыць архітэктурнымі гістарычнымі аб’ектамі для прыцягнення ўвагі турыстаў?

Чытайце таксама:

«Менавіта тут шлях вырашылі паўтарыць». На Гомельшчыне насаджаюць культ Кацярыны ІІ

Графскую сядзібу ў Чачэрску выставілі на продаж трэці раз, ужо практычна задарма

На Гомельшчыне далажылі пра поўную перамогу над лацінкай

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
33
Панылы сорам
7
Ха-ха
13
Ого
2
Сумна
4
Абуральна
9
0
Калматы Вожык/адказаць/
05.01.2024
Янка, А што? Пад Глыбокім жа ёсць вёска Мамаі! Жарты-жартамі, але падобную "версію" паходжання назвы гэтай вёскі -- на поўным сур'ёзе -- некалі прачытаў у адной кнізе. 
1
ТАСС/адказаць/
07.01.2024
Памятаю, менскае Дынама гуляла за Кубак супраць глыбоцкай каманды ў Глыбокім. От ужо мы там накрычаліся, "дзірэээвня", "калхоооссз" !
0
Юзік са станцыі Крулеўшчына/адказаць/
20.01.2024
ТАСС, Я таксама памятаю гэты Кубак... Прыехалі барзыя, нахабныя, "гарадскія" то бок заўзятары менскага "Дынама" з сінімі шалікамі. Хадзілі натоўпам і раўлі на ўсё слаўнае Глыбокае -- дзірэвня, калхоз! Зас_алі ўсе паркі і газоны піўнымі бутэлькамі, пакетамі і розным смеццем...  І вось гэты натоўп дзікуноў уваходзіць на стадыён і раве -- дзірэвня, калхоз!   І тут жа ўваходзе стаяў міліцэйскі варанок! І кожны ўваходны "гарадскі" праходзіў праз варанок... Памятаю, як гэты варанок аж хадуном хадзіў! Аддубасілі глыбоцкія міліцыянты шчодра "гарадскіх"! А потым "гарадскіх" усіх завялі пад канвоем і пасялілі ў асобны сектар -- паставілі па перыметру міліцыянтаў з ваўкадавамі!
Шкада толькі, што аматарская глыбоцкая каманда "Азерцы", якая паўтара тайма вёўшы ў ліку 1:0, ўсё ж, прайграла  -- 1:4, за апошнія 10 хвілін матча "гарадскія" забілі 4 галы. Сенсацыі не адбылося! А борзых "гарадскіх" глыбоцкія міліцыянты пашыхтавалі  і пад канвоем, уночы прыгналі на вакзал іпасадзілі ў цягнік Друя-Менск... Але вярнуліся дадому ня ўсе! Хтосьці загасціў у дзірэвні аж на 15 сутак...
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера