Знайсці
15.02.2024 / 12:1121РусŁacБел

Дзевянішкаўскі выступ. Як ён з'явіўся на карце?

Існаванне Дзевянішкаўскага выступу, які моцна ўразаецца ў тэрыторыю Беларусі з боку Літвы, многім падаецца ненатуральным. На яго зноў звярнулі ўвагу ў сувязі з тэхнічнай памылкай у новым пашпарце, дзе ён быццам бы аказаўся ў складзе Беларусі. Прыгадалі гісторыю з'яўлення гэтай адметнасці беларуска-літоўскай мяжы.

Панцеляймон Панамарэнка – ініцыятар перадачы Літве часткі тэрыторыі Беларускай ССР.

Сёння выступ вакол Дзевянішак — гэта частка тэрыторыі Літвы, якая глыбока, на 25 км, уразаецца ў тэрыторыю Беларусі. У самым вузкім месцы выступа яго шырыня складае ўсяго 2,5 км. Беларусь атачае выступ з усіх бакоў, а з Літвы сюды ідзе ўсяго адна дарога. На невялікай тэрыторыі змяшчаецца аж дзве сянюніі (воласці) — Дзевянішкаўская і Пашкаўская, якія ўваходзяць у склад Салечніцкага раёна.

Касцёл у Дзевянішках. Фота: Wikimedia Commons

Большасць жыхароў выступу размаўляюць «папросту», гэта значыць на беларускім дыялекце. Дзеля чаго ж тады быў створаны гэты дзіўны выступ? Таму што яшчэ ў першай палове XX стагоддзя большасць там размаўляла па-літоўску. Гісторыя Дзевянішак — гэта ў мініяцюры складаная гісторыя славянізацыі балтаў на беларуска-літоўскім памежжы і зменаў у свядомасці людзей.

Перадумовы

Упершыню сталая граніца паміж Беларуссю і Літвой усталявалася ў канцы 1939 года. Стагоддзямі тут ніколі граніц не было, беларусы і літоўцы жылі ў адной дзяржаве і нават называліся адным словам: «літвіны». Дзве новыя нацыянальныя дзяржавы былі ў 1920 годзе на два дзесяцігоддзі раздзеленыя тэрыторыяй Польскай Рэспублікі, якая анексавала Заходнюю Беларусь разам з Віленшчынай.

Усё змянілася 1 верасня 1939 года, калі нацысцкая Германія ўварвалася ў Польшчу. Да гэтага ў жніўні таго ж года СССР і Германія падпісалі «Дагавор аб ненападзе», сёння больш вядомы як «пакт Молатава-Рыбентропа».

Фактычна Германія атрымлівала ад Савецкага Саюза абяцанне не ўмешвацца ў будучую вайну на баку Польшчы. Узамен немцы прызнавалі Заходнюю Беларусь і Заходнюю Украіну сферай інтарэсаў СССР.

Мяжа паміж дзяржавамі была вызначана па лініі рэк Нарва, Вісла і Сан. Літва адыходзіла ў сферу інтарэсаў Германіі. Са свайго боку, Германія не пярэчыла супраць уключэння ў СССР Латвіі, Эстоніі і Бесарабіі. Тым жа пратаколам агаворвалася прызнанне «інтарэсаў Літвы ў дачыненні да Віленскай вобласці». 

Карта Літоўскай Рэспублікі з далучаным Мемельскім краем і Віленшчынай, якую Літва лічыла акупаванай палякамі. Міжваенная Літва прэтэндавала таксама на частку этнічна беларускіх зямель. Фота: Wikimedia Commons

Рэч у тым, што ў 1923 годзе літоўцы здолелі ўз'яднаць з Літоўскай Рэспублікай Клайпеду (Мемельскі край). Гэты край, які даваў краіне выхад да мора, паслужыў разменнай манетай у канфлікце з палякамі за Віленскі край.

Але ў сакавіку 1939 года нацысты высунулі ўльтыматум Літве аб вяртанні Мемеля. Літва страчвала адзіны порт, праз які праходзіла 80% гандлю краіны, і апыналася тым самым у моцнай залежнасці ад Германіі. 

Вяртаннем Віленшчыны Германія як бы кампенсавала Літве, патэнцыйнаму сатэліту, страту Мемельскага краю.

Усяго за два тыдні супраціўленне польскага войска было зламана немцамі па ўсіх франтах. Раніцай 17 верасня мяжу Польшчы перасякае Чырвоная Армія. Савецкія войскі практычна без супраціўлення прасоўваюцца наперад і неўзабаве сустракаюцца з нямецкімі.

Планы разышліся з рэальнасцю. Германія паспела заняць куды больш польскіх тэрыторый, чым планавалася. Таму 29 верасня ў сакрэтным пратаколе да Дагавора аб дружбе і мяжы было агаворана, што ў якасці кампенсацыі Савецкаму Саюзу будзе перададзена Літва, але без Сувалкаў.

Савецкія «падарункі»

На наступны дзень Савецкі Саюз ініцыяваў перагаворы з Літвой. 10 кастрычніка быў падпісаны дагавор аб перадачы Вільні і Віленскай вобласці літоўскай дзяржаве.

Міністр замежных спраў Літвы Юозас Урбшыс падпісвае дагавор аб перадачы Літве горада Вільні. 10 кастрычніка 1939. Фота: Wikimedia Commons

Насамрэч Літва атрымала невялікую частку гістарычнай Віленшчыны: толькі частку Віленскага павета і вузкую паласу ўздоўж чыгункі, якая ішла ў бок Латвіі.

Між тым паводле Маскоўскага дагавора 1920 года савецкі ўрад прызнаваў за незалежнай Літвой велізарныя этнічна беларускія тэрыторыі, якія ўключалі Гродна, Ліду, Ашмяны, Відзы. Літоўскі бок тады прэтэндаваў яшчэ на больш шырокія абшары аж да Брэста ўключна.

Але, нягледзячы на былыя дагаворы з бальшавікамі, большую частку Віленшчыны 29 кастрычніка далучылі да Беларускай ССР.

Мяжа паміж СССР і Літоўскай Рэспублікай, праведзеная згодна з савецка-літоўскім дагаворам аб узаемадапамозе. Карта апублікавана ў газеце «Праўда»

Граніца Беларускай ССР з Літоўскай Рэспублікай у канцы 1939 года. У складзе Беларусі яшчэ знаходзяцца Цверач, Свянцяны, Друскенікі і тэрыторыя будучага выступу ў Дзевянішках. Фота: Вялікі савецкі атлас свету.

Для Літвы гэты дагавор быў па сутнасці ўльтыматумам, які прывёў да ліквідацыі яе суверэнітэту. Вільня нават пасля адабрання палякамі лічылася дэ-юрэ сталіцай літоўскай дзяржавы і тэма вяртання яе раскручвалася дзяржаўнай прапагандай два дзесяцігоддзі.

Адмовіцца ад яе было б палітычным самазабойствам для любой палітычнай сілы. Наўзамен Літва дазволіла размясціць на сваёй тэрыторыі савецкія базы, то-бок была вымушана згадзіцца на акупацыю. 

У Беларусі на Віленшчыне 4 снежня былі створаны Вілейская і Баранавіцкія вобласці, якія амаль дакладна адпавядалі польскім Віленскаму і Наваградскаму ваяводствам, толькі змяніліся сталіцы рэгіёнаў. Па інерцыі нейкі час працягвалі існаваць паветы. 

Тэрыторыя будучана выступу на паўднёвы захад ад Клявіцы. Фрагмент карты Беларускай ССР 1939 года. Фота: Вялікі савецкі атлас свету.

Дзевянішкі аказаліся ў Вілейскай вобласці, на мяжы з Баранавіцкай вобласцю і Літвой. Фактычна мяжа паміж абласцямі вызначыла будучыя абрысы выступу з аднаго боку. 

Карта Беларускай ССР 1940 года. Дзевянішкі былі перададзены ў Баранавіцкую вобласць. 

15 студзеня 1940 года былі створаны раёны ў заходніх абласцях Беларускай ССР. Дзевянішкаўшчына трапіла ў Воранаўскі раён, але ўжо ў складзе Баранавіцкай вобласці. Новая граніца паміж абласцямі вызначыла будучыя абрысы выступу з іншага боку.

Савецкая пастка для Балтыі спрацавала ў чэрвені 1940 года. Эстоніі, Латвіі і Літве з боку СССР былі выстаўленыя абвінавачанні ў парушэнні «Дагавораў аб узаемадапамозе» і ўльтыматумы з патрабаваннем сфарміраваць урады, здольныя забяспечыць іх выкананне, а таксама дапусціць на свае тэрыторыі дадатковыя вайсковыя кантынгенты.

Узнікненне выступу

15 чэрвеня раніцай прэзідэнт Антанас Сметана перадаў кіраванне краінай прэм'ер-міністру, а сам выехаў з Літвы на Захад. Чырвоная армія абяззброіла літоўскае войска. Новы прэм'ер уступіў у кампартыю і пасля недэмакратычных выбараў у Народны Сейм абвясціў утварэнне Літоўскай ССР. 21 ліпеня новы Сойм выказаў «жаданне Літвы» ўвайсці ў склад СССР. 

Дэкларацыя аб уваходжанні Літвы ў склад СССР. 21 ліпеня 1940 г. Фота: Дзяржаўны архіў Расійскай Федэрацыі

3 жніўня на VII надзвычайнай сесіі Вярхоўнага Савета СССР жаданне было задаволена законам «Аб прыняцці Літоўскай ССР у склад Савецкага Саюза». 

Літоўская дэлегацыя першапачаткова прасіла адначасова з уступленнем у СССР перадаць у склад Літоўскай ССР толькі Свянцянскі раён.

Першы сакратар ЦК КП Беларусі Панцеляймон Панамарэнка быў шчадрэйшым:

«Ва ўсясветнай гісторыі не было іншага такога прыкладу, каб вялікая магутная дзяржава па ўласнай волі аддавала малой дзяржаве такі вялікі горад [Рэд.: Вільню]. Тым ярчэй гэты факт дэманструе міралюбнасць і дружбу вялікай савецкай дзяржавы».

Панцеляймон Панамарэнка на Народным сходзе Заходняй Беларусі

«Урад і Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР, а таксама ЦК КП(б)Б уносяць прапанову аб далучэнні да Літоўскай ССР Свянцянскага раёна і часткі тэрыторыі з пераважным літоўскім насельніцтвам Відзаўскага, Гадуцішкаўскага, Астравецкага, Воранаўскага, Радунскага раёнаў, якія знаходзяцца цяпер у складзе Вілейскай і Баранавіцкай абласцей Беларускай ССР». 

Прамову Панамарэнкі суправаджаюць бурныя, доўгія апладысменты. Усе дэпутаты ўстаюць. Воклічы на літоўскай мове ў гонар таварышаў Сталіна, Молатава, Варашылава.

Панамарэнка пасля ўспамінаў, што члены Палітбюро віншавалі яго з добрай прамовай, а пасля на дачы Сталіна вячэралі і весяліліся. 

Закон «Аб прыняцці Літоўскай ССР у склад СССР» ад 3 жніўня 1940 г. Другі пункт прадугледжваў тэрытарыяльныя саступкі з боку Беларускай ССР. Фота: Дзяржаўны архіў Расійскай Федэрацыі

Другі пункт прынятага дагавора замацаваў наступныя тэрытарыяльныя саступкі Літоўскай ССР быццам бы прапанаваныя Беларускай ССР:

«2. Прыняць прапанову Вярхоўнага Савета Беларускай ССР аб перадачы ў склад Саюзнай Літоўскай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Свянцянскага раёна і часткі тэрыторыі з пераважным літоўскім насельніцтвам Відзаўскага, Гадуцішкаўскага, Астравецкага, Воранаўскага, Радунскага раёнаў Беларускай ССР».

Але Друскенікаў у гэтым дакуменце не было. У гэты курортны горад урад БССР на пачатку 1940 года уклаў немалыя сродкі і, відаць, не хацеў з ім расставацца.

Як сцвярджаюць некаторыя крыніцы, на вызначэнне граніц паўплываў літоўскі пісьменнік Людас Гіра, які нагадаў пра «літоўскія паселішчы Марцінканцы, Дзевянішкі, пра курорт Друскенікі».

У стэнаграме паседжання бюро ЦК КП(б)Б, якое адбылося 26 верасня 1940 года і на якім абмяркоўвалі праект мяжы з савецкай Літвой, зафіксаваная наступная фраза Панамарэнкі: «Калі таварыш Сталін спытаў, што вы збіраецеся перадаць, ён казаў так: калі мы даведаемся, што там шмат літоўцаў, а вы не перадасцё, мы вас тады пакараем».

Раёны Беларускай ССР, далучаныя да Літоўскай ССР паводле дагавора 1940 года, пазначаныя белым колерам. Фота: Wikimedia Commons

Таксама пытанне аб мяжы разглядалася 1-2 кастрычніка ў Гродне. Літоўскай дэлегацыі ўдалося дамагчыся перадачы ўсходняй часткі Свянцянскага раёна, Гадуцішкаў, Друскенікаў і Дзевянішкаў з навакольнымі літоўскамоўнымі вёскамі. А вось перадаваць літоўскамоўны анклаў у Гервятах беларуская дэлегацыя адмовілася, бо ён быў акружаны беларускамоўнымі тэрыторыямі і знаходзіўся далёка ад мяжы Літоўскай ССР.

Кіраўнік Вілейскай вобласці Іван Клімаў, які ўдзельнічаў у перамовах па вызначэнні мяжы, пасля ўспамінаў, што яшчэ да пачатку перамоваў ён атрымаў ад кіраўніцтва ЦК КП(б)Б інструкцыю: літоўскіх таварышаў не дражніць і не крыўдзіць, за вёскі, на якія яны прэтэндуюць, асабліва не трымацца.

Для савецкіх уладаў не мела значэння ў якую рэспубліку ўваходзіць тая ці іншая вёска. З мясцовым насельніцтвам ніхто не раіўся і іхнай думкі не пытаўся.

У выніку «ўдакладнення мяжы» тэрыторыя Беларускай ССР у лістападзе 1940 года стала меншай на 2646 кв. км, а насельніцтва скарацілася на 76 тысяч чалавек.

Выступ, які ўтварылі Дзевянішкамі пасля перадачы ў склад Літвы, быў настолькі дзіўным, што яго з'яўленне спарадзіла легенду, быццам у час перамоў на карце ляжала люлька Сталіна, якую пабаяліся прыбраць, а проста абвялі вакол яе, праводзячы мяжу.

Карта Беларускай ССР 1941 года.

Ужо 11 кастрычніка ЦК КП(б)Б сваёй пастановай зацвердзіў новыя граніцы з Літоўскай ССР. Што цікава, некаторыя населеныя пункты, відаць, былі перададзены Літве яшчэ пазней, бо ў дакуменце зафіксавана, напрыклад, што Рундзюны і Кракуны пакідаюцца на баку Беларускай ССР, але сёння яны знаходзяцца па той бок мяжы.

Літоўцы разлічвалі атрымаць яшчэ ваколіцы Відзаў, Опсы, Астраўца, Радуні і Воранава, але пачатак вайны з Германіяй перакрэсліў гэтыя планы.

Карта генеральнай акругі Літва, створанай нацыстамі. Фота: Wikimedia Commons

Ад нацыстаў «генеральная акруга Літва» атрымае і Відзы, і Опсу, і Астравец, нават Ашмяны, але Радунь і Воранава застануцца за «генеральнай акругай Беларусь». Пасля вайны граніца паміж савецкімі рэспублікамі будзе адноўлена па стане на 1940 год.

Дарэчы, гэты дагавор 1940 года яшчэ адгукнецца Літве ў канцы стагоддзя. Пры аднаўленні незалежнасці ў 1990 годзе Літва прызнала дагавор аб уваходжанні ў склад СССР несапраўдным, а гэта стварала падставы для такой інтэрпрэтацыі, маўляў, пункт аб перадачы тэрыторыі, у тым ліку Дзевянішкаў, страчвае сваю сілу.

Гэтым скарысталіся ў Маскве, дзе спрабавалі ўтрымаць СССР ад развалу. Прэзідыум Вярхоўнага Савета БССР, выконваючы волю Крамля, прыняў заяву, што «будзе вымушаны настойваць на вяртанні Беларускай ССР беларускіх зямель». Але водгуку такія правакацыйныя заявы савецкага кіраўніцтва ў беларускім грамадстве не атрымалі, ніякіх далейшых захадаў у гэтым кірунку не прадпрымалася.

Карты Маладзечанскай вобласці БССР за 1954 і 1959 гады. Дзевянішкаўскі выступ значна пашырыўся, побач з'явіўся анклаў Пагіры. 

У 1950-я гады выступ яшчэ больш пашырылі за кошт беларускай тэрыторыі. Магчыма, гэта адбылося ў 1955 годзе, бо на картах 1954 года межы заставаліся старымі, а ў той год побач з Дзевянішкаўскім выступам узнік літоўскі анклаў Пагіры. Яго ўзнікненне не было звязана з этнічнасцю жыхароў, а толькі з прыналежнасцю да літоўскага калгаса. 

Анклаў Пагіры каля «ножкі» Дзевянішкаўскага выступу. 

Анклаў існаваў да 1995 года, калі быў падпісаны Дагавор аб літоўска-беларускай дзяржаўнай мяжы. Спачатку літоўскі бок хацеў ператварыць Пагіры ў яшчэ адзін выступ, але ў выніку краіны проста абмяняліся раўназначанымі бязлюднымі тэрыторыямі. 

Этнічнае пытанне

Славянізацыя ўсходняй Літвы з XVII ст. па 1939 год (Пятрас Гаўчас, 2004). Бачнае значнае пашырэнне беларускай (і польскай) мовы на Віленшчыне да часу вайны. Бэжавым — раёны, дзе насельніцтва перайшло з балцкіх гаворак на славянскія да сярэдзіны XIX стагоддзя. Жоўтым — дзе славянізацыя адбылася з сярэдзіны XIX ст. да 1914 года. Зялёным — дзе ўсе або большасць гаварылі на балцкіх гаворках па стане на 1914-ы. Светла-зялёным — зоны, дзе асіміляцыя адбылася за 1914—1939 гады.

Адным з асноўным аргументаў перадачы ў 1940 годзе Дзевянішкаў Літве служыла літоўская этнічная прыналежнасць мясцовага насельніцтва: у навакольных вёсках тады сапраўды гаварылі па-літоўску, калі не ўсе, дык старэйшыя пакаленні. 

Рэч у тым, што беларуская мова на памежжы стагоддзямі прасоўвалася ў глыбіню балцкай тэрыторыі.

Перапіс насельніцтва Расійскай імперыі 1897 года ўжо фіксаваў беларускую большасць ва ўсіх паветах Віленскай губерні акрамя Троцкага. Але і ён фіксаваў існаванне значных этнічна літоўскіх анклаваў, хоць яны і статыстычна губляліся ў славянскім моры.

Моўная сітуацыя на Віленшчыне ў пачатку XX стагоддзя паводле літоўскага мовазнаўца Алойзаса Відугірыса (картограф Пятрас Гаўчас). Ружовым — беларускамоўныя зоны, зялёным — літоўскамоўныя, жоўтым — польскамоўныя.

Літоўскія даследчыкі таксама фіксавалі значную славянізацыю Віленшчыны. На картах, створаных на аснове даследаванняў мовазнаўца Алойзаса Відугірыса, добра бачна, што на пачатак XX стагоддзя Вільня ўжо была ў глыбіні славянамоўных тэрыторый. У той жа час літоўскамоўнымі заставаліся тэрыторыі на захад ад Цверачы, Гадуцішак і Свянцянаў, а таксама вакол Друскенікаў і Марцінканцаў, якія былі перададзеныя Саветамі ў Літоўскую ССР. Меліся таксама буйныя літоўскія анклавы ў Гервятах, Лаздунах, Пелясе, Бутрыманцах, Дзевянішках, пад Воранавам і ў ваколіцах Опсы. Але толькі Бутрыманцы і Дзевянішкі былі перададзены Літве, хоць усе анклавы, акрамя Лаздуноў і Гервятаў, размешчаны кампактна каля мяжы з ёю.

А вось моўная сітуацыя на паўднёвым усходзе Літвы напрыканцы 20 ст. паводле мовазнаўцаў Валерыя Чэкмана і Лаймы Грумадзене (картограф Пятрас Гаўчас).

Цікава, што перадача Дзевянішкаў і Бутрыманцаў у склад Літвы не зберагла іх ад працягу славянізацыі. Літоўскія мовазнаўцы Валерый Чэкман і Лайма Грумадзене фіксавалі, што ўжо ў канцы XX стагоддзя літоўскую мову ў гэтых месцах выцесніла… беларуская!

У літоўскіх публікацыях, звяртаючыся да тэмы перадачы Літве часткі тэрыторый Беларускай ССР, часта са шкадаваннем адзначаюць, што прадстаўнікам літоўскай дэлегацыі ў 1940 годзе не хапіла смеласці і рашучасці, каб адстаяць нацыянальныя інтарэсы ў поўным аб'ёме. Пры гэтым з беларускага боку ні пра якія нацыянальныя інтарэсы казаць у той момант не даводзілася — уся эліта, якая магла б іх выказаць адносна гэтага рэгіёна, была фізічна знішчана або сасланая ў лагеры ў 1930-я гады.

Забудова вёскі Жыжмы. Фота: Wikimedia Commons

Перадача Літве этнічных літоўскіх тэрыторый была справядлівай, але пры гэтым Масква кіравалася сваімі інтарэсамі. 

Гэтак жа дырэктыўна пасля вайны Беластоцкая вобласць будзе перададзена са складу Беларускай ССР у склад Польшчы. І там разбірацца з тым, дзе і каго там большасць, як было да вайны з літоўцамі, асабліва не будуць — гэта заўважна па беларуска-польскай мяжы, якая быццам намаляваная пад афіцэрскую лінейку.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

У пашпарты Новай Беларусі закралася прыкрая памылка

Польскі лінгвіст: Палякі Віленшчыны дагэтуль размаўляюць па-беларуску

Швед-«медзведзіроўшчык»: Перасяклі мяжу ў раёне выступу, у Мінску аэрапорт нас выклікаў

«О Езау гярас, пагайлеки мусу!». Цікавы фотафакт з Гервяцкага касцёла

Ф. Раўбіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
46
Панылы сорам
6
Ха-ха
8
Ого
13
Сумна
23
Абуральна
41
0
feafania/адказаць/
16.02.2024
Юстас підручний Алекса, ну ў Драгічыне і ваколіцах таксама насельніцтва мае беларускую сьвядомасьць. Я сама памятаю, як дзед абураўся, што УПА прыходзіла аж "да Кобрыні".
0
Влад/адказаць/
16.02.2024
[Рэд. выдалена]
0
Сваяк/адказаць/
18.02.2024
Прафесар Карскі ў 1903 годзе рабіў даклад для цара , у якім быў пазначаны этнічны склад віленскай (і ня толькі) губерніі. Дык вось 1076435 беларусаў ён там налічыў! Не ведаю як ён там лічыў, але фактам застаецца тое , што Віленшчына этнічна беларуская зямля . Нк ведаю што там пелі летувіскія камуністы , але яны ўсё ж такі дамагліся сваяго нажаль .
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера