Знайсці
17.01.2024 / 20:494РусŁacБел

«На жаль, такіх жудасных гісторый хапае». Супрацоўніца радзільні пра выпадак з парадзіхай у Салігорску

У Салігорску з-за таго, што жанчыне своечасова не зрабілі кесарава, немаўля трапіла ў рэанімацыю ў цяжкім стане. Цяпер яна просіць дапамогі ў Лукашэнкі, а Мінздароўя накіравала спецыяльную камісію ў Салігорскую цэнтральную раённую бальніцу. Супрацоўніца аднаго з беларускіх радзільных дамоў распавяла «Нашай Ніве», што такія выпадкі, на жаль, не адзінкавыя.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Я не магу сказаць, што ў мяне вялікі досвед працы, але ж я магу прыгадаць як мінімум 10 аналагічных сітуацый, калі жанчына шмат гадзін нараджала, ёй не зрабілі своечасова кесарава, а ў выніку ў дзіцяці жудасная асфіксія, — кажа доктарка. — Я бачыла гэтых дзяцей, якім па шкале Апгар ставяць 1 (шкала ацэнкі стану нованароджанага, дзе максімальны бал 10. — НН). Іх спрабуюць рэанімаваць, а там сэрца ледзь стукае. У маёй практыцы нават былі выпадкі, калі жанчына нараджала мёртвае дзіця — і адбылося гэта толькі з-за таго, што акушэр-гінеколаг прагледзеў пункт незвароту і дачакаўся таго моманту, калі кесарава ўжо нельга рабіць.

Добра, канешне, што жанчына ў Салігорску не пабаялася гучна распавесці пра свой выпадак — ёсць хаця б невялікі шанец, што Мінздароўя нешта зробіць. Бо звычайна дактары ўпрошваюць бацькоў не падымаць скандал. Абяцаюць, што з часам дзіця паправіцца: «Гэта ж дзеці, не хвалюйцеся». Вельмі верагодна, што дзіця будзе мець цяжкую ступень інваліднасці. Але калі лекары кажуць, што ўсё будзе добра, бацькам хочацца спадзявацца на цуд».

Суразмоўца кажа, што прычына такіх жудасных гісторый адна — патрабаванне Міністэрства аховы здароўя праводзіць кесарава не больш чым у 30% выпадкаў (а лепей, каб гэты працэнт ва ўстанове аховы здароўя быў яшчэ ніжэйшы) — гэта ўстаноўка на ўзроўні начмедаў, галоўных дактароў. Калі працэнт значна перавышае «норму», тады дастаецца ўсім у радзільні.

У дзяржаўных СМІ звяртаюць увагу, што ў Еўропе частата кесаравых сячэнняў даходзіць да 50%, у Лацінскай Амерыцы нават да 60%, затое ў Беларусі — каля 31%.

«Трэба яшчэ разумець, што ў Беларусі існуе практыка «адно кесарава — заўжды кесарава». То-бок калі жанчыне аднойчы зрабілі кесарава, то ўсе астатнія роды ў яе хутчэй за ўсё будуць толькі такімі. Дамагчыся, каб табе дазволілі нараджаць самой пасля кесарава, нават калі ты вельмі гэтага хочаш, даволі складана (але магчыма). А гэта значыць, што акушэры-гінеколагі памятаюць і пра тое, што, калі яны зараз зробяць табе кесарава, ты ім і ў наступны раз статыстыку гарантавана сапсуеш».

Доктарка кажа, што не можа знайсці апраўданне такой стратэгіі і яе абурае такая практыка. На пытанне, ці можа парадзіха зрабіць нешта, каб абараніць сябе ў няпростай сітуацыі, адказвае:

«Скандаліць, крычаць: «Я зараз патэлефаную на гарачую лінію Міністэрства аховы здароўя, знаёмым чыноўнікам!» Чым больш увагі вы да сябе прыцягнеце, тым большая імавернасць, што медыцынскі персанал вакол спалохаецца і вырашыць, што лепш пазбегнуць вялікага скандалу, чым не ўпісацца ў статыстыку.

Вядома, шмат што залежыць ад змены — галоўнае, ад лекара, які ацэньвае стан жанчыны. Бывае, што сітуацыя пачынае пагаршацца, а начмед кажа: «Не, мы не будзем кесарыць, няхай нараджае сама!» Праз гадзіну ён ідзе дадому, бо працоўны дзень скончыўся, а іншы доктар прымае рашэнне зрабіць кесарава — і гісторыя заканчваецца добра».

 Чытайце таксама:

У Салігорску ў часе родаў пацярпела немаўля. Маці запісала ў тыктоку скаргу да Лукашэнкі — у радзільню адправілі камісію

«Праз трывожнасць набрала 30 кілаграмаў». Чаму некаторыя жанчыны панічна баяцца нараджаць і што з гэтым рабіць

«Віпам» прыносяць тую ж кашу, што і астатнім парадзіхам, толькі ў прыгожым посудзе». Колькі каштуе нарадзіць як алімпійская чэмпіёнка

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
5
Панылы сорам
5
Ха-ха
0
Ого
5
Сумна
28
Абуральна
36
1
имя/адказаць/
17.01.2024
жуть
ради статистики государство потом всю жизнь будет выплачивать пенсии по инвалидности вместо того чтобы сделать один раз нормально кесарево.
чиновники враги народа тут первостатейные
1
имя/адказаць/
17.01.2024
а недавно же была статистика что за последние годы увеличился процент детей с особенностями. кажется на 30-40 процентов? не по этой ли причине?
0
santехника/адказаць/
17.01.2024
а што там з Белка (спутником) ? запушчэн ? а што там з белАЭС ? працуе ? ці збольшага такжэ запушчан,а ?
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера