Знайсці
19.11.2020 / 00:56РусŁacБел

«І вось прыходжу я да яго ў МЗС з лічбавай камерай, і ён разгортвае Радзівілаўскую мапу з уласнай калекцыі»

Кандыдат гістарычных навук Вячаслаў Насевіч успамінае амбасадара Уладзіміра Шчаснага.

Пайшоў з жыцця Уладзімір Рыгоравіч Шчасны — адзін з самых выдатных людзей, якіх мне пашчасціла ведаць асабіста.

І гэта пры тым, што я сутыкаўся толькі з адной граняй гэтай унікальнай асобы — а колькі іх было яшчэ! Я амаль нічога не ведаю пра яго як пра дыпламата, перакладчыка, гісторыка мастацтва, калекцыянера і арганізатара мноства непрыкметных, але такіх важных у сваёй масе спраў на карысць беларускай культуры.

Дастаткова сказаць, што славутыя цяпер карціны Суціна і Шыфрына былі набыты Белгазпрамбанкам пры яго непасрэдным удзеле, фактычна — з яго падачы.

Але я яго ведаў у якасці старшыні Камісіі па справах ЮНЕСКА. Што там была за камісія, Стваральнік! Увесь апарат — ён сам і дзве дзяўчыны-памочніцы.

Але ўсё, чаго дасягнула Беларусь па лініі супрацоўніцтва з ЮНЕСКА, было зроблена пры іх і праз іх. Усё трымалася на яго сувязях, на яго энтузіязме. Як ён сышоў з гэтай пасады — скончыліся і ўсе дасягненні.

На гэтым фота мы з ім трымаем пасведчанне аб уключэнні Нясвіжскага збору Радзівілаў у рэгістр «Памяць свету». Каб атрымаць гэтае пасведчанне, давялося працаваць некалькі гадоў. Яго дапамога была неацэннай, але заўжды такой мяккай, амаль непрыкметнай.

Уладзімір Шчасны (злева) і Вячаслаў Насевіч. 

Гэта быў такі выключна сціплы, інтэлігентны чалавек. Побач з ім цалкам забывалася, што маеш справу з дыпламатам вышэйшага рангу — паслом па асобых даручэннях. І разам з тым неяк падсвядома разумелася, што вось гэты невысокі, ветлівы чалавек — постаць недасяжнай вышыні.

Калі мы рыхтавалі намінацыйнае дасье па Радзівіліяне з дыскам-прэзентацыяй, у яго захацелася абавязкова ўключыць выяву славутай Радзівілаўскай мапы, якая рыхтавалася якраз у Нясвіжы. Быў гэта, здаецца, год 2005. Якаснага скану гэтай мапы не было дзе знайсці. І Шчасны спакойна так кажа: «У мяне ёсць мапа. Я прынясу, пераздымем».

І вось прыходжу я да яго ў МЗС з лічбавай камерай, і ён разгортвае Радзівілаўскую мапу з уласнай калекцыі — амстэрдамскае выданне, не першае, але адно з першых, недзе 1630-я гады. Адбітак з той самай матрыцы, якую гравіраваў Тамаш Макоўскі.

Пачынаем думаць, як яе замацаваць, як лепш перазняць. І тут ён дастае з шуфляды кнопкі і кажа: «Давайце прымацуем да дзвярэй». Я паглядзеў здзіўлена: «А не шкада?» Ён паціснуў плячыма: маўляў, трэба дык трэба. І вось мы з ім звычайнымі канцылярскімі кнопкамі прышпілілі да дзвярэй яго кабінета гэты рарытэт сямнаццатага стагоддзя, перазнялі па кавалках, а я потым у фоташопе склеіў выяву, і мы такі ўключылі яе ў прэзентацыю.

Крыху пазней, калі ў Белкартаграфіі з'явіўся шырокафарматны сканер, мы дамовіліся зрабіць якасную лічбавую копію гэтай мапы. Ён прынёс яе туды ў тубусе і расклаў так проста і будзённа, што адна з супрацоўніц недаверліва перапытала: «Гэта арыгінал?» — «Так», — адказаў ён такім тонам, быццам размова ішла пра ўчарашнюю газету.

Калі ён канчаткова сыходзіў у адстаўку, то наладзіў вялікую развітальную вячэру ў кавярні «Гудвін», што месцілася ў неабсяжных сутарэннях ГУМа, з вялікай постаццю Жалезнага Дрывасека ля ўваходу. Ён запрасіў туды ўсіх, з кім працаваў разам, і мяне ў тым ліку. Колькі там было людзей і што гэта былі за людзі!

Я тады доўга думаў, які падарунак зрабіць яму на развітанне. З пустымі рукамі прыходзіць няёмка, але з яго жыццёвым вопытам, даляглядам, вытанчаным густам — што не паказалася б больш недарэчным, чым пустыя рукі? А якраз напярэдадні я быў на канферэнцыі ў Вільні. Тады гэта было яшчэ проста — з'ездзіць у Вільню і вярнуцца дахаты…

І вось там, на Аўшрас, пад апетай Багдановічам «Пагоняй», я набыў невялікі абразок. Таксама турыстычны кіч, па вялікім рахунку, але ж з места, надзвычайнага для кожнага беларуса. І калі я аддаў яму той абразок, ён усміхнуўся і неяк пяшчотна прамовіў: «Матка Боска Вастрабрамска…»

Так, праз той абразок, я развітаўся з ім і больш ніколі не сустракаўся. І трэба ж было, што пра яго смерць я даведаўся якраз у дзень ушанавання гэтага абраза!

Калі сыходзіць асоба такога маштабу, гэта як у вельмі старым парку знікае вялізнае дрэва. Парк застаецца быццам той самы, але ўжо не той. У іншых месцах яшчэ стаяць старыя дрэвы, але тут стала пуста, і спатрэбяцца стагоддзі, каб на гэтым месцы зноў паўстала такая ж веліч і моц…

Яго вопыт, яго захапленне так спатрэбіліся б у новай Беларусі, калі б яму было наканавана яшчэ колькі гадоў жыцця і здароўя. Але яго жыццёвы шлях скончыўся зараз. Далей нам ісці без яго.

Матка Боска Вастрабрамска, злітуся над намі!

Вячаслаў Насевіч, facebook.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930