Знайсці
26.04.2024 / 08:157РусŁacБел

«Апошнім часам дзяўчаты, якія траплялі ў ШІЗА, казалі, што не чуваць там голасу Калеснікавай» — былая зняволеная

Алеся вызвалілася з Гомельскай жаночай калоніі зусім нядаўна. На ўмовах ананімнасці жанчына пагадзілася расказаць Радыё Свабода, што там цяпер адбываецца.

Гомельская калонія. Фота: Радыё Свабода

Алеся просіць не называць яе сапраўднага імя і прозьвішча. Жанчына вызвалілася з Гомельскай жаночай калёніі мінулай зімой. Нягледзячы на цалкам адбытае пакараньне, яна па-ранейшаму турбуецца за ўласную бясьпеку, а таксама за сваіх родных. За краты Алеся трапіла ў 2022-м за актыўнасьць у сацсетках.

Пакараньне магло быць значна больш суворым. Суразмоўца лічыць, што ёй пашанцавала. Яна пацьвярджае інфармацыю крыніц Свабоды пра няпросты стан Марыі Калесьнікавай.

Суразмоўца дадае, што пасьля сканчэньня тэрміну ўтрыманьня ў памяшканьні камэрнага тыпу (гэта 6 месяцаў) на Марыю Калесьнікаву складаюць новыя рапарты за «парушэньні рэжыму» і зноў караюць ПКТ.

«ПКТ і ШЫЗА знаходзяцца ў адным памяшканьні, іх камэры побач. Узаемадзейнічаць там нельга. Але раней, калі дзяўчаты траплялі ў ШЫЗА, то яны чулі голас Калесьнікавай. Яна ці адказвала на пытаньні канвойных, ці віталася зь імі, казала ім «Добрага ранку, добры дзень» ці сьпявала нешта. Апошнім часам усе дзяўчаты, якія траплялі ў ШЫЗА, казалі, што не чуваць там голасу Марыі. Ці яна стамілася, ці замкнулася… Гэтага мы ня ведаем», — тлумачыць суразмоўца.

Яна дадае, што, нягледзячы на ўвесь нэгатыўны досьвед зьняволеньня, мае пазытыўныя ўражаньні ад вялікай колькасьці цудоўных людзей, зь якімі пазнаёмілася ў калёніі. Алеся згадвае знаёмства з Ірынай Леўшынай (экс-дырэктарка інфармацыйнай кампаніі БелаПАН), праваабаронцай Марфай Рабковай, журналісткамі Кацярынай Андрэевай (Бахвалавай) і Ірынай Слаўнікавай. Па словах суразмоўцы, ніхто зь іх не зьняверыўся і трымаецца за кратамі годна.

Прэс-атрад для 75-гадовай «палітычнай»

Па словах суразмоўцы, у калёніі яна пазнаёмілася з 75-гадовай палітзьняволенай Натальляй Таран з Бабруйску. Пэнсіянэрку асудзілі за «абразу» Лукашэнкі і «паклёп» на яго на 3,5 года калёніі.

«Наколькі я ведаю, яна ставіла «падабайкі» ў сацыяльных сетках пад рознымі допісамі. Вось так на яе «павесілі» некалькі артыкулаў. Ёй вельмі цяжка ў калёніі. Натальля Вячаславаўна мае дыябэт, яна інсуліназалежная, дый здароўе ўжо ня тое, зразумела», — успамінае суразмоўца.

Алеся кажа, што пасьля таго, як Натальлю Таран перавялі ў калёнію, яе зьмясьцілі ў так званы «прэс-атрад». Ён адрозьніваецца ад іншых горшымі ўмовамі ўтрыманьня «палітычных» і зьдзекамі зь іх крымінальнікаў. Па словах Алесі, там Натальлі было вельмі цяжка, жанчына часта плакала. Разам з тым, сьцьвярджае суразмоўца, калі на іншых палітычных адміністрацыя калёніі цісьне, каб пісалі «памілаваньне», то ад Натальлі Таран не хацелі браць такой заявы.

«Яны, адміністрацыя, доўга цягнулі з прыёмам «памілаваньня» ад яе. То начальнік атраду ня мог напісаць характарыстыку, то тое, то другое, і так год. У выпадку з Натальляй ніхто б і слова не сказаў, не асудзіў бы яе — усе ведалі, у якім цяжкім яна стане. Але чаму адміністрацыя не хацела адпраўляць ад яе імя просьбы аб памілаваньні, ня ведаю», — кажа Алеся.

Яна таксама наракае на самаўпраўства з боку адміністрацыі калёніі. Па словах Алесі, асуджаныя, асабліва палітычныя, часам ня маюць магчымасьці напісаць скаргу і выслаць яе з калёніі.

«Часам скаргі, праўда, выходзілі. Але нікуды не даходзілі», — дадала былая зьняволеная.

Пакаяньнепасьля сюжэту на БТ

Суразмоўца расказвае, што ў калёніі паказвалі «інтэрвію» дзяржаўнай тэлевізіі з палітзьняволенай Палінай Шарэндай-Панасюк. Па словах Алесі, начальнік апэратыўнага аддзелу Мікіта Алёхін асабіста хадзіў і правяраў, каб усе зьняволеныя яго паглядзелі.

«Нядаўна ў памяшканьні для выхаваўчай работы ўсталявалі яшчэ і камэры назіраньня, так што «кіно» з Палінай мусілі глядзець усе», — кажа Алеся.

Яна дадае, што «прызнаньні» Паліны для іншых палітзьняволеных жанчын з гомельскай калёніі выглядалі дзіўна.

«Паліна ўвесь час мужна трымалася, атрымлівала і ШЫЗА, і ПКТ, і дадатковы тэрмін. Тут да вызваленьня ў траўні заставалася ёй няшмат, і такое «кіно». Яўна нешта ня так. Можа, ёй пагражалі новым тэрмінам, крымінальнымі «карусэлямі». Мы ў кожным выпадку не асуджалі яе, спачувалі. Але былі і такія рэакцыі, як ад адной зэчкі. Яна нешта там недачула ў «кіно» ці недабачыла і пачала абурацца на Паліну: «Здрадніца, Берасьце хацела аддаць!». Так у яе нешта ўсё перакруцілася ў галаве дзіўным чынам», — прыгадвае Алеся.

Суразмоўца дадае, што начальнік апэратыўнай часткі Мікіта Алёхін потым зьвярнуўся да палітычных: «Вось вы паглядзелі, то бярыце прыклад, кайцеся, вы ўсе павінны раскаяцца!». Алеся кажа, што Алёхін «страшны і сьлізкі чалавек», ён запалохвае зьняволеных, маніпулюе, намагаецца іх зламаць псыхалягічна.

«Яму проста падабаецца ламаць людзей», — перакананая былая зьняволеная.

Цэнзура перапіскі і эмоцый «палітычных»

Па словах суразмоўцы, у Гомельскай жаночай калёніі, у адрозьненьне ад СІЗА, жорсткая цэнзура на перапіску. Па-першае, пісаць можна толькі блізкім, па-другое, напісанае пільна правяраюць.

«Па сутнасьці, пісаць можна толькі нэўтральнае: «Сонейка сьвеціць, у мяне ўсё добра». Лісты з важнай інфармацыяй не даходзяць ані ў той бок, ані ў гэты. Напрыклад, я пыталася інфармацыю пра свайго адваката, але такі ліст не прайшоў», — кажа былая зьняволеная.

Алеся расказвае, што пад кантролем у жаночай калёніі і эмоцыі асуджаных палітычных. Ім нельга абурацца, дапамагаць іншым, дзяліцца хаця б цукеркай ці печывам. Усё гэта лічыцца парушэньнем, хоць на тыя самыя дзеяньні з боку асуджаных паводле непалітычных крымінальных артыкулаў адміністрацыя асабліва не зьвяртае ўвагі.

«Нам забаронена ўсё. Напрыклад, пакуль мы на працы, супрацоўнікі адміністрацыі могуць уварвацца ў «капцёрку» і правесьці «шмон». Яны раскідаюць твае рэчы, сапсуюць, паломяць іх, кінуць на падлогу прадукты, патопчуцца, але ты мусіш маўчаць. Абурацца, выказаць нешта ты ня можаш — атрымаеш рапарт», — кажа Алеся.

Яна зазначае, што асабліва цяжка было ўвесь час душыць усе эмоцыі ў сабе, не праяўляць іх, бо за гэта будзе пакараньне.

«Раз на некалькі месяцаў гэта ўсё прарывалася беспрычыннымі сьлязьмі, у многіх так было. Цяпер я ведаю, што мне яшчэ трэба будзе доўга працаваць з псыхолягам. Я адчуваю, што я трохі зламаны чалавек», — дадала Алеся.

Суразмоўца згадвае словы Гайнрыха Бёля: «Калі хочаш даведацца пра краіну — пасядзі ў яе турме».

«Я паглядзела. Тое, што ўбачыла, мне не спадабалася», — зазначыла былая зьняволеная.

Чытайце таксама:

24 красавіка быў дзень народзінаў Марыі Калеснікавай. Чацвертыя народзіны, што сустракае мужная жанчына за кратамі

Гісторыя шклоўскай калоніі, за тры кіламетры ад якой некалі жыў Лукашэнка

Як элітная калонія для былых чыноўнікаў і сілавікоў ператвараецца ў палітычную турму. Гісторыя «Віцьбы-3»

Свая крама, паспяховая вытворчасць, чытанне кніг праз відэасувязь. Што вядома пра калонію, дзе сядзіць Зміцер Дашкевіч

Самая брудная і самая жорсткая. Што вядома пра калонію, дзе трымаюць Аляксандрава, Бабарыку, Кузнечыка, Лосіка, Пачобута

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
36
Панылы сорам
13
Ха-ха
14
Ого
27
Сумна
63
Абуральна
107
26.04.2024
[Рэд. выдалена]
26.04.2024
[Рэд. выдалена]
0
гоблен/адказаць/
28.04.2024
Газпрам сваіх ратуе, гумно нацозабоченное, а, может, контора пишет
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031