Знайсці
20.10.2010 / 10:451РусŁacБел

Порацца — гэта па-нашаму...

Цяпер не інакш, як дзіва дзіўнае: у нашай вёсцы да 30-х гадоў усе гаварылі па-беларуску. І ў суседнім Забалацці таксама… І ў Кісцянях… І ў самім Рагачове (а інакш ці быў бы ў нас Караткевіч?).

Да таго ж усюды свае мясцовыя гаворкі былі, свае адмысловыя слоўцы. І па іх, па гэтых гаворках і слоўцах, можна было нават пазнаць, адкуль чалавек родам…

Зрэшты, тое ж яшчэ можна, мусіць, зрабіць і цяпер?

Ну вось напрыклад — неўзабаве пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у нас з’явілася сям’я перасяленцаў. Галава яе — ужо даволі сталы мужчына — уладкаваўся працаваць слесарам на жывёлагадоўчую ферму.

І вось, перадаўшы змену, сабраліся неяк мужыкі ў чырвоным кутку: сядзяць сабе, смаляць, гамоняць — за жыццё, за палітыку. Акурат як у тым анекдоце: далі жанчынам па сем гадоў турмы, а яны дадому праз 14 вярнуліся (яшчэ сем стаялі пад сцяной — не пра ўсё пагаварылі).

Вось і мужчыны ў той надвячорак штось разысціся не маглі.

А час жа ідзе: бачаць у акно, ужо і даяркі сваю справу зрабілі, па хатах пайшлі… У тым ліку і Нінка — суседка таго перасяленца. Ён згледзеў яе ды і кажа: «Ну, усё, хлопцы, пара: Нінка дадому, дык і я за ёй. Час порацца. Жонка ў ад’ездзе, дык я кожны дзень цяпер увіхаюся».

Мужыкі неяк па-свойму пачулі сказанае, рагатнулі. А загадчыкам на ферме быў ну вельмі прыстойны чалавек (ён нават не мацюкаўся). І трохі наіўны быў. Але ж і ён падумаў тое, што ўсе, і кажа:

— Ну ты, дзед, даеш! «Борацца»? З Нінкай? Кожны дзень? У твае гады? Яна ж на колькі гадоў за цябе маладзейшая?!

І асекся (астатнія проста палеглі ад рогату).

Той жа перасяленец устаў і спакойна кажа:

— Па-нашаму «порацца» — гэта тое, што па-вашаму «ўпраўляцца», аглядацца, гаспадарку пыніць, а вы што падумалі?

І пайшоў — следам за Нінкай. Каб паспець усё парабіць па гаспадарцы. Яму — па сваёй, а суседцы — па сваёй.

Соф’я КУСЯНКОВА,

в. Лучын, Рагачоўскі раён.

Звязда

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930