Знайсці
27.04.2024 / 18:014РусŁacБел

«Давялося ісці ў КДБ на допыт з дэтэктарам хлусні». Прапаведнік Мельянец выехаў з Беларусі з сямю дзецьмі і расказаў пра пераслед

З Беларусі з'ехаў прапаведнік і бацька сямі дзяцей Сергій Мельянец. Мужчына атрымаў вядомасць праз свае нататкі ў фэйсбуку, дзе ён бясстрашна распавядаў пра палітычныя суды і дапамогу ахвярам рэпрэсій. «Наша Ніва» пагутарыла з Сергіем пра пахаванне Зельцара, беларускія суды, смеласць і пакутлівыя 25 сутак на Акрэсціна, адкуль Мельянец вызваліўся цудам.

Фота: архіў суразмоўцы

Дапамагчы вялікай сям'і Сергія Мельянца можна тут.

Сергій з пратэстанцкай сям’і, але прыйшоў у хрысціянства сам. Шмат чытаў пра розныя тэорыі ўзнікнення Сусвету, і толькі ў 18 гадоў далучыўся да царквы. Мужчына скончыў біблейскі каледж і семінарыю, але вырашыў, што не хоча жыць за кошт службы ў царкве, таму знайшоў працу менеджарам па продажах. Паралельна з гэтым удзельнічаў у жыцці царквы і актыўна займаўся дабрачыннасцю.

 — 10 жніўня 2020 года мы з маімі братамі паехалі ў раён канцэртнай залы «Мінск», збіраліся проста памаліцца — як хрысціяне мы верым, што толькі Бог можа дапамагчы Беларусі змяніцца, — Сергій згадвае сваё першае затрыманне пасля выбараў. — Як толькі пад’ехалі да канцэртнай залы, нас злавілі, хаця мы не мелі ніякай пратэснай сімволікі. Давялося перажыць жудасныя моманты (Сергій быў збіты і перажыў катаванні электрашокерам — «НН»). А потым было выратаванне: маіх братоў завезлі на Жодзіна, а мяне праз праблемы з сэрцам адпусцілі ў бальніцу, і ўжо ноччу я апынуўся дома.

«Наша Ніва»: Пасля гэтага вы і далей выходзілі на малітвы на пратэстах?

Сергій Мельянец: Так, я ў асноўным гэтым і займаўся. Ля мінскай ратушы пачалі сустракацца людзі, каб маліцца за Беларусь. Спачатку іх былі дзясяткі, ледзь не сто чалавек, потым іх рабілася ўсё менш і менш, а ў канцы засталося тры чалавекі: я пратэстант, хлопец-каталік і адна праваслаўная жанчына. Мы сустракаліся там амаль кожны дзень да сярэдзіны сакавіка, пакуль мяне не схапілі. Чыталі Слова Божае, маліліся за Беларусь, вязняў сумлення, Украіну, Ізраіль.

«НН»: Як і калі вы пачалі хадзіць на суды па палітычных справах?

СМ: Недзе ў 2021-м. Зразумеў, што суд — месца, дзе магу пабачыць вязня сумлення, хоць неяк праявіць да яго спачуванне і памаліцца за яго. Я падумаў, што для мяне як хрысціяніна было б добра хоць так падтрымліваць гэтых людзей. Быў на дзясятках судоў. Таксама я ліставаўся з некалькімі вязнямі, але перапіска звычайна заглухала, калі людзей пераводзілі ў калоніі.

«НН»: Пасля таго, як вы наведалі дзясяткі палітычных судоў, што вы можаце пра іх сказаць?

СМ: У Феміды завязаныя вочы, і гэта вельмі добры вобраз, каб паказаць, што адбываецца ў нас на судах. Суддзі якраз не сляпыя, яны ўсё выдатна разумеюць, але добраахвотна ўдзельнічаюць у гэтых спектаклях, дзе ўсё загадзя вызначана.

У студзені 2021-га ў мяне быў суд за БЧБ-жалюзі. Я аргументаваў іх выгляд тым, што чырвоны і белы колеры — сімвалы маёй веры: чырвоны — кроў Хрыста, а белы — праведнасць. Некалькі спецыялістаў падрыхтавалі заключэнне, што белы і чырвоны — гэта насамрэч колеры хрысціянства.

Суддзя быў вельмі здзіўлены тым, як я гэта ўсё аргументую. У нас было два паседжанні, і ў канцы другога суддзя проста дастаў гатовы прысуд і яго прачытаў. Пра які суд можа ісці гаворка, калі прысуд загадзя надрукаваны? Такія выпадкі я бачыў не раз.

Вельмі шкада вязняў, якія вымушаныя там знаходзіцца і часам падыгрываць гэтаму спектаклю. Суддзя ведае, што абвінавачванне сфабрыкаванае, але пачынае задаваць чалавеку хітрыя пытанні, прысаромліваць яго. Чалавек вымушаны з гэтым пагаджацца, каб хоць неяк паменшыць тэрмін. Альбо ўжо ёсць дамоўленасць, што ён прызнае віну і атрымае меншы тэрмін. 

Гэта так ганебна, калі невінаватага чалавека прымушаюць сябе абгаворваць, а ён вымушаны выдумляць нейкія моманты… Я бачыў некалькі такіх судоў. Гэта адна з прычын, чаму людзі часта просяць не прыходзіць да іх на суд — бо на судзе яны вымушаныя граць гэтую страшную ролю.

«НН»: Акрамя судоў, вы, напрыклад, наведалі пахаванне Алеся Пушкіна.

СМ: Не толькі яго пахаванне, я ўвогуле з добрымі людзьмі часта сустракаўся на пахаваннях. На развітанні з Адамам Мальдзісам упершыню сустрэў [палітзняволенага журналіста] Ігара Карнея. Шмат пахаванняў было ў апошні час, я быў і на развітанні з Андрэем Зельцарам. Напэўна, там было самае сумнае пахаванне, якое я бачыў у жыцці.

Развітанне з Алесем Пушкіным. Фота: архіў суразмоўцы

«НН»: То раскажыце, як гэта было.

СМ: Сабралася чалавек сто. Усе ў масках і капюшонах, я не браў тэлефон, толькі ўзяў стары фоцік. Было ясна — гэтыя людзі гатовыя да таго, што іх забяруць, за намі прыглядалі з бусіка без нумароў. Напэўна, сабраліся самыя смелыя людзі Беларусі.

Стаіць труна, вакол людзі. Стаіць мама ля труны, гладзіць Андрэя па галаве, побач нейкае дзіця. Стаіць бацька-інвалід на мыліцах. Усе маўчаць, толькі мама прыгаворвае: «Сыночак, сыночак…», — пачынае расказваць, якім ён быў добрым хлопцам. Святара няма. Метраў за 15 ад нас ідзе іншае пахаванне, там усё як мае быць – і святар адпявае, і людзі моляцца.

Я думаў, што магу зрабіць, бо проста сэрца разрываецца. Наважыўся, падышоў да мамы Андрэя, і яна дазволіла сказаць пару словаў — што Бог паклаў на сэрца, тое і сказаў. Было жудасна страшна, але хоць нешта. А потым проста паклалі труну ў магілу і без усякага адпявання пахавалі Андрэя.

«НН»: Адкуль вы бралі смеласць на ўсё гэта? Вы ж і на суды хадзілі да апошняга часу.

СМ: Не сказаў бы, што маю нейкую смеласць. Некаторыя людзі лічаць, што я вельмі смелы, а насамрэч я баязлівец. Спрабую зразумець, чаго ад мяне хоча Бог, малюся. Тады і з’яўляюцца сілы на першы крок, жаданне неяк дапамагчы і падтрымаць людзей у цяжкіх абставінах.

Мне заўсёды было вельмі страшна, і жонцы за мяне было страшна. Яна часта не хацела, каб я некуды ішоў. Але было і нешта добрае: людзі даведваліся пра падзеі не з медыя, а са старонкі відавочцы ў фэйсбуку. Пачыналі маліцца за нашу краіну.

«НН»: Наколькі вы адчувалі ціск сілавікоў за свой актывізм?

СМ: Мы з жонкай разумелі, што знаходзімся ў сферы ўвагі сілавікоў, але збольшага жылі як жылі. Да мяне дахаты прыязджалі міліцыянты — маўляў, вы прыцягваліся па артыкуле 23.34, мы мусім вас кантраляваць.

Быў страшны эпізод, калі да нас дахаты прыходзіла КДБ і мне давялося рабіць выбар — або з’язджаць з краіны, або ісці на допыт з прымяненнем дэтэктара хлусні. Бог даў сілы застацца ў краіне, пайсці на допыт і выйсці з яго на волю. На мяне моцна паўплывала пахаванне Алеся Пушкіна, маліўся, каб мае дзеці не стаялі каля маёй магілы, каб я мог быць побач з імі.

Яшчэ ў мінулым годзе мы думалі, што надышоў час з’язджаць. Мелі гатовыя візы, і ў жніўні маглі паехаць, але засталіся ў краіне. Я чакаў Божага знаку, калі мне трэба з’язджаць і ці трэба гэта мне ўвогуле. І пакуль яго не бачыў, вырашыў заставацца, хаця калі б мы тады паехалі, то атрымалася б зрабіць гэта больш арганізавана.

Цяпер знак быў такі відавочны, што няма куды падзецца. Альбо мы з жонкай надоўга сядаем у турму, а дзяцей забіраюць у інтэрнат, альбо мы з’язджаем.

«Было два дні, калі нас цэлы дзень прымушалі стаяць. У мяне пасля гэтага ацяклі ногі»

«НН»: У сакавіку вас зноў затрымалі. Як гэта было?

СМ: Я вырашыў падтрымаць Ігара Карнея на судзе, і 19 сакавіка пайшоў да яго. Гэта быў Мінскі гарадскі суд, пачатак а 10-й гадзіне. Памаліўся ў судовай зале, паслухаў пракурора. Выходжу з залы, а мне кажуць — сядай, давай пашпарт і разблакіруй тэлефон.

Яны паглядзелі мае нататкі ў фэйсбуку і інстаграме, дзе публікую свае вершы. Вельмі ўсцешыліся, што знайшлі зацятага бэчэбэшніка. Надзелі кайданкі і вывелі чорным ходам, каб мяне ніхто не бачыў. Павезлі ў Фрунзенскае РУУС, і там пачалося.

«НН»: Што пачалося?

СМ: Паставілі мяне лбом да шафы, ногі — максімальна шырока. Там быў адзін садыст, які пастаянна чапляўся, што я нібыта недастаткова шырока стаю, біў па нагах.

Сергій Мельянец разам з Маяй, дачкой паэта Тодара Кляшторнага. Фота: архіў суразмоўцы

Яны ўсё не маглі вырашыць, з чаго пачаць, якую даць мне першую адміністратыўку. Нарэшце вырашылі: у маім інстаграме была карцінка са словамі «пахне чабор», і яны вырашылі, быццам я праз яе правёў масавае недазволенае мерапрыемства. Я падумаў: ну ладна, калі гэта так па вашых законах, — і падпісаў той пратакол.

Дарэчы, калі мяне абшуквалі, запісалі ў пратаколе, што я меў з сабой 5 рублёў, а насамрэч там было 300 рублёў, яны скралі гэтыя грошы.

Павялі мяне ў малпоўнік. Я пасля 2020-га адчуваю сябе вельмі няўтульна ў закрытых памяшканнях, а там быў пакойчык 2 на 2 з металічнымі дзвярыма і маленькай адтулінай, не хапала паветра.

Там было некалькі палітычных, некалькі алкаголікаў і бомж з белай гарачкай. Нарэшце мяне пакінулі сам-насам з бамжом. Ён пачаў кідацца на дзверы, а потым прапанаваў мне гэта рабіць. А калі я адмовіўся, стаў кідацца з кулакамі на мяне.

Потым мяне павезлі на Акрэсціна, апынуўся ў першай камеры: брудная, маленькая, душная, там тры месцы, але часам туды запіхваюць па 15 чалавек. Мне давялося спаць на бруднай падлозе ля дзвярэй, хаця нельга назваць гэта сном, бо галава не адключалася. Я ўвогуле амаль не спаў цягам гэтых 25 сутак на Акрэсціна.

У такіх умовах, як на фронце, цяжка быць атэістам. Заўжды хочацца спадзявацца, што ёсць той, хто вышэй за абставіны і мацней за тых, хто нас схапіў. Я прапаноўваў на Акрэсціна людзям маліцца, і шмат хто адгукаўся.

Рабіў усё магчымае, каб самому не падаць духам і падбадзёрваць тых, хто быў побач. Кожны дзень у камеры было ўключэнне «рэлігійнага канала» — я расказваў людзям гісторыі з Бібліі.

«НН»: За што вам далі другую адміністратыўку?

СМ: Скончыўся першы тэрмін, 13 сутак. На першым паверсе ЦІПа мяне сустрэў бялявы губазікавец, які мяне раней злавіў у судзе. Мне насунулі кайданкі і закінулі ў машыну, паклалі тварам у падлогу і вазілі дзве гадзіны. Прыдумалі мне артыкул, быццам я лаяўся. Я не хацеў падпісваць пратакол, дык сілавік ударыў мяне нагой.

Толькі праз некалькі дзён мяне выслухала суддзя. Я сказаў, што не згодны з прысудам, яна выклікала сведку — амапаўца ў масцы, ён доўга падключаўся.

Мне далі 12 сутак, а потым зноў прыйшоў бялявы губазікавец: надзеў на мяне кайданкі, завёў у пусты кабінет і моцна мяне збіў за тое, што я не пагадзіўся з пратаколам і патрывожыў амапаўца.

«НН»: У якіх умовах вы правялі гэтыя 25 сутак?

СМ: Для палітычных там умовы падобныя: штоноч будзяць а другой і чацвёртай гадзіне, трэба ўстаць і сказаць прозвішча, імя і імя па бацьку. Большую частку часу правёў у камеры № 20, там было шмат хлопцаў па палітыцы. Быў адзін бомж, якога паспелі акультурыць: яго памылі, і ён адэкватна сябе паводзіў, мы з ім пазнаёміліся — яго завуць Уладзімір Уладзіміравіч.

Я ў камеры адказваў за рэлігійную частку, расказваў біблейскія гісторыі. Уладзімір Уладзіміравіч іх уважліва слухаў і ўрэшце мне сказаў, што хоча змяніць сваё жыццё. Яго потым адаслалі ў ЛПП.

Тамтэйшую ежу можна есці праз раз. Часта нас каралі так — забіралі лыжкі і трэба было есці рукамі.

На тым харчаванні хутка надыходзіць жорсткі авітаміноз, бо вітамінаў у гэтай ежы проста няма. Вялікая праблема з вадкасцю: даюць ранкам трошкі гарбаты, удзень кампот ці кісель, далей ваду можна ўзяць толькі з крана, яна халодная і хлараваная. Пад канец другога арышту я адчуваў, што ў мяне пачаліся праблемы з зубамі і ў арганізме чагосьці моцна не хапае.

Шторанак нас выводзілі на шмон, часам гэта было вельмі нервова. Крычалі і білі па нагах, калі нехта не вельмі шырока іх расставіў. У камеры было шмат клапоў, і неяк мы самі папрасілі, каб нам камеру залілі хлоркай, але гэта мала дапамагло. На другім маім тэрміне з’явіўся бомж, у якога былі і вошы, і блохі.

У душ нас не вадзілі — мыліся з бутэлек над дзіркай у туалеце. На шпацыр таксама ні разу не вывелі. За гучныя размовы ў камеры ці проста па жаданні калідорнага зачынялі кармушку (адтуліну ў дзвярах), адразу адчуваўся недахоп кіслароду.

Было два дні, калі нас цэлы дзень прымушалі стаяць, у мяне пасля гэтага ацяклі ногі. Яны пастаянна лаяліся матам. Я таму казаў хлопцам у камеры — маўляў, давайце будзем адрознівацца ад тых, хто там за дзвярыма, у тым ліку будзем менш лаяцца. Бачыў, што шмат хто стараўся так рабіць.

Усе ў камеры хварэлі, я таксама. Проста там было вельмі цесна: камера недзе 2,30х6, а нас там было ад 16 да 19. Кожны дзень знаходжання там каштуе для вязняў 20 рублёў, па выніку мне давялося заплаціць каля 500 рублёў.

«Мне сказалі рыхтавацца — маўляў, праз 10 дзён маіх дзяцей забяруць»

«НН»: Вы пісалі ў фэйсбуку, што вызваліліся цудам. Гэта пра што?

СМ: У мяне падчас сутак былі допыты з кадэбэшнікам, і ён мне адразу сказаў: «Цябе чакае ад 10 гадоў да расстрэлу». Я разумеў, што мяне не выпусцяць. Перажываў за жонку, бо кадэбэшнік паказаў мне фоты з ёй, як яна стаяла з Бібліяй на вуліцы.

Мне сказалі: або ты падпісваеш пратакол, што ўдзельнічаў у пратэстах, або твая жонка разам з табой апынецца на Акрэсціна. Сказаў, што не падпішу, бо не ўдзельнічаў у пратэстах, а маліўся там. Калі цягам 10 дзён бацькоў няма ля дзяцей, гэта падстава забраць дзяцей у інтэрнат, і мне сказалі рыхтавацца — маўляў, праз 10 дзён маіх дзяцей забяруць.

Разам з сям'ёй. Фота: архіў суразмоўцы

Пасля другой адміністратыўкі я спускаўся на першы паверх, шукаў вачыма бялявага губазікаўца, але яго там не было. Дзяжурны пачаў мне казаць, каб я больш не ўдзельнічаў у незаконных мерапрыемствах, аддаў мне мае рэчы і паперу на аплату харчавання. Я быў упэўнены, што мой пашпарт у губазікаўцаў, але знайшоў яго ў сваіх рэчах, якія мне аддалі. Гэта цуд, як і тое, што мяне выпусцілі. Там людзі сядзяць за нашмат меншыя рэчы. 

«НН»: За што канкрэтна вам пагражалі пакараннем «ад 10 да расстрэлу»?

СМ: Яны пачалі з таго, што я паведамляў «Вясне» інфармацыю з судоў, для іх гэта быццам было пра ўказанні з-за мяжы і тое, што я — шпіён. Таксама я часам камунікую з журналістамі, а для сілавікоў гэта агенты замежнай разведкі. І мне сказалі, што мой артыкул — здрада дзяржаве.

«НН»: Што такое — пераезд за мяжу з 7 дзецьмі?

СМ: Цікавая прыгода, я ўвогуле жвавы чалавек. Для жонкі гэта быў шалёны стрэс, уся падрыхтоўка была на яе плячах, а для мяне хутчэй як сыход ізраільскага народу з Егіпта: дзякуй Богу, што атрымалася з’ехаць. І гэта таксама цуд — нас нідзе надоўга не спынялі, не аглядалі і не дапытвалі. Нам дапамаглі з месцам, дзе мы спыніліся, і цяпер мы думаем, што рабіць далей.

Усё, што са мной здарылася — прыклад таго, як Бог можа выратоўваць у любых умовах, і ў нашай Беларусі надзея толькі на Бога. Упэўнены, што ў Беларусі надыдуць добрыя часы, перамены, якіх мы чакаем, але ўсё гэта магчыма толькі з Божай дапамогай.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Былы вядучы БТ Аўчыннікаў расказаў пра закуліссе працы, расчараванні і дапамогу палітвязням

«Падзельнікі? Класныя дзеці». Выкладчыца БДУІРа, якая адсядзела па справе студэнтаў, пра тое, як аптымізм выратоўваў за кратамі

Фінансавы кансультант вярнуўся з-за мяжы. Яму пагражае да 12 гадоў за «заклікі да санкцыяў»

Вера Белацаркоўская

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
32
Панылы сорам
4
Ха-ха
4
Ого
5
Сумна
20
Абуральна
21
2
Влад/адказаць/
23.04.2024
[Рэд. выдалена]
0
Брэст сіла/адказаць/
23.04.2024
Выдатны чалавек! Дзякуй за ўсё!!!
29.04.2024
один из немонгих кто вызвал уважение.  Если бы все были такие  не было бы Белоруссии...
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031