Знайсці
20.01.2024 / 07:0010РусŁacБел

Уладзімір Бягун — забыты савецкі двайнік Бондаравай 

За савецкім часам існаваў амаль дакладны аналаг Вольгі Бондаравай. Калі ёй паўсюль мрояцца фаласы і бчб-сэрцайкі, то яе папярэднік паўсюль бачыў зоркі Давіда. Даносчыцу чытае ўсяго трохі больш за тысячу падпісчыкаў, а Бегуна выдавалі шматтысячнымі тыражамі. Змагар з «сіянізмам», як сцвярджаюць ягоныя прыхільнікі, быў забіты сваімі ідэалагічнымі апанентамі. 

Уладзімір Бягун і Вольга Бондарава — людзі з аднаго цеста

Уладзімір Бягун нарадзіўся 1 студзеня 1929 года ў вёсцы Сакі Маладзечанскага раёна ў сялянскай сям'і. Маці і дзве яго сястры былі расстраляныя нацыстамі ў часе вайны. Сам Бягун далучыўся да партызанскага руху супраць акупантаў.

Пасля вайны скончыў Мінскую вышэйшую партыйную школу, якая, як можна зразумець з назвы, рыхтавала будучых партыйных працаўнікоў. Працаваў у рэдакцыях раённых і абласных газет, «Советской Белоруссии», «Голасе Радзімы», а таксама на Беларускім радыё.

Уладзімір Бягун актыўна ўключыўся ў працу па выкрыцці ў друку і ў навуковых працах «пятай калоны» і «агентаў уплыву» з ліку сіяністаў і клерыкалаў. Першае выданне Бегуна «Сионизм и иудаизм: (материал в помощь лектору)» выйшла ў 1972 годзе адносна невялікім тыражом — прапагандысцкае таварыства «Веды» выдала ўсяго 1000 асобнікаў. У кнізе ён атаясамліваў яўрэйскую рэлігію з варожым сіянізмам.

Антысемітызм у савецкай дзяржаве разгарэўся задоўга да Бегуна, у адзін час са сталінскімі рэпрэсіямі ў канцы 1930-х гадоў. У антысеміцкую ператварылася і кампанія па «змаганні з касмапалітызмам», распачатая адразу пасля вайны, у якой загінулі мільёны яўрэяў. Актывісты шэрагу нацыянальных устаноў былі пакараныя смерцю. «Справа лекараў», распачатая ў студзені 1953 года, па чутках, павінна была стаць прэлюдыяй да масавай дэпартацыі яўрэяў у лагеры, але была спынена пасля смерці Сталіна.

«Сіянізм — зброя імперыялізму!» на першамайскай дэманстрацыі 1972 года ў Маскве. Фота: «Лехаім»

Ізноў хваля антысемітызму паднялася ў 1967 годзе пасля араба-ізраільскай шасцідзённай вайны, з якой яўрэйская дзяржава выйшла пераможцам. Пасля разрыву дыпламатычных адносін з Ізраілем у СССР набрала моц магутная кампанія па ідэалагічнай барацьбе з так званым «сіянізмам». На практыцы яна часта пераходзіла ў слаба прыхаваны антысемітызм.

У 1974 годзе Бягун асядлаў гэтую хвалю дзяржаўнага антысемітызму. Тады ў выдавецтве «Беларусь» была выдадзена кніга «Ползучая контрреволюция» тыражом ажно 25 000 асобнікаў! Прадмову да яе напісаў партыйны гісторык Аляксей Малашка. У кнізе Бягун працягвае свае тэзісы пра заганнасць і расісцкую сутнасць яўрэйскай рэлігіі і пра сувязь сіянізму з іўдаізмам, падае іўдаізм як амаральную і перакручаную рэлігію.

Для параўнання, у тым жа 1974 годзе накладам 30 000 асобнікаў выйшаў раман Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім» па-руску, то-бок з разлікам на аўдыторыю ўсяго Савецкага Саюза.

Кнігі «Ползучая контрреволюция» і «Вторжение без оружия» Уладзіміра Бегуна

Кажуць, што дзейнасць прапагандыста не засталася незаўважанай і за мяжой. Ягоную кнігу ў наступным годзе практычна цалкам перадрукаваў у сваім афіцыйным выданні лонданскі інстытут яўрэйскіх праблемаў Сусветнага яўрэйскага кангрэсу. Відаць, гэткая «папулярнасць» стала шчаслівым білетам для аўтара.

Бягун ператварыўся ледзь не ў галоўнага савецкага «антысіяніста». Тыражы раслі, ягонымі кнігамі былі літаральна завалены кнігарні. Так ужо ў 1977 годзе тыраж ягонай прапагандысцкай кнігі «Вторжение без оружия» дасягнуў 150 000 асобнікаў. Гэта больш за наклады тагачасных рускамоўных выданняў Івана Шамякіна і Міхаіла Герчыка, чые творы ў сярэднім выдаваліся па 100 000 асобнікаў. А ў наступныя гады творы Бегуна перавыдаваліся.

Калі раней савецкая прапаганда супрацьпастаўляла «сіянісцкую» і «клерыкальную» культуру яўрэяў на Захадзе народнай сацыялістычнай культуры савецкіх яўрэяў, то Бягун пайшоў далей — у сваёй новай кнізе ён заявіў, што «ідэя «яўрэйскай культуры» зыходзіць не ад савецкіх яўрэяў, а ад замежных падрыўных антыкамуністычных цэнтраў», то-бок цалкам адмаўляў існаванне якой-небудзь яўрэйскай культуры.

У 1977 годзе Уладзімір Бягун абараніў сваю кандыдацкую работу па ўлюбёнай тэме «Міжнародны сіянізм — ідэйна-палітычная зброя антыкамунізму: крытыка ідэалогіі і метадаў падрыўной дзейнасці».

Кнігі «Рассказы о «детях вдовы» і «Ярмарка предателей» Уладзіміра Бегуна

З 1979 года ён працаваў у Інстытуце філасофіі і права АН БССР. Варта адзначыць, што ў 1970-1980-я гады інстытут быў галоўным генератарам антысеміцкіх настрояў не толькі ў БССР, але і ў СССР у цэлым. Тут працавала цэлая плеяда дзеячаў-«антысіяністаў», якія на праверку аказваліся звычайнымі «жыдаедамі».

У 1980-я творы Бегуна працягвалі выдавацца і перавыдавацца, хоць маштабу «бестселера» 1977 года яны не дасягалі, але ўсё роўна выходзілі ўражальнымі тыражамі. «Рассказы о «детях вдовы»: [критический анализ франкомасонства]» выйшаў тыражом 30 000 асобнікаў, а апошняе выданне Бегуна, маралісцкая кніга для моладзі «Свое и чужое: Очерки» — 45 000 асобнікаў.

Змест быў адпаведным. Як і пустыя тэксты сённяшняй лукашэнкаўскай прапаганды, кнігі былі аб’ёмным наборам клішэ пра варожы заходні свет, часткай якога заставаліся яўрэі, то-бок «сіяністы». Гэтыя клішэ проста з выдання ў выданне перастаўляліся месцамі, фарміруючы з тэксту новы «ўзор», але не дадаючы тэксту ніякага сэнсу і тым больш навуковай абгрунтаванасці.

Але Бягун быў наватарам. Ён першым з савецкіх аўтараў выступіў з апраўданнем яўрэйскіх пагромаў. Напрыклад, ён сцвярджаў, што масавая разня, учыненая Багданам Хмяльніцкім супраць яўрэйскага насельніцтва, была праявай класавай барацьбы ўкраінскага сялянства супраць засілля яўрэяў-арандатараў. На ягоную думку пагромы — законная рэакцыя на эксплуатацыю, і асуджэнне іх — рэакцыйнае і з'яўляецца праявай сіянізму.

Любая праява «сіянізму» магла стаць трыгерам для Бегуна, як любая праява «бчб– і ЛГБТ-ідэалогіі» для Бондаравай. Фота: Анлайнер

Хваравіта захоплены сваім змаганнем з сіянізмам, Бягун пісаў дакладныя запіскі ў ЦК КПБ. У іх, апрача іншага, ён звяртаў увагу на яшчэ дарэвалюцыйныя краты мінскіх балконаў, дзе яму бачыліся знакі зоркі Давіда. Дарэчы, гэтыя знакі мроіліся яму і на некаторых скульптурных выявах савецкага часу. 

Уладзімір Бягун уваходзіў у самыя высокія кабінеты, яго залагоджвалі чыноўнікі. Усё амаль як з Бондаравай, чые пажаданні выконваюцца па адным допісе на ўласным канале. Хадзілі чуткі, што Бегуна падтрымлівае сам Машэраў, падобныя ж чуткі ходзяць і пра інфаказачку, тлумачачы яе непатапляльнасць. 

Але гэта ўжо быў час, калі апаненты не сядзелі моўчкі. На Бегуна пісалі лісты ў ЦК, выкрывалі ягоную хлусню ў заходніх выданнях, але ён заставаўся на плыву. Як пішуць прыхільнікі Бегуна, ягоныя «апаненты не маглі пры гэтым абвергнуць факталагічны і тэксталагічны матэрыял кніг».

Шкодзілі і больш творча: Якаў Басін прыгадвае выпадак, калі ноччу моладзь размалявала свастыкамі ўсю дарогу ад ягонай кватэры да найбліжэйшага трамвайнага прыпынку. 

Супраць ушанавання «сіяніста» Марка Шагала актыўна выступаў Уладзімір Бягун 

Новая яркая старонка ў біяграфіі Бегуна з’явілася, калі ЮНЕСКА прыняла рашэнне абвясціць 1987 годам Марка Шагала, прымеркаваўшы яго да стагоддзя з дня нараджэння знакамітага віцебскага мастака.

У Беларусі пачалі абмяркоўваць стварэнне музея мастаку-яўрэю.

Гэтае абмеркаванне выклікала рэзананс у грамадстве, што не спадабалася партыйным дзеячам. У Камуністычнай партыі Беларусі рэзка раскрытыкавалі «шагаламанію». У партыйныя і выканаўчыя органы сталі паступаць «лісты працоўных», нязгодных з увекавечаннем памяці і стварэннем музея Шагала.

Калега Бегуна па інстытуце Віктар Боўш асудзіў «крыклівую кампанію ў сувязі са 100-годдзем мастака-мадэрніста Шагала» і выступіў супраць «навязвання савецкім людзям фальшывых аўтарытэтаў».

Самога ж Бегуна выправілі ў Віцебск. Па выніках сваёй паездкі ён напісаў артыкул пад назвай «Выкрадзены ліхтар галоснасці», апублікаваны ў першым нумары часопіса ЦК Кампартыі Беларусі «Политический собеседник». У артыкуле з вялікім партыйным пафасам ён асуджаў «шагаламанію», выяўленую ў асяроддзі віцебскай інтэлігенцыі, дзе «святлафоры маральнасці патухлі зусім». 

«Мала сказаць, што Шагал жыў у Віцебску, важней тое, ШТО ён там рабіў! А між тым ісціна такая, што Віцебскі мастацка-практычны інстытут, які ён стварыў і кіраваў ім, меў, паводле даклада рабоча-сялянскай інспекцыі, выключна адмоўныя бакі… У інстытуце знайшлі прыстанішча дэзерціры, спекулянты і іншыя цёмныя асобы, якія атрымлівалі шчодрыя харчовыя пайкі…»

Музей Марка Шагала ў Віцебску створаны ў верасні 1991 года ў час развалу СССР. Фота: Wikimedia Commons

Да сонму «антысіяністаў»-барацьбітоў з «шагаламаніяй» прымкнулі мастак Міхаіл Савіцкі, тэатразнавец Уладзімір Няфёд, а таксама ўжо згаданы партыйны гісторык Аляксей Малашка. Стварэнне музея Шагала стала магчымым толькі ў 1991 годзе, пасля знішчэння партыйнай сістэмы. 

Алесь Адамовіч тады назваў Бегуна ў пераліку людзей, якія ўзводзілі «бар'ер супраць перабудовы». Пад канец савецкага рэжыму дзейнасць «антысіяністаў» стала магчымым адкрыта выкрываць і крытыкаваць.

Так, у 1987 годзе ва ўсесаюзнай газеце «Савецкая культура» з'явіўся артыкул «Пра сапраўдныя каштоўнасці і ўяўных ворагаў» журналіста Андрэя Чаркізава (сапраўднае прозвішча Сямёнаў), у якім былі названы стваральнікі версіі аб існаванні «сіянісцка-масонскай змовы ў краіне». Сярод іх быў і Уладзімір Бягун.

Артыкулы і кнігі гэтых аўтараў Чаркізаў ахарактарызаваў як «антынавуковыя і якія па сутнасці дэзарыентуюць чытача». Таксама журналіст паказаў на сувязь гэтых аўтараў з антысеміцкім таварыствам «Памяць», чыімі галоўнымі лектарамі яны былі. 

У адказ Бягун і яго абражаныя сатаварышы падалі ў суд на газету і Чаркізава. 5 кастрычніка 1987 г. на судовым слуханні справы было зачытанае экспертнае заключэнне Інстытута ЗША і Канады АН СССР.

Як высветліла экспертыза, у сваіх публікацыях Бягун нярэдка пазычаў тэкст з «Mein Kampf» Адольфа Гітлера. Фота: Wikimedia Commons

У заключэнні акрамя іншых довадаў адзначалася, што ў сямі выпадках Бягун запазычыў тэкст з «Mein Kampf» Адольфа Гітлера, замяніўшы слова «яўрэйскі» на слова «сіянісцкі». Чаркізаў выйшаў з суда пераможцам. 

Відаць, гэтыя падзеі «перабудовы» канчаткова пахіснулі здароўе змагара з сіянізмам. Уладзімір Бягун памёр 19 чэрвеня 1989 года ад інфаркту міякарда на 61-м годзе жыцця. Нешматлікія прыхільнікі аўтара лічаць гэтую смерць «раптоўнай і таямнічай».

Ягоны паплечнік Аляксандр Раманенка ўвогуле заявіў, што Бягун «быў забіты небяспечнай сіянісцкай зброяй … зброяй палітычнага тэрору, разлічанага менавіта на забойства інфарктам міякарда. Гэта — асаблівая зброя забойства. Забойцы фармальна — бюракратычна — юрыдычна спрытна ўхіляюцца ад адказнасці за забойства і менавіта ў гэтым — асаблівая небяспека жахлівага злачынства».

Як кажуць злыя языкі, перад смерцю Бягун трапіў у лякарню, дзе даведаўся, што па суботах працэдур не робяць: «Нічога сабе, і тут шабат!»

У новай Беларусі пісаніна Бегуна засталася запатрабаванай толькі ў вузкіх маргінальных колах. Яго імя ператварылася ў персанажа анекдотаў, а сам ён забыты. Можна меркаваць, што той жа лёс чакае і Бондараву, якая аднойчы пагарыць на ўласным змаганні з усім беларускім, а пасле знікне са старонак друку, хоць сёння яе асоба выглядае непахіснай і недатыкальнай.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Пагромы на Беларусі. Хто за імі стаяў

Каго з беларускіх літаратараў Бондарава адменіць у 2024 годзе

Кодла Бондаравай накінулася на слова «вакацыі». І зноў села ў лужыну

Ф. Раўбіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
63
Панылы сорам
12
Ха-ха
14
Ого
8
Сумна
8
Абуральна
17
20.01.2024
Страшненькая на фото. Перефразируя Булгакова в Собачьем Сердце- женщина с лицом мужчины.
0
заўзятар/адказаць/
20.01.2024
“Край дагараў, і разам з тым выпаўзала на свет тое, што раней старанна хавалі: здрада, падлога і мярзотны жах. Усе падонкі людства пачалі сваю мышыную вазню… Махровымі кветкамі ўзраслі лжывыя даносы, шантаж, правакацыя… Усю мярзоту, што звычайна хаваецца на самым дне людское душы, саромячыся падняць галаву, выцягнулі зараз стуль і выставілі для агульнага агляду і прыпадабнення…”Тое, пра што пісаў Ул.Караткевіч ("Паляшук") і што панавала ў Беларусі болей, як паўтара стагоддзя таму, сёння - наша штодзённая рэчаіснасць. Зноў агрэсіўныя пітэкантропы вядуць рэй.
0
Літвін/адказаць/
21.01.2024
Хведар Вуглоў, сіяністы ліквідавалі))))
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера