Знайсці
15.01.2024 / 01:4311РусŁacБел

Каго з беларускіх літаратараў Бондарава адменіць у 2024 годзе

Шэраг забаронаў твораў адных беларускіх класікаў і выкрыццё гродзенскай інфаказачкай «тэрарыстычнай» сутнасці другіх у 2023 годзе не выпадкова ідуць у храналагічным парадку. Выглядае, што Бондарава ідзе па вучэбнай праграме беларускай філалогіі, на якой спрабуе атрымаць вышэйшую адукацыю. «Наша Ніва» паглядзела, на каго і за што могуць быць скіраваныя нападкі прарасійскай актывісткі ў гэтым годзе.

Сёння Вольга Бондарава вучыцца на другім курсе філалагічнага факультэта БДПУ па спецыяльнасці «Беларуская мова і літаратура». Адной з асноўных дысцыплін па яе спецыяльнасці, натуральна, з’яўляецца гісторыя беларускай літаратуры. З канцом 2023 года скончыцца і трэці семестр, у якім інфаказачка вывучала перыяд ХІХ стагоддзя.

За гэтыя паўгода экстрэмісцкімі былі прызнаныя вершаваныя творы «Плывуць вятры» і «Гутарка старога дзеда», якія прыпісваюцца беларускім класікам Вінцэнту Дуніну-Марцінкевічу, Уладзіславу Сыракомлю і Вінцэсю Каратынскаму. Усе гэтыя літаратары ёсць у вучэбнай праграме за трэці семестр, і на кожнага з іх Бондарава непасрэдна нападала ў сваім канале.

Дунін-Марцінкевіч, Сыракомля і Багушэвіч, на чые творы ўжо кідалася інфаказачка. Фота: Wikimedia Commons

Творы Дуніна-Марцінкевіча, Сыракомлі, Чачота, Міцкевіча і Багушэвіча з навучальнай праграмы, то-бок большую яе частку за XIX ст., яна патрабавала выняць, бо яны з’яўляюцца «польскімі» і да беларусаў быццам бы прылічваюцца толькі па факце тэрытарыяльнай прыналежнасці. 

Напрыклад, дужа не спадабаўся Бондаравай і верш Сыракомлі «Добрыя весці», чый сацыяльны змест і мастацкія асаблівасці вывучаюцца студэнтамі-філолагамі. На думку інфаказачкі, ён выхоўвае з маладых беларусаў «русаненавіснікаў» і «паланафілаў», якія са спачуваннем будуць ставіцца да змагароў, што падымалі паўстанні супраць царскай улады.

Крыніцу сваёй нянавісці прарасійская актывістка выдала сама, распавядаючы пра Вінцэся Каратынскага як пра «пакутніка па народзе і нават пісарчука на белмове», змагара, які стварыў польскую прапагандысцкую арганізацыю («як Белсат») і падбухторваў народ «на плошчу». Да свайго допісу яна прыклала скрын з уласнай навучальнай праграмы, шчодра забелены ватэрмаркамі. 

Але праграма не з’яўляецца нейкім экслюзівам і на рэпазіторыі ўніверсітэта можна з лёгкасцю знайсці вучэбныя праграмы як за трэці, так і за чацвёрты і пяты семестры, па якіх давядзецца вучыцца Бондаравай, калі яе не адлічаць у час зімовай сесіі. І мяркуючы з іх, Бондараву чакае год непрыемных сюрпрызаў, а беларусаў, верагодна, новыя забароны і «адмены» класічных твораў.

Ужо адна назва праграмы за чацвёрты семестр, зацверджаная ў 2022 годзе, можа выклікаць у прарасійскай актывісткі балючыя спазмы — «Гісторыя беларускай літаратуры Нашаніўскага перыяду». 

Каго ж з пісьменнікаў аднеслі да гэтага перыяду і чым яны могуць не дагадзіць інфакарніцы? 

Ксяндзу Казіміру Сваяку, які памёр у 1926 годзе, у віну закідаецца сяброўства з ксяндзом, якога закатуюць нацысты ў час вайны. Фота: Wikimedia Commons

Казіміру Сваяку, беларускаму паэту і публіцысту, ужо дасталася ад прарасійскай актывісткі за тое, што ён «ксёндз, беларускі нацыяналіст, знаёмец гітлераўскага ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага», хоць ён памёр ад сухотаў у 1926 годзе, задоўга да падзей Другой сусветнай вайны. Цяпер жа беларуская сістэма адукацыі хоча прымусіць Бондараву вывучаць ягоную творчасць. 

Ядвігін Ш. і ягоны зборнік «Васількі», выдадзены за кошт Магдалены Радзівіл з Завішаў, пра што сведчыць яе радавы герб «Лебедзь» на тытульным аркушы. Фота: Wikimedia Commons

Ядвігін Ш., ён жа Антон Лявіцкі, вучыўся ў нелегальнай школе, якую арганізавала дачка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. Відаць, гэта ў будучыні прывяло празаіка ў выданне братоў Луцкевічаў. І кнігі свае выдаваў за кошт «польскіх паноў», сярод якіх, вядома, і Магдалена Радзівіл. Ну а з развалам «святой матухны Расіі» ўвогуле выкрылася «экстрэмісцкая» натура — удзельнічаў у 1917-м у з’ездах беларускіх арганізацый і партый, а пасля ўвогуле стаў сябрам Рады БНР. Вішанька на торце — створаная ім партыя «Зялёны дуб» аж да пачатку 1930-х гадоў кіравала антыбальшавіцкім сялянскім рухам, то-бок выступала супраць ідэйных паплечнікаў Бондаравай, чаго ніяк дараваць нельга. 

Уладзіслаў Галубок, стваральнік беларускага нацыянальнага тэатра, вядома, будзе вінаваты ўжо праз той факт, што быў рэпрэсаваны ў 1930-я гады і расстраляны. Абы каго пры Саветах, вядома, не чапалі!

Аповесць «У капцюрох ГПУ» і ейны аўтар Францішак Аляхновіч. Фота: Wikimedia Commons

Не даруе Бондарава і Францішку Аляхновічу, як не даравалі і савецкія ўлады за ягоную творчасць. За «шпіянаж на карысць буржуазнай Польшчы» яго арыштавалі ў Мінску яшчэ ў 1926 годзе, даўшы 10 гадоў катаргі на Салавецкіх астравах. У 1933 годзе грамадзяніна Польшчы абмянялі на Браніслава Тарашкевіча. На волі Аляхновіч напісаў аповесць пра знаходжанне ў савецкім лагеры «У капцюрох ГПУ», якая была перакладзена на шматлікія еўрапейскія мовы і раскрыла шырокай публіцы праўду пра жахі бальшавіцкага ГУЛАГа. З прыходам бальшавікоў у Вільню хаваўся па кватэрах знаёмых, але ў 1944 годзе яго застрэлілі спецслужбісты ва ўласнай кватэры — не змаглі дараваць «дыскрэдытацыі» савецкага ладу.

Акадэмік Вацлаў Ластоўскі і ягоны кенатаф у Курапатах, апаганьваць які заклікае Бондарава. Фота: Wikimedia Commons

Постаць акадэміка Вацлава Ластоўскага ўжо даўно не дае спакою інфаказачцы. На ім, паводле сцвярджэнняў Бондаравай, «кляйма няма дзе» ставіць. Галоўная віна яго, вядома, у тым, што ён назваў Каліноўскага «Кастусём» і пра якога «навыдумляў цэлы міф, які нічога агульнага не мае з праўдай». Праўдай рускага свету, відаць, бо ўся дзейнасць Ластоўскага была скіравана на адкрыццё праўды беларускай. Няхай не без хібаў, характэрных для таго часу, але і не праз чужую прызму.

За гэта прарасійская актывістка неаднойчы заклікала сваіх прыхільнікаў апаганьваць ягонае «ідалішча» на Курапатах — сімвалічны кенатаф рэпрэсаванаму і расстралянаму навукоўцу. На думку Бондаравай, Ластоўскі супрацоўнічаў з нацыстамі, хоць той быў забіты ў 1938-м і рэабілітаваны па ўсіх абвінавачваннях яшчэ за савецкім часам.

Змітрок Бядуля і ягоная аповесць «Салавей». Фота: Wikimedia Commons

Нават да Змітрака Бядулі, які падпісаў да Сталіна ліст, у якім заклікаў вынішчыць «бандыцкіх вылюдкаў» з «контррэвалюцыйнай трацкісцка-зіноўеўскай хеўры», могуць быць пытанні. Усё ж падтрымліваў карэнізацыю БССР, каб аддаліць яе насельніцтва ад велікаросаў, а ў пачатку стагоддзя крытыкаваў бальшавізм у газеце «Беларускі шлях», якая выходзіла пад нямецкай акупацыяй, і дапамагаў Беларускай вайсковай камісіі пры паляках.

Цішка Гартны і Алесь Гарун. Фота: Wikimedia Commons

Алесь Гарун не толькі працаваў у гэтай вайсковай камісіі, але і ўвогуле вітаў у 1919 годзе начальніка польскай дзяржавы Юзафа Пілсудскага ў Мінску, а пры наступе бальшавікоў уцёк з палякамі. 

Пісьменнік Цішка Гартны, другім бокам якога быў савецкі дзяржаўны дзеяч, калі верыць савецкім чэкістам быў асуджаны «за сувязь з фашысцкімі элементамі», скончыўшы сваё жыццё ў псіхіятрычнай лякарні. 

Максім Багдановіч і ягоны верш «Пагоня». Фота: Wikimedia Commons

Класік беларускай паэзіі Максім Багдановіч увогуле стварыў верш «Пагоня», чые радкі «старадаўняй Літоўскай Пагоні ні разбіць, ні спыніць, ні стрымаць» спявалі праціўнікі рэжыму Лукашэнкі па ўсёй краіне пасля жніўня 2020 года.

У гэтым спісе для самотнай барацьбіткі за рускі свет няма сяброў і «папутчыкаў».

Грахі супраць адзінства рускага народа знойдуцца і ў недатыкальных Янкі Купалы і Якуба Коласа. Фота: Wikimedia Commons

Святымі і недатычнымі застаюцца хіба што Якуб Колас і Янка Купала, якіх пабаяліся па-сапраўднаму чапаць нават у разгар сталінскіх рэпрэсій. Прапагандысты нават знаходзяць іхнія творы, якія ці адрасаваныя Сталіну, ці ўсхваляюць савецкую рэчаіснасць. Але нават сучаснікі заўважалі, што пішуць яны гэта неяк няшчыра, без запалу, выключна, каб выжыць. 

Але і да іх можна дачапіцца. Адзін пісаў поўныя рэвалюцыйнага пафасу вершы супраць законнага расійскага ўрада, вітаў Пілсудскага і казаў, што «беларусы з аблягчэннем уздыхнулі», калі бальшавікі ўцяклі з Мінску. Другі — сядзеў у турме за «несанкцыянаванае мерапрыемства», ягоны дзядзька Язэп Лёсік працаваў пад нямецкай і польскай акупацыямі, «надзвычай варожа ставіўся да рускай асновы самасвядомасці беларусаў», а родны брат Міхаіл працаваў інспектарам пад нацысцкай акупацыяй.

На пяты семестр увогуле выпадае праграма «Гісторыя беларускай літаратуры 20—30-х гадоў ХХ стагоддзя», дзе будуць вывучаць творчасць пісьменнікаў, абсалютная большасць якіх трапіла пад савецкія рэпрэсіі як «нацдэмы» і «польскія шпіёны», а многія былі фізічна знішчаны савецкай дзяржавай, на якую моляцца Бондарава і ейныя прыспешнікі.

Максім Гарэцкі, Міхась Зарэцкі і Міхась Чарот. Фота: Wikimedia Commons

Гэта і Максім Гарэцкі, і пісьменнікі аб’яднанняў «Маладняка» і «Узвышша» — Андрэй Мрый, Міхась Чарот, Уладзімір Жылка, Уладзімір Дубоўка, Міхась Зарэцкі, Язэп Пушча, а таксама Кузьма Чорны, Барыс Мікуліч, Уладзімір Хадыка, Змітрок Астапенка, Сяргей Астрэйка. 

Гэтага лёсу з тых пісьменнікаў, што пералічаны ў праграме, пазбеглі амаль выключна тыя, хто з савецкай рэчаіснасцю пазнаёміўся ўжо пасля верасня 1939 года, як то Максім Танк, Міхась Машара, Мікола Засім ды Валянцін Таўлай.

Таксама высокія патрабаванні гродзенскай сяброўкі Камуністычнай партыі Беларусі можа задаволіць асоба сатырыка Кандрата Крапівы, якога Пазняк называў «вырабленым сталіністам» і чыя біяграфія ў 1937-1938 гадах застаецца цьмянай і падазронай.

Але і ў іхняй біяграфіі можна адшукаць крамолу. Бо ўсе прэтэнзіі да вядомых дзеячаў з боку прарасійскіх сілаў будуюцца выключна па адным прынцыпе: ты беларус, а значыць ужо вінаваты, бо мусіў быць рускім. І ад такога абвінавачвання немагчыма апраўдацца.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Праваслаўны святар, на якога даносіла Бондарава, з'ехаў з Беларусі і перайшоў у Польскую царкву

Два вершы Дуніна-Марцінкевіча пракуратура прызнала экстрэмісцкімі матэрыяламі

Бондарава атакавала яшчэ аднаго класіка беларускай літаратуры

Ф. Раўбіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
8
Панылы сорам
12
Ха-ха
7
Ого
1
Сумна
10
Абуральна
50
0
интересно/адказаць/
15.01.2024
Легіён,  при такой повсеместной поддержке может ли она получить высокую гос должность? или стать народной избранницей?
6
Удзячны чытач/адказаць/
15.01.2024
Дзякуй НН за рэкламу таварыш Бондаравай. Без вашай іфападтрымкі хто б ведаў....
0
Так думаю/адказаць/
15.01.2024
[Рэд. выдалена]
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера