Знайсці
12.12.2023 / 17:4616РусŁacБел

«Фактычна мы павінны падзякаваць за гэтыя знаходкі». Расійскі імперскі гісторык апублікаваў невядомыя лісты Кастуся Каліноўскага, якія яго вобразу ніяк не шкодзяць

З 5 снежня гімназія № 1 горада Свіслач больш не носіць імя Кастуся Каліноўскага, на чарзе — перайменаванне вуліцы ў Мінску. Да гэтага спрычыніўся расійскі гісторык Аляксандр Дзюкаў, кіраўнік расійскага фонда «Историческая память», які з 2020 года ўзяўся выкрэсліваць імя Каліноўскага з гісторыі Беларусі. А зусім нядаўна апублікаваў артыкул з асабістымі перадсмяротнымі лістамі Каліноўскага нарачонай Марысі Ямант, піша «Белсат».

Выяўленыя дакументы пацвярджаюць, што Лісты з-пад шыбеніцы Каліноўскі напісаў за кратамі

«Каханая, дарагая мне Марылечка!» — так пачынаецца адзін з апошніх лістоў Кастуся Каліноўскага, напісаны 19 сакавіка 1864 года па-польску, за тры дні да ўзыходу лідара паўстання 1863—1864 гадоў у Літве і Беларусі на шыбеніцу на Лукішскім пляцы ў Вільні.

Прыведзеныя Дзюкавым выявы гэтага ды іншых лістоў (часопіс «Тетради по консерватизму», № 3, 2023) сведчаць, што яны напісаныя на падобных аркушах, падобным атрамантам і ў той жа манеры, што і беларускамоўны ліст з-пад шыбеніцы, які сёння захоўваецца ў Варшаве. Гаворка пра той, які завяршаецца словамі: «Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тады толькі зажывеш шчасліва, калі над табою маскаля ўжо не будзе».

Толькі Каліноўскі напісаў спачатку ліст «дарагой Марылечцы», а пасля пасланне Да люду беларускага (як Лісты з-пад шыбеніцы назваў уласна Каліноўскі) ці ў іншай паслядоўнасці, дадаўшы яшчэ і верш, адрасаваны як Марысі, гэтак і народу? Той, які пачынаецца радком «Марыська чарнаброва, галубка мая» і заканчваецца «Бо адно з праўдай у грамадзе згодна дажджэш, Народзе, старасці свабодна».

Адзін з беларускіх гісторыкаў, да якога «Белсат» звярнуўся па дапамогу, тлумачыць, што гэта цяпер не так істотна: фактычна мы павінны падзякаваць спадару Аляксандру Дзюкаву за гэтыя знаходкі, нягледзячы на тое, што ён намагаўся праз іх сшальмаваць постаць Кастуся Каліноўскага.

Дзюкаў гэтак доўга выбудоўваў сваю канцэпцыю на адным лісце, пазбягаючы згадкі пра верш Каліноўскага, не тлумачыў, навошта Кастусю, які меў пад рукою на волі шмат паперы (а як выглядалі дакументы тады, сам Дзюкаў выдатна ведае), раптам трэба было напісаць нешта на вельмі невялікіх аркушыках. Аднак цяпер мы займелі прыклад таго, як палітзняволены амаль 170 гадоў таму за кратамі суцяшаў сваю каханую. І гэта толькі яшчэ больш надае вагі Каліноўскаму.

Ліст з-пад шыбеніцы і ліст Каліноўскага да Марысі Ямант 19 сакавіка 2023 года (параўнанне). Выява для «Белсата»

«На парозе смерці лёс мне падказвае пісаць да цябе»

Пра асабістае ліставанне Каліноўскага з нарачонай Марысяй Ямант было вядома і раней дзякуючы ўспамінам сястры Марысі — Людвікі Радзевіч. Але беларускім гісторыкам гэтыя лісты не былі вядомыя. Як высвятляецца, пяць з іх (магчыма, іх больш) захаваліся, прычым чатыры — у Маскве і адзін — у Вільні. Усе яны трапілі ў рукі царскай паліцыі ў 1866 годзе, калі сям’я Ямантаў, якая была ў ссылцы ў Сібіры за ўдзел у паўстанні 1863—1864 гадоў, трапіла пад арышт пасля здзейсненага замаху на расійскага імператара Аляксандра ІІ.

Чатыры лісты захоўваліся ў Марысі Ямант, сасланай у Омск, а адзін, які цяпер у Вільні, — у ейнай цёткі Ядвігі Макрыцкай у маёнтку Самуэльева Ігуменскага павета Мінскай губерні. Менавіта Макрыцкая, як лічыцца, вынесла Лісты з-пад шыбеніцы, надрукаваныя Агатонам Гілерам, адным з лідараў паўстання на тэрыторыі Польшчы, у 1867 годзе як «Да люду беларускага. Ліст з-пад шыбеніцы Канстанціна Каліноўскага».

Каб атрымаць магчымасць напісаць апошнія лісты, Каліноўскі скарыстаўся тым, што, адмовіўшыся даваць вусныя паказанні (патлумачыў: «шпіёнства апаганьвае чалавека»), папрасіў паперу і пісьмовыя прыналежнасці для напісання запісак, у якіх павінен быў «акрэсліць характар руху» на тэрыторыі Беларусі і Літвы. А сам 10, 14, 18 і 19 сакавіка піша лісты Марысі Ямант, якую называе «годнай дачкою Літвы». Гэтак, 10 сакавіка 1864 года, за 12 дзён да смерці, Каліноўскі пісаў:

«Дарагая Марылька.

На парозе смерці лёс мне падказвае пісаць да цябе. Пякельная рэчаіснасць, тым больш пасля тых надзеяў, якія луналі ў нашых юнацкіх сэрцах, поўных узаемнай любові. Падпарадкоўваючыся, аднак, сіле абставінаў, прымі са светлым тварам, хоць і з параненым сэрцам, лёс, які выпаў на тваю долю. Час гоіць раны, а ўспамін мінулых момантаў, калі нараджаецца смутак у тваёй душы, няхай, аднак, не атручвае твайго жыцця. Жыццё тваё не табе належыць, яно дадзена табе, каб ты ў кожную хвіліну несла дабро і праўду. Узнагарода за працу не на гэтым свеце людзей напаткае. Калі годна выканаеш мэту жыцця — сустрэнемся на небе.

Твой і за магілаю (хоць, можа быць, я і не буду яе мець), Канстанцін».

Апошняе прагучала як прароцтва, бо Каліноўскі (18381864), як і 20 іншых ягоных паплечнікаў, пакараных у Вільні, быў кінуты ў яму на Замкавай гары. Паўстанцаў урачыста пахавалі толькі праз 155 гадоў на могілках Росы.

Каліноўскі ні разу не паляк

Апошнія тры гады Аляксандр Дзюкаў намагаўся давесці, што Кастусь Каліноўскі быў палякам, польскім шавіністам. Маўляў, савецкія гісторыкі «Каліноўскаму змянілі нацыянальнасць, здзекаваліся з ягоных партрэтаў. Добра, што полу яму яшчэ не змянілі. Гэта тады было яшчэ не ў трэндзе». Асабістыя перадсмяротныя лісты Каліноўскага нарачонай павінны былі гэта пацвердзіць. Але не! У пяці лістах, якія прыводзіць Дзюкаў, ні разу не згадваецца ні «Польшча», ні «паляк», ні «польскі».

Здавалася б, як цяпер з гэтага саслізне Дзюкаў, які намагаўся выставіць Каліноўскага польскім шавіністам? Але ён парыруе проста: пра тое, што «Польшчы» ў гэтых асабістых запісах няма, ён зусім не згадвае, затое зазначае, што няма і «Беларусі», а маецца «Літва», як у апошнім польскамоўным лісце, відаць, напісаным тады, калі і беларускамоўны Да люду беларускага:

«Марылька, мая дарагая, яшчэ сонейка свеціць нада мною, яшчэ я магу глядзець, думаць і жадаць. Праз маю фортку бачу Віленьку, тую Віленьку, што такая каштоўная для душы кожнага ліцвіна, сядзібу грозных Альгердаў, думкамі дзеяў у Богу і праўдзе запачаткаваных. Гледзячы на Вільню, сэрца перапаўняецца, б’ецца з гонарам. А там далей наколькі вока, наколькі думка сягае, наш бедны народзік, які ў поце твару, страшэннай няволі, Бога і праўды забыцца не ўмее. Ды хіба не гонар прынесці жыццё для яго ў ахвяру, для нашай зямлі роднай, усцеленай магіламі гераічных продкаў нашых. Гэта слава для нас, гэта гонар наш».

Пры гэтым расійскі гісторык вымушаны прызнаць, што Каліноўскі не называе сябе ліцвінам, аднак гэта не перашкаджае Дзюкаву пра яго пісаць цяпер менавіта так, пры гэтым ён даводзіць думку, што «ліцвін — гэта той жа паляк з пачуццём перавагі». Разумеючы прыроду фонду «Историческая память», трэба падкрэсліць, што тэму «ліцвінізму» спадар Дзюкаў уздымае не проста так. І тут нагадваем пра штучна створаную праблему для беларусаў у Літве.

Паміж бацькамі стаяць Марыя (злева) і Алена. Фотаздымак зроблены ў часе сібірскай ссылкі. Крыніца: commons.wikimedia.org

Навошта Дзюкаў узяўся за Каліноўскага?

Аляксандр Дзюкаў падрабязна гэта патлумачыў у сакавіку 2022 года, не хаваючы, што да сапраўднай гісторыі яму справы зусім няма. Каліноўскі для яго не хто іншы, як «структурны адпаведнік Бандэры», які быў супраць Расіі, дакладней, супраць царскай Расіі (Расійскай імперыі), на якую сённяшняя РФ арыентуецца:

«У сучасным інфармацыйным грамадстве замоўчванне ўжо не працуе, зрабіць з Каліноўскага чалавека, які нейтральна ставіўся да Расеі, ужо немагчыма».

Каб патлумачыць рэжыму Лукашэнкі, чаму трэба выкрасліць Каліноўскага, Дзюкаў выкарыстоўвае наступны прыём:

«Калі ў падручніках пішуць пра Каліноўскага ў пазітыўным сэнсе — гэта ўжо працуе на апазіцыю. Апавядаючы пра Каліноўскага ў пазітыўным сэнсе ў школьных падручніках, улады падштурхоўваюць школьнікаў у БЧБ (бел-чырвона-белы сцяг) абдымкі».

Таму для Дзюкава не столькі важнае высвятленне гістарычнай праўды, колькі элементарна сшальмаваць Каліноўскага.

Ён, напрыклад, дайшоў да таго, што прыпісаў Каліноўскаму замест знаных на сёння словаў «У нас няма дваран — усе роўныя» словы «Усе роўныя, усе сыны адной Польшчы, Бацькаўшчыны нашай».

Але, як сведчаць іншыя прыклады дзейнасці фонда «Историческая память», Дзюкаў актыўна працуе менавіта на барацьбу з нацыянальнаю гісторыяй у постсавецкіх краінах.

Што за фонд «Историческая память»

Паводле Справаздачы пра дзейнасць фонду за 2008—2018 гады, яго стварылі ў 2008 годзе з мэтаю «супрацьдзеяць фальсіфікацыі гісторыі на шкоду інтарэсам Расіі» на постсавецкай прасторы. Напрыклад, фонд адказваў за дыскрэдытацыю ва Украіне АУН-УПА і памяці пра Галадамор ва Украіне, лясных братоў і міжваеннага перыяду гісторыі краінаў Балтыі.

У 2017 годзе ў Беларусі мог зʼявіцца з падачы Лукашэнкі помнік у Курапатах: «Ініцыятыва прэзідэнта Лукашэнкі магла пацягнуць за сабою негатыўныя для Расіі наступствы: заведама завышаныя звесткі пра колькасць расстраляных у Курапатах (да 250 тысячаў чалавек!) прасоўваліся празаходнімі нацыяналістамі». Таму фонду было даручана выйсці на сувязь з Адміністрацыяй прэзідэнта РБ і падрыхтаваць для іх «даследаванне колькасці расстраляных у Курапатах». У выніку замест 250 тысячаў расейцы налічылі «толькі» 7—8 тысяч чалавек. Далей гэтую лічбу прасунуць у гістарычныя выданні ў Беларусі: «Гэтыя выданні дазволяць замацаваць у беларускім навуковым і медыйным звароце адэкватныя ўяўленні пра маштаб савецкіх рэпрэсіяў, якія адпавядаюць расійскім інтарэсам».

Таксама фонд супольна з Акадэміяй навук Беларусі стварыў часопіс «Белорусский исторический обзор», які, відавочна, перагукаўся з вядомым «Беларускім гістарычным аглядам» Генадзя Сагановіча. Менавіта фонд «Историческая память» стаіць за распачатай генеральным пракурорам Андрэем Шведам справай аб генацыдзе беларускага народу, які чамусьці быццам не заўважалі да 2020 года.

Пра сувязь фонду і яго кіраўніка Аляксандра Дзюкава з лукашэнкаўскай пракуратурай і ўплыў на абвяшчэнне экстрэмісцкімі твораў Дуніна-Марцінкевіча гаворыць тое, што 11 чэрвеня расійскі гісторык нібыта нечакана зацікавіўся постаццю Дуніна-Марцінкевіча, а ўжо 17 жніўня з’явілася навіна пра забарону двух вершаў, якія яму прыпісваюцца, а 8 лістапада — і двухтомніка ягоных твораў, выдадзенага дзяржаўным выдавецтвам «Мастацкая літаратура».

Дзюкаў прапагандуе постаць Міхаіла Мураўёва. Скрыншот: Дюков. Историк-рационализатор / Telegram

Таксама фонд «Историческая память» Дзюкава актыўна супрацоўнічае з таварыствам «Знание» дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Вадзіма Гігіна, які ініцыяваўвыключэнне са школьнай праграмы мастацкага твора «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча.

Асноўныя і падкантрольныя арганізацыі фонду на 2018 год. Крыніца: dossier.center

За што далей возьмецца Дзюкаў цяпер? Магчыма, за вылучэнне Міхаіла Мураўёва ў якасці нібыта героя Беларусі. Аднак фактам цяпер варта прызнаць, што расейскі гісторык пацвердзіў праўдзівасць «Лістоў з-пад шыбеніцы», хоць і намагаўся дасягнуць іншага.

Чытайце таксама:

Вядомыя беларусы агучылі «Мужыцкую праўду» Каліноўскага

«Каліноўскі — вельмі важная постаць, але паўстанне 1863-га было катастрофай» — Латышонак 

На гістфаку БДУ знішчылі пано з выявай Каліноўскага

1863—2023. А ці быў сэнс у тым паўстанні? І ці правільна зрабіў Каліноўскі, што адмовіўся ад эміграцыі?

Знойдзеныя новыя тэксты Кастуся Каліноўскага

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
26
Панылы сорам
4
Ха-ха
4
Ого
8
Сумна
7
Абуральна
40
3
Иван/адказаць/
14.12.2023
Paliašuk, сам то тоже герой, наверняка. Или зникнешь?
2
Анфиса/адказаць/
14.12.2023
Одним каминг ауты, другим Вильня, о все они вместе.
0
наш нацгерой кастуська/адказаць/
17.12.2023
на чарзе — перайменаванне вуліцы ў мІнску
а наш родны мЕнск ужо перайменаваны "звышпатрыётамі-бастыёнаўцамі" на ляхаўска-маскальскі капыл

цьху, якая ганьба…
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера