Знайсці
02.12.2023 / 13:1115РусŁacБел

Першы расстрэл беларускай інтэлігенцыі. 90 гадоў справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра»: як гэта было арганізавана

У снежні 1933 года чэкістамі скончылася «расследаванне» справы «Беларускага нацыянальнага цэнтра». Амаль сотня дзеячаў была асуджана. У БССР гэтыя людзі прыбылі, уцякаючы ад пераследу польскімі ўладамі, але тут іх чакала жахлівае. Вынікам сфальсіфікаванай справы стаў першы масавы расстрэл беларускай інтэлігенцыі.

Сымон Рак-Міхайлоўскі, Ігнат Дварчанін і Пётр Мятла «прызначаныя» каардынатарамі дзейнасці «Беларускага нацыянальнага цэнтра»

З 1929 года ў БССР прайшло некалькі хваляў рэпрэсій супраць нацыянальнай інтэлігенцыі. У 1930 г. чэкісты сфальсіфіка­валі справу «Саюза вызвалення Беларусі», у рамках якой было арыштавана больш за сотню дзеячаў навукі і культуры. Толькі невялікая частка з арыштаваных пазбеглі зняволення або высылкі на розныя тэрмі­ны.

У 1931—1932 гг. пракацілася хваля арыштаў сярод працаўнікоў сельскай гаспадаркі, а таксама ўстаноў, якія займаліся распрацоўкай яе розных пытанняў.

Узніклі справы «Беларускага філіяла працоўнай сялянскай партыі», «Белтрактарацэнтра», «Ветэрынарных дактароў». Толькі па іх было арыштавана і асуджана звыш 800 чалавек.

Шмат хто з працаўнікоў Народнага камісарыята земляробства БССР, Навукова-даследчага інстытута сельскай гаспадаркі, Віцебскага ветэрынарнага інстытута трапілі ў турмы. Па справе «Белтрактарацэнтра» рэпрэсіям падверглася 546 чалавек, праз што амаль поўнасцю былі знішчаны тыя невялікія кваліфікаваныя кадры, якія працавалі ў цэнтральных кіруючых органах сельскай гаспадаркі і на месцах.

У верасні 1932 г. АДПУ БССР «ліквідавала» ў Мазырскім раёне так званую контррэвалюцыйную арганізацыю «Сялянскіх саюзаў», у кіраўніцтве якой абвінавацілі сельскагаспадарчых спецыялістаў з дарэвалюцыйнай інтэлігенцыі. Па гэтай справе толькі ў адным раёне праходзіла звыш 70 чалавек.

На пачатку 1933 г. чэкісты адрапартавалі, што ліквідавалі ў Менску контррэвалюцыйную татарскую групоўку, якой нібы­та кіраваў былы падпалкоўнік царскай арміі Ях’я Гембіц­кі, вядомы гісторык і грамадскі дзеяч, які шмат намаганняў паклаў на карысць татар­скай меншасці.

Будынак НКВД у Мінску быў настолькі сакрэтным месцам, што на фотаздымкі трапіў толькі ў часы нямецкай акупацыі. Пасля вайны на тым жа месцы пабудавалі будынак КДБ у стылі савецкага неакласіцызму, які вядомы нам сёння. Фота: Wikimedia Commons

Вясной-летам 1933 г. пачалася новая хваля рэпрэсій супраць бела­рускай інтэлігенцыі. АДПУ БССР «выкрыла» падпольную контррэвалюцыйную аргані­зацыю «Беларуская народная грамада». Па справе праходзіла 68 чалавек, пераваж­на пісьменнікі, а таксама настаўнікі, студэнты.

Вызначаныя чэкістамі «кіраўнікі» арганізацыі атрымалі па 5 гадоў папраўча-працоўных лагераў, а «сябры» — ад 2 да 3 гадоў высылкі.

Было зроблена ўсё, каб абняславіць арыштаваных. Нацыянальны рух зневажальна ахрысцілі «нацдэмаўшчынай», а ўсіх, хто ўдзельнічаў у нацыянальнай працы ці спачуваў нацыяналістам, назвалі «нацдэмамі». Савецкі друк, прамоўцы на афіцыйных і неафіцыйных сходах у розных варыянтах скланялі гэтыя эпітэты. Тых, на каго наляпілі гэты ярлык паўсюдна ганьбілі, вымушалі прылюдна каяцца ў ідэалагічных памылках, урэшце, арыштоўвалі па надуманых абвінавачваннях.

Але на гэтым вынішчэнне інтэлектуальнай асновы беларускай нацыі не скончыліся.

У 1933 годзе чэкісты пачалі распрацоўку агентурнай справы з характэрнай назвай «Закардоннікі». Яна была распачатая супраць заходнебеларускіх нацыянальных дзеячаў, якія знайшлі прытулак ад рэпрэсій з боку Польшчы ў БССР, то-бок вярнуліся з-за кардону. Дзеля выкрыцця іх «варожай» дзейнасці АДПУ сфабрыкавала справу «Беларускага нацыянальнага цэнтра» (БНЦ).

У 1932 годзе былыя кіраўнікі Беларускай сялянска-работніцкай грамады і «Змагання» ў адпаведнасці з польска-савецкім пагадненнем аб абмене палітзняволенымі прыехалі ў СССР.

БСРГ была найбуйнейшай палітычнай сілай беларусаў у Польскай Рэспубліцы. За яе галасавалі многія раёны Заходняй Беларусі. Польскія ўлады зрэагавалі досыць хутка, ужо ў сакавіку забараніўшы БСРГ, а больш за 4000 яе кіраўнікоў і актывістаў былі аддадзены пад суд.

У 1930-я гады СССР поўнасцю адмовіўся ад ролі абаронцы правоў беларусаў на тэрыторыі Польшчы, перастаў пратэставаць у сувязі з парушэннямі там правоў нацыянальных меншасцей. Летам 1933 г. ад імя Сталіна палякам было прапанавана «ўзаемна адмовіцца ад раздзьмухвання нацыянальных праблем у абедзвюх краінах». 

Фігуранты справы «Беларускага нацыянальнага цэнтра», былыя дэпутаты польскага Сейма ад БСРГ Пятро Мятла, Павел Валошын і Сымон Рак-Міхайлоўскі першы раз былі арыштаваныя ў студзені 1927 г. польскімі ўладамі

Адпаведна, знікла патрэба ў тых, хто мог хістаць польскі рэжым, як у «грамадоўцах», так і ў членах КПЗБ, якія знаходзіліся на тэрыторыі БССР. Да таго ж гэтыя беларускія дзеячы, які мелі досвед парламенцкай дзейнасці і валодалі навыкамі падпольнай барацьбы, успрымаліся савецкімі ўладамі як патэнцыйная пагроза ўжо свайму рэжыму.

Справа «Беларускага нацыянальнага цэнтра» была адной са складовых частак спланаваных у Крамлі шырокамаштабных рэпрэсій супраць эліт нацыянальных рэспублік СССР. У Савецкай Украіне ў 1933 г. былі сфабрыкаваныя справы «Украінскай вайсковай арганізацыі», «Польскай арганізацыі вайсковай», а таксама «Блока ўкраінскіх нацыяналістычных партый».

Справа БНЦ фабрыкавался ва ўмовах падрыхтоўкі да XVII з'езда УКП(б), скліканне якога было прызначана на канец студзеня 1934 г. У бравурных рапартах, якія прымаліся напярэдадні з’ез­да, гучала агрэсіўная рыторыка барацьбы з нацыяналізмам. У снежні 1933 г. пленум ЦК КП (б) Беларусі пастанавіў, што «ў бягучы момант галоўную небяспеку ўяўляе мясцовы нацыяналізм, які змыкаецца з імперыялістычнымі інтэрвентамі».

Пасведчанне дэпутата польскага Сейма Сымона Рак-Міхайлоўскага

Аднак першыя арышты па справе пачаліся яшчэ ўлетку 1933 г. У жніўні-верасні былі арыштаваны дзеячы, якім пасля прыпішуць кіраўніцтва БНЦ. Адна­часова арышты па справе адбываліся на перыферыі.

Чэкісты сцвярджалі, што арыштаваныя праніклі ў Савецкую Беларусь па заданні польскай выведкі. Мэтай іх дзейнасці было звяржэнне савецкай улады ў БССР шляхам узброенага паўстання і стварэння Беларускай буржуазна-дэмакратычнай рэспублікі пад пратэктаратам Польшчы.

Уражваюць і абшары «практычнай контррэвалюцыйнай работы», якая прыпісвалася БНЦ. Яна нібыта ахоплівала Бела­рускую акадэмію навук, Наркамасветы, Дзяржаўную бібліятэку, Саюз савецкіх пісьменнікаў, Навукова-тэхнічнае выдавецтва, БелТА, Радыё­цэнтр, рэдакцыю газеты «Звязда», Белдзяржуніверсітэт, Горацкую сельгасакадэмію, Энергаінстытут, Садова­-агародны інстытут, НДІ рыбнай гаспадаркі, Дзяржплан, Наркамат аховы здароўя, Нар­камасветы, Наркамсувязі, Нар­камат камунальнай гаспадаркі, Саюзбавоўнагандаль, ЦК Між­народнай арганізацыі дапамогі змагарам рэвалюцыі, Гіст­парт пры ЦК КП(б)Б, прадстаўніцтва КПЗБ, выведупраўлен­не Штаба БВА, гарнізон горада Барысава, 34-­ы полк (Старыя Дарогі), 192-­гі полк (Орша). Яна быццам бы вялася ў 9 вялікіх гарадах і 25 раёнах БССР. То-бок літаральна паўсюль.

Дэпутаты польскага Сейма ад «Беларускага сялянска-работніцкага пасольскага клуба «Змаганне» Ігнат Дварчанін, Язэп Гаўрылік і Флягонт Валынец сталі фігурантамі па справе БНЦ. Іван Грэцкі (другі злева) будзе арыштаваны пазней

Чэкісты заявілі пра выяўленне ажно 59 паўстанцкіх ячэек, 19 дыверсійных груп, 4 тэрарыстычных груповак, 20 шпіёнскіх рэзідэнтур БНЦ і яго моладзевай арганізацыі ў складзе 47 чалавек. Філіі цэнтра нібыта былі «ліквідаваныя» ў Горках, Беразіне, Гомелі, а таксама Слуцку. Меліся яны нібыта таксама ў Маскве і Ленінградзе.

Арыштаваным быў інкрымінаваны ўдзел у «шырока раз­галінаванай контррэвалюцыйнай паўстанцкай і шпіёнска­-дыверсійнай арганізацыі». Яны быццам бы займаліся падрыхтоўкай паўстання, шпіянажам на карысць Польшчы, ар­ганізацыяй дыверсійна-­тэрарыстычных груп і актаў, падрыўной і шкодніцкай працы ў БССР.

Фінансаваў і кіраваў цэнтрам нібыта II аддзел польскага Генштаба, які адказваў за контрразведку, праз польскую амбасаду ў Маскве і генеральнае консульства Польшчы ў Менску. Кіраўніцтва БНЦ нібыта атрымала ад палякаў 65 тысяч савецкіх рублёў і 3 тысячы даляраў і распрацавала план паўстання ў БССР, якое павінна было пачацца з буйной правакацыі на мяжы і наступнага савецка­-польскага ўзброенага канфлікту восенню 1933 г. ці вясной 1934 г.

Каардынатарамі дзейнасці «Беларускага нацыянальнага цэнтра» былі «прызначаныя» дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея Сымон Рак-Міхайлоўскі, намеснік дырэктара Інстытута мовазнаўства БАН Ігнат Дварчанін і старшыня камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі БАН Пётр Мятла.

З былога сакратара БСРГ Максіма Бурсевіча былі выбіты паказанні, што кіраўніцтвам БНЦ быў сфармаваны склад будучага буржуазнага ўрада на чале з Антонам Луцкевічам. Пасаду міністра прамысловасці мусіў заняць Фабіян Акінчыц, поштаў і тэлеграфа — Павел Валошын, транспарту — Флягонт Валынец, асветы — Язэп Гаўрылік, земляробства — Ігнат Дварчанін, унутраных спраў — Пятро Мятла, юстыцыі — Радаслаў Астроўскі, абароны — Сымон Рак­-Міхайлоўскі, замежных спраў — Браніслаў Тарашкевіч, а сам Бурсевіч мусіў атрымаць пасаду міністра фінансаў.

Герман Лупекін, Леанід Закоўскі і Анс Залпетэр — аўтары сфальсіфікаванай справы супраць беларускай інтэлігенцыі

Папраўдзе, гэты спіс гучыць як «урад мары», але, на жаль, існаваў ён толькі ў фантазіях чэкістаў. Аўтарамі гэтай справы былі начальнік сакрэтна-палітычнага аддзела АДПУ БССР Герман Лупекін і начальнік 1-­га аддзялення сакрэтна-палітычнага аддзела Якаў Гозін. Агульны нагляд за расследаваннем справы ажыццяўлялі начальнік АДПУ БССР Леанід Закоўскі і яго намеснік Анс Залпетэр. Усе яны самі праз некалькі год стануць ахвярамі сталінскіх рэпрэсій, толькі адзін з іх выжыве.

Справа вялася дзвюма гру­памі следчых, якія на чэкісцкім жаргоне называліся «літарата­рамі» і «забойшчыкамі». «Літа­ратары» складалі разам з дапытанымі тэксты пратаколаў, а «забойшчыкі» выбівалі подпі­сы пад імі.

Справа аблягчалася тым, што за палітуцекачамі з Польшчы адпачатку вёўся аператыўны нагляд. Праз шматлікіх інфармата­раў вяліся іх агентурныя рас­працоўкі, праводзілася перлюстрацыя карэспандэнцыі беларускіх дзеячаў, якія працягвалі перапіску са сваякамі і сябрамі ў Заходняй Беларусі.

Таксама ў арыштаваных канфіскоўваліся асабістыя рэчы, у тым ліку рукапісы, нататнікі, фотаальбомы, з якіх у справу пераносіліся імёны і адрасы ўяўных саўдзельнікаў.

Ордар на арышт фігуранта «Белнаццэнтра»

Журналіст газеты «Звязда» Сцяпан Жабінскі, фігурант справы БНЦ, быў сведкам сцэны, у якой прагучалі словы, якія выяўляюць усю сутнасць таго, што адбывалася:

«Аднойчы, падчас праходкі ў двары, чую крык (пазней даведаўся, што крычаў дэпутат Гаўрылік) «Што вы робіце? Вы з глузду з’ехалі! Вы выконваеце заданне польскай дэфензівы! Тыя не змаглі нас знішчыць, дык вы даканчваеце».

Яшчэ адзін з фігурантаў, Міхаіл Ганчарык, згадваў, што адбывалася ўвосень 1933 г. у ­«Амерыканцы»:

«А прывядуць у камеру, і прыходзіцца слухаць гадзінамі крыкі, стогны аб тых здзеках, якія творацца, што трымаюць невінаватых — гэта стукалі ў дзверы, крычалі некаторыя абмененыя з Польшчай былыя паслы польскага сейма. Асабліва гучна і часта крычаў аб гэтым Дварчанін».

Малодшы брат Ігната Дварчаніна, Іларыён, які займаў пасаду намесніка дырэктара паляўнічага запаведніка, быў вымушаны даць абсурднае паказанне пра тое, што ён прыручыў лася і ездзіў на ім на мяжу з Польшчай па інструкцыі.

Анкета арыштаванага па справе «Беларускага нацыянальнага цэнтра» Сяргея Барана. Фота: ARCHE Пачатак

Да канца 1933 г. «расследаванне» справы «Беларускага нацыянальнага цэнтра» было завершана. Сфальсіфікавана з вялікім размахам і шырокай геаграфіяй ахопу справа складалася з 55 тамоў. 

Усе арыштаваныя, за невялікім выключэннем, «прызналі сваю віну». Усяго па справе БНЦ праходзіла каля 200 падазраваных, з якіх 97 было выстаўлена абвінавачанне. Трэба асобна падкрэсліць, што амаль усе абвінавачаныя ўнеслі значны ўклад у справу беларускага нацыянальнага адраджэння на тэрыторыі Заходняй Беларусі.

Таксама паказальна, што быў асуджаны ажно 21 выкладчык Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках, у тым ліку намеснік дырэктара.

Абсалютная большасць асуджаных былі беларусамі, пераважная частка — ураджэнцамі Заходняй Беларусі. Сярод абвінавачаных было пяць жан­чын, у тым ліку цяжарная Зоя Грыц.

Акт абвінавачання па агентурнай справе «Беглыя», якое АДПУ БССР «расследавала» ў 1933 года

Абвінаваўчы акт сцвярджаў: 

«У 1926 г. польскім Генштабам на тэрыторыі Усходняй Польшчы быў створаны контррэвалюцыйны «Польска-Украінска-Беларускі Блок» у складзе трох буйных нацыяналістычных арганізацый («Украінскі Сельроб», «Беларуская сялянска-работніцкая грамада» і «Польская незалежная партыя хлопска») з задачамі актыўнай барацьбы з камуністычным рухам ва Усходняй Польшчы і арганізацыі шырокай паўстанцкай, шпіёнскай і дыверсійна-тэрарыстычнай працы на тэрыторыі Савецкага Саюза. 

Паводле задання таго ж 2-га аддзела польскага Генштаба ў мэтах рэалізацыі задач «Блока» па Заходняй Беларусі і БССР у г. Вільня ў 1928 г. быў створаны вядомымі нацыяналістамі Астроўскім і Луцкевічам «Беларускі палітычны цэнтр».

Перакінутыя ў БССР легальна і нелегальна сябры «Палітычнага цэнтра» для практычнага кіраўніцтва контррэвалюцыйнай арганізацыяй стварылі «Беларускі нацыянальны цэнтр»».

Па рашэнні судовай калегіі АДПУ ад 9 студзеня 1934 года 26 фігурантаў справы былі прыгавораны да найвышэйшай меры пакарання, 16 — да найвышэйшай меры пакарання з заменай на 10 гадоў папраўчапрацоўных лагераў.

Вось няпоўны спіс тых, хто быў асуджаны на смерць:

  • Рыгор Аляхновіч, студэнт Вышэйшага педінстытута;
  • Ілля Асяненка, інструктар 1 асобага эксплуатацыйнага вузла сувязі, г. Мінск;
  • Лявон Бабровіч, навуковы супрацоўнік Камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі пры АН БССР, публіцыст;
  • Язэп Багданскі, навуковы супрацоўнік АН БССР;
  • Ян Густыр, навуковы супрацоў­нік АН БССР;
  • Іван Дрозд, эканаміст-­планавік Бярэзінскага райспажыўсаюза;
  • Андрэй Капуцкі, пісьменнік і журналіст;
  • Міхал Кахановіч, дырэктар Ві­ленскай беларускай гімназіі, сябра Беларускага пасольскага клуба ў польскім Сейме;
  • Міхаіл Коўшык, дырэктар Мінскага тэхнікума харчовай прамысловасці;
  • Цімох Лянцэвіч, настаўнік адной з мінскіх школ;
  • Яўген Макоўскі, інжынер з Турава;
  • Іван Марцінчык, выкладчык Мінскага аўтадарожнага тэхнікума;
  • Аляксандр Мятла, выкладчык Мінскага політэхнічнага рабфака;
  • Аляксандр Нікалаеў­ Астравецкі, загадчык аддзела міжнароднай інфармацыі газеты «Звязда»;
  • Уладзімір Пальчэўскі, супрацоў­нік Мінскага прадстаўніцтва КПЗБ;
  • Мікалай Парфіновіч, студэнт Ленінградскага электратэхнічнага інстытута;
  • Віталь Радзюк, аспірант АН СССР па Фізіка­-матэматычным сектары Камітэта па падрых­тоўцы кадраў АН СССР;
  • Алесь Салагуб, паэт;
  • Іосіф Саланевіч, намеснік загадчыка Загранічнага сектара газеты «Звязда»;
  • Усевалад Сурага, навуковы супра­цоўнік Беларускага аддзялення Інстытута pыбнай гаспадаркі;
  • Леанід Цітовіч, тэхнічны дырэктар навукова­-даследчага саўгаса ў Смалявічах;
  • Уладзімір Шалешка, бухгалтар прамкамбіната Заслаўскага РВК;
  • Мікалай Шуцкі, выкладчык Ма­гілёўскага педагагічнага інсты­тута;
  • Кузьма Янель, намеснік дырэк­тара Мінскага садова­агародніннага інстытута.

З астатніх 17 — да 10 гадоў папраўча-працоўных лагераў (ППЛ), 5 — да 8 гадоў ППЛ, іншыя — да розных мер пакарання.

Цікава, што Максім Бур­севіч, Павел Валошын, Флягонт Валынец, Язэп Гаўрылік, Ігнат Дварчанін, Пятро Мятла і Сымон Рак-Міхайлоўскі, якім прыпісвалася кіраўніцтва БНЦ, былі асуджаныя да расстрэлу з заменай дзесяцігадовым зняволеннем.

Але пасля паўторнага асуджэння ўсе яны былі расстраляныя ў 1937—1938 гадах, на хвалі найбольш жорсткіх сталінскіх рэпрэсій.

Тыя фігуранты справы БНЦ, якія засталіся жывымі, былі накіраваныя ў Байкала­-Амурскі і Беламора-­Балтыйскі лагеры.

Упершыню аб раскрыцці «контррэвалюцыйнай нацыяналістычна-­шпіёнскай арганізацыі», якой кіравалі былыя палітэмігранты з Заходняй Беларусі, імёны якіх не называліся, было паведамлена толькі 8 снежня 1933 года ў партыйнай газеце «Звязда». Там сцвярджалася, што насамрэч гэта былі здраднікі, закінутыя ў БССР з мэтай «правакацыі і шпіянажу». 

Брашура, напісаная для апраўдання справы БНЦ, была выдадзена ў Менску, але чэкістамі месцам выдання пазначана была Вільня

У тыя часы АДПУ ў сваёй друкарні выдавала тэндэнцыйна падабраныя вытрымкі з «паказанняў» арыштаваных, здабытых гвалтоўным шляхам.

У выглядзе спецыяльнай брашуры, як зусім сакрэтны, гэты матэрыял перадаваўся для азнаямлення высокаадказным камуністам. Партыйныя газеты, часопісы, спецыяльныя выкрывальныя «працы» і кіраўнікі партыі спасылаліся на вытрымкі з паказанняў, не называючы крыніцы, з якіх атрыманы паказанні арыштаваных.

Задачай прапаганды было паказаць нацыянальны рух у Беларусі як контррэвалюцыйную, шкодніцкую, шпіёнскую працу беларускіх нацыяналістаў, накіраваную на адлучэнне БССР ад Савецкага Саюза і на стварэнне буржуазнай нацыянальна-дэмакратычнай рэспублікі. 

Прапаганда не толькі імкнулася скампраметаваць і паказаць у самым агідным выглядзе беларускую інтэлігенцыю і нацыянальных лідараў, але і выкарыстаць розныя выпадкі з прыватнага жыцця і грамадскай дзейнасці, незалежна ад таго, калі і пры якіх абставінах яны здарыліся.

Адразу пасля смерці Сталіна ў 1953—1954 гадах пачаўся працэс рэабілітацыі рэпрэсаваных. Але працэс рэабілітацыі фігу­рантаў справы «Беларускага нацыянальнага цэнтра» быў няпростым. Правёўшы дадатковае расследаванне ў снежні 1955 годзе, КДБ БССР адзначыў, што крымінальная дзейнасць фігурантаў справы даведзена і яны панеслі справядлівае пакаранне. Аднак вайсковы трыбунал БВА пастанавіў, што справа вывучана не­дастаткова.

Так, з аператыўных матэрыялаў, а таксама пададзеных у 1934—1935 гг. скаргаў Ігната Дварчаніна, Язэпа Гаўрыліка і Максіма Бурсевіча вынікала, што следчая справа былі сфабрыкаваная. Напрыклад, 26 мая 1934 г. Ігнат Дварчанін заявіў, што ніякай праграмы «БНЦ» не існавала і ён склаў яе пасля «настойлівай прапановы» следчага.

Падчас паўторнага разгляду, які адбываўся ўжо пасля ХХ з’езда КПСС, на якім быў развянчаны культ Сталіна, у жніўні 1956 г., было ўстаноўлена, што справа была сфабрыкаваная. У прыватнасці, адзначалася, што ўласнаручныя паказанні абвінавачаных былі выкладзеныя абстрактна, агульнымі фразамі, мелі аднолькавы змест, не пацверджаныя рэчавымі доказамі. 

Вайсковы трыбунал Беларускай Вайсковай Акругі 18 красавіка 1956 г. адмяніў рашэнне калегіі АДПУ ад 9 студзеня 1934 г. у адносінах да ўсіх абвінавачаных па матывах відавочнай непаўнаты расследавання і адсутнасці дастатковых доказаў. Справа была вернута на дадатковае расследаванне.

Адначасова былі адменены рашэнні пазасудовых органаў за 1937—1939 гг. Камітэт дзяржаўнай бяспекі пры Савеце Міністраў БССР правёў праверку і дадатковае расследаванне, у выніку якога існаванне «БНЦ» не пацвердзілася. 

У жніўні—верасні 1956 г. рашэннем вайсковага трыбунала БВА справа «БНЦ» у крымінальным парадку была спынена за адсутнасцю саставу злачынства. 

Сярод пасмяротна рэабілітаваных былі вядомыя грамадскія дзеячы Пётр Мятла, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Павел Валошын, Флягонт Валынец, Язэп Гаўрылік і іншыя асобы. 

Сёння ў краіне адбываюцца надзвычай падобныя працэсы, калі для ліквідацыі нацыянальнага руху, жыццёва небяспечнага для дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі, ускрываюцца неіснуючыя змовы, шпіёнскія і дыверсійныя групоўкі, якія быццам бы кіруюцца з-за мяжы. Па волі лёсу, як і 90 гадоў таму, сцвярджаецца, што кіруюцца яны з Польшчы. Па гэтых сфабрыкаваных справах беларускія дзеячы і актывісты атрымліваюць драконаўскія тэрміны.

Хаця б пакуль не страляюць… Праўда, да справы «Беларускага нацыянальнага цэнтра» таксама масавых расстрэлаў не было.

Але неабгрунтаваныя палітычныя рэпрэсіі, калі няма прамога загаду зверху спыніцца, раскручваюцца ўсё мацней і выходзяць на ўзроўні, якія яшчэ ўчора падаваліся немагчымымі.

Гісторыя, на жаль, нічому не навучыла тых, хто іх ажыццяўляе.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ
 

Ф. Раўбіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
11
Панылы сорам
4
Ха-ха
4
Ого
4
Сумна
15
Абуральна
32
0
Рубам/адказаць/
03.12.2023
Прайшло 90 гадоў, а рэпрэсіўныя метады катаў супраць беларусаў не змяніліся. Толькі зараз шчоўкаюць абцасамі ўжо нашчадкі нквд - ярыя лукашысты, яны і справы кляпаюць пад капірку і нават лексікон такі ж самы выкарыстоўваюць супраць беларусаў: “Закардоннікі”, “Беглыя”, і гд. І пакуль беларусы не вывучаць урок гісторыі, пакуль не асудзяць саўковы рэжым, яго ідэядогію, і ўсіх крывавых камуняцкіх катаў, як і іх нашчадкаў-лукашыстаў, падобныя рэпрэсіі будуць паўтарацца зноў і зноў!
3
Ізноў невероятное трызненне /адказаць/
03.12.2023
Рубам, якія "лукашысты"? Якія "камунякі"? 

За больш чым два стагоддзя акупацыі і тры гады "абуджэння" ты нават не зразумеў, хто твой вораг? 
0
Аспирант/адказаць/
03.12.2023
Доктар, Ну, к примеру, фотоальбом «МIНСК учора i сёння», Мн, 1989, с. 105. Составитель В. Коляда. Посмотри и протащись. Взято из довоенной периодики. Здание находилось в центре Минска, на Советской. Фасад сохранен до сих пор в комплексе зданий МВД-КГБ.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера