Знайсці
06.12.2020 / 21:27РусŁacБел

Der Minsker Gajst. На руінах цытадэлі ідышкайту

Мінск быў савецкай сталіцай традыцыйнай габрэйскасці. Што сёння пра гэта нагадвае і што магло б нагадваць? Піша доктар гісторыі Алесь Белы.

Дом з мезузай (прымацаваным да вушака скрутачкам пергаменту з тэкстам малітвы) на рагу Ракаўскай і Вызвалення, цяпер тут кавярня «Добры кут». А мезуза перанесеная ў габрэйскі музей. На жаль, і нішу для яе затынкавалі. 

Мемарыял «Яма» на скрыжаванні Мельнікайце і Заслаўскай застаецца галоўным месцам габрэйскай памяці ў Беларусі. Таму замежных гасцей, што прыехалі ў нашу краіну перадусім дзеля аднаго канкрэтнага штэтла (так на ідыш завуцца мястэчкі) сваіх продкаў і не збіраюцца праводзіць у сталіцы шмат часу, вядуць перш за ўсё сюды. 

На 5-­годдзе аднаго з самых вялікіх пагромаў у гета, які адбыўся ў сакавіку 1942 года, акурат на свята Пурым, тут быў усталяваны сціплы абеліск — на сродкі, сабраныя з ацалелых членаў грамады.

Кажуць, гэта быў першы такі помнік у СССР, таму што мінскія габрэі, у адрозненне ад кіеўскіх, адэскіх і тым больш маскоўскіх, больш трымаліся сваіх дарэвалюцыйных звычаяў і не адмаўляліся ад каранёў. 

Аўтары помніка былі арыштаваныя і адпраўленыя ў ГУЛАГ. У гэтым сэнсе «Яма» — помнік ахвярам не толькі Халакосту, але і сталінскай юдафобскай кампаніі 1948—1953 гадоў, ахвярамі якой зрабіліся дзясяткі тысяч чалавек.

Сімвалічна, што старт антыгабрэйскай кампаніі быў дадзены менавіта ў Мінску, у «цытадэлі ідышкайту», каб застрашыць усіх. За гучным забойствам славутага рэжысёра Саламона Міхоэлса ў 1948-­м ішоў разгром Габрэйскага антыфашысцкага камітэта, які ён узначальваў, — з расстрэлам амаль усяго яго кіраўніцтва. А далей была доўгая кампанія цкавання «бязродных касмапалітаў» у прэсе і ўсіх сферах грамадскага жыцця, звальненняў, зняволенняў, расстрэлаў. Савецкіх габрэяў пакінулі ў адносным спакоі толькі пасля смерці Сталіна. Гэтая старонка нашай гісторыі — вельмі павучальная, нават у сусветным маштабе.

Помнік ахвярам на «Яме». Габрэі спускаюцца на смерць. Апошні нясе скрыпачку. Гэты помнік быў пастаўлены ўжо пры незалежнай Беларусі. Да таго была толькі сціплая стэла, пастаўленая ў 1947 годзе стараннямі франтавіка Хаіма Мальцінскага. 

Можа быць, з цягам часу канкурэнцыю «Яме» складзе «Трасцянец», месца знішчэння найвялікшай у Беларусі колькасці габрэяў (і не толькі іх), хоць да яго ўладкавання застаецца шмат пытанняў. Ахвяры там не названыя па імені, і тым больш нідзе вы не знойдзеце згадкі пра іх нацыянальнасць. Ды і ўвогуле ў надпісах на помніках шмат факталагічных памылак. Аж да таго, што сусветная габрэйская грамада палічыла «Трасцянец» не знакам ушанавання, а сімвалічнай абразай. 

Музеі

Увогуле з габрэйскімі музеямі сітуацыя ў Беларусі не вельмі спрыяльная. Перш за ўсё кепска з іх статусам і дзяржаўнай падтрымкай. Немагчыма параўнаць нашы музеі не тое што з гіганцкім Варшаўскім музеем гісторыі польскіх габрэяў Polin, які пару гадоў таму быў прызнаны музеем года ў Еўропе, але і з нашмат сціплейшым, але таксама з дзяржаўным статусам і падтрымкай музеем імя Віленскага гаона ў Літве.

Аднак сціплы грамадскі музей гісторыі і культуры габрэяў Беларусі пры Габрэйскім абшчынным доме ў Мінску (вул. Веры Харужай, 28) таксама мае свае аўру і шарм.

Сярод найбольш цікавых яго экспанатаў — кавалак дзвярэй з дзіркай ад мезузы з Ракаўскага прадмесця; цудам захаваная на гарышчы сялянскай хаты Тора з мястэчка Дукора цяперашняга Пухавіцкага раёна; дзённік Лялі і Берты Брук, якія прайшлі праз усе жахі Мінскага гета (гл. пра гэта гета артыкул Андрэя Замойскага ў № 4/2018 «Нашай гісторыі»); сапраўдная жоўтая лата з гэтага самага гета; паліто, якое двухгадовай Мары Плакс маці перашыла з коўдры. А машынку для падпольнай вытворчасці мацы, зробленую з валіка ад пральнай машыны і роварнага ланцуга, можна лічыць адным з сімвалаў выжывання габрэйскай ідэнтычнасці пад ціскам атэістычнай «інтэрнацыянальнай» савецкай улады.

У будынку былой габрэйскай школы цяпер рэстаран «Ракаўскі бровар» — той самы, дзе бард Зміцер Бартосік некалі замовіў «на закусь свінячых вушэй». Звярніце на «броўкі» над вокнамі і маўрытанскія рэмінісцэнцыі ў маленькіх верхніх аконцах. Рабочыя ідуць побач на рэканструкцыю будынка яўрэйскага педтэхнікума, а раней талмуд-торы на Віцебскай, 21а. 

Адносна нядрэнна ў нас выглядаюць справы з музеефікацыяй габрэйскага мастацтва. Больш за тое, пры належнай арганізацыі і піяры габрэйская мастацкая спадчына горада магла б стаць адной з ягоных разынак.

Да нядаўняга часу зацікаўленых гасцей можна было смела весці ў прыватную галерэю «Белгазпрамбанка» Art Belarus (яе стварэнне — у значнай ступені заслуга былога кіраўніка банка Віктара Бабарыкі), дзе экспанавалася даволі значная калекцыя твораў мастакоў парыжскай школы, народжаных у Беларусі: Марка Шагала (у чым яго геній — гл. у № 5/2019 «Нашай гісторыі»), Хаіма Суціна (у чым яго геній — гл. у № 12/2019 «Нашай гісторыі»), Пінхаса Крэменя, Восіпа Цадкіна, Восіпа Любіча, Файбіша­Шрагі Царфіна, Міхаіла Кікоіна. 

Самая дарагая і самая славутая карціна з калекцыі — «Ева» Хаіма Суціна (1928, Парыж) — літаральна за апошні месяц зрабілася інтэрнэт­мемам. У 2013 годзе «Белгазпрамбанк» набыў яе на аўкцыёне Sotheby’s за 1,8 мільёна долараў ЗША. У Беларусі яна набыла статус самай дарагой карціны і гісторыка­культурнай каштоўнасці нацыянальнага значэння. 

Хаім Суцін. Ева. З калекцыі Белгазпрамбанка.

Сімвалічна-­вобразная прастора Art Belarus мае своеасаблівы працяг у размешчанай даволі блізка ад сталіцы, у Смілавічах Чэрвеньскага раёна, музеі «Прастора Хаіма Суціна» (вул. Рэвалюцыйная, 20, Цэнтр дзіцячай творчасці). З годнай экспазіцыяй, якая распавядае пра двух мастакоў з гэтага ж кола — апроч самога Суціна, яшчэ і пра Файбіша­-Шрагу Царфіна. 

Ёсць творы беларускіх габрэяў і ў Нацыянальным мастацкім музеі, але было б добра хаця б частку твораў Янкеля Кругера, Юдаля Пэна і іншых сабраць разам (у адной зале або нават у асобнай тэматычнай філіі), каб скласці цэласнае ўражанне пра карціну дарэвалюцыйнага і міжваеннага жыцця тутэйшай габрэйскай супольнасці і краіны ў цэлым. 

Калектарная-­Габрэйская

Вельмі важны і часта наведваны куток габрэйскага Мінска — вуліца Калектарная, былая Габрэйская, якая вядзе да спляжаных габрэйскіх могілак і некалькіх помнікаў ахвярам гета: алеі мемарыяльных камянёў­стэлаў у памяць пра нямецкіх, аўстрыйскіх і чэшскіх габрэяў, дэпартаваных для знішчэння ў Мінск і Трасцянец, і сентыментальнага помніка «Разбіты агмень». 

Размешчаныя тут апошнія габрэйскія могілкі Мінска (трэція па храналогіі пасля тых, на месцах якіх цяпер стадыён «Дынама» і ўніверсітэцкі гарадок) былі знішчаныя ў 1950­-я, калі Ізраіль успрымаўся як ваенна­палітычны вораг, а габрэйская дыяспара — як яго патэнцыйныя агенты. На месцы могілак цяпер парк. Апошнім часам грамадскія актывісты спрабуюць дамагчыся для іх ахоўнага статуса, прызнання іх помнікам гісторыі мінскай габрэйскай грамады, але пакуль марна.

Сквер на месцы могілак і гета мог бы стаць Паркам памяці. 

Уздоўж усёй гэтай вуліцы, пачынаючы ад самай Нямігі, успамін за ўспамінам: пра І з’езд расійскіх сіяністаў, які адбыўся ў двухпавярховым цагляным дамку на скрыжаванні Нямігі і Калектарнай у 1902 годзе; пра сінагогу рэфармаванага іўдаізму «Бейт Сімха» («Дом радасці») на рагу былой Габрэйскай і Рымарнай — адзіную, якая прынцыпова пасялілася некалькі гадоў таму менавіта ў гэтым раёне, на першым паверсе сучаснага офіснага шматпавярховіка.

І пра кіраўніка камуністычнага падполля ў гета Міхаіла Гебелева, іменем якога названая адна з перпендыкулярных Калектарнай вуліц, і пра 13 апошніх вязняў гета, якія ў жахлівых умовах здолелі перажыць 9 месяцаў у «маліне» побач з цяперашняй Гістарычнай майстэрняй на Сухой, 25. Шкада, што сам гэты дом зусім нядаўна паспелі знесці. 

Прыхаваная спадчына

Яўных знакаў былой габрэйскай прысутнасці ў горадзе вельмі мала. Большасць памятных мясцін ніяк не абазначаныя і не прыцягваюць выпадковай увагі. А вельмі хацелася б бачыць тэматычны інфастэнд ля будынка былой галоўнай Харальнай сінагогі, а потым Дзяржаўнага габрэйскага тэатра (цяпер тэатр імя Максіма Горкага) на Валадарскага, 5. Ці каля былой габрэйскай бальніцы на скрыжаванні Леніна і Ульянаўскай (цяпер 3­-я гарадская клінічная бальніца). Або ля былой талмуд­торы, а пазней педтэхнікума, які да 1938 года рыхтаваў кадры для шматлікіх ідышамоўных школ БССР (Віцебская, 21а)…

Мінчук Міхаіл Гебелеў, па мянушцы Бясстрашны Герман, ды Ісай (сапраўднае імя — Іегуда) Казінец з мянушкай Слаўка Пабядзіт, ураджэнец украінскага прыморскага Генічаска, два гады ўзначальвалі мінскае падполле. Паплечніцай і каханай Казінца была Лёля Равенская — дачка кампазітара Міколы Равенскага, аўтара беларускага духоўнага гімна «Магутны Божа». «Гебелеў умеў некалькі разоў на дзень прабірацца ў горад, яго можна было ўбачыць усюды… Ён упэўнена ішоў да калючага дроту, якім быў абвязаны раён гета. Я ўбачыў, як ён дастаў з кішэні кусачкі і прарэзаў імі праход у дроце, агледзеўшыся па баках, увайшоў у дом. Гебель зрабіў на мяне вялікае ўражанне сваёй адвагай», — успамінае яго паплечнік.

«У гета ў таты загінулі 16 родных, у тым ліку і яго бацька Лейба. Прытым што Міхаіл Гебелеў мог бы, валодаючы дакументамі, выратаваць родных… Але ён думаў пра выратаванне баяздольных людзей», — разважае дачка Гебелева Святлана.

І Гебелева, і Казінца выкрылі і павесілі ў 1942 годзе. Іх геройства знайшло прызнанне толькі ў 1960-я, бо ў першыя пасляваенныя дзесяцігоддзі пра яўрэяў у супраціве гаварыць было непажадана.

Дарэчы, з перабудовай бальніцы і Харальнай сінагогі горад страціў рэдкія помнікі маўрытанскага стылю ў архітэктуры, які для габрэяў ХІХ стагоддзя быў своеасаблівым паролем, прызнаннем блізкаўсходняга паходжання народа.

Сімвалічная Ляхаўка

Габрэйскі сімвалізм Ляхаўкі для мяне — улюбёная, але разам з тым і балючая, бо «глухая» тэма. Гэты першы кампактны прамысловы раён Мінска мог бы лічыцца аб’ектам габрэйскай спадчыны, калі б быў належным чынам абыграны, асэнсаваны. Бо патэнцыйна ён дэманструе адразу некалькі гістарычных пластоў: пачатак індустрыяльнай рэвалюцыі ў канцы ХІХ стагоддзя — поле канфлікту паміж габрэйскім капіталам і пераважна габрэйскай жа працай; нядоўгі і аднабокі росквіт камуністычнай ідыш­культуры ў міжваенныя гады; габрэйскія пакуты ад Халакосту і ад сталінскіх рэпрэсій. 

Часта сустракаюся з дзіўнымі аргументамі, што, маўляў, габрэйская гісторыя Ляхаўкі не мае ніякага значэння для горада, бо нібыта габрэі ў насельніцтве гэтага прадмесця былі толькі меншасцю. Але ў той жа час мала які раён горада дае такі багаты і разнастайны сімвалічны матэрыял для габрэйскай гісторыі 1890-­х — 1940­-х, як менавіта Ляхаўка, і пры належнай стратэгіі рэпрэзентацыі гэты аповед таксама можа быць вельмі цікавы.

Толькі як сёння мінаку на Кастрычніцкай можна здагадацца, хто будаваў заводы Ляхаўкі і хто на іх спачатку працаваў? Увогуле муралаў на вуліцы Кастрычніцкай цяпер колькі хочаш, дзякуй і беларускім, і бразільскім мастакам стрыт­арту. Вось толькі на габрэйскую тэму няма ніводнага. Толькі адна выпадковая цытата з «Пацалунка» Шагала.

А мне вельмі хацелася б убачыць на муралах Ляхаўкі, напрыклад, герояў славутага рамана Мойшэ Кульбака «Зельманцы», асабліва гарбароў — колішніх саматужнікаў, а потым працаўнікоў гарбарнага завода «Бальшавік». І самога патрыярха, Рэб Зэлмэлэ, і ягоных сыноў, і іх літаратурнага бацьку Кульбака.

Мэйшэ Кульбак. фота Wikimedia Commons.

Увогуле, той факт, што Мінск да вайны заставаўся своеасаблівай сталіцай савецкага ідышкайту, самым буйным асяродкам мовы ідыш сярод ужо моцна асіміляваных савецкіх габрэяў, са своеасаблівымі (пралетарскімі звонку і дробнабуржуазнымі ўнутры) адукацыяй, культурай і мастацтвам, заслугоўвае годнай раскруткі і ў даведніках, і ў візуальнай прасторы горада, і ў цэлым — у меседжы, які горад пасылае свету. 

Прадмесці

Трошкі болей яўных слядоў былой прысутнасці — у Ракаўскім прадмесці, некалі ці не суцэльна габрэйскім. Некалькі мемарыяльных дошак на будынках былых сінагог, вясельнай залы — і някепскія інфармацыйныя стэнды ў двары «Гандлёвага дома на Нямізе». 

А вось месца на колішнім Ніжнім рынку, дзе да сярэдзіны 1960­-х стаяў самы стары мураваны будынак Мінска, Халодная сінагога 1570­-х, абазначанае цяпер толькі «Бургер Кінгам». Амаль немагчыма здагадацца, што адсюль на цэлы квартал угару некалі прасціраўся мінскі сінагагальны двор — вялікая «калонія» з амаль 20 сінагогаў. Калі ўзняцца вышэй па прыступках да скрыжавання з Інтэрнацыянальнай, то на інфармацыйным стэндзе можна ўбачыць рэпрадукцыю карціны Мая Данцыга «Мой горад старажытны і малады». На арыгінале Халодная сінагога стаіць усутыч да ўжо пабудаванай высоткі «Белпрампраекта», што, дарэчы, было праявай грамадзянскай пазіцыі мастака, бо на момант напісання твора (1972 год) сінагогі ўжо не існавала. На інфастэндзе ж край карціны з сінагогай акуратна абрэзаны, нібыта каб не нагадваць пра яе лішні раз. 

Будынак былой хасідскай сінагогі — адзін з усяго двух у Траецкім прадмесці Мінска, які захаваўся з пачатку ХІХ стагоддзя. Тыповыя для Старога Мінска «броўкі» над вокнамі і ўласцівая сінагогам сіметрыя. Цяпер у будынку — Дом прыроды. 

Тэму можа працягнуць велічны гмах Оперы, спраектаваны Іосіфам Лангбардам, калі яшчэ прыгадаць, якой нацыянальнасці была добрая палова даваеннай трупы. Габрэйскіх матываў у архітэктурнай, культурнай, гістарычнай спадчыне Мінска вельмі шмат. Але каб пачуць іх, трэба пільна прыслухоўвацца да ледзь-­ледзь чутных, глухіх галасоў, якія гавораць на незразумелай нам мове.

Алесь Белы

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930