Знайсці
16.11.2020 / 13:59РусŁacБел

«Штурхалі храпуна, каб ён не прыцягнуў увагу сілавікоў», — дзяўчына расказвае пра начную аблаву на «плошчы Перамен»

Толькі Наталля падумала, што ёй занадта шчасціць на акцыях пратэсту, як аказалася на плошчы Перамен і вымушана была правесці ноч у адным з яе падвальных памяшканняў. 

Дзяўчына разам з сябрамі прыйшла сюды з Пушкінскай:

«Мы пятлялі і ўвесь час збягалі ад сілавікоў, якія не давалі людзям сабрацца ў групы. Урэшце маленькімі групкамі праз прамзону і парк мы дайшлі да плошчы Перамен, дзе прысутных ужо спрабавалі разагнаць святлошумавымі гранатамі. Тым не менш людзей было вельмі шмат — нехта піў гарбату, ля мемарыялу спявалі песні, але ўсе адчувалі, што вакол нешта адбываецца».

Наталля кажа, што на плошчы Перамен да апошняга верылі, што на народны мемарыял сілавікі не пойдуць, але пасля таго, як усіх узялі ў ачапленне, сябры пабеглі хавацца. Двое паспелі забегчы ў памяшканне, а перад астатнімі двума, у тым ліку Наталляй, дзверы закрыліся праз тое, што ўнутры ўжо занадта шмат людзей.

Тым часам сілавікі сталі ў мегафон казаць пратэстоўцам, што яны павінны ва ўсім вінаваціць «вашую Ціханоўскую», і пасля нядоўгіх спрэчак пачалі затрымліваць людзей.

«Мы ўбачылі, што людзі спускаюцца ўніз, і пайшлі за імі. У выніку мы сталі ў закутку перад замкнёнымі дзвярыма з думкай, што ціха пастаім і, можа, нам пашанцуе, да таго ж вецер не дзьме. Хутка да дзвярэй падышла жанчына, стала ў іх малаціць і казаць: «У вас мая сумка». Ёй адкрылі і заадно ўпусцілі нас».

Унутры ў адным пакоі знаходзілася 40-50 чалавек. Па першым часе прысутныя нават не распраналіся, бо меркавалі перасядзець гадзіну і выйсці. Калі з’явіўся мабільны інтэрнэт, закладнікі пачалі праз сяброў і знаёмых даведвацца, што адбываецца наверсе. Нехта трымаў сувязь з жыхарамі дома, якія сачылі за абстаноўкай са сваіх кватэр, у некаторых сябры ездзілі вакол на машынах і назіралі за падзеямі.

«Кожны раз мы думалі, што пасядзім яшчэ гадзіну і стане лепш. У выніку выйсці змаглі толькі сёння».

Спачатку людзі проста размаўлялі, але стараліся рабіць гэта ціха. Жанчына, дачку якой забралі са счэпкі, увесь час рвалася пайсці дадому да ўнучкі, але іншыя казалі ёй, што так яна падставіць астатніх.

«Адзін мужчына — у яго, напэўна, крэпкія нервы — адразу заснуў і пачаў храпці. Мы яго час ад часу штурхалі, каб сваім храпам ён не прыцягнуў да нас увагу. Было вельмі душна, паветра не хапала, але трымаць акно адкрытым было нельга, таму яго адкрывалі толькі час ад часу і ў гэтыя моманты сядзелі як мышкі. Адной дзяўчыне ад духаты стала дрэнна — яе падвялі да акна і напаілі вадой. Калі ішло свежае паветра, мы адчувалі сябе так цудоўна! Мы ляжалі і ўяўлялі, якім прыемным будзе першы ўдых, калі мы выйдзем».

Бліжэй да апоўначы з’явілася інфармацыя, што ў суседнім доме сілавікі правяраюць падвальныя памяшканні, што да плошчы пад’ехала шмат бусаў, да таго ж звонку часта хадзілі і свяцілі ў вокны. Закладнікі пачалі між сабой гаварыць, што пра іх месцазнаходжанне ведаюць, многія нават сталі апранацца. 

Калі ўсё ж стала зразумела, што тут прыйдзецца начаваць, людзі ў асноўным размясціліся на падлозе, Наталля заснула на стале. А ўжо а пятай гадзіне закладнікі пачалі зноў маніторыць інфармацыю.

«Нам увесь час давалі надзею і яе ж забіралі. То казалі, што звонку засталося два бусы, то паведамлялі, што паўсюль патрулююць, правяраюць машыны і пашпарты. Мы ўжо былі ў адчаі і ўяўлялі, як менавіта да нас прыйдуць і затрымаюць, але раптам нам напісалі, што сілавікі раз’ехаліся і ёсць шанс выйсці. Мы выйшлі ўсе адразу і пайшлі ў розныя бакі. Нас з сяброўкай дзве незнаёмыя дзяўчыны і хлопец пасадзілі ў машыну і адвезлі, куды мы папрасілі».

Вызваленне закладнікаў адбывалася ў такой спешцы, што Наталля нават забылася пра той самы першы ўдых на свежым паветры.

Ірэна Кацяловіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930