Знайсці
08.10.2010 / 16:042РусŁacБел

Дабраславі вас Бог, містэр Сміт!

У Мінск завітала яшчэ адна літаратурная селебрыці, чыкагскі паэт Марк Сміт.

Сёлета да нас завіталі адразу некалькі зорак сусветнай літаратуры: іранічна адыёзны (невядома чаго больш) аўтар рамана «Самавар», расеец Міхаіл Велер на Мінскім кніжным кірмашы тры гадзіны запар выдаваў пра сакрэты светабудовы да прызнанні пра заганнасці расійскай улады. Герой еўрапейскай папулярнай культуры Януш Леон Вішнеўскі, аўтар экранізаванага раману-бэстселеру «Адзінота ў сеціве», павышаў сваю папулярнасць па мінскіх бібліятэках аўтографамі і галівудскімі ўсмешкамі. І вось калі ласка: да нас завітаў пачынальнік слэм-руху, публічнай паэзіі Марк Сміт, які ў Музеі гісторыі беларускай літаратуры даў лекцыю пра перавагі гэтай новай формы паэзіі.

1.God Bless You, Janka Maŭr!

Сярод строгага антуражу Музею гісторыі літаратуры Сміт выглядаў як экзатычная птушка.

Моцна дапамагаючы сабе рукамі, вельмі голасна дэкламаваў уласныя вершы. Паказваючы на партрэт Янкі Маўра, гукаў «Дабраславі, Божа, гэтага містэра!». Лямантаваў, удаючы свісток цягніка, і загадваў людзям з публікі граць дзяцей і рабіць адцісканні ад падлогі. Дык, спадару Сміт, ці не ёсць ваша мастацтва чыстай тэатральшчынай?

— Так, нейкая рацыя ў вашых словах ёсць, — кажа Марк Сміт. — У слэме той, хто мае аратарскія напрацоўкі, будзе мець перавагу. Але што адрознівае слэм ад тэатра, гэта тое, што кожны паэт, нават сарамлівы, можа навучыцца мастацтву выступу самастойна. Проста паэт у слэме не павінны ўзносіцца па-над публікай, а павінны быць з ёй на адным ўзроўні.

На думку Сміта, слэм – найвышэйшая форма мастацтва ад паэзіі, бо ў аўтара ёсць усе магчымасці вершаскладання, і ў дадатак усе магчымасці выканання. Застаецца ўсе гэтыя магчымасці выкарыстаць.

2. Ад Брэста да Антарктыды

Калі хто не ў курсе, слэм — публічная бітва паэтаў. Выступ удзельніка слэм-вечарыны ацэньваюць гледачы, таму тут важны не толькі сам тэкст, але і тое, як аўтар выконвае свой твор. Ад звычайных паэтычных чытанняў слэм адрозніваецца наяўнасцю моманту гульні, якая стварае своеасаблівую атмасферу. Усё пачалося ў 1987 годзе ў чыкагскай кавярні «Зялёны млын», калі паэты прыходзілі пацешыць і далучыць да чытанняў публіку. Ідэя спадабалася. Пауль Ланскі перанёс бацылу слэму ў Еўропу, у Нямеччыну. Пасля Аўстрыі, Францыі і Паўднёвага Полюса — там палярнікі ладзілі выступы на навуковых станцыях — слэм колькі гадоў таму даехаў урэшце да Беларусі.

«Беларускія слэмеры вылучаюцца большай сціпласцю і менш выкарыстоўваюць экспрэсіўную, калі не сказаць лаянкавую, лексіку ў параўнанні са сваімі ўкраінскімі і расійскімі калегамі», — лічыць шматразовы вядоўца слэм-вечарынаў паэт Андрэй Хадановіч. Паслухаўшы інсцэніроўкі сваіх вершаў Віктара Жыбуля і Анкі Ўпалы, як вам, спадару Сміт, беларускі слэм?

— Гэта ўсё роўна як вярнуцца ў 1987 год, — кажа Сміт. — У вашых паэтаў столькі запалу і экспрэсіўнасці, мы ж у Амерыцы, на жаль, даўно едзем акатам. І наколькі я пачытаў пераклады, вершы беларускіх слэмераў пры ўсёй тэатральнасці, не сорам выкладаць на паперы.

3. Я прыйшоў, каб вы перамаглі

Але не ўсе беларускія паэты даюць даніну павагі Марку Сміту і яго руху. Анатоль Івашчанка напісаў адкрыты ліст да Марка Сміта. Яго галоўная думка: слэмеры нагадваюць хутчэй блазнаў, калі выпінаючы жылы, спрабуюць пацешыць публіку. І няма нічога больш жалю годнага, чым паэты, якія спаборнічаюць. Паэтка Вольга Чайкоўская не лічыць слэм мастацтвам. «Слэм — не паэзія, гэта хутчэй новы від мастацтва, з яго перавагамі і заганамі. А сапраўдная паэзія ўсё ж у напісаных словах, а не рухах».

— Слэм — мастацтва для ўсіх, — кажа на гэты закід Марк Сміт. — А наконт спаборніцтва: мы з сябрамі заўважылі, што элемент спартыўнасці дадае прывабнасці, прымушае публіку не сыходзіць з паэтычных чытанняў. І бітва паэтаў — спартовая толькі адносна. І тое, што адзін паэт выйграў у слэме, азначае, што менавіта ў гэты канкрэтны дзень, перад гэтай канкрэтнай публікай, паэт меў большы поспех — і не больш.

* * *

Марк Сміт (нар. у 1949) — амерыканскі паэт, заснавальнік паэтычнага слэм-руху. Ён пачаў сваю кар’еру ў сярэдзіне 80-х. Ён хутчэй прадстаўляе, чым проста дэкламуюць свае творы. Сміт сцвярджае, што сваёй творчасцю хоча вярнуць паэзіі народу, бо на звычайных паэтычных вечарынах людзі пачалі нудзіцца. Сміт —аўтар тэлеперадачы «Злучаныя Штаты Паэзіі».

Ліза Кавальчык

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930