Знайсці
15.04.2024 / 20:3811РусŁacБел

Стала вядома, дзе ўсё ж вучылася касманаўтка Марына Васілеўская

Пасля вяртання з МКС касманаўтка Марына Васілеўская паспела ўжо атрымаць нямала ўзнагарод і ўшанаванняў ды раздала мноства інтэрв'ю, аднак адзін факт яе біяграфіі ўлады і прапагандысты ўпарта хаваюць: дзе менавіта атрымлівала вышэйшую адукацыю наваспечаная касманаўтка і на каго наогул яна вучылася. Адказ на гэтае пытанне знайшло «Люстэрка».

Марына Васілеўская на арбіце. Скрыншот з «Беларусь 1»

Раней «Наша Ніва» ўжо звяртала ўвагу на відавочныя прабелы ў біяграфіі Васілеўскай. «Белай плямай» былі 9 гадоў жыцця беларускі: пасля заканчэння школы і да пачатку працы ў «Белавія». Думалася нават, што можа яна ўвогуле вышэйшай адукацыі не мае. Выявілася, аднак, што мае, але гэта не тая ВНУ, дыпломам якой цяпер хваляцца.

@nashanivanews Сям'і касманаўткі Васілеўскай ствараюць новыя легенды #василевская#космос#космонавт#навіны#беларусь#беларусьсейчас♬ When I See You - Gabriel Albuquerqüe & Piano House

Шукаючы канцы, журналіст «Люстэрка» звярнуў увагу, што 29 сакавіка, знаходзячыся на борце МКС, беларуска мела зносіны са студэнтамі галоўнай ВНУ краіны. На пытанне, як яе адукацыя дапамагае ў прафесіі, Марына Васілеўская адказала, што адукацыя ў яе вышэйшая, а спецыяльнасць — менеджар-эканаміст, праўда, не ўдакладніўшы, якую менавіта ВНУ скончыла.

Фота Марыны Васілеўскай у школьным выпускным альбоме. Скрыншот відэа АНТ

Каб гэта высветліць, журналіст «Люстэрка» патэлефанаваў у Міністэрства адукацыі. Супрацоўніца ўпраўлення вышэйшай адукацыі з упэўненасцю сказала, што Марына Васілеўская дакладна вучылася ў адным з беларускіх універсітэтаў, у «нейкай прыватнай ВНУ, але я не памятаю, якой дакладна».

На сайце Міністэрства адукацыі ў спісе прыватных ВНУ Беларусі пазначана ўсяго восем устаноў. У сямі з гэтых ВНУ ўпэўнена адказалі, што Васілеўская ніколі не лічылася сярод іхніх студэнтаў. А вось восьмы прыватны ўніверсітэт са спісу Мінадукацыі апынуўся ў стадыі ліквідацыі. Гэта Мінскі інавацыйны ўніверсітэт.

Сайт яго ўжо не працуе, але, тым не менш, удалося знайсці загад аб залічэнні студэнтаў завочнай формы навучання за 2012 год, падпісаны рэктарам МІУ Мікалаем Сушай 6 жніўня таго ж года. Пад нумарам 18 на спецыяльнасці «менеджмент (інфармацыйны)» факультэта эканомікі там значыцца Васілеўская Марына Вітальеўна.

Міністэрства адукацыі сцвярджае, што пасля заканчэння такой спецыяльнасці выпускнікі атрымлівалі кваліфікацыю «менеджар-эканаміст». Такую ж, як назвала Васілеўская, адказваючы на пытанне студэнткі БДУ.

Ці скончыла касманаўтка гэты ўніверсітэт, — дакладнага пацвярджэння знайсці не ўдалося. Паколькі Васілеўская скончыла школу ў 2008 годзе, невядома, ці атрымлівала яна адукацыю дзесьці яшчэ да 2012-га.

Чаму ўлады хаваюць, дзе вучылася Васілеўская, дакладна невядома, аднак можна выказаць здагадку, што вобраз студэнткі-завочніцы МІУ не вяжацца з уяўленнямі ўладаў пра чалавека, годнага звання Героя Беларусі. І таму што ўлады парушылі свае ж правілы.

Мінскі інавацыйны ўніверсітэт быў адным з першых прыватных ВНУ нашай краіны. Ён пачаў працу ў 1991 годзе. Яшчэ да падзей 2020 года гэтая навучальная ўстанова атрымала славу пратэстнай — у 2019 годзе там прайшоў страйк студэнтаў, якія выступалі супраць непрацягвання акрэдытацыі іх ВНУ.

У сакавіку 2020-га МІУ ўсё ж удалося атрымаць неабходныя дакументы, але пры гэтым ВНУ прыйшлося закрыць некаторыя спецыяльнасці. Але ў красавіку 2022 года студэнты МІУ атрымалі паведамленне аб неабходнасці пераводу ў іншыя адукацыйныя ўстановы «ў сувязі з планаваным у 2024 годзе спыненнем адукацыйнай дзейнасці».

Пры гэтым пытанне аб тым, чаму Марыну Васілеўскую адабралі ў атрад касманаўтаў, застаецца адкрытым. У чэрвені 2023 года намеснік начальніка ўпраўлення аэракасмічнай дзейнасці НАН Беларусі Іван Буча паведамляў пра патрабаванні да беларускіх касманаўтаў: «Вышэйшая адукацыя па напрамках «фізіка», «матэматыка», «біялогія», «ракетна-касмічная тэхніка». Спецыяльнасць «інфармацыйны менеджмент», відавочна, у гэты спіс не ўваходзіць.

@nashaniva Стала вядома, дзе ўсё ж вучылася касманаўтка Марына Васілеўская #космос#беларусь#образование#беларускаямова#белорусы#александрлукашенко♬ Last Hope - Steve Ralph

Чытайце таксама:

Судзімасць бацькі, дзівосы з адукацыяй, прагалы ў біяграфіі — таямніцы жыцця першай беларускай касманаўткі

Правядуць тэлефон і адправяць у санаторый. Якія льготы атрымае касманаўтка Васілеўская як Герой Беларусі

Марыну Васілеўскую ўжо рыхтуюцца адліць у бронзе і граніце

Касманаўты падарылі Лукашэнку гадзіннік. У ім ёсць адна сумная асаблівасць

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
88
Панылы сорам
76
Ха-ха
149
Ого
44
Сумна
83
Абуральна
211
0
Былы студэнт/адказаць/
16.04.2024
Satan, а калі б не кінуў вучобу, мог бы ў космас паляцець))).
1
Бурсаку/адказаць/
16.04.2024
Satan
0
Олег/адказаць/
16.04.2024
[Рэд. выдалена]
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера