Знайсці
29.04.2024 / 18:35РусŁacБел

«Тую вайну перажыла, і гэтую перажываю». 98-гадовая ўкраінка прайшла 10 км, каб пазбегнуць акупацыі

Лідзія Сцяпанаўна з Ачарэціна, што ў Данецкай вобласці, прайшла каля 10 км пад абстрэламі, каб выйсці з акупацыі. Пра гэта расказала паліцыя Данецкай вобласці, паведамляе «BBC Украіна».

Фота: Facebook.com/ua.national.police

Бабуля ішла праз лінію фронту ўвесь дзень без ежы і вады, некалькі разоў падала, падымалася і зноў ішла.

«Як пахіснула мяне і кінула ў траву. Заснула. А тады зноў пайшла. Зноў упала, а тады ўстала. Думала, буду ісці паволі», — успамінае жанчына сваю доўгую дарогу ў інтэрв'ю, відэа якога апублікавала паліцыя.

Ісці ёй дапамагалі два кіі.

Фота: Facebook.com/ua.national.police

Пад вечар стомленую жанчыну на дарозе ўбачылі вайскоўцы і перадалі групе паліцыі «Белы анёл», якая праводзіць эвакуацыю цывільных асоб з прыфрантавых тэрыторый. Паліцыя не паведамляе, дзе менавіта гэта адбылося, але жанчыне ўдалося дабрацца да кантраляванай Украінай тэрыторыі.

Фота: Facebook.com/ua.national.police

Паліцыянты адвезлі бабулю ў прытулак, дзе яе пакармілі. Там яна зможа перадыхнуць і прабыць некаторы час.

Фота: Facebook.com/ua.national.police

Паліцыянты знайшлі сваякоў жанчыны. Незразумела, што адбылося і як яны згубіліся. Па яе словах, былі абстрэлы, і нявестка з сынам вырашылі бегчы. Але, падобна, што яны з Лідзіяй Сцяпанаўнай пайшлі рознымі дарогамі.

Фота: Facebook.com/ua.national.police

Дом Лідзіі Сцяпанаўны, які яна пабудавала сама, разбурылі расійскія абстрэлы.

«Там усё дагары нагамі. Там страшна, што робіцца… Прачнулася, а яны страляюць. Страшна», — кажа бабуля пра свой дом у Ачарэціне.

Фота: Facebook.com/ua.national.police

Пасля такога падарожжа Лідзія Сцяпанаўна, як выглядае, вельмі доўга не магла прыйсці да свядомасці. Яна з жахам расказвае пра ўсё перажытае.

«Я тую вайну перажыла, і гэтую вайну перажываю. Засталася без нічога. Дамы гараць, дрэвы павырывала з каранямі», — кажа яна.

Па жанчыну абяцала прыехаць унучка.

Чытайце таксама:

Расійскія войскі занялі Сямёнаўку на аўдзееўскім кірунку

Расіяне здзейснілі прарыў у Данецкай вобласці, захапіўшы Ачарэціна

Расійскія войскі прарвалі ўкраінскі фронт на паўночны захад ад Аўдзееўкі — Bild

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
6
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
45
Абуральна
4
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031