Знайсці
23.03.2024 / 18:5799РусŁacБел

Хлопцы ў чорным і пытанні пра нацыянальнасць князёў ВКЛ. Як Уладзімір Арлоў усё ж выступіў у Вільні

Цяперашні прыезд у Вільню пісьменніка Уладзіміра Арлова пачаўся са скандалу. Сустрэчу з ім ледзь не адмянілі праз «неспакой часткі літоўскай супольнасці»: маўляў, Арлоў — «галоўны ідэолаг літвінізму». У апошні момант сустрэчу перанеслі ў іншае месца. Вось як усё прайшло.

Сустрэча з Уладзімірам Арловым. Фота: «Наша Ніва»

Сустрэча ў «Замку» (месца, дзе знаходзіцца арганізацыя «Дапамога») пачалася са спазненнем у 20 хвілін. Не ўсе госці ведалі пра перанос падзеі, ды і «Замак» не так проста знайсці ў завулках віленскага спальніка. 

Гледачоў набралася каля 40. Пакуль заставаўся час, людзі абмяркоўвалі перанос сустрэчы і гадалі, ці ёсць сярод прысутных літоўцы — магчыма, нехта прыйшоў паслухаць «галоўнага ідэолага літвінізму», як называлі Уладзіміра Арлова? 

Сам «ідэолаг» быў там жа і выглядаў зусім не грозна, быў заўважна напружаны ўвагай да сябе. А ўвага была, бо ў маленькую залу «Замка» набілася багата журналістаў, і, мяркуючы па мове, не толькі беларускіх. Прыйшоў і Жыльвінас Світоюс — літоўскі актывіст і блогер, які ў апошнія часы стаў вядомы праз свае выказванні супраць «літвінізму» (і супраць Арлова ў тым ліку).

Сустрэчу адкрывала Наталля Калегава, кіраўніца «Дапамогі». Гутарыла па-літоўску з перакладам на беларускую. Потым слова ўзяў Русціс Камунтавічус — літоўскі гісторык, які лічыць нерадыкальны літвінізм не пагрозай для Літвы, а магчымасцю зрабіць Беларусь бліжэй да Захаду, і паспрабаваў трохі змякчыць сваёй рыторыкай напружанне ў паветры.

Безумоўна, браў удзел у сустрэчы і дырэктар фонду «Камунікат» Яраслаў Іванюк, які выдае кнігі Арлова і з'яўляецца арганізатарам гэтага балтыйскага туру пісьменніка.

На пачатку выступу Уладзімір сказаў некалькі слоў пра Літву: «Са студэнцкіх гадоў я люблю Літву. Мяне шмат перакладалі на літоўскую мову, я ганаруся, што супрацоўнічаю з літоўскімі гісторыкамі, тым жа Русцісам Камунтавічусам.

Шматвяковая гісторыя Літвы і Беларусі — наш велізарны скарб, і яе ўсведамленне — магутная зброя ў літоўскім і беларускім супрацьстаянні з ідэалогіяй рускага міру. Гэтая ідэалогія імкнецца пераканаць беларусаў і ўкраінцаў, што яны не з’яўляюцца еўрапейскімі нацыямі, і наша гісторыя гэтаму супрацьстаіць».

Спачатку напружана, а потым з усё больш палымянымі вачыма Арлоў апавядаў пра тое, як Беларусь ішла да Дня Волі — самага першага, у 1918-м: пра паўстанне Каліноўскага, Ігната Грынявіцкага, «Нашу долю» і «Нашу Ніву», Рамана Скірмунта, пачатак Першай сусветнай і, нарэшце, абвяшчэнне БНР. 

Раман Арлоў, музыка і сын Уладзіміра, праспяваў на сустрэчы некалькі песень. А потым пісьменнік зноў узяў слова, расказваў пра свае кнігі і жартаваў. Пра літоўскую мову і літвінізм ужо не ўспаміналі, затое гутарылі пра паэзію. Арлоў чытаў свае вершы і дзяліўся асабістым:

«Ёсць безліч дэфініцый таго, што такое гісторыя. Мне падабаецца дэфініцыя гісторыка Жуля Мішле пра тое, што гісторыя — гэта ўваскрасенне. Я тут [у кнізе] імкнуся ўваскрасіць і паўстанцаў 1863 года, і нашага паэта-лацініста Міколу Гусоўскага, аўтара «Песні пра зубра», і Напалеона Банапарта ў падзеях 1812 года і ў высылцы на востраў святой Алены, і сярод маіх герояў таксама Ігнат Грынявіцкі».

Пасля другой музычнай паўзы пайшлі пытанні. І першым быў малады літовец, які сказаў, што прачытаў некалькі кніг Арлова і працу Генадзя Сагановіча «Дзесяць вякоў беларускай гісторыі». Хлопец спытаўся пра фразу ў адной з кніг Арлова: у 1387 годзе Вільня была першым беларускім горадам, які прыняў Магдэбургскае права, але якая Беларусь у XIV стагоддзі?

Арлоў звярнуўся па падтрымку да Камунтавічуса, але выказаўся і сам: «Кніга напісана ў суаўтарстве, але меўся на ўвазе горад Вялікага Княства Літоўскага, тады наш агульны горад — і беларускі, і літоўскі. Гэта агульнавядома. Ніколі я не ставіў пад сумнеў, чый горад Вільня, і не трэба прыпісваць мне і майму суаўтару тое, чаго няма».

Арганізатары прасілі задаваць пытанні па тэме сустрэчы, то-бок пра БНР, але атрымлівалі пытанні пра іншае — якой нацыянальнасці князі ВКЛ і што такое літвіны. Літоўскія госці, збольшага некалькі маладзёнаў у чорным, сабраліся разам і лавілі кожнае слова выступоўцаў. Складвалася ўражанне, што на сустрэчу яны прыйшлі разам.

Актывіст Жыльвінас Світоюс, у чорнай куртцы з украінскім трызубам і надпісам Qirim (Крым) і Ukraine, таксама звярнуўся з пытаннем не пра БНР: маўляў, чаму вы лічыце, што сучасную Літву трэба адасобіць ад Вялікага Княства Літоўскага? Для свайго пытання ён выбраў украінскую мову. А потым спытаў, чаму беларускія палітыкі (ён не ўдакладніў, якія) называюць Літву Летувою, і, незадаволены пачаткам адказу, сышоў з залы.

Жыльвінас Світоюс. Ілюстрацыйнае фота: фэйсбук літоўскага блогера

Далей былі ўскрыкі і заклікі Арлова не дазваляць рускаму свету нас пасварыць. Скончылі на тым, што адзін з літоўскіх гасцей папрасіў Арлова і самому быць дакладным у фармулёўках, і перадаць гэта беларускім гісторыкам, а Арлоў папрасіў у адказ пра аб’ектыўнасць літоўскі бок.

Нарэшце прысутных запрасілі купляць кнігі пісьменніка, і слухачы пачалі разыходзіцца. На першым паверсе «Замка», ля выхаду, сядзеў Жыльвінас Світоюс, і выглядала, што мужчына ў моцна прыгнечаным стане. «Наша Ніва» спытала яго пра ўражанні ад сустрэчы — ён зразумеў беларускую мову, але адказаў па-ўкраінску: «Якія і былі думкі [пра Уладзіміра Арлова], такія і засталіся. Нічога іншага я не пачуў. Ён на ўсе пытанні не змог адказаць як нармальны чалавек. Уражанні так сабе».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

«Не можам гарантаваць бяспекі». У Вільні адмянілі сустрэчу з Уладзімірам Арловым

Віленская сустрэча з Уладзімірам Арловым усё ж адбудзецца, але ў іншым месцы

Стваральнік бібліятэкі «Камунікат»: Вялікай папулярнасцю карыстаюцца кнігі з успамінамі, біяграфічныя кніг

Вера Белацаркоўская

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
23
Панылы сорам
67
Ха-ха
26
Ого
8
Сумна
12
Абуральна
24
0
Ліцвін/адказаць/
25.03.2024
Valadzimir, Хто не прызнае? У якім сьвеце? Што ты такое нясеш, халера. У беларускім сьвеце ўсе лічаць беларусаў спадкаемцамі ВКЛ.
0
Ліцвін/адказаць/
25.03.2024
Непапулярная думка, Адкуль у Летуве возьмуцца праграмісты і бізнесмены? Дый навогул арыентавацца на невялічкую Летуву гэта дробна, трэба цэліць ва ўвесь сьвет.
0
водж/адказаць/
25.03.2024
гы, згодна міжнароднаму праву аўтахтоны маюць права на статус: беларусы ў Літве, літоўцы ў Беларусі. Так ці не? Ва ўсіх цывілізаваных краінах гэта так робіцца. І менавіта зза такіх, хто не хоча йсці на ўзаемапавагу і распальваюцца канфлікты нашымі агульнымі ворагамі. Ладна там я, мне гэта не так актуальна, але ёсць тыя хто гэтым абавязкова скарыстаецца (пакуль што такіх не многа). Ужо даўно гэтае пытанне магло быць уладкавана але зза чыйгосці нарцыссізма гэта не адбываецца.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031