Знайсці
25.01.2024 / 08:008РусŁacБел

Агідны і вострасацыяльны. Пра што фільм «Солтбёрн», які рве тыкток

Ашалелыя ад крынджу зумеры, багацеі, якія нічога не зразумелі, і песня, якая вярнулася ў чарты праз 20 гадоў. Распавядаем пра што фільм. 

Маладыя Кэтаны і Олівер Квік. Кадр з фільма

«Солтбёрн» (Saltburn), зняты англійскай рэжысёркай Эміральд Фенел, пачынаецца аркестравай кампазіцыя «Zadok the Priest» («Цадок-святар») Георга Гендэля, напісаная з нагоды каранацыі Георга II. Праўда, у ёй замест «Цадок-святар» хор спявае «Олівер Квік. Няхай жыве кароль!».

Дзеянне фільма разгортваецца ў 2006 годзе. У Оксфардскі ўніверсітэт разам з іншымі першакурснікамі прыбывае Олівер Квік (Бары Кеаган). Олівер тыповы «батан» — непрывабны, занудны, дрэнна апрануты, з вельмі беднай і нешчаслівай сям’і. Такога ніхто не заўважае і не кліча ў сваю кампанію. Самому ж Оліверу, відавочна, вельмі падабаецца самы папулярны студэнт у Оксфардзе — высокі, прыгожы і забяспечаны Фелікс Кэтан (Джэйкаб Элордзі), але ён, здаецца, не ведае, як вырвацца са сваёй лавы аўтсайдараў.

Знаёмства Фелікса з Оліверам. Кадр з фільма

Разам іх зводзіць прабітае кола веласіпеда Фелікса і спагадлівасць Олівера, які аддае таму свой веласіпед. Фелікс адплачвае яму ўвагай, бавіць з ім шмат часу, уводзіць у сваю тусоўку. У адной са шчырых гутарак Фелікс даведваецца, што памёр бацька Олівера, а маці алкагалічка і таму няма куды падацца на вакацыі. Малады Кэтан запрашае сябра на лета пажыць у свой фамільны маёнтак — Солтбёрн. 

Солтбёрн гэта тыповы англійскі маёнтак, вобраз якога склаўся яшчэ ў віктарыянскіх гатычных раманах — з багатымі інтэр'ерамі, вялікім паркам, чапурыстай строгай прыслугай і адарванымі ад рэчаіснасці насельнікамі, не пазбаўленымі арыстакратычных дзівацтваў. Амаль дакладнае паўтарэнне завязкі знакамітага «Вяртанне ў Брайдсхед».

Сямейства Кэтанаў у Солтбёрне. Кадр з фільма

Олівер знаёміцца з членамі сям’і Кэтанаў — сэрам Джэймсам (Рычард Грант), лэдзі Элзбет (Разамунд Пайк) і дачкой Венецыяй (Элісан Олівер), — якія знемагаюць ад спёкі і нуды ў сваім маёнтку, жыва і горача абмяркоўваючы любую дробязь пра людзей звонку, якая трапляе да іх. Прыязнасць і шчырасць сямейнікаў ідзе рука ў руку з арыстакратычнай холаднасцю і двудушнасцю да сваіх гасцей. Як толькі новая «цацка» надакучвае, ад яе рашуча пазбаўляюцца, як на вачах у Олівера адбылося з «беднай мілай Памэлай» (Кэры Маліган).

Разамунд Пайк у ролі лэдзі Элзбет. Кадр з фільма

Олівер вельмі хутка прызвычайваецца да чужога багацця. Кадр з фільма

Адзіны, хто ставіцца да Олівера з падазрэннем, гэта Фарлі (Арчы Мадэквэ), аднагрупнік і кузэн Фелікса, які таксама жыве ў Кэтанаў. 

І сапраўды, ціхоня Олівер аказваецца не такім прасцяком, хутка разумее правілы гульні і патроху ўцягваецца ў інтрыгі, змагаючыся за права заставацца ў маёнтку як мага даўжэй, убіраючы ў сябе дух, кроў і семя сям’і (літаральна). З кожным з Кэтанаў у яго завязваюцца спецыфічныя стасункі, якія дазваляюць маніпуляваць іншымі.

Касцюмная вечарына ў гонар дня народзінаў Олівера. Кадр з фільма

Урэшце сям’я дорыць яму, беднаму хлопчыку, на дзень народзінаў шыкоўную вечарынку. Шчодры падарунак нечаканым чынам запускае незваротныя трагічныя наступствы для сям’і. 

Фільм насычаны містыцызмам і сімвалізмам. Расшыфроўка адсылак і сімвалаў ператвараецца ў асобную гульню розуму.

Олівер з рагамі. Трохі жудасны атрыбут вечарынкі раскрывае персанажа. Кадр з фільма

Што азначае лабірынт у маёнтку, пасярод якога, як мы пасля даведваемся, стаіць велізарная і жудасная скульптура мінатаўра, якому паводле грэчаскіх легенд прыносілі ў ахвяру маладых людзей? Што нам паведамляюць вобразы герояў на інфернальнай вечарыне: рогі ў Олівера, крылы ў Фелікса, конская галава ў Фарлі? Ці звязана загадкавая гісторыя пра двайніка брытанскага паэта Персі Шэлі, якога пабачыла ў акне аканомка пасля яго смерці, з трагедыямі ў сям’і Кэтанаў? Ці адсылае імя Венецыі і пераліты келіх віна да таго, які лёс яе чакае?

Мінатаўр у цэнтры лабірынта. Кадр з фільма

А галоўнае пытанне — ці мае ўся гэтая багатая вобразная мова ўвогуле нейкае дачыненне да таго, пра што распавядае фільм? Можа і не, але мы любім гісторыі, у якіх можна адшукаць некалькі ўзроўняў разумення. 

У фільме па-майстэрску адноўлена настальгічная атмасфера сярэдзіны 2000-х, калі інтэрнэт быў слабы, мода яшчэ гламурнай, а з калонак гучалі трэкі «Destroy Everything You Touch» Ladytron, «Time to Pretend» MGMT, «Low» Flo Rida, «Rent» Pet Shop Boys ды «Mr. Brightside» The Killers, якія і сталі саўндтрэкамі для «Солтбёрна». 

@sophieebtiktok Heading into 2024 like… Happy Saltburn New Year! Xx #murderonthedancefloor#sophieellisbextor#saltburnmovie♬ Murder On The Dancefloor - Sophie Ellis-Bextor

Фінальная песня «Murder on the Dancefloor», выкананая Софі Эліс-Бэкстар, дзякуючы фільму праз 23 гады пасля выпуску зноў уварвалася ў чарты. 18 студзеня песня ўзначаліла брытанскі чарт танцавальных сінглаў UK Dance Chart. З гэтай нагоды спявачка, якая азалацілася на такой шалёнай папулярнасці, запісала ролік, у якім яна, як і герой фільма, з рагамі на галаве танчыць пад сваю старую песню.

@whatdaymade I told her it’s a new Christmas movie about rich people #saltburnmovie#saltburnreaction#filipinomoms#reaction#christmas#movie#jacobelordi#barrykeoghan♬ original sound - Danica Ybanez

@lilyrogers28 take a guess which scenes they’re reacting to #saltburnmovie#saltburn♬ original sound - Prime Video

@jordynsherry She didnt like it lol #saltburn#saltburnmovie#saltburnfilm#saltburnreaction#saltburnreview#saltburnscene#jacobelordi♬ Perfect (Exceeder) - Mason & Princess Superstar

У тыктоку на фільм адгукнулася пакаленне зумераў, пераважна амерыканскіх. Яны здымаюць мільёны ролікаў пад песню Эліс-Бэкстар або пра тое, як змяняецца твар іх ці бацькоў па меры прагляду фільма — ад лагоднай зацікаўленасці да «што за трэш я гляжу».

Агідныя сцэны «ў ванне» і «на магіле» будзе цяжка забыць, але пужае ў фільме зусім іншае. Кадр з фільма

Выразы «сцэна ў ванне» і «сцэна на магіле» нікому з тых, хто паглядзеў фільм, тлумачыць асобна не трэба. З іншага боку, людзі больш старэйшага пакалення, асабліва еўрапейцы, дзівяцца такой бурлівай рэакцыі моладзі на фільм, і робяць выснову, што ў іх жыцці проста не было якаснага кіно з вельмі жахлівымі і агіднымі сцэнамі кшталту фільмаў «Сонцастаянне» і «Рэінкарнацыя».

@salasmaria_ me after watching saltburn #saltburn#saltburnmovie#saltburnfilm♬ Murder On The Dancefloor - Sophie Ellis-Bextor

Нягледзячы на тое, што канцоўка фільма не пакідае месца для розных вытлумачэнняў, здаецца, знайшліся тыя, хто цалкам не зразумеў пасыл фільма. Залатая моладзь запісвае пад песню Эліс-Бэкстар свае вілы і асабнякі, хваліцца сваім багаццем перад вялікай публікай. Усё гэта яны не зарабілі, а атрымалі.

Фінальная сцэна з танцам. Кадр з фільма

Фільм, хоць многім запомніўся выключна прыгожай таямнічай атмасферай і агіднымі сцэнамі, мае вострасацыяльную аснову, высмейваючы вобраз жыцця «старых грошай», вышэйшага класа, якому ўсё дасталася ў спадчыну. Гэтыя бестурботныя, адарваныя і часта пустыя людзі, як «не ад гэтага свету», непрыстасаваныя да жыцця па-за сценамі сваіх маёнткаў, і саступаюць перад жывой і разумнай сілай нізоў. Нізы больш не хочуць марнаваць сваё жыццё ў пагоні за багаццем, яны хочуць забраць тое, што літаральнае валяецца пад нагамі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Што стала з героямі культавага беларускага фільма «Вышэй за неба»

Стваральнікі «Працэсаў» здымаюць новае гумарыстычнае шоу — пра жонак мабілізаваных«Апошнія з нас», «Укрыццё» і «Перапоўнены пакой». Найлепшыя серыялы 2023 года

Серыял на выхадныя. «Падзенне дому Ашэраў»

Новы «Джокер», «Небаракі» і другі «Гладыятар»: топ-10 фільмаў, якія выйдуць у 2024-м

Ф. Раўбіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
13
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
3
Сумна
4
Абуральна
5
25.01.2024
Цётка, вам мабыць адразу дзве дасталіся, калі ў іншых няма?
1
Gorliwy Litwin/адказаць/
27.01.2024
брыдкая англійская эстэтыка. Англія "ламалася" літаральна ў мяне на вачах. з 1993 па 1998 г. я бываў там штогод, па 1-3 месяцы. і гэта была мая юнацкая мара. як мяне захаплялі кнігі! іх тэматыка і глыбіня. гістарычных найперш. я ўсе амаль што асноўныя прадметы сваіх даследванняў вынес адтуль. гісторыю Белай Русі на карце (купіў рэпрадукцыю карты Олаўса Магнуса 1539 г. і яна дала штуршок будучай кнізе) і гісторыю піва (таксама ад купленай там энцыклапедыі), якая перарасла ў гісторыю ежы ўвогуле і ад яе ж адпачкаваліся зёлкі. але ў 1997-м калі выбралі Блэра я пачаў разумець што нешта ідзе не туды. і мая англаманія пачала імкліва "скукожвацца". не памятаю ў якім 2000-м годзе я іх пракляў у сэрцы сваім
27.01.2024
Фільм, хоць многім запомніўся выключна прыгожай таямнічай атмасферай і агіднымі сцэнамі, мае вострасацыяльную аснову, высмейваючы вобраз жыцця «старых грошай», вышэйшага класа, якому ўсё дасталася ў спадчыну. Гэтыя бестурботныя, адарваныя і часта пустыя людзі, як «не ад гэтага свету», непрыстасаваныя да жыцця па-за сценамі сваіх маёнткаў, і саступаюць перад жывой і разумнай сілай нізоў. Нізы больш не хочуць марнаваць сваё жыццё ў пагоні за багаццем, яны хочуць забраць тое, што літаральнае валяецца пад нагамі.


 Автор статьи НИЧЕГО не понял из этого фильма..... 

https://nashaniva.com/334693
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031