Знайсці
31.12.2023 / 00:1712РусŁacБел

Чаму жыхары Камянецкага раёна нясуць крыжы да дрэва?

Гэтай гісторыі больш за 120 гадоў.

Вясковая дзяўчынка Параска пасвіла неяк чужых авечак на пагорку. Неба зацягнулася хмарамі, грымнула страшная навальніца. Дзіця схавалася пад дзікую грушку, што расла ў полі. Ды галіны дрэва не закрылі небараку ад халоднага дажджу. Малая пастушка прамокла, скалела, і такая журба яе агарнула, што стала яна горка плакаць, маліцца Святой Багародзіцы, расказваць пра сваю горкую сірочую долю.

Тады і з’явілася беднай сіраце Божая Маці, каб суцешыць яе і прадказаць шчаслівае жыццё. Да таго ж, ад нараджэння Параска кепска бачыла, а тут ёй вярнуўся зрок. Было гэта недзе ў 1899-1900 гадах, расказвае гісторыю «Звязда».

Дзяўчынка прыбегла ў вёску ўзрадаваная, прасветленая, расказала людзям пра тое, што здарылася, і ёй паверылі. Вяскоўцы пацягнуліся да дзічкі, і неўзабаве там сталі адбывацца цуды. Ёсць шмат гісторый на гэты конт. Расказвалі, напрыклад, пра маленькага хлопчыка, які да трох гадоў не хадзіў, яго прынесла маці да грушкі, доўга і горача малілася. А калі, стомленая, сабралася ісці дадому, паклікала сына залазіць на плечы, ён сказаў, што сам пойдзе. І пайшоў ножкамі. Пра другую жанчыну казалі, што яна несла крыж да грушы аж ад самай вёскі, рукамі выкапала пад яго яму, замацавала крыж, малілася пад ім, і дачка яе выздаравела.

Пагалоска пра цудоўную грушку пайшла па ўсёй ваколіцы, а мясціну сталі называць Грушкай альбо Святой Грушкай. Людзі неслі крыжы і маліліся за сваіх родных, якія хварэлі. Калі пачалося масавае паломніцтва, станавы прыстаў распарадзіўся ссекчы грушу, але людзі не далі. Больш за тое, грамада вырашыла сабраць грошы і паставіць побач царкву. Ужо і будаўнічы матэрыял падрыхтавалі, ды здарылася Першая сусветная вайна. Дрэва тым часам расло, убіралася ў сілу. Але за польскім часам нехта выкупіў зямлю побач і ўсё ж такі зрэзаў грушу. Толькі яна зноў узрасла на тым жа месцы.

Людзі палічылі, што гэта знак. І перад самай вайною, у пачатку 40-х, ва ўрочышчы Грушка была ўзведзена драўляная капліца на каменным падмурку. Пад грушай устанавілі абраз Успення Прасвятой Багародзіцы. У дзень Успення Прасвятой Багародзіцы (28 жніўня) да святога месца здзяйсняліся масавыя шэсці. Людзі пакланяліся Божай Маці, прасілі заступніцтва і благаславення. А на крыжах былі занатаваны даты іх устаноўкі — пачынаючы з 1910 да 1953 года.

Але ў 50-я гады ва ўлады дайшлі рукі і да Грушкі. У архівах знайшоўся дакумент за 1960 год, у якім упаўнаважаны па справах рэлігіі па Брэсцкай вобласці рапартаваў: «Праведзеная значная работа па ліквідацыі так званых «святых месцаў» — «Грушка» Высокаўскага раёна (цяпер Камянецкі раён) і іншыя, куды раней здзяйсняліся паломніцтвы вернікаў».

У сем гадзін раніцы трагічнага дня пачалі і да дванаццаці дня не засталося ні грушы, ні капліцы, ні крыжоў. Зямлю аддалі пад ворыва, пасеялі сельгаскультуру. Але што цікава, тутэйшыя трактарысты ніколі не аралі зямлю, дзе расла груша. У кожнага ж былі жонка, маці, якія строга наказвалі зямлю ў тым месцы не чапаць. І праз некалькі гадоў дрэўца зноў адрасло са старога карэння. Людзі, як і раней, панеслі крыжы, пайшлі з малітвамі да Грушкі. З часам на ранейшым месцы з’явілася каля дзвюх соцень крыжоў.

Чарговая ліквідацыя прайшла 9 чэрвеня 1980 года. Частку крыжоў адправілі на паліва ў мясцовыя школу і бальніцу, другую частку адвезлі ў лес і кінулі там. А ў вёсцы сталі заўважаць, што тыя, хто займаўся знішчэннем святога месца, сталі паміраць заўчасна: адзін на балоце загінуў, другі ў калодзеж упаў, трэці наогул рукі на сябе налажыў.

Гісторыя славутасці

Але грушка і на гэты раз вырасла, і людзі зноў пайшлі да яе. 

І цяпер ва ўрочышчы Святая Грушка стаяць сотні крыжоў. Іх устанаўліваюць ад свайго імя, нават ад імя прадпрыемстваў і арганізацый, павязваюць рознакаляровымі стужкамі. У 2012 годзе побач з вядомым дрэвам была пабудавана і асвечана невялікая царква. Кожны год, 27 жніўня, напярэдадні Успення Прасвятой Багародзіцы, сюды прыязджаюць святары, служаць малебен. З усіх навакольных вёсак ідуць паломнікі, каб папрасіць у Божай Маці здароўя і заступніцтва, працягнуць традыцыю шанавання месца, дзе яна з’явілася дзіцяці.

Некалькі гадоў таму «Традыцыя паломніцтва і пакланення «Грушка» была ўключана ў спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны краіны.

Чытайце таксама:

У Полацку распачалося будаўніцтва на тэрыторыі старажытнага Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра

У Стоўбцах аднавілі браму касцёла, знішчанага саветамі

У Кобрыне турыстычныя маршруты распрацоўваюць нейрасеткі

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
41
Панылы сорам
4
Ха-ха
0
Ого
5
Сумна
1
Абуральна
0
0
мурашка/адказаць/
31.12.2023
у нашым парку было дрэва (як яны яго называюць?) желаний? таксама стужкі вязалі, запіскі ўсоўвалі, тапталіся вакол яго і ўсё такое... аднойчы ўдарыла ў яго маланка, застаўся пень, але ўсё тое працягвалася і вакол яго... потым пень перанеслі ў іншае месца, але ўсё працягвалася і на новай пляцоўцы) 
1
Жвір/адказаць/
31.12.2023
Увогуле, язычніцтвам крыху патыхае, нескароным, што на генетычным узроўні захавалася ў кожным беларусе/ліцьвіне... Але, з іншага боку, Езус Хрыстус можа напаткаць чалавека прыняўшы самы розны выгляд, і ня кожны яго прыме ў тым выглядзе, іншы пройдзе ды аблае яшчэ... Падобна, што тут той самы выпадак. Але ня факт, што гэта паўторыцца з кожным, хто завітае да той ігрушы.
0
Жвір/адказаць/
31.12.2023
Во, на мінулыя каталіцкія Каляды было, ехаў я туды й туды. Дарога зьвілістая, засьнежаная, мяцé, ні людзей, ні гýкаў, уключыў off road, еду. Уздоўж правай узбочыны - лес, уздоўж левай узбочыны - глухі лес. Раптам бачу - мужык ля ўзбочыны стаіць, у барадзішчы такі, адной рукою маша, галасуе, а ў другой руцэ сякеру трымае, значыцца. Ну, сітуацыя, рашаю, што рабіць ? І тут зьнекуль думка ўсплывае, а што, думаю, калі гэта Госпад Бог у такім абліччы з'явіўся ды правярае, ці добры я чалавек ? Забраў я яго, падвёз куды той прасіў, балазе й кірунак супадаў, ды й далей паехаў, як і ехаў ... Ўвечары ж вяртаўся назад, да сябе, і ў тым самым мейсцы(!), здалёк яшчэ ўбачыў, стаіць ля ўзбочыны нібы жанчына, фігурыстая такая, галасуе. Ну, думаю, гэта ж зусім іншая справа ! Скінуў хуткасьць, пад'язджаю да яе, а там насамрэч старая, калматая кабета, да таго ж нецьвярозая й з часнычным выхлапам апынулася. І вось адкуль увечары, пасярод дарогі ды зімовага лесу, ёй бы ўзяцца такой ? Вядома ж, гэта йзноў праверка была, ці добры я чалавек. Забраў яе, давёз куды прасіла. Яна мне яшчэ "priecīgus Ziemassvētkus!" пажадала, калі з машыны выкарасквалася... Рабіце высновы...
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера