Знайсці
16.12.2023 / 12:4913РусŁacБел

Прэм’ера камедыі ад «Беларусьфільма»: у галоўнай ролі расеец, а малады рэжысёр прапануе вадзіць школьнікаў

Днямі ў пракат выйшаў новы фільм «Беларусьфільма» — «Кіношнікі». Ён пра хлопца Мікалая, які патрапіў па размеркаванні на той самы «Беларусьфільм» і марыць зняць аўтарскае кіно. Але ўчорашняга выпускніка адпраўляюць працаваць у архіў кінастудыі. Хто зняўся ў айчыннай камедыі? І ці плануе хтосьці яе глядзець?

Фота з сайта belarusfilm.by

Прэзентацыя «Кіношнікаў» адбылася больш за месяц таму — фільм адкрываў Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад». Наўрад ці можна сказаць, што беларуская камедыя ўразіла журы: «Кіношнікі» атрымалі дыплом «За шчырасць і жыццярадаснасць» у намінацыі «Кіно маладых» і спецыяльны прыз Мінгарвыканкама.

Але рэжысёр Кірыл Халецкі быў поўны аптымізму. На адной з прэс-канферэнцый ён казаў, што гатовы ўжо здымаць фільм-працяг ці нават серыял — калі гледачы захочуць. «Сусвет «Кіношнікаў» дазваляе зрабіць прыквел, працяг і, магчыма, нават ператворыцца ў серыял. Мы будзем назіраць за рэйтынгамі і водгукамі. Магу сказаць, што я ўжо думаў над працягам, таму калі аўдыторыя добра прыме наш першы фільм, мы гатовы рабіць другі».

Фота з сайта belarusfilm.by

Рэцэнзію на камедыю цяжка знайсці нават у дзяржаўных СМІ. Вось некалькі фактаў, якія агучваліся: сцэнарый перапісвалі ажно 12 разоў (дарэчы, сцэнарыстамі былі сам Халецкі і расіянін Канстанцін Бакулін, які звычайна піша сцэнарыі для серыялаў на ТНТ), здымалі фільм 21 дзень і 9 дзён мантавалі. У «Кіношніках» адбылося 24 прафесійныя дэбюты, а каб дадаць крыху «зорнасці», запрасілі Юрыя Стаянава.

Галоўную ролю выканаў расеец Станіслаў Пякарскі, які дагэтуль паспеў зняцца ў серыяле «Сева Капуцын», дзе яму дасталася другая галоўная роля, а таксама адыграў у эпізодзе серыяла цыкла «Пра людзей і пра вайну». З беларускіх акцёраў у «Кіношніках» можна пабачыць Лаліту Табарку, Аляксея Анісеня, Уладзіслава Соладава, Юрыя Цвірко і Івана Паўлава.

Фота з сайта belarusfilm.by

Дарэчы, асоба рэжысёра таксама цікавая. Кірылу Халецкаму 23 гады (ён толькі ў мінулым годзе скончыў Акадэміі мастацтваў), да «Кіношнікаў» зняў кароткаметражныя карціны «Дарога» і «Аднойчы была Зямля», тройчы атрымоўваў прэмію спецыяльнага фонду Лукашэнкі.

На пытанне журналіста «Беларускага часу» як жа так атрымалася, што маладому хлопцу дазволілі зняць поўны метр за кошт дзяржсродкаў, Кірыл адказаў:

«Думаю, дапамагло, што ў Міністэрстве культуры да таго часу ўжо лунала: Кірыл Халецкі, Акадэмія мастацтваў, узнагароды. Перад размеркаваннем мне патэлефанаваў Уладзімір Міхайлавіч Карачэўскі, тады генеральны дырэктар «Беларусьфільма», прапанаваў эксперыментальны варыянт — накіраванне ў новае падраздзяленне, студыю маладзёжнага кіно, рэжысёрам. Сказаў, ёсць імавернасць зрабіць поўны метр.

Для мяне гэта было вельмі клёва, таму што ў 22 гады зняць поўнаметражнае кіно — гэта… Шчыра, я наогул такіх прыкладаў не ведаю. І мы практычна адразу сталі думаць над сцэнарыям. Праз паўгода заявіўся на конкурс, і мне выпаў гонар зрабіць дэбютны поўнаметражны фільм на замову Міністэрства культуры».

Кірыл таксама адзначыў, што галоўнага героя камедыі спісваў з сябе.

Рэжысёр Кірыл Халецкі. Фота з сайта belarusfilm.by

А вось метады папулярызаваць беларускае кіно ў Халецкага, нягледзячы на малады ўзрост, даволі савецкія. Ён прапаноўвае вадзіць школьнікаў класамі ў кінатэатры глядзець айчынныя фільмы:

«На мой погляд, трэба мяняць стаўленне гледачоў да свайго кіно. У нас ёсць залатыя хіты, якія ўсё ведаюць. А вось класікі апошніх гадоў мы пакуль не сфарміравалі. У гэтым сэнсе мне сімпатычны досвед кітайскага кінематографа. Ён поўнасцю незалежны ад усяго свету. Кітайскае кіно глядзяць толькі ў Кітаі, і яно вельмі добрае акупляецца. Пачынаюць са школы: вучні класамі раз на тыдзень ходзяць на айчынныя фільмы.

Мусіць, нам бракуе чагосьці такога. Калі мы пачнём са школьнай лавы прывіваць любоў да свайго кіно, паказваць, што яно сапраўды ў нас ёсць, гэта створыць цікавасць. Але мусіць прайсці час».

Перад выхадам кіно ў пракат арганізавалі спецпрагляд для беларускіх селебрыціз у кінатэатры «Мір». А вось з камерцыйнымі паказамі, здаецца, пакуль сітуацыя жаласная. Выглядае, што няшмат хто на выхадных плануе патраціць 85 хвілін свайго жыцця на «Кіношнікаў»: на суботу ў кінатэатр «Аўрора» прададзены адзін квіток, у «Беларусь» − 12, «Камсамолец» − 25, «Кастрычнік» − 5, «Ракета» − 23. У кінатэатры «Піянер» запланавана ажно два сеансы на дзень, але пакуль не куплена ніводнага квітка.

Чытайце таксама:

Cёння стартуе кінафестываль «Лістапад»

Памёр рэжысёр стужкі «Дарога на Курапаты», здымаць якую дапамагаў Зянон Пазняк

«Ён вельмі сціплы чалавек». Гендырэктар «Беларусьфільма» мяркуе, што прыйшоў час зняць фільм пра Лукашэнку

Ганна Стафановіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
3
Панылы сорам
12
Ха-ха
5
Ого
3
Сумна
2
Абуральна
3
0
Шчыры беларус /адказаць/
17.12.2023
Gorliwy Litwin, якія ты культуры параўноўваеш? Польскую і эрзац русіфікаваных? Паслухай польскую рэдакцыю лукашысцкага радыё
2
Жвір/адказаць/
17.12.2023
Gorliwy Litwin, ну, ты таксама не Шэксьпір. Розьніца ў культурцы табе замінае...
0
Улад/адказаць/
17.12.2023
Gorliwy Litwin, Польскі "Ва банк 1"  - шыкоўны фільм! Класіка! Але ж Юліюш Махульскі быў у той час крыху старэйшы за гэтага Кіріла. Ён меў прыблізна 25-26 годзікаў :)
Да таго ж: камедыя "Ва банк" (1981 г.) стылізована пад Польшу 30-х гадоў. А якое кіно пра Беларусь 30-х гадоў могуць зрабіць беларусы на "Беларусьфільме" у 2023 годзе? І добра, што нічога не робяць. Бо зараз акрамя рашыскай ці сталінскай прапаганды ім нічога зрабіць не дазволяць.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031