Знайсці
07.04.2024 / 21:017РусŁacБел

Як падчас паўстання 1863 года спрабавалі разбудзіць Расію

Паўстанне 1863 года ў Польшчы, Беларусі і Літве не было чыста антырасійскім — інсургенты найперш выступалі супраць «подлага, рабаўнічага ўрада» Расійскай імперыі. Планавалася, што ў шэрагах паўстанцаў з’явіцца і «рускі легіён». Што выйшла з гэтай рамантычнай ідэі?

Малюнак 1863 года, які сімвалізаваў сяброўства і адзінства Літвы, Польшчы і Русі. БІБЛІЯТЭКА УРУБЛЕЎСКІХ ЛІТОЎСКАЙ АКАДЭМІІ НАВУК

Камітэт рускіх афіцэраў

Яшчэ нічога не было вырашана з паўстаннем, а ў гарадах і мястэчках былой Рэчы Паспалітай многія тысячы людзей збіраліся на набажэнствы і спявалі забароненыя песні, адзначалі важныя гістарычныя даты. У гісторыю гэты час увайшоў пад назвай «маніфестацыйны рух» — вось толькі яго ўдзельнікі, відаць, думалі не пра тое, каб увайсці ў гісторыю.

Уявіце: 1 ліпеня 1861 года з нагоды гадавіны Люблінскай уніі да Нёмана для сімвалічнага спаткання накіравалася да 5 тысяч чалавек з Польшчы, Беларусі і Літвы. А праз тры месяцы пад Гародлам на Любліншчыне ў 448- ю гадавіну заключанай тут у 1413 годзе уніі паміж Каралеўствам Польскім і Вялікім Княствам Літоўскім сабралася больш за 10 тысяч чалавек, каб спяваць разам: па-польску, па- беларуску і па-літоўску. Менавіта тады падрыхтавалі зборнічак «Песні набожныя» на беларускай мове.

Царскі ўрад называў такія мерапрыемствы незаконнымі. Іх душылі войскам, удзельнікам прысуджалі штрафы і арышты, былі нават забойствы. Бо адчувалі, што псіхалагічнае ўздзеянне ад падобных дэманстрацый закладае міну пад расійскае панаванне ў краі.

І са свайго боку ўлада мела рацыю: пад уплывам гэтага мірнага руху ўвосень 1861 года паўстала таемная арганізацыя нават унутры расійскага імперскага войска. За лічаныя месяцы яна аб’яднала больш за 200 чалавек, нязгодных з сілавымі метадамі ўласнага ўрада. Арганізацыя атрымала назву «Камітэт рускіх афіцэраў у Польшчы».

Пачынальнікам выступіў 20-гадовы паручнік Васіль Каплінскі, родам з мястэчка Халопенічы Барысаўскага павета.

У 1860 годзе ён скончыў Артылерыйскую акадэмію ў Пецярбурзе, а падчас вучобы далучыўся да рэвалюцыйнага гуртка пад кіраўніцтвам Зыгмунта Серакоўскага і Яраслава Дамброўскага.

У Камітэце рускіх афіцэраў у Польшчы пераважалі ўраджэнцы былога Вялікага Княства Літоўскага. Збольшага гэта былі афіцэры ніжэйшага рангу. Па падліках савецкіх гісторыкаў, якія вызначылі рэлігійную прыналежнасць амаль 300 з 449 вядомых удзельнікаў арганізацыі, 59,2% сяброў камітэта былі каталікамі, 35,5% — праваслаўнымі, 4,5% — лютэранамі. А сярод найбольш актыўных удзельнікаў арганізацыі доля праваслаўных сягала 68%.

На пачатку 1862 года да кіраўніцтва таемнай афіцэрскай арганізацыяй у Каралеўстве Польскім далучыўся і сам Яраслаў Дамброўскі, які прыбыў са сталіцы імперыі на вайсковую службу. Сумесна з Каплінскім ён распрацаваў план узброенага паўстання, сэнс якога заключаўся ў падвойным удары вайсковымі злучэннямі на чале з афіцэрамі камітэта на Варшаўскую цытадэль і крэпасць Новагеоргіеўск (Модлін). А пасля паспяховага захопу сталіцы Польшчы планавалася распачаць фарміраванне рускіх рэспубліканскіх войскаў для пераносу паўстання ўглыб Расіі і пачатку сапраўднай рэвалюцыі. 

Яраслаў Дамброўскі (1836—1871)польскі і французскі рэвалюцыянер і вайсковы дзеяч. Нарадзіўся ў Жытоміры на Украіне, вучыўся ў Брэст-Літоўскім кадэцкім корпусе. Ваяваў у складзе расійскага войска на Каўказе, з 1859 года вучыўся ў Пецярбургу ў Мікалаеўскай акадэміі Генеральнага штаба. Там стаў адным з заснавальнікаў канспіратыўнага гуртка апазіцыйна настроеных афіцэраў.

У 1862 годзе прыехаў у Варшаву і кіраваў падрыхтоўкай да паўстання. Пасля яго задушэння прысуджаны да 15 гадоў катаргі, але ўцёк з маскоўскай турмы і здолеў выехаць за мяжу. Быў адным з лідараў польскай эміграцыі, спрабаваў ствараць польскія вайсковыя фармаванні. Стаяў на левых пазіцыях, таму ў 1871 годзе ўзяў актыўны ўдзел у дзеяннях Парыжскай камуны, быў камендантам Парыжскага ўмацаванага раёна і камандуючым войскамі заходняга сектара абароны Парыжа. Загінуў 23 мая 1871 года.

«Тры рускія пакутнікі»

Амбіцыйным планам здзейсніцца, аднак, было не суджана: улады сыгралі на апярэджанне. У лютым 1862 года камітэту быў нанесены нечаканы ўдар — жандары арыштавалі Васіля Каплінскага, у якога знайшлі сшытак з нелегальнай адозвай «Велікарус» і выпіскамі з артыкула Аляксандра Герцэна «З кім Літва?».

Каплінскі не ішоў на супрацоўніцтва са следствам. Аднак у 4-м стралковым батальёне пачаліся ператрусы і арышты. У выніку «за распаўсюджванне паміж ніжэйшымі чынамі крайне шкодных ідэй, якія мелі мэтаю зварухнуць у іх дух адданасці і падпарадкавання законным уладам» 16 чэрвеня 1862 года ў Новагеоргіеўскай крэпасці былі расстраляныя тры афіцэры: Іван Арнгольт, Францішак Растоўскі і Пятро Слівіцкі, апошні з якіх заставаўся жывы нават пасля залпу 12-ці салдат і быў дабіты стрэлам з пісталета. Пасля гэтага расстраляныя афіцэры сталі ўспрымацца ў якасці «трох рускіх пакутнікаў».

На тым рэпрэсіі не спыніліся. Паручнік Станіслаў Абрамовіч атрымаў тры месяцы арышту і тры гады паліцэйскага нагляду, а шараговец Леў Шчур быў пакараны «шпіцрутэнамі, праз сто чалавек шэсць разоў» і на 12 гадоў сасланы на катаргу на руднікі. Васіль Каплінскі быў пазбаўлены дваранства і на 6 гадоў сасланы на катаргу на заводы. На радзіму ён ужо ніколі не вярнуўся, памёр 16 снежня 1884 года ў Томскай гарадской бальніцы. 

Шпіцрутэны — жаргонная назва цялесных пакаранняў, што шырока ўжываліся па ўсёй Еўропе: пакаранага праганялі праз шыхт салдатаў, якія білі яго лазінамі, вымачанымі ў салёнай вадзе, а пазней жалезнымі прутамі. У Еўропе пад уплывамі ідэй Асветніцтва з канца XVIII стагоддзя такія пакаранні забараняюць. У Расійскай імперыі дэ-юрэ іх скасавалі ў 1863 годзе, але на практыцы мясцовыя суды прызначалі аж да 1904 года.

Эфект бумеранга

Смяротны прысуд удзельнікам Камітэта рускіх афіцэраў у Польшчы выклікаў хвалю тэрору супраць царскіх чыноўнікаў.

15 чэрвеня ў варшаўскім Саксонскім садзе ледзь не забілі намесніка цара Аляксандра Лідэрса, які зацвердзіў смяротны прысуд, а 21 чэрвеня стралялі ўжо ў прызначанага замест яго Канстанціна Мікалаевіча, брата імператара Аляксандра ІІ.

26 ліпеня і 3 жніўня два замахі былі здзейсненыя на памочніка Канстанціна маркіза Аляксандра Веляпольскага. Урэшце сітуацыя стала настолькі трывожнай, што ў жніўні ў Польшчы было ўведзена ваеннае становішча, якое распаўсюдзілася таксама на Вільню, Гродна, Беласток і Брэст.

Па абвінавачанні ў замахах арыштавалі варшаўскіх рабочых Людвіка Ярашынскага і Яна Жоньцага, якіх павесілі 9 і 14 жніўня.

У расійскай афіцыйнай прэсе выканаўцаў замахаў называлі «ультракаталікамі». Аднак сапраўдным ініцыятарам гэтай хвалі тэрору быў 24-гадовы Андрэй Патабня (Потебня), які паходзіў з сям’і нашчадкаў запарожскіх казакоў, нарадзіўся ў Палтаўскай губерні і быў выпускніком Полацкага кадэцкага корпуса, дзе навучаўся адначасова з Мельхіёрам Чыжыкам з Мінска, будучым паўстанцкім камандзірам. Сам Патабня так ахарактарызаваў свой учынак у дачыненні да Лідэрса: «Я засадзіў яму ў галаву Арнгольта і Слівіцкага».

Андрэй Патабня Нарадзіўся ў небагатай шляхецкай сям’і на Палтаўшчыне (цяпер Сумская вобласць Украіны). У 1856 годзе скончыў Канстанцінаўскі кадэцкі корпус. Служыў падпаручнікам у Шлісельбургскім палку.

Быў адным з арганізатараў рэвалюцыйнага Камітэта рускіх афіцэраў, у чэрвені 1862 года зрабіў спробу забіць намесніка Царства Польскага Аляксандра Лідэрса, пасля чаго з’ехаў у Лондан. У лютым 1863- га вярнуўся ў Польшчу, каб узяць удзел у паўстанні.

Яго старэйшы брат, Аляксандр, класік сусветнага мовазнаўства, стаў членам-карэспандэнтам Пецярбургскай акадэміі навук (1875). З 1945 года яго імя носіць Інстытут мовазнаўства Нацыянальнай акадэміі навук Украіны. 

Менавіта Андрэй Патабня замяніў Васіля Каплінскага на чале Камітэта рускіх афіцэраў у Польшчы і працягнуў падрыхтоўку да паўстання, прызначанага на жнівень 1862 года.

І тут неспадзяванка: кіраўнікі створанага ў Варшаве польскага Цэнтральнага нацыянальнага камітэта (ЦНК) пастанавілі перанесці дату ўзброенага паўстання — на нявызначаны тэрмін. Нягледзячы на гэта, Яраслаў Дамброўскі працягнуў рыхтаваць выступленне, але 14 жніўня быў арыштаваны.

 

Лагер расійскага войска ў цэнтры Варшавы. 14 кастрычніка 1861 года ў Царстве Польскім было ўведзена ваеннае становішча. ROSSZUKI.BLOGSPOT.COM

«Не распусціцца ў польскай справе…»

Нелегальныя выданні, якія друкаваліся на тэрыторыі Расійскай імперыі, а таксама прывозіліся з Заходняй Еўропы, перш за ўсё з Лондана, дзе месцілася Руская вольная друкарня, ужо ў 1862 годзе сталі шмат пісаць пра будучы «рускі легіён». Шырокі распаўсюд атрымала пракламацыя рускага рэвалюцыйнага публіцыста Мікалая Агарова «Што трэба рабіць войску?». 7 сакавіка адзін яе экзэмпляр выявілі ў Гродне ў салдата Кірыла Емельянюка.

Публіцысты былі перакананыя, што вызваленне Расіі ад самаўладдзя залежыць ад вызвалення Польшчы.

Таму афіцэраў імператарскай арміі заклікалі не ўдзельнічаць у гвалце і задушэнні выступленняў: «Вы павінны стаць за іх, і толькі тады вы сваёй крывёй зможаце змыць з сябе плямы пакутніцкай крыві». У пракламацыі «Рускія афіцэры — салдатам рускіх войск у Польшчы» адзначалася: «Мы складзём вольныя дружыны і паспяшаемся ў Расію на дапамогу нашым».

З пракламацыі «Што трэба рабіць войску?»
«А чаго хоча паляк? Волі! А чаго хоча мужык? Волі! Дык яны хочуць аднаго і таго ж — волі! І за што іх біць?»

Мікалай Агароў, натхнёны прыкладам Італіі, дзе дабіваліся поспеху паўстанцы Джузэпэ Гарыбальдзі, усё актыўней заахвочваў да стварэння ў Польшчы рускага рэспубліканскага войска на падставе таемных таварыстваў, арганізаваных Камітэтам рускіх афіцэраў: «Гэта хутчэй мірна-заваявальніцкі паход. Утвораныя таварыствы павінны прыняць кіраўніцтва над войскамі і весці іх, такім чынам, з усіх бакоў на Маскву і Пецярбург, усюды падымаючы народ на садзейнічанне і памнажаючыся прыбылымі добраахвотнікамі-ратнікамі, пакідаючы па дарозе вёскі і гарады зацвярджаць самім свой унутраны парадак з ліквідацыяй казённага чыноўніцтва і кідаючы заклік на агульны Земскі сабор».

Пасля правалу першапачатковага плана паўстання Андрэй Патабня ўстанавіў сувязі з рэвалюцыйнай арганізацыяй «Зямля і воля», якая ўяўляла сабой федэрацыю таемных гурткоў у 13-ці ці 14-ці расійскіх гарадах. Пецярбургскую яе суполку ўзначальваў Мікалай Уцін, сын купца-мільянера, будучы заснавальнік і кіраўнік рускай секцыі І Інтэрнацыянала, які трапіў у таемныя аб’яднанні дзякуючы Віктару Каліноўскаму, брату Кастуся. «Зямля і воля» рыхтавала паўстанне сялян на вясну 1863 года, разлічваючы на дапамогу палякаў, і падтрымлівала сумесны лозунг «За нашу і вашу свабоду».

Пры канцы верасня 1862 года ў Лондане адбыліся перамовы паміж удзельнікамі рускіх і польскіх таемных суполак. На прапанову Андрэя Патабні і Міхаіла Бакуніна ўсе пагадзіліся, што на базе той часткі рускага войска, якая далучыцца да польскага паўстання, будзе ўтвораны «рускі легіён». Пры першым жа зручным выпадку ён павінен пакінуць межы Польшчы і пад сцягам арганізацыі «Зямля і воля» ісці падымаць сялянства на тэрыторыі Расіі ў разліку на выкліканую грабежніцкім характарам аграрнай рэформы чарговую хвалю актывізацыі пратэставага руху вясною 1863 года.

Вынікам гэтай сустрэчы стаў ліст Герцэна «Рускім афіцэрам у Польшчы», дзе былі такія словы: «Вы павінны імкнуцца да таго, каб ваш саюз з Польшчай зварухнуў бы нашу земскую справу. Не распусціцца ў польскай справе, а захаваць сябе ў ёй дзеля рускай справы». 

«Хто выратуе Расію?» — «Войска!»

Расійскі ўрад, занепакоены ростам таемных суполак і радыкалізацыяй моладзі, вырашыў дзейнічаць на апярэджанне — і 6 кастрычніка абвясціў пра рэкруцкі набор. У войска намерыліся забіраць моладзь, якая лічылася нядобранадзейнай: каля 12 тысяч чалавек.

Пад уплывам гэтай навіны лідары варшаўскага ЦНК вырашылі паскорыць падрыхтоўку паўстання. Дату пачатку рэкруцкага набору яшчэ ніхто не ведаў, але цяпер менавіта яна была запланавана як дата пачатку паўстання.

Расійскі публіцыст-рэвалюцыянер Аляксандр Герцэн лічыў такую паспешлівасць страшнай памылкай: «Праз 2—3 гады рэкруты праймуцца духам волі; яны паўсюль, дзе б ні апынуліся, далучацца да супольнай справы. Калі вы… зробіце інакш, вы паведзяце гэтых небарак на пагібель, як жывёл, і спыніце рух у Расіі яшчэ на паўстагоддзя; што ж датычыць Польшчы, то ў кожным разе вы яе незваротна згубіце».

5 лістапада 1862 года ў Лондане была выдадзена новая пракламацыя — «Афіцэрам рускіх войскаў ад Камітэта рускіх афіцэраў у Польшчы»: «Мы не хочам быць ка́тамі… Вы бачыце, што для нас выбару няма: мы далучымся да справы волі. Мы аб’явім, што рускі народ узносіць сцяг вызвалення, а не падпарадкавання славянскіх плямён. Мы не зганьбім рускага племені працягам грахоў пецярбургскага імператарства: лепш падзем ахвяраю ачышчэння, ахвяраю выкуплення… «Хто выратуе Расію?» — «Войска!».

Яшчэ праз месяц у Пецярбургу адбылося афіцыйнае замацаванне саюза паміж польскімі і рускімі прыхільнікамі сілавога спосабу скасавання самадзяржаўя ў Расійскай імперыі. Спецыяльная дамова з шасці пунктаў, складзеная па- французску, абвяшчала пра стварэнне Камітэта свабоднай Расіі, незалежнае становішча «рускага легіёна» ў Польшчы і матэрыяльную дапамогу яму. Рускі бок намагаўся адтэрмінаваць выступленне на вясну 1863 года і абяцаў «дзейсную дыверсію» ў Паволжы.

Цяпер належала наладзіць узаемаадносіны паміж рускімі афіцэрамі і прадстаўнікамі варшаўскага ЦНК у гарадах. Планавалася нават стварыць адзін цэнтр на чале з Патабнёю і Зыгмунтам Падлеўскім, адным з лідараў варшаўскіх чырвоных, для каардынацыі баявых дзеянняў. Але гэтая гранічна важная праца так і не была зроблена.

У студзені 1863 года пачаўся рэкруцкі набор — і разам з ім было абвешчана паўстанне.

 Маніфест аб пачатку паўстання. WIKIMEDIA COMMONS

З маніфеста аб пачатку паўстання Марыі Ільніцкай

А зараз мы звяртаемся да цябе, маскоўскі народ! Наш традыцыйны пароль — воля і братэрства народаў. Таму мы даруем табе нават забойства нашай Айчыны, даруем нават кроў Прагі і Ашмянаў, гвалту на вуліцах Варшавы і катаванні ў цытадэльных падзямеллях. Даруем табе, бо і сам ты, — бедны і забіты; трупы тваіх дзяцей гайдаюцца на царскіх шыбеніцах, прарокі твае мерзнуць у снягах Сібіры. Але калі ты ў гэты рашучы момант не адчуеш унутры сябе згрызоты за мінулае, не пачуеш святой прагі аб лепшай будучыні, калі ў нашай барацьбе ты будзеш дапамагаць тырану, які нас забівае, а цябе топча, то — гора табе! Бо мы, перад абліччам Бога і ўсяго свету, зрачэм цябе на ганьбу вечнага падданства і вечныя пакуты рабства; мы выклічам цябе на страшны бой знішчэння, апошні бой еўрапейскай Асветы з дзікім Варварствам Азіі!

Удар па аднадумцах

Падзеі ў ноч з 22 на 23 студзеня сталі сапраўднай неспадзяванкай для пераважнай большасці сяброў Камітэта рускіх афіцэраў у Польшчы. Толькі некаторыя з іх ведалі пра пачатак выступлення і месца збору.

На паперы ўсё было гладка, але на справе прызначаныя польскай паўстанцкай арганізацыяй кіраўнікі не хацелі ісці на супрацоўніцтва з рускімі афіцэрамі.

Уявіце: на поўдні Польшчы, у Кельцах, расійскі афіцэр Дабрагоўскі з пачаткам паўстання вывеў з горада на дамоўленае месца некалькі соцень салдат, але паўстанцы на чале з Апалінарыем Куроўскім проста адмовіліся ад іх дапамогі.

Яшчэ горш тое, што палякі нанеслі ўдар па гарнізонах, дзе было нямала тых, хто спачуваў паўстанцкай справе.

Бакунін адносна гэтага адзначаў: «Цэнтральны камітэт у Варшаве, які спачатку, здавалася, быў схільны да саюзу з рэвалюцыйнай партыяй у Расіі і вельмі разлічваў на спачувальны настрой войскаў, размешчаных у Польшчы, здаецца, у апошнюю крытычную хвіліну зусім змяніў думку і, не давяраючы станоўчым і дастаткова грунтоўным запэўніванням нашых афіцэраў, здаецца, паверыў, што разлічваць на дапамогу рускіх войскаў было б глупствам, а што трэба карыстацца іх маральным узрушэннем і ваганнем, каб нечакана напасці на іх і абяззброіць». У выніку з 24 атак на гарнізоны адносным поспехам завяршыліся толькі 6. Ды і тое ўжо на наступны дзень занятыя гарады і мястэчкі былі пакінутыя.

Міхаіл Бакунін — расійскі рэвалюцыянер, тэарэтык анархізму, ідэолаг рэвалюцыйнага народніцтва.

Царскія ўлады тым часам не спалі. Яны неадкладна распаўсюдзілі чуткі, што паўстанцы лютуюць і не шкадуюць нават палонных.

Як вам, прыкладам, такая навіна: 23 студзеня натоўп сялян на чале з ксяндзом Пякарскім напаў на горад Сураж Беластоцкага павета — і іх ахвярамі сталі «радавыя Сяргей Іваноў і Сіла Андрэеў і барабаншчык Васіль Кузьмін, з якіх першым адрэзаныя былі языкі і запхнутыя ім жа за партупеі, а апошняму выразаныя былі дзетародныя часткі і пакладзеныя яму ж у кішэні шаравараў; ва ўсіх трох былі разбітыя чарапы і ў двух абрэзаныя насы і губы».

Пасля такіх апісанняў афіцэрам, якія, можа, і былі прыхільнікамі рэвалюцыйнай справы, схіліць салдат да ўдзелу ў паўстанні было фактычна немагчыма. Таму некалькі соцень з іх самастойна далучыліся да паўстанцкіх атрадаў. Ці можна было ў такіх умовах спадзявацца стварыць «рускі легіён»? 

42 тысячы падробных маніфестаў

І тым не меней Бакунін працягваў нагадваць ЦНК пра патрэбу ў такой вайсковай адзінцы і прапаноўваў сваю дапамогу, адзначаючы, што толькі калі да паўстанцаў далучыцца значная колькасць расійскіх вайскоўцаў, да барацьбы супраць самадзяржаўя можна будзе прыцягнуць і сялян.

«Адзін факт існавання легіёна каштаваў бы некалькіх перамог на полі бою», — піша Бакунін з Лондана. Але першы дыктатар паўстання Людвік Мераслаўскі быў праціўнікам такіх ідэй.

Тым часам у Польшчу проста з Лондана едзе Андрэй Патабня — з надзеяй хоць неяк паспрыяць стварэнню так неабходнага «рускага легіёна». У другой палове лютага ён быў ужо ў атрадзе Мар’яна Лангевіча ў раёне Пескавой Скалы непадалёк ад Кракава. «Я наважыўся застацца тут. Надзеі зрабіць што-небудзь мала; паспрабуем. Ваш А. П.», — піша ён да Герцэна і Агарова.

У ноч з 4 на 5 сакавіка 1863 года Патабня ўзяў удзел у сутычцы на ўскраіне мястэчка Скала, дзе змагаўся шараговым касінерам. Падчас атакі ён быў смяротна паранены. Ягонымі апошнімі словамі была фраза: «Дай вам Бог поспеху ў барацьбе супраць тыранаў».

Бітва пад Пескавой Скалой у сакавіку 1863 года, у якой загінуў Андрэй Патабня. WIKIMEDIA COMMONS

Апошняй спробай арганізацыі «рускага легіёна» сталі падзеі ў Казані ў красавіку 1863 года, адкуль планавалі падняць паўстанне ў Паволжы, каб захапіць размешчаны непадалёк Іжэўскі ружэйны завод, распаўсюдзіць выступленне на Урал і Дон, а затым злучыцца з паўстаннем на захадзе. Дзеля гэтага рэвалюцыйная арганізацыя ў Вільні знайшла грошы — і накладам у 42 тысячы быў надрукаваны падробны царскі маніфест.

Але адзін з удзельнікаў «Казанскай змовы» данёс на таварышаў. У выніку пяцёра чалавек былі расстраляныя, а яшчэ 31 адпраўлены за краты або на катаргу.

«Рускі легіён» так і не паўстаў. Спадзяванні рускіх рэвалюцыянераў, выхаваных на прыкладзе дзекабрыстаў, былі разбітыя аб суровую рэчаіснасць. Войска, у тым ліку і шматнацыянальны афіцэрскі корпус, у пераважнай большасці сваёй засталося верным імперыі.

Клас
16
Панылы сорам
9
Ха-ха
5
Ого
3
Сумна
7
Абуральна
16
08.04.2024
Сялянін, так шляхта, пускай вся, в том числе и застенковая, это не более 10 процентов населения. И не говорю о том, что она (шляхта) на тот момент была полностью полонизирована.
0
Ваня/адказаць/
08.04.2024
Триста лет власти служб безопасности убийств и высылки лучших людей… сможет ли Россия когда нибудь встать с колен или единая надежда на развал страны и хотя бы в отдельных частях нормальная жизнь и демократизация ? кто знает …
1
Сялянін/адказаць/
08.04.2024
Имя, гісторыю робяць пасіянарыі, а не прыкрытнікі як ты
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера