Знайсці
27.07.2012 / 08:115РусŁacБел

Алімпіяда ХХХ: Топ беларускіх надзей і расклад

Хто можа прывезці алімпійскія медалі?

Сёння ў Лондане будзе афіцыйна запалены Алімпійскі агонь, хоць футбольны турнір стартаваў загадзя.

Лукашэнку — ён не толькі афіцыйны кіраўнік дзяржавы, але і старшыня Нацыянальнага алімпійскага камітэта — на Гульні не пусцілі, бо ўваходзіць у «чорны спіс ЕС». Жартавалі нават, што спартоўцы ў знак салідарнасці здымуцца з Гульняў. Напярэдадні ад’езду ім была пастаўлена задача прывезці 25 медалёў, у тым ліку 5 залатых.

Хто можа прывезці алімпійскія медалі? Топ-10 беларускіх кандыдатаў, паводле версіі НН, на ўзнагароды.

10. Футбол

У наш рэйтынг хлопцы Георгія Кандрацьева трапляюць авансам. Усё ж першы раз беларусы возьмуць удзел у такіх спаборніцтвах, таму ўвага будзе павышанай. У каманду можна было ўзяць трох старэйшых хлопцаў. Кандрацьеў узяў Драгуна, Брэсана і Карніленку, а вось Глеба — не. Але пачалі з перамогі над Новай Зеландыяй (1:0).

Калі глядзець:29 ліпеня, 16:50, Бразілія — Беларусь. 1 жніўня, 16:20, Беларусь — Егіпет.

9. Алім Селімаў

Лезгін-барацьбіт даўно жыве ў Беларусі. Ён двухразовы чэмпіён свету ў грэка-рымскім стылі. Некалькі разоў Алім станоўча выказваўся пра беларускую мову.

Калі глядзець: 6 жніўня на працягу дня.

8. Аляксандра Герасіменя

У плаванні будзе разыграна аж 34 камплекты ўзнагарод. Праўда, у большасці спаборніцтваў беларусы будуць звычайнымі статыстамі. Адзінае выключэнне — Герасіменя. Аляксандра — першая беларуская пераможца чэмпіяната свету.

Калі глядзець: Фінал на каронцы Герасімені «100 метраў вольным стылем» адбудзецца вечарам 2 жніўня.

7. Мастацкая гімнастыка

Тут у нашых спадзевы — як на індывідуальнае майстэрства Любові Чаркашынай і Меліціны Станюты, так і на зборную. Без медалёў у мастацкай гімнастыцы нашы не заставаліся ніколі.

Калі глядзець: Медалі ў гэтым найпрыгажэйшым відзе спорту будуць разыграныя ў апошнія дні — 11 і 12 жніўня.

6. Сяргей Мартынаў

44-гадовы стралок пры-вучыў нас да сваіх поспехаў. Ён бронзавы медаліст Алімпіяд у Сіднэі і Афінах. Магчыма, надышоў час для большых вяршынь.

Калі глядзець: 6 жніўня адбудуцца спаборніцтвы ў стральбе з малакалібернай вінтоўкі з трох пазіцый.

5. Настасся Новікава

Цяжкая атлетыка заўсёды была нашым відам праграмы. А вось сёлета на медаль можна разлічваць хіба ад Настассі Новікавай. Жодзінская атлетка падышла да спаборніцтваў у добрай форме. Хіба яшчэ Рыбакоў узгадае мінулыя часы. А вось Андрэй Арамнаў у апошні момант ад удзелу адмовіўся праз траўму. Пасля «золата» Пекіна Андрэй ніяк не можа выйсці з цёмнай паласы ў жыцці на светлую.

Калі глядзець: Новікаву 30 ліпеня. Пачатак, а 17:30.

4. Кацярына Карстэн

Ураджэнцы крупскай вёскі Асечына споўнілася 40 гадоў. Яна без перабольшвання легенда айчыннага спорту. Першая ўладальніца залатога медаля незалежнай Беларусі, яшчэ ў Атланце (1996). Цяпер Карстэн не такая грозная, але медалёў ад яе ўсё адно чакаюць.

Калі глядзець: Фінал у адзіночцы жаночага акадэмічнага веславання адбудзецца 3 жніўня раніцай.

3. Браты Багдановічы

На мінулай Алімпіядзе мы мелі дзве залатыя ўзнагароды ў веславанні на байдарках і каноэ. Сёлета зноў чаканні звязаныя з братамі Багдановічамі — Аляксандрам і Андрэем. Хлопцы родам з мястэчка Ялізава (Асіповіцкі раён).

Калі глядзець:Каноэ-двойка, фінал, 9 жніўня, раніца.

2. Іван Ціхан і Надзея Астапчук

У лёгкай атлетыцы асноўныя надзеі на «цяжкія» віды праграмы — кіданні і штурханні. У жаночым ядры спадзяемся на Надзею Астапчук і Наталлю Міхневіч, у мужчынскім — на мужа апошняй Андрэя Міхневіча. У жаночым молаце краіну прадставіць — Аксана Мянькова, пераможца мінулай Алімпіяды. Таксама немагчыма не звяртаць увагу на Івана Ціхана ў кіданні молата ў мужчын.

Калі глядзець: 3 жніўня: мужчынскае штурханне ядра. 6 жніўня: жаночае штурханне ядра. 5 жніўня: мужчынскае кіданне молата. 10 жніўня: жаночае кіданне молата. Спаборніцтвы будуць пачынацца пасля 20:00.

1. Вікторыя Азаранка і Максім Мірны

Заваяваць медаль у тэнісе будзе вельмі прэстыжна. А надзеі на гэта маюцца. Азаранка на сёння першая ракетка свету. Ды і яе пара з Максімам Мірным павінна пазмагацца за запаветныя ўзнагароды.

Калі глядзець: Штодня ад 27 ліпеня да 5 жніўня.

* * *

Алімпіяда-2012

Пройдзе ад 27 ліпеня да 12 жніўня ў Лондане. Брытанская сталіца прымае такія спаборніцтвы ўжо ў трэці раз. Будуць разыграныя 302 камплекты ўзнагарод у 31 відзе спорту. Беларускай зборнай загадана заваяваць 25 узнагарод, хоць на папярэдніх Гульнях колькасць медалёў вагалася ў дыяпазоне 15–19.

***

Талісманамі спаборніцтваў будуць дзве кроплі сталі — Вэнлак і Мандэвіль. Першы названы ў гонар горада Мач-Вэнлак, дзе адбываліся спаборніцтвы кшталту алімпійскіх. Другі — у гонар вёскі Сток-Мандэвіль, дзе прайшлі першыя на тэрыторыі Велікабрытаніі Паралімпійскія гульні. У абодвух талісманаў па адным воку, яны носяць роварныя шлемы, і на іх намаляваныя лагатыпы Гульняў.

Зміцер Панкавец

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера