Знайсці
05.04.2024 / 18:00РусŁacБел

У Расіі спрачаюцца, кім будуць іхнія тэнісісты на Алімпіядзе — «бамжамі» ці «замежнымі агентамі»

У Расіі разгарэлася нечаканая тэрміналагічная дыскусія паміж мясцовымі спартыўнымі функцыянерамі адносна таго, які ярлык павесіць на тых расійскіх тэнісістаў, якія пагодзяцца на ўмовы, выстаўленыя Міжнародным алімпійскім камітэтам, і паедуць на Алімпійскія гульні ў Парыжы ў якасці нейтральных атлетаў.

Здымак ілюстрацыйны. Фота: Dmitrii Travnikov / vecteezy.com

Міжнародны алімпійскі камітэт раней дазволіў расійскім і беларускім тэнісістам, як і іншым спартсменам, выступіць на Алімпіядзе-2024 у Парыжы ў нейтральным статусе пры выкананні шэрагу ўмоў. Пра сваё жаданне паехаць на гульні адразу ж пасля таго заявіў расійскі тэнісіст, экс-першы нумар сусветнага рэйтынгу Данііл Мядзведзеў. Таксама на Алімпіядзе збіраюцца згуляць расіяне Андрэй Рублёў і Дар'я Касаткіна, якія актыўна выступаюць супраць вайны ва Украіне.

Але адносна таго, ці пагаджацца на прапанаваны расіянам і беларусам фармат удзелу, у расійскай спартыўнай і каляспартыўнай супольнасці няма згоды. А калі яна ёсць у цэлым, то з'яўляюцца разыходжанні ў дэталях.

Так, вядомая трэнерка па мастацкай гімнастыцы Ірына Вінер назвала ўсіх спартсменаў, якія захочуць паехаць на гульні ў нейтральным статусе, «камандай бамжоў».

З ёй не пагадзіўся кіраўнік расійскага НАК Станіслаў Пазнякоў, але пярэчанні ў яго чыста тэрміналагічныя.

«Хачу падкрэсліць, што падзяляю і падтрымліваю пазіцыю Ірыны Аляксандраўны, нашы меркаванні тут цалкам супадаюць. Адзінае, не пагаджуся з вызначэннем «каманда бамжоў» канкрэтна ў выпадку тэнісістаў, якія большую частку часу жывуць за мяжой, там жа зарабляюць, сцвярджаюць пры гэтым, што «гуляюць за сябе», асуджаюць палітыку сваёй краіны і СВА.

Так што правільней, з майго пункту гледжання, — «каманда іншаагентаў», для якой дакладна не ўзнікне ніякіх перашкод прадстаўляць на Алімпіядзе саміх сябе», — напісаў Пазнякоў у сваім тэлеграм-канале.

Крытэрыям адбору на Алімпіяду на гэты момант адпавядаюць, дарэчы, і беларускія тэнісісткі Арына Сабаленка і Вікторыя Азаранка. Але ці выступяць яны на гульнях, пакуль невядома. Таксама пакуль беларускія чыноўнікі і прапагандысты не атрымалі адмашкі на дыскусію адносна таго, як іх трэба правільна называць. 

Чытайце таксама:

Мэр Парыжа: На Алімпіядзе расійскім і беларускім спартсменам будуць не рады

Германія не давала візы батутысту Літвіновічу, але ён усё адно прыехаў у краіну і адабраўся на Алімпіяду. Як так?

Францыя павысіла ўзровень тэрарыстычнай пагрозы да максімальнага. А краіну чакаюць Алімпійскія гульні

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
7
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
1
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031