Знайсці
20.03.2024 / 14:351РусŁacБел

Беларуса, забітага ў Карэліі, пахавалі ў Расіі

Беларускага актывіста Мікалая Аляксеева, забітага ФСБ пры затрыманні ў Карэліі, пахавалі ў Расіі. У дзень пахавання яго малодшаму дзіцяці споўнілася дзевяць месяцаў. Пра гэта DW распавёў адзін з сыноў Аляксеева.

Беларускага актывіста Мікалая Аляксеева, застрэленага ў Карэліі пры затрыманні ФСБ, пахавалі ў Расіі 16 сакавіка.

Расійскія спецслужбы каля месяца сачылі за мужчынам, сцвярджае ў размове з DW яго сын, які папрасіў не называць імя. Паводле яго слоў, апошнія пару гадоў Аляксееў жыў у Расіі, таму што ў Беларусі яго абвінавацілі ў «абразе Лукашэнкі» і абʼявілі ў вышук.

«З бацькам меў зносіны літаральна за некалькі дзён да яго забойства. У апошні час ён шукаў магчымасць выехаць за мяжу, бо з мінулага года РФ і РБ абʼядналі вышуковыя спісы», — распавёў суразмоўца.

Ён мяркуе, што гэта і стала прычынай цікавасці да яго бацькі расійскіх спецслужбаў.

49-гадовы Мікалай Аляксееў быў застрэлены 6 сакавіка супрацоўнікамі ФСБ у Аланецкім раёне рэспублікі Карэлія. Па афіцыйнай версіі расійскіх сілавікоў, мужчыну збіраліся затрымаць па крымінальнай справе «аб падрыхтоўцы да тэракту», але ён аказаў супраціўленне і быў забіты. У расійскай спецслужбе таксама заявілі, што Аляксееў быў членам палка Кастуся Каліноўскага і збіраўся падарваць адміністрацыю ў горадзе Аланец.

«На відэа ФСБ няма ні асоб, ні голасу падазраванага»

Сын Аляксеева звяртае ўвагу, што крымінальная справа «аб падрыхтоўцы да тэракту» ў дачыненні да яго бацькі была заведзеная ў дзень яго гібелі, 6 сакавіка. Ён называе афіцыйную версію ФСБ «цыркам, які быў наладжаны напярэдадні выбараў». 

«Гэта ж так банальна: глядзіце, людзі, вакол тэрарысты і ворагі, гуртуйцеся вакол лідара», — лічыць ён.

Мужчына адзначае, што на відэа «ліквідацыі беларуса», распаўсюджаным ФСБ, няма «ні асоб, ні голасу падазраванага»: «Пабегалі, пакрычалі ў пустату, пастралялі па сценах, кадр з целам. Асабліва ў вочы кінулася: белы швэдар, светлы бетон вакол, а крыві няма. Ад кулявых [раненняў] яе заўсёды шмат».

Раней прадстаўнікі абʼяднання былых сілавікоў Беларусі «Белпол» заявілі, што ролік ФСБ «мае відавочна пастановачны характар». Яны таксама выказалі здагадку, што відэа знята «ўжо пасля забойства Аляксеева».

Аляксееў працаваў за 30 км ад афіцыйнага месца смерці

Па афіцыйнай версіі, беларуса застрэлілі каля пяці вечара 6 сакавіка. Сын Аляксеева сцвярджае, што бацька перастаў выходзіць на сувязь у 10:48.

«Ад базы адпачынку, дзе ён працаваў, да афіцыйнага месца смерці — каля 30 км. Гэта значыць, па версіі ФСБ, ён ішоў на нібы «заданне» з выключаным тэлефонам 30 кіламетраў зімой — з 11 да 17 гадзін», — кажа малады чалавек.

Суразмоўца DW прызнаецца, што ведаў і падзяляў палітычныя погляды свайго бацькі, які падтрымаў пратэсты ў Беларусі ў 2020 годзе і выступаў супраць вайны ва Украіне.

Мікалай Аляксееў (справа) у 2020

Ён сцвярджае, што Аляксееў не быў прыхільнікам сілавых метадаў.

«Ён выступаў за выключна мірны пратэст. Ён быў глыбока веруючым чалавекам: у храм хадзіў, спавядаўся, маліўся. Зброя і, тым больш, тэракты былі проста нечым немагчымым», — дадае сын актывіста.

На пытанне DW, ці быў звязаны ён ці яго бацька з палком Каліноўскага, суразмоўца адказаў: «Я асабіста з ПКК не звязаны». Раней з пытаннем пра Аляксеева журналісты таксама звярталіся ў полк Каліноўскага. «Не каментуем гэты выпадак», — заявілі ў прэс-службе ПКК.

Чытайце таксама:

Што вядома пра беларускага актывіста Мікалая Аляксеева, якога ў Карэліі забіла ФСБ

У Карэліі ФСБ забіла беларуса. Яго западозрылі ў падрыхтоўцы дыверсіі

Блогер Ян Рудзік уступіў у Полк Каліноўскага

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
9
Абуральна
15
0
Антон /адказаць/
20.03.2024
Упэўнены што ні доказаў ні сведкаў няма. Спачатку забілі, пасля назвалі тэрарыстам. Практыка шматразова адпрацаваная на северным каўказе. Нехта атрымае узнагароды, пасады ды зорачкі за бліскучую спецаперацыю.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031