Знайсці
10.08.2023 / 08:196РусŁacБел

«Храпе начамі так, што мы прачынаемся». Гісторыя маладзечанскай коткі, якая чакала гаспадароў, шчасліва завяршылася

Дымчатая котка, якая ва Усходнім мікрараёне Маладзечна ў двары пяціпавярховага дома некалькі дзён цярпліва чакала гаспадароў, цяпер трэскае дома курыцу, гуляе з мячыкам і хаваецца пад канапай ад малога Росціка, піша Kraj.by.

Гісторыя коткі, за якую перажываў увесь двор дома №140 на галоўнай вуліцы Маладзечна — Вялікім Гасцінцы, завяршылася добра. Высветлілася, што ў пятніцу, 4 жніўня, пасля публікацыі матэрыялу аб сумнай котцы, знайшлася яе гаспадыня, якую завуць Вольга. Уласна, гаспадыня якраз і не гублялася. Яна з'язджала на працу ў Мінск, а яе наравістая гадаванка сама выбрала для сябе дваровыя прыгоды.

Кот Граф выявіўся графіняй Басяй

— Пра гэтую котку, якую мы спачатку прынялі за ката, вы можаце напісаць цэлую кучу артыкулаў. Бася ў нас з гісторыяй, — распавядае Вольга. — Пяць гадоў таму я пераехала ў Маладзечна з аграгарадка Сітцы Докшыцкага раёна. Мая пляменніца працуе ў кавярні.

Яна мне распавяла, што да іх прыбіўся кастрыраваны кот, які абраў сабе месца побач з музыкам, пастаянна сядзіць каля яго і разам з ім сыходзіць. Ката падкормлівалі, але баяліся, што ён знікне. Пляменніца прапанавала мне яго забраць. Я тады здымала кватэру на вуліцы Міру. Мы з Насцяй прыйшлі ў кавярню. Сустракае нас гэта «яно», якое адразу ідзе на рукі. Забралі, назвалі ката Графам. На наступны дзень павезлі ў ветэрынарную клініку. І тут раптам выявілася, што гэта не кастрыраваны кот, а цалкам сабе здаровая кошка. Вось так мы зайшлі да ветэрынара з графам, а выйшлі з графіняй.

З вуліцы Міру Вольга з Басяй пераехалі ў дом № 8 на вуліцы Францішка Скарыны. Нельга сказаць, што Бася была зусім ужо хатняй коткай, як меркавала Анжэла. Гаспадыня выпускала яе пагуляць на вуліцу і калі жыла на Міру, і на Скарыны. Пакуль аднойчы «графіня» не знікла.

Дачка Насця распавядае:

— Шукалі Басю вельмі актыўна. Давалі аб'явы з яе фотаздымкамі ў інтэрнэце. Ніхто не тэлефанаваў, знайсці котку не маглі вельмі доўга.

— Прайшло два месяцы, я ўжо страціла ўсякую надзею. Думала, што яе дзе-небудзь збіла машына і пошукі бессэнсоўныя, — кажа Вольга. — Але ўсё роўна зноў пайшла шукаць, клікала яе. Убачыла жанчыну, якая карміла дваровых катоў. Паказала ёй фатаграфію сваёй Басі. Жанчына сказала, што такую котку забралі валанцёры, і дала мне іх нумар тэлефона. Стэлефанавалася я з валанцёрамі, прыйшла да іх і знайшла Басю. Высветлілася, што да валанцёраў яна трапіла ўжо цяжарнай. Яны стэрылізавалі котку. Дзякуй ім за гэта. А Басяй яе назваў мой сын. 

«Я ў шоку была, калі даведалася, што мая котка стала гераіняй артыкула»

У кватэру на Вялікім Гасцінцы, 140 Вольга з коткай пераехалі нядаўна — у лютым гэтага года. Пасля ўсіх вулічных прыгод Басі гаспадыня баялася яе выпускаць у двор, таму ніхто тут котку не ведаў. Ды і не пазнаў бы, але Бася дома пастаянна церлася каля ўваходных дзвярэй, сама прасілася на вуліцу.

Вольга з'язджае працаваць у Мінск на двое сутак. Яна распавядае, што ў суботу, 29 ліпеня, выпусціла Басю пагуляць, а калі сабралася з'язджаць, котка наадрэз адмовілася вяртацца ў кватэру і на рукі не пайшла. Давялося пакінуць яе ў двары. Але ў панядзелак да мамы прыходзіла Насця, якая забрала Басю і аднесла ў кватэру, дзе котка знаходзілася да серады. У сераду, 2 жніўня, гісторыя паўтарылася.

— Як толькі я адчыніла дзверы, котка выскачыла з кватэры. Я хацела вярнуць яе дадому, але Бася зноў да мяне не ішла, а ў мяне праз 15 хвілін электрычка. Давялося зноў пакінуць яе на вуліцы. Ну а ў пятніцу, вярнуўшыся з Мінска, я ўжо ўбачыла, як яе ў двары карміла Анжэла. Бася заўсёды мяне чакала на вуліцы — і калі жылі на Міры, і на Скарыны. А тут раптам даведаюся, што мая котка стала гераіняй артыкула на вашым партале! Я была ў шоку! — смяецца Вольга.

«Гуляе ў даганялкі з Росцікам, не любіць, калі яе чапаюць за жывот, і храпе па начах»

Гаспадыня адзначае, што Бася — кошка з характарам. Цярпець не можа, калі яе спрабуюць пакратаць за жывот. Але ласку любіць, хоць не ўсякага да сябе падпусціць. Калі адчуе добрага чалавека, то пацягнецца да яго. Западозрыць нешта нядобрае — і рэакцыя будзе агрэсіўнай.

З Росцікам, унукам Вольгі, у Басі няпростыя адносіны. Можа пагуляць з ім у даганялкі, а можа схавацца ад хлопчыка пад канапай або пад тэлевізарам.

— А калі прагаладаецца, можа і лапай па назе стукнуць, і нават укусіць за нагу, — папярэджвае Насця. — Мы неяк з ёй разам елі, дык яна чатыры кавалкі курыцы з'ела.

— Сырую курыцу любіць так, што, калі яе есць, толькі косткі з трэскам ляцяць, — усміхаецца Вольга. — А вось рыбу не любіць. Не есць і сухі каціны корм. Аддае перавагу вадкаму. Так! Яна ж храпе, як чалавек. Не варкоча ў сне, а менавіта храпе. Нават прачнуцца можна ад яе храпу.

Вольга цяпер ломіць галаву над тым, як быць далей з планаваннем дваровых прыгод Басі. Выпускаць котку на вуліцу, з'язджаючы ў Мінск, ці не? Зрэшты, цяпер ужо наўрад ці хтосьці ў двары яе не пазнае. Яна праславілася і стала проста зоркай.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
23
Панылы сорам
0
Ха-ха
9
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
1
0
гоблен/адказаць/
10.08.2023
Котафил? Звучит пугающе, ух) ваш, гоблен не-зоофил
0
Усё нашмат прасьцей/адказаць/
10.08.2023
На шыю вашаму пухнаціку апранаецца ашыйнік з тэлефонам і мянушкай. І ўсё. Так ваш гадаванец ніколі не згубіцца.))
10.08.2023
Хоспадзе. Точно ничего не изменится в РБ, так как люди дурные. Домашних животных необходимо стерилизовать. Но зачем, правда? И так пойдет. Другие сделают
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930