Лукашэнка павіншаваў палякаў і прэзідэнта Дуду з Днём Незалежнасці і запрасіў да дыялогу
Аляксандр Лукашэнка павіншаваў прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуду і грамадзян гэтай краіны з Нацыянальным святам незалежнасці, паведамляе прэс-служба.
«Беларусам і палякам лёсам прызначана жыць побач у міры і згодзе. У сённяшніх няпростых абставінах неабходна захаваць наша добрасуседства як галоўную каштоўнасць, якую мы атрымалі ў спадчыну і павінны перадаць сваім нашчадкам», — гаворыцца ў віншаванні.
Аляксандр Лукашэнка запрасіў Анджэя Дуду да канструктыўнага дыялогу пра будучыню беларуска-польскага супрацоўніцтва. «Толькі працуючы разам, зможам захаваць прыкметныя дасягненні ў гандлі, прамысловай кааперацыі, навуцы, адукацыі і іншых сферах. Гэта адказвае як нацыянальным інтарэсам абедзвюх дзяржаў, так і жаданням мільёнаў жыхароў нашых краін», — падкрэсліў ён.
Яшчэ 7 лістапада на адкрыцці АЭС пад Астраўцом Лукашэнка казаў пра суседзяў наступнае:
«Я хачу яшчэ раз звярнуцца [да кіраўніцтва Літвы] сёння з гэтай пляцоўкі — Беларускай АЭС: давайце жыць дружна (…) Давайце жыць нармальна! Мы ж суседзі, а суседзяў не выбіраюць».
«Тое ж самае я хачу сказаць і польскаму кіраўніцтву: нічога ў вас не атрымаецца. Мы не станем на калені.
Мы адкажам, і я ўжо казаў: нават калі застанемся адны ў акружэнні, мы адкажам. Думаю, яны гэта зразумелі, — дадаў ён. — Давайце працаваць разам, мы гатовыя адкрыта супрацоўнічаць».