У Брэсце на месяц адмянілі мерапрыемствы ў памяшканнях і абмежавалі працу забаўляльных устаноў
Брэсцкі гарвыканкам прыняў рашэнне з 10 лістапада да 10 снежня абмежаваць працу аб'ектаў масавага збору людзей. Пра гэта напісаў у сваім тэлеграме мэр горада Аляксандр Рагачук.
Для прадухілення распаўсюджвання вострых рэспіраторных інфекцый, у тым ліку каранавіруса, у Брэсце пасля 23.00 не будуць працаваць аб'екты грамадскага харчавання, дыскатэкі, начныя клубы, кальянныя, боўлінг, більярд, камп'ютарныя клубы, забаўляльныя і ігральныя ўстановы.
У горадзе на месяц адмянілі правядзенне выстаў, прэзентацый, кірмашоў і іншых мерапрыемстваў у закрытых памяшканнях.
У гандлёва-забаўляльных цэнтрах, крамах нельга будзе арганізоўваць групавыя прэзентацыі, дэгустацыі, рэкламныя акцыі і іншыя актыўнасці.
Аляксандр Рагачук заклікаў берасцейцаў не грэбаваць ахоўнымі маскамі ў грамадскіх месцах, у тым ліку ў транспарце. Рэкамендуецца мінімізаваць свае кантакты па-за домам і выконваць правілы дыстанцыявання.