Латушка: Лукашэнка настойвае, каб Бабарыка з'ехаў на Кіпр. Ён ужо можа быць на волі
Віктар Бабарыка, фота Надзеі Бужан
Падчас стрыму са Сцяпанам Пуцілам сябра прэзідыума Каардынацыйнай рады Павел Латушка падзяліўся інсайдам з сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з міністрам замежных спраў Расіі Сяргеем Лаўровым:
«Адной з умоў, якая засталася за дужкамі, як кажуць нашы крыніцы, — гэта магчымае вызваленне Віктара Бабарыкі. Мы ведаем, што гэта размова ідзе ўжо даўно. Яна вялася перад наведваннем СІЗА КДБ Лукашэнкам: тады Масква таксама настойвала на падобных дзеяннях. І вось цяпер гэта размова адбылася ізноў.
Прайшла інфармацыя, што Віктар Дзмітрыевіч ужо знаходзіцца на волі. Яна не пацвердзілася па розных каналах, хаця хто яго ведае.
Магчыма, у найбліжэйшы час яна пацвердзіцца, таму што цяпер Лукашэнка нібыта адстойвае пазіцыю, паводле нашых інсайдаў, пра тое, каб Віктар Дзмітрыевіч з'ехаў на Кіпр разам са сваім сынам. І гэта будзе ўмовай вызвалення.
Але, я думаю, вельмі многае залежыць ад пазіцыі Віктара Дзмітрыевіча».