Знайсці
14.07.2020 / 07:493РусŁacБел

Гэтыя мілыя стварэнні могуць уратаваць людзей ад каранавіруса ФОТА

У той час як лама Фіфі скубе траву на пашы ў Рэдынгу, яе імунная сістэма дае аснову для прарыву ў лячэнні хворых на каранавірус, піша bbc.com.

Ламы. Фота: freeimg.ru.

Навукоўцы з Інстытута Разалінды Франклін у Брытаніі выкарысталі антыцелы Фіфі, каб распрацаваць тэрапію, якая павышае імунітэт.

Інфармацыю пра даследаванне апублікавалі ў часопісе «Nature Structural and Molecular Biology».

Яно прадугледжвае «мадыфікацыю» антыцелаў ламы, якія досыць малыя і значна прасцей структураваныя за антыцелы ў крыві чалавека. Але гэты памер і структура азначае, што іх можна «перарабіць» у лабараторыі.

Прафесар Джэймс Нейсміт, дырэктар Інстытута Разалінды Франклін, апісаў методыку як падобную да выразання ключа, што можа адкрыць «замок» каранавіруса.

«З антыцеламі ламы ў нас ёсць ключы, якія не зусім падыходзяць: яны ўваходзяць у замочную адтуліну, але імі не ўдаецца цалкам адкрыць замок», - сказаў ён.

«Такім чынам, мы бяром гэты ключ і выкарыстоўваем малекулярную біялогію для шліфоўкі яго частак, пакуль мы не выражам ключ, які падыходзіць».

Антыцелы з'яўляюцца часткай таго, што вядома як адаптыўная імунная сістэма. Гэта малекулы, якія па сутнасці ператвараюцца ў адказ на ўварванне віруса або бактэрый.

«Калі вы будзеце заражаныя паўторна, — тлумачыць прафесар Нейсміт, — ваша цела шукае любыя (часціцы віруса) дзякуючы антыцелам, якія засяроджваюцца каля іх і руйнуюць іх».

Ужо ёсць звесткі пра тое, што кроў, узбагачаная антыцеламі, узятая ў людзей, якія нядаўна ачунялі ад каранавіруса, можа выкарыстоўвацца як лячэнне. Аднак асноўны трук гэтай тэрапіі антыцеламі, атрыманымі ад ламы, заключаецца ў тым, што навукоўцы могуць вырабляць спецыфічныя да каранавіруса антыцелы на замову.

Невялікая рэканструяваная частка антыцела ламы таксама вядомая як нанацела, кажа прафесар Нейсміт.

«У лабараторыі мы можам зрабіць нанацелы, якія надзвычай добра забіваюць жывы вірус — лепш за амаль усё, што мы бачылі, — дадае ён. — Яны неверагодна выдатна забіваюць вірус падчас культывавання».

Нанацелы робяць гэта, звязваючы або захопліваючы тое, што на вонкавым боку капсулы віруса вядома як «шыповы бялок». Менавіта «выключэнне» гэтага шыпа перашкаджае яму атрымаць доступ да чалавечых клетак.

«Мы робім у лабараторыі тое, што робяць імунныя сістэмы ў арганізме», - растлумачыў прафесар Нейсміт.

«І мы можам гэта зрабіць вельмі хутка, таму калі вірус зменіцца раптам ці мы атрымаем новы вірус, мы можам распрацаваць новыя нанацелы ў лабараторыі».

Каманда навукоўцаў мае на мэце праверыць сваю перспектыўную тэрапію на жывёлах ужо гэтым летам, каб пачаць клінічныя выпрабаванні пазней сёлета.

NN.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930