Знайсці
09.09.2012 / 15:4112РусŁacБел

Арсень Ліс. Школьная пара. Пачаткі

Успаміны. Вядомы беларускі літаратуразнаўца распавядае пра сваё дзяцінства за часамі нямецкай акупацыяй.

Увосень 1941 года прыспела якраз мая школьная пара. Я ўжо ўмеў чытаць. Навучыўся па савецкім буквары, які аднаго дня прынёс мне стрыечны брат Геня. Ён паказаў мне першыя літары і навучыў, як іх правільна вымаўляць.

Яго вёска Сівіца была ад нас далекавата, і наведваўся ён не так часта. Затое часцей, болей тым часам, прабывала ў нас мая хросная, малодшая маміна сястра цётка Вера. Маці той год даводзілася гаспадарыць без бацькі, мужчынскі і жаночы клопат у гаспадарцы ляжаў адно на яе плячах. Нярэдка даводзілася ёй адлучацца з дому. Тады неяк няўзнак яе заступала цётка Вера. Яна, управіўшыся з работай, часам садзілася з вязаннем пры акне. Я падбягаў да яе з кніжкай, пытаўся, як правільна будзе гучаць гэта во літара, затым садзіўся на тапчан па-турэцку, як казала яна, і нягучна бэкаў сабе пад нос. Так што першую грамату здабыў самадзейна, у хаце.

Да восені 1941-га бацька ўжо вярнуўся са сваёй — для некага кароткай, а для яго доўгай — вайны і да першага верасня павёў мяне запісаць у школу.

Залеская школа знаходзілася на станцыі — гэта з вярсту ад нашага Вётхава. Стаяла яна воддаль ад станцыйнага будынку, на ўскрайку лесу. З поўначы камлістыя сосны падступаліся да самых яе сцен, узвышаючыся зялёна-хвалістымі кронамі над высокім жалезным дахам. Як на першака, школа глядзелася сапраўдным гмахам. Пабудавана яна была даўно. Пэўна, разам з усім комплексам прычыгуначнай станцыйнай забудовы, узведзенай у 70-я гады ХІХ стагоддзя, калі пракладалі тут Лібава-Роменскую чыгунку.

Падняўшыся высока на ганак з парэнчамі, бацька адчыніў вялікія важкія дзверы, і мы ўступілі ў светлы, даўгаваты калідор, а за ім у вялікую залу, з высокімі ды частымі вокнамі. Скрозь было светла і нязвычна прасторна.

Праваруч ля расчыненых дзвярэй у яшчэ адно памяшканне (настаўніцкую) паважна стаяў высокі ўсмешлівы мужчына, з муштуком і папяросай у руцэ.
Самавітая пастава, росласць ды шэра-дымчаты касцюм надавалі яму адметнасці, важнасці і, можа, святочнасці. Яны з бацькам павіталіся за руку і пра нешта загаварылі, усміхаючыся адзін аднаму. Я ж тым часам цікаваў на шыхт адмысловых лавак, злучаных са сталамі, што занялі частку прасторы залы бліжэй да акон. На першай з гэтых партаў назаўтра і пасадзіць мяне настаўніца.

Па дарозе да хаты пачуў я ад бацькі нешта дзіўнае: казаў, што цяперашні дырэктар, які залічыў мяне ў першы клас, быў калісьці яго настаўнікам.
А школа, і тое было мне зусім дзіўна, месцілася тады ў нашай хаце, у Вётхаве. Пазней ад маці таксама пачуў пра тую школку ў нашай хаце, дзе за настаўніка быў Баўтрукоў Іван. Яна не без гонару ўспамінала, як двойчы ў класе толькі адна адказала на пытанне, зададзенае настаўнікам і пачула яго ўхвалу. Светла помніўся роднай яе кароткі школьны век. Адну толькі зіму пахадзіла яна ў вётхаўскую школу. Вясной палякі арыштавалі настаўніка, і школа закрылася. Казала, нейкі час сама сабе задавала заданне і здымала яго. Пра арышт вётхаўскага настаўніка Янкі Дудкі паліцыяй праз гады я прачытаў у віленскай беларускай газеце таго часу. Як тое было, крыху раней даведаўся я ад самога Івана Варфаламеевіча.

Толькі ўсталявалася ў нас Польшча, вясной 21-га, у Залескай ваколіцы і далей у Паніззі, Кеўлах, Сівіцы камуністычным падполлем былі раскіданы афішкі. Ясна, антыўрадавыя зместам. Тут жа адразу наскочыла паліцыя з дазнаннем, і хто першы ў іх на воку? Канешне, настаўнік з яго беларускай школай. Прыйшлі не ў школу, а ў бацькаву хату. І трэба, як на тое здарыцца, знайшлі жмут тых афішак. І шукаць не трэба было. Бацька, стары Баўтрук, зрана хадзіў на Букарава, падабраў іх колькі штук на траве. Скручаныя ў трубку, яны заставаліся ў кішэні яго шэрай марынаркі, якую, прыйшоўшы ж у хату, павесіў на крук. Вядома, старому было цікава, што там пішуць, але думалася і пра курыва: з танюткай, як гільза, паперы можна было згарнуць добрую папяросіну.

Трубка каляровай паперы, якая тырчэла з кішэні марынаркі, і выдала крамолу.

«О псякрэў! — яе спрытна выхапіў паліцыянт у цывільным як шчаслівую знаходку, рэчавы доказ вінаватасці. Бацькі не чапалі, а яго, настаўніка, ды яшчэ Жэню Южыка, што, як і ён, быў скончыўшы за цара Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю, арыштавалі. У Южыкавых у хаце нічога не знайшлі, то Жэню з пастарунка адпусцілі, а яго, Дудку, эскортам з паліцыянтам адправілі ў Вільню.

Віленшчына на той час фармальна яшчэ не была далучана да Польшчы. Мела асобны статус пад назовам Сярэдняя Літва, у адрозненне ад незалежнай Ковенскай, а таксама самастойную адміністрацыю.

У астрожных мурах, памятных заходнім беларусам Лукішак, Іван Дудка сустрэў і лектара беларускіх вучыцельскіх курсаў Максіма Гарэцкага, таксама арыштаванага.
Гэта ж ад яго, выкладчыка літаратуры, і ад іншых педагогаў на тых курсах і запаліў настаўнік з Вётхава свой асветны каганец. Пасля беларускіх настаўніцкіх курсаў Івану Дудку і ўдалося адкрыць сваю першую школу. Пісьменнік жа і педагог у адначассі Гарэцкі трапіў у Лукішскі астрог за «Беларускія ведамасці». Рэдагаваная ім газета грамадска асвячала народ, злучала, мацавала жывыя яго сілы.

З Лукішак Івана Дудку выпусцілі праз тры месяцы, але школу ўжо ўзнавіць не далі.
Пакантаваўся ён колькі часу ды мусіў згадзіцца на польскія настаўніцкія курсы. Набіралі, хто меў педагагічную адукацыю, і накіроўвалі аж у Кракаў. А пасля кракаўскіх курсаў у Беларусь не пусцілі, далі месца ў школе аж на Пазнаншчыне. Тая часціна Польшчы за век з лішнім аўстра-венгерскага забору прынямечылася. Трэба было адраджаць пальшчызну. Там ужо праграма ішла зусім іншая, чым у яго вётхаўскай школцы, дзе вучні чыталі:

— Хто ты гэткі?
— Свой, тутэйшы.
— Чаго хочаш?
— Долі лепшай.
— Якой долі?
— Хлеба, солі.
— Чаго болей?
— Зямлі, волі…

Там ён вучыў добрых чужых дзяцей. Навучанне ішло пад знакам белага арла, у прамым і пераносным сэнсе:

— Kto ty jestes’?
— Poliak mały.
— Jaki znak twój?
— Orzeł biały…

Ды ў рэтраспекцыі я надта далёка адышоў ад таго, чаго пачаў, наважыўшы трохі расказаць пра асабісты школьны пачатак перыяду вайны, лютай і такой ахвярнай для майго народу, усіх іншых народаў, уцягнутых у яе крывавае дзейства. Натуральна, убачанае тады, у 1941-м, праз гады глядзіцца рэльефней, глыбей — адкрываецца ў першапрычынах і ўнутраных сувязях.

Тры першыя класы, школа ваеннай пары матчынай мовы, як тое было ў бацькоў за польскім часам, у мяне не адбірала.

Праўда, прыгожы адпаведны школьны будынак немцы хутка ў нас забралі. Прыгледзелі сабе пад апорны пункт і бункеры: балазе стаяла на адлёце, як бы прыкрываючы сабой з захаду ўсю прыстанцыйную забудову.

Прыехалі немаладыя, у рудаватай форме салдаты, казалі пра іх «тоды», прыгналі экскаватар і перш-наперш выграблі каўшом непадалёк школы даўжэзную шырокую траншэю.
Мы думалі, пад сховішча для бульбы, так нехта быў сказаў, аказалася — для стрэльбішча. Нам жа ўсім класам, узяўшы з сабою невялікае драўлянае ўкрыжаванне (адкуль яно толькі і бралася), давялося перабрацца ў сціплы драўляны Басін дамок, бліжэй да вакзала. У нашай ранейшай школе за акном шумелі высозныя, стройныя сосны, а тут у голых бэзавых кустах пад акном крыкліва чырыкалі вераб’і. Не было ні сяней, ні калідора.

Прыйшоўшы ў другую змену крыху раней, да заканчэння заняткаў першай, трэба было топаць на цесным падвор’і або, стаіўшыся на ганку, слухаць, што казалася там, у класе.

Я часам лавіў голас строгага старога настаўніка Паўла Южыка, які вёў урок малявання, тлумачыў пры дошцы і нешта чарціў на ёй, затым пытаўся…

Я не ведаў тады, што быў Павел Южык прафесійным мастаком. Скончыўшы ў свой час Віленскую рысавальную школу прафесара Трутнева, ён маляваў краявіды, пісаў партрэты тутэйшых людзей ды абразы для цэркваў.
Настаўнік жыў у Вётхаве недалёк ад нас. Калі мне ўдавалася не празяваць, як ён выбіраўся на станцыю, я прыстройваўся ўслед за ім. Пры высакаватым старым, апранутым у самавітае, з шэрым каракулем паліто, з сукаватым бліскучым кіем у руках, я чуўся досыць пэўна. А тое было асабліва важна пры пераходзе праз пераезд. Там, каля крана, злучанага з воданапорнай вежай, звычайна спыняліся цягнікі з нямецкімі салдатамі, выпраўленымі на фронт. Паравозы набіралі вады, а пераезд на той час перакрываўся шлагбаумам. Трэба было чакаць, пакуль унутры чорнай махіны нальецца шмат-шмат вады, міжвольна слухаць рогат салдатні, бачыць іх часам дзікаватыя забаўкі. Аднаго разу, будучы без настаўніка, я памкнуўся шмыгануць пад вагон спыненага эшалона, каб не спазніцца ў школу. Вартавы — і адкуль ён браўся — тут жа пагрозліва наставіў на мяне вінтоўку, крыкнуў: «Halt! Zuruk»… і яшчэ нешта злоснае.

З таго часу я не рызыкаваў праскочыць паўз эшалон з салдатамі нахапкам, мусіў, як усе, чакаць, пакуль, натужна сапучы да пырхаючы парай, цягнік не кранаўся з месца і не рушыў далей.

Аднойчы, у час такога вымушанага чакання, давялося быць сведкам здзеклівай сцэны.

З рэйкавым ключом на плячы ўздоўж эшалона ішоў рабочы-чыгуначнік, тутэйшы чалавек. Ішоў сабе і ішоў, але вось яго аклікнуў салдат з адчыненага вакна вагона? «Коm — па-нямецку хадзі сюды!». Чалавек вярнуўся, падышоў да акна і неўзабаве патупаў далей. Праз момант ізноў пачулася тое «Коm!». Пуцеец яшчэ раз вярнуўся і як бы зноў быў адпушчаны. Ён мінаў ужо другі вагон, як пачулася натужліва-злоснае «Коm!..». Пакліканы падышоў у трэці раз — і тут, выскачыўшы з вагона, два салдаты пачалі збіваць чалавека…

Аказалася, дзеля забавы яны ўлаштавалі эксперымент: паквапіцца тутэйшы пуцеец на знарок, дзеля пробы, падкінутыя з акна маркі, ці тут жа аддасць знойдзенае. Не падазраючы подступу, рабочы падняў край шпал тыя маркі і паклаў у кішэнь. Не быў вельмі кемлівы і не зрэагаваў, як трэба, калі аклікнулі: было ж ясна, што адмыслова назіралі, як будзе сябе паводзіць.

Было ад таго ўбачанага страхатліва і прыкра. А малады мужчына, што чакаў побач, калі адыдзе цягнік, адвярнуўся і плюнуў: «Хутчэй бы ён сышоў з воч». Быў выпадак, калі, падганяны думкай не спазніцца ў клас, я рвануўся праз пераезд і перабег перад самым паравозам, метраў за 30–50, а ён тым часам і не збіраўся спыняцца. Мае на той час спадарожнікі-аднакласнікі Тамара Гаварэнь і Рая Будвіс спачатку войкнулі зжахнушыся, а затым смяяліся з маіх перагонкаў з паравозам. І ўсё гэта было нармальна. Толькі бацька, даведаўшыся ад дзяцей, расцаніў тое па-свойму. Ды, мусіць, ува ўсіх бацькоў залішне строгі погляд на дзіцячыя памкненні і ўчынкі. На наступны год у мяне ўжо не было праблемы пераходу да школы праз чыгунку.

У другім класе нам пашанцавала на школьны будынак. Наш клас месціўся ў мезаніне былога маёнтка Агінскага.

Потым, ужо вясной, нас пацяснілі: спусцілі долу галерэю, што выступала даўгаватым адросткам ад асноўнага корпуса палаца. У нашым памяшканні былі частыя з паўкруглым закругленнем уверсе вокны па дзве сцяны, было халаднавата, але светла і досыць прасторна. Парты займалі частку галерэі, яе крайні канец.

Гаспадарыла тут нейкая невялікая каманда з пажылых салдат. Казалі, што гэта аўстрыйцы.

Яны неяк не кідаліся ў вочы. Магло здацца, што іх зусім няма. Можа, з-за таго, што былі заняты той гаспадаркай. Праўда, зрэдку іх можна было ўбачыць усіх адразу. Яны вышахоўваліся ў невялікую шарэнгу, чалавек 10–12 пры амуніцыі, з вінтоўкамі, і тупалі гуськом у бок Паніззя. Гэта за кіламетраў 5 на поўдзень ад Залесся Агінскага, у горы. Гарамі называлі ў нас ланцуг узгоркаў, што цягнуўся ад Вільні, Панараў, недзе ў бок Радашковіч. Казалі, што быццам выпраўлялася тая каманда на партызан. Рабілася тое, што называецца, для праформы. Старыя ваякі мусілі неяк дзеля начальства дэманстраваць сваю баявую прысутнасць на акупаванай тэрыторыі. Пастраляўшы пад Французскай гарой ля Паніззя, да абеду, часу нашага сыходу са школы, яны тупалі назад. А яшчэ аднойчы яны засведчылі пра сябе, усчаўшы густую стральбу па вароніных гнёздах на дрэвах. У вайне з птушынай зграяй былі яны паспяховымі.

Што побач з намі вялася немцамі гаспадарка, я зразумеў пазней, у 1944-м, калі яны ўцякалі, а я разам з аднавяскоўцамі заскочыў паглядзець, што там засталося.
Пры змене ўлады — так ужо павялося — люд заглядаў у маёнткі, пакінутыя сядзібы, каб, не будзем саромецца гэтага слова, «паграбіць». Я прыняў удзел у гэтай, скажам так, усенароднай акцыі. Але, трэба прызнацца, з нулявым поспехам. Перад усім з прычыны малалецтва. Хоць як паглядзець на тое: недзе прыблізна ў той час і крыху пачакаўшы, можна было заўважыць на таварняках адчайных гаўрошаў, якія падарожнічалі ў пошуках падобнай удачы аж у самую Прусію.

Але ў сваіх згадках я прыпыніўся дзесь яшчэ на 1942–1943 гадах.

Другі школьны клас запомніўся мне болей, чым першы. У першым у нас нават не было буквара. Усе заняткі ў маім першым класе адбываліся на дошцы і пры дошцы.
Настаўніца, была гэта маладая дзяўчына, як я цяпер разумею, родам з вёскі Хатуцічы. Спакойная і ласкавая, яна нават не запомнілася. Пісала на дошцы літары, як правільна іх выводзіць. Лічэнне спасцігалі на пальцах ды на палачках, якія адзін час яна наказала нам зрабіць і прынесці ў школу.

Другі клас запомніўся і настаўнікам — жвавым, энергічным Сашкам Быкоўскім з Зарудзіч, і некаторымі асобінамі аднакласнікаў. Настаўнік наш досыць пільна сачыў за чысцінёй: «Пакажы рукі, пакажы ногі…» Вясной, натуральна, хадзілі басяком, і настаўнік пільнаваў, каб не запускалі на нагах «рэпы». Сядзелі мы па траіх за партай: Ліс Пеця, Ліс Геня і Арсень. Настаўнік патрабаваў дружнага адказу на прывітанне: «Жыве Беларусь!». Дрэсіраваў клас па табліцы множання і вусным лічэнні.

За значны збой пры адказе табліцы мог даць лінейкай колькі разоў «у лапу».
Чытаць ды весці вуснае рахунковае лічэнне часта выводзіў клас на прыроду, балазе здатных мясцін наўкол хапала. Адразу за нашым класам-галерэяй быў млын, а направа — надрэчная мясціна і былы звярынец — на наш час проста купа старых вялікіх дрэў, ліпаў і таполяў. Яшчэ ў 60-70-я гады мінулага веку іх, сведкаў жыцця славутага кампазітара і грамадска-палітычнага дзеяча Агінскага, можна было пагладзіць рукой па шурпатай кары, з удзячнасцю ўспамінаючы свае школьныя гады тут, пад іх засенню.

Пад пышнакроннымі дрэвамі нам няблага чыталася і хутка складаліся ў галаве лічбы ў належныя сумы. У вусным лічэнні мы ўдваіх з Колем Кур’яном апярэджвалі ўвесь клас, рашалі за ўсіх. Лёгка давалася і табліца множання. У канцы года я атрымаў ад настаўніка нешта накшталт пахвальнай граматы. На аркушыку паперы са школьнага сшытка было хораша напісана чорным чарнілам: «Вучань вельмі старанны… Прашу не забыцца за лета табліцы множання» і стаяў размашысты роспіс кіраўніка класа. Уласна, той лісток з графічна выведзеным загалоўкам адрасаваўся больш бацьку, чым мне. Мушу тут, дарэчы, прызнацца, што нягледзячы лёгкасць запамінання, у тым ліку табліцы множання, імклівую маніпуляцыю ў розуме з лічбамі, матэматыка з мяне не выйшла. У старшых класах з матэматычнымі навукамі меў праблемы.

Другі клас мой стаў багаты на дзве — ажно на дзве! — навучальныя кніжкі.

Яны былі для мяне, як, мабыць, для шчырага верніка — малітоўнік. Абедзве гэтыя кніжкі няўзнак прычыніліся да будучага майго выбару ў жыцці, звязанага з філалогіяй. Імёны іх аўтараў, укладальнікаў з вышыні сённяшняга майго разумення свету, лёсу — сакральныя. Гэта Якуб Колас і Леаніла Гарэцкая, укладальнікі чытанак «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» і «Родны край».

Як пазней даведаўся, у 20-я гады перадусім у Вільні кааператыўным Беларускім выдавецкім таварыствам, а таксама прыватнымі выдавецтвамі Барыса Клецкіна, Уладзіслава Знамяроўскага ды інш. было выдадзена шмат арыгінальных беларускіх і перакладных падручнікаў. Выдадзена ў перыяд нацыянальнага абуджэння, шукання дарог на патрэбу беларускай школы, якой польская адміністрацыя на гвалт не хацела даць беларусам. Значныя тыражы тых выданняў аселі на складах, у беларускіх кнігарнях Вільні нерэалізаваныя.

У вайну, калі беларуская школа пачала адраджацца, тыя запасы добра выручалі вучняў і настаўнікаў, прынамсі заходняга рэгіёну Беларусі, даўняй Віленшчыны.

Новыя гаспадары пачатковую і сярэднюю беларускую адукацыю не абмяжоўвалі. Яна ім як бы не абходзіла. Энтузіясты беларускай асветы маглі скарыстаць момант, і скарыстоўвалі з яго. У Вільні адрадзілася беларуская гімназія, зачыненая ў 1940 годзе. За ёй адкрылася яшчэ і семінарыя, якую палякі закрылі яшчэ ў 1931-м. Моладзь з нашых ваколіц — да Вільні было не так далёка — падалася туды на штудыі.

Праз гімназістаў і семінарыстаў да нас сталі трапляць падручнікі і іншыя беларускія кніжкі тых даваенных выданняў.

У другім класе я вучыўся з Віцем Сенькоўскім, старэйшы брат якога Юра займаўся ў віленскай вучэльні. Аднаго разу Віця сказаў мне, што ў яго ёсць цікавая кніжка «Родны край», і не адна — брат прывёз. Не адкладаючы на заўтра, я, памятаю, у мяцеліцу выправіўся ў засценак, дзе жылі Сенькоўскія. Праз кароткі час нёс да хаты сваю здабычу, прыціскаючы да грудзей ды захінаючы ад замеці, ад чаго далікатная вокладка «Роднага краю» адразу набыла варты жалю выгляд. Але такое не бянтэжыла. Дома мы з маці абгарнулі кніжку газетай. А пачыталі, дык яна спадабалася не менш за «Другое чытанне».

Як на сённяшняе разуменне, з паўвекавой дыстанцыі часу, то былі тыя абедзве чытанкі ўкладзены паводле педагагічнага досведу, правіл педагагічнай навукі пачатку ХХ стагоддзя.
Падрыхтаваныя з глыбокім адчуваннем кволай дзіцячай душы, яны вылучаліся тактам, уменнем весці яе ў навакольны свет, паволі разгортваючы перад вачыма вучня праявы жыцця, яго далячыні.

Як падручнікі, прызначаныя да засваення навыкаў чытання, разумовага развіцця дзіцяці, кніжкі Л. Гарэцкай і Я. Коласа мелі, натуральна, шмат супольнага. У той жа час яны даволі прыкметна розніліся. Перш-наперш зместам, сабраным пад іх вокладкамі матэрыялам, агульнай танальнасцю яго гучання. Апальны народны настаўнік Канстанцін Міцкевіч укладваў сваё «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» у надта неадпаведных такому клопату ўмовах. Звольнены з працы ў школе за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе, ён апынуўся ў досыць скрутным становішчы. Коратка прыстаў быў да працы рэдакцыі «Нашай нівы», нядоўга настаўнічаў у неафіцыйнай школцы, адкрытай для сялянскіх дзяцей на Талачыншчыне памешчыцай Гардзялкоўскай. А ўжо ўвосень 1908 года яго чакала турэмнае зняволенне ў Пішчаўскім замку ў Мінску.

Агульная танальнасць беларускай чытанкі, выдадзенай у 1909 годзе ў Пецярбургу суполкай «Загляне сонца і ў наша ваконца», мінорная. І гэта зусім не дзіва: асабісты свой лёс паэт-педагог не аддзяляў ад долі народа, які цярпеў ад царскага абсалютызму, імперскай палітыкі. Нядоля народа, краю, спакойнае хараство беларускай прыроды чуйна агучана ў творах Якуба Коласа гэтай пары, а яны, гэтыя творы, склалі аснову «Другога чытання для дзяцей беларусаў».

Праўдзівасць, шчырасць, мінор, выказаныя пісьменнікам, западалі ў душу, будзілі водгалас.

З ранняга дзяцінства, з Коласавай кнігі асабліва запомніліся вершы «Ярка на камінку смольны корч пылае», «На саломцы тонкай, у траве глухой спее, даспявае колас сіратой…», «Льецца Нёман сярод гораў, светлы чысты, як з расы…».

Чытанкі Леанілы Гарэцкай «Родны край», або, як значылася ў падзагалоўках да іх, «другая», а затым «трэцяя і чацвёртая пасля лемантара кніга для чытання», абапіраліся на шырэйшае кола аўтараў. У яе (асабліва ў «трэцюю і чацвёртую») укладальніца, на той час настаўніца Віленскай беларускай гімназіі Гарэцкая, уключыла шырэйшае кола аўтараў — рускіх, польскіх, англійскіх. Аднак аснову кнігі Гарэцкай, як і Коласа, складалі творы беларускія, аўтарскія ды народныя. У свае чытанкі ўкладальніца ўлучыла і тое-сёе з чытанак Ластоўскага, змястоўных, аўтэнтычных, ніколі нікім не ацэненых па сёння.

У «Родным краі», акрамя першапачатковых ведаў пра жыццё народа, яго побыт, даваліся звесткі і з гісторыі Беларусі, яе славутых сыноў ды з культуры. Асабліва ў чытанках, прызначаных да трэцяга і чацвёртага класаў. Кніга «Родны край» у шчаслівейшыя для беларусаў 20-я гады цанілася, мела ў Вільні да сямі перавыданняў. Натуральна, дапаўнялася, удасканальвалася — была разлічана на выхаванне нармальнага, гарманічна духоўна развітага чалавека, перадусім грамадзяніна сваёй зямлі.

«Родны край» для 4 класа навучання пачынаўся з графічнага партрэта Янкі Купалы, верша паэта:

Вучыся, нябожа, вучэнне паможа
Змагацца з нядоляй, з няволяй…
Што мучыць сягоння, што думкі трывожа, —
Збяжыць і не прыйдзе ніколі.
Жаль згіне, як мара: не будзеш няздарай,
Нідзе і ні ў чым не заблудзіш;
Ты праўду ў няпраўдзе, як сонца між хмараў,
Спазнаеш, як цёмен не будзеш.

З «Роднага краю» на ўсё жыццё запаміналася і простае Леапольда Родзевіча «Буслы», і энергічнае, як заклік не толькі да земляроба:

Уставай, сявец, — бяры сяўню,
аўса, вады давай у волю
Свайму таварышу-каню
і едзь паспешна з ім у поле.
Прыйшла вясна, і там цябе
чакае звольненая ніва,
і зазывае ўжо к сабе
сяўца-работніка зычліва.
За зіму ўспрэўшае зямля
Табе аддасць за працу многа!
Уставай, сявец! Няхай сяўня
Не будзе пуста і ўбога.

Толькі праз гады даведаешся пра творцаў гэтых упадабаных табою радкоў: Леапольда Родзевіча, Якуба Коласа, Цішку Гартнага, пра іх неласкавы чалавечы лёс.

Запаміналася ў тым далёкім другім класе і нешта больш складанае для тагачаснага разумення, але памятнае чымсьці.

Можа, заключаным у паэтавых радках драматызмам, яшчэ нечым неўразумелым?

— Мамка, мамка!

Што так плачаш,
і крыжамі неба значыш?
Ці ж баішся вельмі неба?
То ж яно дае нам хлеба!
— Бачыш, сынку: цёмна хмара
Залягла, як злая мара,
Градам выб’е наша збожжа,

«Родны край» для трэцяга класа пакінуў у душы гронку дзіцячых беларускіх вершыкаў: «Сіло», або «Добрыя дзеці» Алеся Гаруна, «Раніца» Міхася Чарота, «Пры скаціне» Янкі Купалы. Былі ў чытанцы Л. Гарэцкай, што «другая пасля лемантара кніга для чытання», так бы мовіць, творы на выраст для трэцякласнікаў. Напрыклад:

Гэй, наперад, покі сэрца
Б’ецца, рвецца на прастор,
Годзе млеці ў паняверцы;
Гэй, да сонца! Гэй, да зор!

Гэтыя Купалавы словы на той час у Заходняй Беларусі сталіся песняй, шырока кружылі ў народзе, будзячы дух супраціву, надзею.

І яшчэ, з першых маіх беларускіх чытанак — абедзвюх — надоўга запомніліся народныя казкі, з іх дасціпнай выдумкай, посмехам і павучаннем.

Падагульняючы згадкі пра першыя чытанкі, думаецца: з гадамі прыходзіш да ўсведамлення, што кнігі дзяцінства — частка самога твайго дзяцінства. Дзякуй ім. Паклон з пары, калі падагульняецца пражытае.
Калі некалі такі, здавалася, далёкі бераг, зусім блізка. Але не радуе ды, па праўдзе сказаць, і не палохае яго блізкасць.

Былі ў маім маленстве яшчэ дзве памятныя кніжкі, дакладней, кніга і падшыўка дзіцячага часопіса «Заранка», пра якія і праз гады хораша, з удзячнасцю лёсу ўпамінаецца. Згадваюцца яны, як цяпер кажуць, у кантэксце часу і месца чытання. Зялёны, у кардоннай вокладцы том Льва Талстога па-беларуску (пазней даведаўся імя яго перакладчыка Макара Краўцова) трапіў да мяне праз брата Геню з той жа Вільні. Браў я кніжку з сабою колькі разоў на пашу. У канцы Букараўскага поля, купленага бацькамі, быў кавалак няўдобіцы. Агарадзіўшы дротам, бацька пусціў яго пад пашу. Пачатак пасьбішча быў адкрыты, накшталт палянкі. Далей, у бок рова, дзялянка паніжалася. Раслі там між купін нізкарослыя, каржакаватыя вольхі, трава пераважна жорсткая, падобная да асакі. Знайсці нейкі іншы ўжытак такому канцавому грунту — абярнуць у ворыва ці сенажаць не было разліку. Невялікае пасьбішча, клінам выходзячы да рова, давала хоць нейкі спажытак гаспадарцы: дзве каровы і конь не вельмі маглі зажыраваць на гэтай траціне гектара, але трэба было неяк даваць рады ў гаспадарцы, небагатай на зямельны надзел.

Пры хатнім статку ў агароджы клопат мой быў невялікі. У шкоду мае падначалення не лезлі.

Пагрызшы траву, самі ўдаваліся да вады: клін пасьбішча краем выходзіў да рова. Я клаў на вялікі пляскаты камень з замшэлага граніту, які раскошна разлёгся на пачатку пасьбішчнай дзялянкі, кнігу і чытаў. Чытаў малыя апавяданні Талстога. Не сказаць, каб яны мяне паланілі, але запомніліся: знаць, нешта казалі малой душы. Хоць філасофія і мараль іх былі далекавата за межамі дзіцячага паняцця, але сюжэты запаміналіся: дзеі ў іх былі даступныя дзіцячаму ўяўленню. Да прыкладу, як той, што ляжаў у аснове апавядання «Бог праўду бачыць, ды не хутка скажа». А найболей узрушылі, хвалявалі прыгоды Жыліна і Кастыліна з «Каўказскага палонніка». Чытанне тое было ўжо ў хаце, зімой, пры лямпе. І адзін момант у тым чытанні асацыіруецца з вайной.

Бацька тае зімы зноў рабіў санкі на продаж. Дадавала гэта нейкія рублі-маркі ў гаспадарку. Той вечар габляваў капылы на вартаце. Лямпу ў такія вечары вешалі вышэй пры сцяне, каб было відно ўсім.
Я станавіўся на калодку, бліжэй да лямпы, і чытаў. Папрацаваўшы колькі трэба з габэлькам, бацька адкладаў яго на вярстак, засыпаны стружкамі, здымаў са сцяны лямпу, ставіў яе на стол ля тапчана, казаў: «Хадзі сюды з кніжкай…» Мы ўжо колькі вечароў чыталі з ім услых папераменна і дайшлі да ўцёкаў Жыліна і Кастыліна з палону. Наша чытанне раптам перапыніў гучны стрэл, што данёсся са станцыі, а з ім разам адчайны, немы чалавечы крык. Так крычаць можна было ад нейкага непамернага, можа смяртэльнага болю. Паціху ён аціх. Назаўтра гаварылі, што гэта была за прыгода. Стрэлачнік запаліў у сваёй будцы ліхтар, мусіць, не завесіўшы перад тым акно. Немцу-вартавому, дзе ён там стаяў, здалося тое святло сігналам, некаму перадаваным. І ён бабахнуў прама ў будачнае акно, трапіўшы стрэлачніку ў калена. Вось адкуль быў той начны крык на станцыі. Неяк трывожным гукам уплятаўся ён у ваеннае дзяцінства, у цэлым не такое пакутлівае, як у іншых маіх равеснікаў у свеце.

«Заранка» прыйшла да мяне той самай дарогай, як і іншыя першыя беларускія кніжкі — з Вільні, у вайну. Генадзь раз расказваў, як шмат кніжак ім давялося перанесці з нейкага склада пры старой кнігарні ў Беларускі музей (ён у вайну яшчэ трываў), і дырэктар яго дазволіў хлопцам браць лішак выданняў сабе.

«Заранка» — адзінае дзіцячае перыядычнае выданне на ўсё маё маленства і ранняе юнацтва. Меў чытацкую ўцеху з простага гэтага часопісіка. У студэнцкія гады здзівіла, як ён выдаваўся… Пазней шчасліва пазнаёміўся асабіста з рэдактарам і выдаўцом яго ў адной асобе Людвікай Антонаўнай Войцік — чалавекам, у чыёй памяці зберагліся, усплывалі праз гады жывыя галасы, незабыўныя абліччы апосталаў беларускага адраджэння пачатку ХХ стагоддзя Івана Луцкевіча, Максіма Багдановіча, Антона Лявіцкага, Уладзіслава Галубка, Аркадзя Смоліча, Аляксандра Уласава…

* * *

Засталося яшчэ крыху недасказанага пра мае школьныя пачаткі, — невялікі акрайчык згадак. Трэці і чацвёрты мае класы адбываліся яшчэ ў ваенны час. Трэці — пад нямецкай акупацыяй, а чацвёрты ўжо пасля выгнання немцаў, пры канцы вайны.

Трэці ў нас пачаўся зноў з пярэбараў. Не ведаю, з якой прычыны, але нас выставілі з той галерэі ў Агінскага. Мы апынуліся ў доме Капчынскага-паніча. У асадніка Капчынскага быў нежанаты брат, і той дамок пад гонтай яшчэ пры паляках быў пабудаваны для паніча. Стаяў ён на касагоры, непадалёк ад зарослых аерам затокаў, што ўтварыліся пры ўпадзенні рэчкі Шырокай у стаў. Быў ён без калідора і сенцаў. Зімой прыйшоўшы ў школу — а мы, трэцякласнікі, хадзілі ў другую змену, — не было дзе прыткнуцца. Хіба што ля вялікага валуна, які тут вясною пры доме грэўся на сонцы і стыў зімовай парою. Але вясной на схіле ўзгорка да рэчкі было міла, і, памятаю, на пераменках мы бавілі час на ўлонні рэчкі і яе зялёных затокаў.

Вучыла нас Алена Южык, родам з суседняй вёскі Яневічы. Мы звалі яе «спадарыня настаўніца».

Яна не прыгнятала нас дысцыплінай. Абыходзілася ласкава, на што дзіцячыя душы адказвалі адэкватна.

На ўроках роднай мовы, нямецкай нас не навучалі, у трэцім класе мы пазнавалі ўжо элементы граматыкі. Запісвалі ў сшыткі першыя правілы, і мяне памятна ўразіла, што быў некалі ў нашай мове сярод сямі склонаў сёмы, клічны: княжа, сыне, браце. Было, праўда, неяк нязвычна паводле граматыкі пісаць у творным склоне: «на дошцы», «на рэчцы», «на кладцы» замест «на дошца», «на рэчца», «на кладца», як казалі ў нас заўсёды.

На жаль, самой той граматыкі, як ні намагаўся я дастаць яе, у мяне не было. Мелася яна адно ў настаўніцы, запомнілася чорна-белай графічнай кветкай на вокладцы. Праз чвэрць веку, калі напісаў сваю першую кніжку, прысвечаную жыццю і дзейнасці Браніслава Тарашкевіча, як рарытэт атрымаў яе ў падарунак ад Сашы Мажэйкі. Было гэта шостае выданне «Беларускай граматыкі для школ» Тарашкевіча, з выявай матыву слуцкага пояса на вокладцы, выдадзенае падчас вайны ў Мінску. Папярэдніх пяць яе выданняў пабачылі свет у розныя гады ў Вільні. Граматыка Тарашкевіча добра паслужыла асветную службу ў 20-30-я гады ў Заходняй Беларусі, з яе вострай цягай маладых пакаленняў беларусаў да навукі на роднай мове.

* * *

У трэцім класе я спазнаў тое далікатнае пачуццё, што з гадамі прачынаецца ў нашай душы. Яго ў дзесяць год не назавеш каханнем. Тым не менш.
На ўроках спеваў я няўзнак пачаў вылучаць для сябе сярод дзяўчатак Гэлю Лапыцьку. Яна па просьбе настаўніцы і нас спявала сола свае «грачанікі». Яе карычневыя вочы пры гэтым бліскалі жыва, на бела-ружлівы тварык спадала чорнавалосая чолка, і ў мяне святлела на душы.

Грудны чысты Гэлін голас лунаў над класам міла і ветла. Была ўцеха слухаць яго.

Школа, усё звязанае з ёю, займала вельмі важнае месца ў духоўным жыцці дзіцяці. Але быў яшчэ ўласна хатні, побытавы, навакольны свет. Тое, што на свеце ішла вялікая вайна, да часу заставалася па-за гарызонтам дзіцячай свядомасці. У нас было адносна ціха. Немцы паблізу не стаялі, не было ніякага іх гарнізону. Вёска знаходзілася блізка ад станцыі, па гэты бок Віллі, і партызаны да нас не заглядалі. Адной ноччу толькі праскочылі праз вёску, але ў нашу хату не заходзілі. Па вайне знаёмы бацькаў з Алянца, партызан, сказаў, што стаў ля нашых варот і не пусціў хлопцаў ноччу трывожыць добрага знаёмца, свайго чалавека.

Ніхто з вётхавічан не служыў у немцаў і ніхто не быў у партызанах. Падобна на тое, што нейтральная пазіцыя ўзнікала на падсвядомым узроўні.

Пад весну 1941-га ў Вётхаве быў утвораны калгас, і далі яму назоў «Чырвоны партызан». Але ў калгас уступіла толькі частка вётхавічан: тыя, хто быў крыху заможнейшы і асцерагаўся вывазаў. Бяднейшыя не пайшлі. Сцяг, як знак калгаса, яго мяжы, развяваўся адно на сядзібе Южыкаў, а ўвесь усход, канец вёскі, заставаўся ў аднаасоб’і. Маці, паколькі бацька яшчэ не вярнуўся з палону (ён, то, пэўна, уступіў бы ў калгас), засталася сярод аднаасобнікаў. Гэта дыферэнцыяцыя вёскі, прынесеная звонку, не паўплывала на ўзаемаадносіны вётхавічан. Немцам ніхто нікога не падаткнуў, як гэта здалася ў іншых вёсках.

У першы ваенны год на полі ўрадзіла. Калгаснікі ціха падзялілі супольнае, а асобнікі сабралі сваё, і ўсе засталіся з хлебам.

Немцы з падаткамі не лютавалі. Падаткі пры іх заставаліся на ўзроўні польскага часу. Адно ціснулі на малако.

Улаштавалі рэгістрацыю і медыцынскую праверку рагатых, у Маркевіча, за рэчкай, адкрылі малачарню, і ўсе кожны дзень мусілі здаваць па два літры малака ад каровы. Тое прызначае нам я часам насіў на малачарню. Па дарозе, пэўна, не без ведама бацькоў, даліваў крыху вады з рэчкі, каб бідончык быў роўны з берагамі, поўны. Бывала, стоячы на вялікім камні пры беразе, пад камлём старой вярбы, акуратна зачэрпнеш краем бідончыка вады — і пайшоў на кладку, прастуючы да Маркевічавай сядзібы. Там, пад лесам, званым Сікаўшчына, быў прыёмны пункт. З даліваннем вады абыходзілася. Прыёмшчык на тлустасць малако не правяраў. А вада ў нашым Нурцы была як крынічная, чыстая, празрыстая — кацілася ж па жвіровым дне. Мая маленькая дыверсія супраць вялікай Нямеччыны не заўважалася, сыходзіла з рук.

Дзесь на часе выхаду майго ў першы клас, памятаю, мы сеялі з бацькам жыта на Букараве. Сказаў: «мы з бацькам», абазначаючы там не як уяўнае, а зусім рэальнае.

Бацька сеяў, кідаў зерне з сявалкі, а я прыбіваў услед за ім. Прыбіваць пасеянае азначала ісці з бараной услед за сейбітам, каб кінутае ім зерне затачылася ў глебу, прыкрылася зямлёй. Конь у баране ішоў спраўна. Кіраванне ім патрабавала пэўнага спрыту, увагі. Нельга было зазявацца і, галоўнае, незнарок трапіць нагой у канец лейцаў, што звісаў у руках. Тады паляціш носам у раллю.

— Вось і пасеялі мы з табой жыта, — неяк радасна паглядзеў на мяне бацька, забіраючы ў канцы нівы з маіх рук лейцы і каня. Дасць Бог, урунее поле.

І праз гады тая зялёная галінка, што звісала некалі пры мяжы над малым баранавальшчыкам, не-не дый скалыхнецца ў памяці з далёкай пары маленства. За плуг мне давялося ўзяцца пазней, недзе ў гадоў дванаццаць, калі быў ужо ў пятым класе. Бацька на той час ужо працаваў на чыгунцы, быў заняты штодзень службай. А з маці мы папераменна ўзворвалі на зіму іржышча. Плуг быў паўтарачны, зялёны, з нямецкіх трафеяў. Задаваў асаблівы клопат малому аратаю ў канцы баразны, калі трэба было абярнуцца з канём на пашы, каб пачаць новую ходку, новую баразну. Касіць навучыўся ў сёмым класе, на тым жа Букараўскім полі. Спачатку — на рэдкаватай там з-за беднасці грунту канюшыне.

Але ўсё гэта было пазней. А яшчэ быў цэлы кавалак нашага жыцця пры немцах, як звычна казалі ў нас, азначаючы дзяржаўны статус, характар улады над намі: «пры паляках», «пры саветах», «пры немцах».

Працяг будзе

Глядзі таксама: Арсень Ліс. Быў час

Арсень Ліс, Новы час

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031