Знайсці
25.04.2024 / 08:53РусŁacБел

Гісторыя шклоўскай калоніі, за тры кіламетры ад якой некалі жыў Лукашэнка

Папраўчую калонію №17 пабудавалі на ўскраіне Шклова ў 1980 годзе. Насупраць — пасёлак Маладзёжны, дзе жывуць сем’і яе супрацоўнікаў. За тры кілямэтры дом, у якім некалі жыў Аляксандар Лукашэнка. У сеціве нават можна знайсьці гісторыю, паводле якой ён нейкі час працаваў на камбінаце будаўнічых матэрыялаў, прыпісаным да калоніі.

Шклоўская калонія. Фота: Ударны фронт

Яго апублікаваныя біяграфіі гэтага факту не згадваюць. У 2003 годзе Лукашэнка асабіста наведаў ПК-17 і жорстка запатрабаваў разабрацца з сітуацыяй, якая прывяла да закрыцьця таго самага камбіната будаўнічых матэрыялаў. На ім працавалі асуджаныя з калоніі, за закрыццё прадпрыемства Лукашэнка пагражаў адказным крымінальнымі справамі, піша Радыё Свабода.

101 палітзьняволены

Першы палітзьняволены зьявіўся ў ПК-17 у 2006 годзе. У Шклове тады адбываў пакараньне грамадзкі актывіст Мікалай Астрэйка, асуджаны ў справе «Партнэрства». Яго абвінавацілі ў дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі

Пасьля падзей Плошчы-2010 у Шклоў трапілі палітык Мікалай Статкевіч, грамадзкія актывісты Зьміцер Дашкевіч, Мікалай Дзядок, Алег Гнедчык, Аляксандар Класкоўскі, Уладзімер Лобан, Дзьмітры Новік, Арцём Пракапенка.

Сёньня ў Шклове адбывае пакараньне 101 палітзьняволены. Па словах былых палітвязьняў, на кожны атрад (іх у калёніі 17) прыпадае па 5-10 палітычных.

У Шклове адбываюць пакараньні юрыст, праваабаронца «Вясны» Ўладзімер Лабковіч, прафсаюзны лідар Аляксандар Ярашук, адвакаты Віталь Брагінец і Аляксандар Данілевіч, журналісты Яўген Меркіс і Дзьмітры Лукша, апэратар Павал Падабед, мастак Генадзь Драздоў, стваральнік Symbal.by Павал Белавус, лекар-трансплянтоляг Аляксей Аляксейчык, бубнач Аляксей Санчук, студэнт Арцём Баярскі, фігурант справы Аўтуховіча Павал Разановіч, анархіст Акіхіра Гаеўскі-Ханада, ІТ-бізнэсовец Багдан Каравец.

Паводле сьведчаньняў былых зьняволеных, стаўленьне да палітычных там вельмі жорсткае. Адразу пасьля карантыну палітвязьняў абавязкова накіроўваюць у ШЫЗА.

«Біць могуць і сілавікі, і карантынныя актывісты (там іх заўсёды трое: загадчык гаспадаркі, дзённы і начны «днявальныя». Яны гэта робяць у сьляпых зонах, дзе няма камэр, напрыклад у так званай «сушылцы», або разьдзявальні… Бывалі выпадкі, калі гэтыя дурні ўляталі ў масках або балаклавах з боку спальнага памяшканьня (там ёсьць дзьверы, якія злучаюць асноўны будынак штабу калёніі з карантынам) і пачыналі лупіць абсалютна ўсіх без разбору. Такая ж практыка ёсьць і ў СІЗА. Там заўсёды напагатове дзяжураць так званыя «рэзэрвы» з сабакамі, якія робяць тое ж самае, забягаючы ў камэры», — расказваў «Вясьне» былы палітвязень, які назваўся Ўладзімерам.

Другі былы палітвязень падкрэсьлівае, што загады на біцьцё дае намесьнік начальніка калёніі ў рэжымна-апэратыўнай працы Аляксей Маскалёў, а б’е старшы апэратыўны работнік Сяргей Карчэўскі. Таксама былы сядзелец называе імёны іншых супрацоўнікаў, якія займаюцца рэпрэсіямі: Дзяніса Сазонова, Івана Галанава, Віталя Краўчанку, Паўла Прохарава, Дзьмітрыя Ўдодава.

Двойчы на дзень усіх сядзельцаў перад дзьвярыма камэр прымушаюць сьпяваць гімн Беларусі.

Сьмерць Вітольда Ашурка

21 траўня 2021 года ў шклоўскай калёніі загінуў палітзьняволены Вітольд Ашурак. Абставіны яго сьмерці невядомыя да гэтага часу. Паводле афіцыйнай вэрсіі, ён нібыта памёр ад спыненьня сэрца, але родныя палітвязьня і расьсьледнікі перакананыя ў гвалтоўным характары сьмерці, бо цела памерлага сям’і аддалі са шматлікімі пашкоджаньнямі, з забінтаванай галавой і шыяй. Сьледчы камітэт абверг крымінальны характар сьмерці Вітольда Ашурка, хаця на відэа, апублікаваным МУС, экспэрты заўважылі сьляды мантажу і шэраг нестыковак. Пасьля надзвычайнага здарэньня ў калёнію прыяжджалі супрацоўнікі пракуратуры. Пра вынікі расьсьледаваньня не паведамлялася, аднак усё кіраўніцтва калёніі засталося на сваіх пасадах, а некаторыя супрацоўнікі атрымалі павышэньне.

Былы палітвязень Віктар Пархімчык ня быў у калёніі, калі памёр Ашурак, але шмат кантактаваў зь іншымі зьняволенымі і абмяркоўваў гэты выпадак.

«Мне расказвалі, што Вітольда прэсавалі ад самага прыбыцьця ў калёнію. Адразу пасьля карантыну ён трапіў у ШЫЗА… У мяне склалася ўражаньне, што Вітольд меў лідэрскія здольнасьці, ён паказваў свой характар. Таму яго і «прэсавалі», каб, як яны самі казалі, «паставіць на месца», дабіцца ад яго паслухмянасьці.

Людзі, якія сядзелі ў суседняй камэры з ШЫЗА, дзе быў Вітольд, казалі мне, што чулі з камэры Вітольда крыкі і чулі голас Сяргея Карчэўскага, начальніка рэжымнай часткі», — расказваў у размове са Свабодай былы палітвязень.

Імя Сяргея Карчэўскага сярод вінаватых у сьмерці Ашурка называюць журналісты з «Альянсу расьсьледнікаў Беларусі» і «Кібэрпартызаны».

Акрамя Карчэўскага, вінаватымі расьсьледнікі называлі начальніка калёніі Аляксандра Карніенку, начальніцу мэдычнай часткі Натальлю Дабрадзеравец, лекара-псыхіятра Ігара Кандраценкава, лекарку Тацяну Разьвянкову.

«Пасьля сьмерці Вітольда Ашурка вязьняў некаторы час амаль ня білі. Але ў верасьні 2021 году я ўбачыў двух моцна пабітых хлопцаў у ШЫЗА. Гэта такая практыка: каб чалавек зь сьлядамі пабіцьця моцна не «сьвяціўся» ў атрадзе», — казаў Віктар Пархімчык.

Мэтай прэсінгу, па словах былога вязьня, зьяўляецца поўнае падпарадкаваньне вялікай колькасьці зьняволеных.

«Я спытаўся ў аднаго супрацоўніка калёніі: «Для чаго вы гэта робіце?». Ён мне адказаў, што «мы будзем цябе катаваць, каб ты больш не хацеў сюды вярнуцца», — кажа былы палітвязень.

Былому начальніку ПК-17 палкоўніку Сяргею Ермаліцкаму, які адпрацаваў на пасадзе начальніка калёніі 22 гады, у кастрычніку 2011 году быў забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу за жорсткае абыходжаньне зь вязьнямі і перасьлед Мікалая Статкевіча. У 2015-м яго павысілі да начальніка ўпраўленьня Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў Гомельскай вобласьці.

Цяперашні начальнік калёніі — Аляксандар Карніенка, 1978 году нараджэньня. Пачынаў у 2000 годзе са службы ў Магілёўскім АМАПе. Пасьля звольніўся з органаў. Аднавіўся на службе праз 2 гады.

Паводле інфармацыі BelPol, мяняў пасады як пальчаткі: працаваў у Магілёўскай калёніі №15, іншых рэжымных аб’ектах, быў намесьнікам начальніка ПК-19, начальнікам ЛПП №7, намесьнікам начальніка СІЗА №1, намесьнікам начальніка ўпраўленьня Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў па Менску і Менскай вобласьці. З 2019 году — начальнік ПК17.

Ягоны намесьнік у рэжымна-апэратыўнай працы Аляксей Маскалёў скончыў Акадэмію МУС. Пачынаў службу начальнікам атраду Магілёўскай ПК-15, даслужыўся там да начальніка рэжымнага аддзелу. 23 чэрвеня 2009 году атрымаў вымову за «нізкую выканаўчую дысцыпліну, упушчэньні ў арганізацыі агентурна-апэратыўнай працы, нядобрасумленнае выкананьне сваіх службовых абавязкаў»

З 2017 году Маскалёў праходзіць службу ў Шклоўскай ПК-17. Паводле інфармацыі BelPol, быў пацярпелым у справе асуджанага Ўладзіслава Казакевіча, які нібыта напаў на яго і на прапаршчыка Кузана. За гэты выпадак Маскалёў атрымаў таксама чарговую вымову. 8 сьнежня 2017 году яго папярэдзілі за неналежнае выкананьне службовых абавязкаў.

Да сьмерці палітвязьня Вітольда Ашурка таксама могуць мець дачыненьне начальнік рэжымнага аддзела калёніі Сяргей Карчэўскі і ягоная жонка Натальля Дабрадзеравец , якая тады была «начмэдам» ПК-17.

Сяргей Карчэўскі пачынаў майстарам у Бабруйскай калёніі №2, пазьней стаў опэрупаўнаважаным, інспэктарам рэжымнага аб’екта. У 2015 годзе прызначаны начальнікам аддзела тылавога забесьпячэньня магілёўскай крытай турмы №4. З 2017 году працуе ў Шклоўскай калёніі. Менавіта ён зьняты на апублікаваным відэа з камэры Вітольда Ашурка.

Натальля Дабрадзеравец — цяпер ужо былая начальніца мэдчасткі ПК-17. «Альянс расьсьледнікаў Беларусі» апублікаваў запіс тэлефоннай размовы 2021 году.

На ёй жаночы голас, як сьцьвярджае праект, належыць Натальлі Дабрадзеравец, а мужчынскі — палкоўніку міліцыі Аляксандру Казлову. Тады, будучы яшчэ кіраўніцай мэдычнай часткі, жанчына прасіла перавесьці яе разам з мужам Сяргеем Карчэўскім са Шклова ў іншае месца:

«Сытуацыя становіцца настолькі складанай, што нам з Сяргеем, хутчэй за ўсё, давядзецца звольніцца. Па сутнасьці, адбылася сапраўдная недарэчнасьць, аднак гэтая сытуацыя можа пагражаць мне поўным п***цом, калі я застануся… У нас якраз ідзе праверка па гэтым палітвязьні, і я вельмі спадзяюся, што ўсё ў выніку ўдасца загладзіць», — прасіла аб пераводзе Натальля Дабрадзеравец.

Неўзабаве пасьля сьмерці Ашурка Натальля Дабрадзеравец пайшла на павышэньне — цяпер яна працуе намесьніцай начальніка ЛПП № 7 па лячэбна-прафіляктычнай рабоце ў Магілёве. У Шклове была маёрам — у Магілёве стала падпалкоўнікам. Яе муж Карчэўскі па-ранейшаму працуе ў ПК-17.

У ПК-17 існуе шматпрофільная вытворчасьць: ёсьць швейны, абутковы, дрэваапрацоўчы, мэталаапрацоўчы цэхі. Тут вырабляюць мэблю для дому і саду, шыюць вайсковую форму і спэцвопратку, робяць цьвікі і сетку «рабіца». Але ў Шклове вырабляюць яшчэ і абутак — мужчынскія боты ў колерах хакі, грубыя скураныя боты для працы, а таксама скураную галянтарэю (папругі, вокладкі).

«Я працаваў у абутковым цэху. Умовы працы жудасныя, станкі і машынкі дапатопныя. Непрыемна сьмярдзіць скурай. Шылі мы ў асноўным чаравікі для зьняволеных і міліцыі. Такія боты кшталту берцаў у дзіўнай камуфляжнай расфарбоўцы. Сыравіну атрымлівалі няякасную. Вялікія партыі падэшваў былі бракаваныя: як толькі пачынаеш прышываць верх, яны трэскаліся. Скура таксама вельмі грубая. Я не ўяўляю, як такі абутак наагул можна насіць», — расказаў Свабодзе былы вязень Андрэй, які адбываў пакараньне ў Шклове.

Свая тэлевізія і «жывы куток» з экзатычнымі птушкамі

Шклоўская ПК-17 была першай, дзе зьявілася ўласная тэлестудыя. Яе арганізавалі пад VIP-вязьня — экс-старшыню Белтэлэрадыёкампаніі Ягора Рыбакова, які ў 2005 годзе трапіў у Шклоў за хабар і злоўжываньні. Рыбакоў і за кратамі кіраваў тэлевізіяй, але турэмнай. Ён адседзеў 5 гадоў замест прысуджаных 11 — у 2010 годзе Рыбакова памілаваў Лукашэнка.

Ёсьць у калёніі экзатычныя жывёлы. У корпусе, дзе разьмешчаны памяшканьні для спатканьняў, жывуць паўліны, папугай, чарапаха, трус, акварыюм з залатымі рыбкамі, а таксама сіямская котка.

Частку гэтай «жыўнасьці» паказалі ў фільме Беларускай тэлевізіі «Изнанка». Прапагандыстка Кацярына Ціхамірава дэманстравала вялікую бібліятэку, партрэты пісьменьнікаў, нават гіпсавы бюст Янкі Купалы, акварыюм з залатымі рыбкамі, а таксама сіямскую котку. Спальныя пакоі — як ва ўзорна-паказальным санаторыі, толькі ложкаў крыху больш. Экскурсію па калёніі правёў для БТ былы вядоўца крымінальнай праграмы «Зона Х» Дзьмітры Лукша, яму дапамагалі таксама зьняволеныя Юры Сяргей і Ўладзімер Рубашэўскі, якія адмаўлялі тое, што знаходзяцца за кратамі праз палітычны перасьлед.

Былыя вязьні Шклоўскай калёніі абсьмяялі прапагандысцкі фільм, заўважыўшы, што для дэманстрацыі «выдатных умоў утрыманьня» асуджаных БТ паказала памяшканьне першага атраду, які разьмешчаны літаральна празь дзьверы ад адміністрацыі і штабу. Асуджаныя з гэтага атраду, па іх словах, абслугоўваюць і кантралююць «цёплыя» месцы ў калёніі: штаб, карантын, памяшканьні для спатканьняў, царкву, спартовую залю.

«Яны ня ведаюць, што такое праца на прамысловай зоне: у гэтым атрадзе жыве асноўная частка стукачоў ды іншых карысных для адміністрацыі людзей. У якасьці падзякі за службу — такія ўмовы ўтрыманьня», — кажа адзін з былых палітвязьняў.

Падрыхтоўка ІТ-спэцыялістаў

Пра гэты факт паведаміў праваабарончы тэлеграм-канал MAYDAY.

У 2022 годзе Інстытут павышэньня кваліфікацыі і перападрыхтоўкі Магілёўскага ўнівэрсытэту арганізаваў дыстанцыйнае навучаньне зьняволеных у дзьвюх праграмах: апрацоўваньня выяў у Photoshop і Corel Draw. Тады 19 асуджаных атрымалі нават даведкі аб навучаньні дзяржаўнага ўзору.

А сёлета ў сакавіку зьняволеным Шклоўскай ПК-17 пачалі выкладаць у онлайн-фармаце курс «Асновы распрацоўкі сайтаў і Web-праграмаваньне», разьлічаны на 40 гадзін. Таксама выкладчыкі абяцаюць забясьпечыць «індывідуальнае суправаджэньне» распрацовак удзельнікаў праграмы.

У той жа Шклоўскай калёніі адбываюць пакараньне і прафэсійныя айцішнікі. У тым ліку і вядомы бізнэсовец, заснавальнік кампаніі Astronim, якая займаецца распрацоўваньнем сайтаў, сузаснавальнік Міжнароднага фэстывалю маркетынгу і рэклямы «Белы квадрат» Багдан Каравец.

Спробы ўцёкаў, напад на супрацоўнікаў і паборы

У студзені 2017 году зьняволены Міхаіл Т. па мянушцы «Карась» павесіўся ў камэры № 10 штрафнога ізалятару.

5 чэрвеня 2017 году трое зьняволеных, якія адбывалі тэрміны ў 14, 20 і 25 гадоў за згвалтаваньні і забойствы, адважыліся на ўцёкі. Пасьля працы яны забраліся ў пагрузчык і завялі яго, замкнуўшы правады. Транспарт накіравалі ў сьцяну калёніі, але спыніліся, пачуўшы стрэлы вартаўніка ў паветра. На кожнага завялі крымінальную справу і дабавілі тэрміны.

2 кастрычніка 2017 году Ўладзіслаў Казакевіч, які ўчыніў разьню з бэнзапілой у сталічным гандлёвым цэнтры «Эўропа» і быў асуджаны на 15 гадоў, напаў з самаробным нажом на канваіраў ПК-17. За гэта Казакевіча перавялі ў магілёўскую крытую турму №4.

Пад сьценамі калёніі абвяшчала галадоўку маці зьняволенага Ксенія Кузьняцова.Жанчына сьцьвярджала, што яе сына, які сядзеў паводле наркатычнага артыкулу, без тлумачэньня прычын зьмясьцілі ў ШЫЗА.

12 верасьня 2023 году асуджаны на 14 гадоў за забойства і гвалт у дачыненьні службовай асобы 58-гадовы злачынца спрабаваў уцячы з калёніі, але яго затрымалі і дабавілі яшчэ 2 гады зьняволеньня.

Нядаўна магілёўскія праваабаронцы паведамілі, што ў ПК-17 пачаліся паборы са сваякоў вязьняў.

«У сакавіку зноў пачаўся час рамонтаў, ад чаго асуджаных пераводзяць з атраду ў атрад. Сваякоў, адпаведна, просяць сустрэцца зь юрыстам калёніі «для добраахвотнай перадачы ў дар» будаўнічых інструмэнтаў і матэрыялаў (напрыклад, для пакоя вольнага часу)», — пішуць праваабаронцы. Паведамляецца таксама, што шчодрасьць падарункаў будзе мець непасрэднае значэньне пры разглядзе спраў аб умоўна-датэрміновым вызваленьні.

Чытайце таксама:

Як элітная калонія для былых чыноўнікаў і сілавікоў ператвараецца ў палітычную турму. Гісторыя «Віцьбы-3»

Свая крама, паспяховая вытворчасць, чытанне кніг праз відэасувязь. Што вядома пра калонію, дзе сядзіць Зміцер Дашкевіч

Самая брудная і самая жорсткая. Што вядома пра калонію, дзе трымаюць Аляксандрава, Бабарыку, Кузнечыка, Лосіка, Пачобута

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
4
Абуральна
7
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031