Знайсці
17.04.2024 / 16:23ŁacБел

«Гэта быў шок, 160 рублёў за недастаўку». Чаму за вяртанне пасылкі просяць у разы больш за яе саму?

У рэдакцыю «Анлайнера» звярнуўся чытач Дзяніс. Ён адправіў каробку цукерак у Кітай, заплаціўшы за гэта 66 рублёў. Аднак пасылку не даставілі, а каб забраць цукеркі назад, яму трэба заплаціць яшчэ больш — 92 рублі. Рэдакцыя спыталася ў «Белпошты», у чым тут справа.

Усё было так: сярэдзіна студзеня, набліжаецца кітайскі Новы год. Дзяніс купляе навагоднюю каробку цукерак «Камунарка» прыкладна за 40 рублёў і адпраўляе яе сваёй знаёмай у Кітай.

Паводле яго слоў, запаўняе паперы па інструкцыі супрацоўніка, усё правяраюць некалькі разоў. Дастаўка абыходзіцца ў 66 рублёў. А праз пару месяцаў, 3 красавіка, пасылка вяртаецца назад.

Чытач кажа, што ніякіх апавяшчэнняў ні ён, ні знаёмая ў Кітаі не атрымлівалі. Каб забраць пасылку назад, трэба аплаціць зваротную перасылку — 92 рублі.

«Гэта быў шок, 160 рублёў за недастаўку. Пасылку я, вядома, не забраў, такія дарагія цукеркі мне не патрэбныя».

У прэс-службе «Белпошты» карэспандэнту «Анлайнер» растлумачылі, што ў міжнародных паштовых адпраўленнях адпраўнік аплачвае перасылку з Беларусі ў краіну прызначэння ў адпаведнасці з тарыфамі, якія дзейнічаюць на момант адпраўкі. А вярнуцца пасылка можа ўжо па іншым тарыфе.

«У адпаведнасці з актамі Сусветнага паштовага саюза, пры вяртанні пасылак краіна, якая вяртае пасылку, вызначае тарыф за гэтую паслугу. Грошы па ім спаганяюцца з адпраўніка, калі яму ўручаюць пасылку. Гэты тарыф можа не супадаць з тарыфам, выплачаным пры адпраўцы пасылкі».

Што да паведамленняў, то ў «Белпошце» гавораць, што за гэта адказвае нацыянальны аператар — у тым парадку, які дзейнічае ў краіне прызначэння. Калі ж пасылка вяртаецца, то ў Беларусі паведамляюць так:

  • Калі пазначаны нумар мабільнага — накіроўваюць паведамленне праз нацыянальную паштовую электронную сістэму.
  • Калі чалавек не зарэгістраваны ў гэтай сістэме — накіроўваюць паведамленне ў Viber.
  • Калі чалавек не зарэгістраваны ў Viber або заблакаваў там уваходныя, або калі паведамленне не было дастаўлена на працягу двух гадзін (напрыклад, атрымальнік быў без інтэрнэту), накіроўваюць SMS-паведамленне.
  • Калі няма нумара мабільнага — у паштовую скрыню (калі яна спраўная) адпраўляюць папяровае паведамленне.

Гэты алгарытм апавяшчэнняў працуе і пры вяртанні міжнародных пасылак, і пры вяртанні пасылак па краіне. Калі пасылку вяртаюць, прычыну пазначаюць на спецыяльным цэтліку.

У «Белпошце» адзначаюць, што самая распаўсюджаная прычына — скончыўся тэрмін захоўвання. Калі прычына не пазначаная або адпраўнік з ёй не згодны, ён можа падаць рэкламацыю. Гэта платна — 6,60 рубля, і трэба будзе прыкласці квітанцыю, якую далі пры адпраўцы.

Чытайце таксама:

Чарговая схема: «Белпошта» папярэджвае пра паведамленні махляроў у месенджарах

Еўрапошта дазволіла адпраўляць пасылкі за кошт атрымальнікаў

Паштаматы аказаліся незапатрабаваныя ў Беларусі

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
2
Панылы сорам
5
Ха-ха
6
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
2
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера