Знайсці
31.01.2024 / 09:497РусŁacБел

Лявон Вольскі: Колькі расійскіх фанатаў выйдзе на Красную плошчу з плакатам «Свабоду Бі-2»?

«І што, ніхто з мільёнаў расійскіх фанаў гурту не выйдзе на Красную плошчу з транспарантам «Бі-2 — Be Free!»?» Піша на сайце Будзьма Лявон Вольскі з нагоды затрымання ўдзельнікаў гурта «Бі-2» у Тайландзе і рашэння аб іх дэпартацыі і прыгадвае іншыя кейсы з беларускімі музыкамі, якія спрабавалі знайсці шчасце ў Расіі.

«Бі-2». Фота: сацсеткі гурта

Спробы знайсьці беларускае шчасьце на расейскай зямлі

Беларускіх музыкаў заўжды прываблівала Расея. А што, напішаш пару хітоў — і вось ты ўжо ў бясконцым туры па неабсяжных прасторах фэдэрацыі. Ад Байкала, як той казаў, да Амура. Ад Краснадара да Краснаярска. І паўсюль — рынак. Паўсюль — шоў-бізнэс! Ну, можа быць, зь не зусім чалавечым тварам, але, прынамсі, чалавекападобным. Ня тое, што ў Беларусі — дзяржаўная эстрада, чорныя сьпісы, татальны кантроль. Штосьці не спадабалася кіроўнаму клану — і тады — хоць ты сотнямі гэтыя хіты пішы — ніхто іх не пачуе. Прынамсі, ад усіх радыё, тэлевізіяў, дзяржаўных сродкаў масавае інфармацыі ты адлучаны. І выступаць нідзе нельга. Адзін інтэрнэт, а што з таго інтэрнэту — ні грошай, ні захопленых водгукаў пасьля канцэрту!

І яшчэ. Колькі ў нас тае актыўнае публікі? Ну, тых людзей, якія гатовыя ісьці на канцэрт? Тысячы? Дзясяткі тысячаў? У Расеі іх — мільёны! Таму папулярнасьць тут, у Беларусі, і вядомасьць ТАМ — гэта зусім розныя рэчы.

Таму й хочацца ў Расею. Тым болей, што там і ганарары — ня роўня нашым, беларускім. Атабарысься там, асвойтаесься — і ўсё, як кажуць у тых самых дзяржаўных сродках масавае інфармацыі, пастаўленая задача выкананая. І ты, і твая сям’я надзейна забясьпечаныя. На доўгія гады.

Плюс яшчэ — калі ты ў Расеі папулярны, дык і ў Беларусі табе гарантаваныя поўныя залы. Бо ты гучыш па ўсіх расейскіх каналах і, наогул, у нас глядзяць на старэйшага брата. Уважліва. Адсочваюць. Любяць. Глядзяць фільмы, слухаюць музыку. Фанацеюць. Калі ты там спраўдзісься, дык і ў нас стоадсоткава будуць заўзець.

Прыблізна такімі думкамі кіраваліся айчынныя музыкі, калі спрабавалі знайсьці сваё шчасьце на гасьціннай (як здавалася) расейскай зямлі, дзе, як усім вядома, «душа наросхрыст», гарэлка і гарбата льюцца рэкамі, а ікры — як бруду ў Тамбове вясною.

Найлепей было ў 1990-я. Тады ў Расеі актыўна канцэртавалі і, нават, здавалася, «прапісаліся» гурты з Украіны, Малдовы, Беларусі, Казахстану. Яны выдавалі альбомы на расейскіх лэйблах, гралі на фэстывалях і карпаратывах, ладзілі гастрольныя туры.

Выконвайце настойлівыя рэкамэндацыі

І быццам бы ўсё так вясёлкава й бязвоблачна, але ўкраінскі гурт «ВВ» прадусары мякка й настойліва папрасілі ўключыць у альбом песьні на расейскай мове — маўляў, пашырым аўдыторыю. І ўключылі. Тое самае адбывалася з малдаўскімі «Zdob şi Zdub». Ну, а што рабіць? Як там гучыць расейская прымаўка пра чужы манастыр і свой статут? Будзьце ласкавыя выконваць патрабаваньні (не, безумоўна, не патрабаваньні — настойлівыя рэкамэндацыі!) тэрыторыі, на якой вы збіраецеся зарабляць грошы.

Беларускую «Краму» паступова выціснулі з рынку, бо, відаць, нашыя музыкі занадта добра гралі ў параўнаньні з расейскімі блюз-гуртамі. Стваралі нездаровую канкурэнцыю. Напачатку таксама прапанавалі частку рэпэртуару выконваць па-расейску, потым — «разбавіць» уласную праграму блюзавымі стандартамі, урэшце ўсё зьвялося да рэдкіх клюбных канцэртаў, і паступова расейская кар’ера «Крамы» завяршылася.

Тым часам набіраў абароты «Ляпіс Трубяцкі» са сваім наваствораным жанрам самаіранічных тыпу-дваровых сьпеваў. Уся Расея сьпявала «Ау» і «Ты кінула», пачаўся бясконцы расейскі тур «Ляпісаў», калі ты мусіш у любую гадзіну дня і начы быць напагатове, бо могуць раптоўна патэлефанаваць і запрасіць ужо заўтра граць у Ніжнявартаўску.

Іншы беларускі гурт — «Бі-2» зрабіў галавакружную кар’еру ў Расеі напрыканцы 1990-х — напачатку 2000-х. Два лідэры гурту прайшлі праз усе колы эміграцыі, праз Ізраіль ды Аўстралію, каб урэшце скарыць расейскую публіку…

Што ў выніку

Гэта ўсё было даўно. У даваенныя вегетарыянскія траваедныя часы, калі грамадзянам Расеі тамтэйшае консульства Злучаных Штатаў давала візы аж на дзесяць гадоў, як жыхарам дэмакратычнай краіны. Калі не было замежных агентаў, і Макарэвічу ўручалі дзяржаўныя ўзнагароды. Калі здавалася (шмат каму здавалася!), што вяртаньне да таталітарызму немагчымае, бо паглядзіце, які абсурд пануе ў Беларусі зь ейнай калгаснай дыктатурай!

І што ў выніку?

«Ляпіс Трубяцкі» зьмяніў некалькі складаў, бо музыкі не вытрымлівалі бясконцае канцэртовае гонкі і сыходзілі з дыстанцыі. Гурт атрымаў шмат розных прэстыжных расейскіх прэміяў ды ўзнагародаў, быў на топе, зьбіраў цэлыя арэны гледачоў, але пасьля ўварваньня Расеі ва Ўкраіну назаўсёды пакінуў калісьці (здавалася) гасьцінную ды пэрспэктыўную тэрыторыю.

Уяўляю сабе, як гэта цяжка, як балюча — ламаць напрацаваныя схемы, рваць трывалыя сувязі, адмяняць дзесяцігодзьдзямі наежджаныя маршруты. Але па-іншаму не выпадае, калі толькі ты ня хочаш паўтарыць подзьвіг Сукачова ці яшчэ якога былога расейскага рок-музыкі, а цяпер — прапагандыста «рускага міру».

А якое расчараваньне было ў нашых музыкаў, якія да вайны «паігрывалі» ў маскоўскіх ды піцерскіх клюбах і спадзяваліся, што іх усё ж такі заўважыць уплывовы прадусар і пачнецца новае зорнае жыцьцё! А такія беларускія музыкі былі, і нямала, паверце.

«Бі-2» — у клетцы пад адкрытым сонцам

Але што ўсе гэтыя расчараваньні ў параўнаньні з пачуцьцямі музыкаў гурту «Бі-2», якія зараз (я спадзяюся, калі вы будзеце чытаць гэтыя радкі, усё ўжо станоўча вырашыцца) сядзяць у вязьніцы ў Бангкоку! Гэта людзі, якія неаднаразова былі на вяршынях музычнага Алімпу (ой, даруйце мне гэты шаблённы выраз!), якія аб’езьдзілі з канцэртамі ўвесь сьвет, якіх любяць па ўсім гэтым сьвеце мільёны прыхільнікаў! І вось яны праз падступныя дзеяньні расейскага консула ў Тайляндзе мусяць зараз сядзець у 80-мяйсцовай клетцы разам зь іншымі вязьнямі. Пад адкрытым сонцам. Пры тэмпэратуры 35-40 градусаў.

Такі час. Не падтрымліваеш вайну Расеі супраць Украіны — значыцца, ты вораг гэтае Расеі.

Але пры чым тут час? За расейскім стырном цяпер — тыя ж людзі, што і дваццаць гадоў таму. Яны ўсё вырашаюць, усім кіруюць, усё кантралююць. Проста тады не было магчымасьцяў паказаць свой сапраўдны твар. Трэба было маскавацца, мімікраваць. Тады яны хадзілі на канцэрт «Бі-2» і рабілі выгляд, што ім падабаецца. Па-іншаму тады не выпадала. А цяпер ужо можна ўсё. Вось яны й карыстаюцца гэтым. І зь нецярплівасьцю чакаюць, пакуль музыкаў з Тайлянду вышлюць усё ж такі (расейскія дыпляматы ў Бангкоку робяць усё, каб гэта здарылася. А яны, як высьвятляецца, маюць там уплыў!) да іх, у іхныя лапы, у іхныя кіпці, у Расею. Яшчэ б! Такая буйная здабыча! Так і мроіцца: паказальны працэс, народныя масы — працоўныя, сяляне ды інтэлігенцыя — патрабуюць суворага пакараньня для здраднікаў!

І што, ніхто з мільёнаў расейскіх фанаў гурту ня выйдзе на Красную плошчу з транспарантам «Бі-2 — Be Free!»?

Каюся, некалькі разоў граў там. Даўно ўжо. Але ніколі ня меў да гэтае тэрыторыі сантымэнту ды нейкіх там спадзяваньняў. Ведаў, што ўсё адно не складзецца. І дзякуй Богу!

@nashaniva Музыканты з «Бі-2» на волі. Што яны расказваюць #беларусь#навіныбеларусі#беларусьсейчас#беларускіцікток#нашаніва#белорусы#новостибеларуси#беларусьновости#би2лучшие#бобруйск♬ Молитва (Из к/ф "Молитва") - Би-2

Чытайце таксама:

Ці могуць у беларусаў, якія ўдзельнічалі ў пратэстах, узнікнуць праблемы, як у «Бі-2»? Тлумачыць адвакат

Аднаго з музыкаў «Бі-2» вызвалілі, ён чакае самалёта ў аэрапорце ВІДЭА

Пасля візіту расійскіх дыпламатаў дэпартацыю ў Ізраіль для «Бі-2» адмянілі

Пяцёра ўдзельнікаў групы «Бі-2» адмовіліся ад сустрэчы з расійскім консулам

«Бі-2»: Сітуацыя з дэпартацыяй пакуль не вырашана

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
51
Панылы сорам
5
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
6
Абуральна
12
2
ўсе ардынцы хто супраць вайны/адказаць/
31.01.2024
шо цікава ўсе ардынцы хто супраць вайны , альбо этнічныя літвіны, габрэі , татары ці украінцы, ніколі маскавіты ... 
1
Мора/адказаць/
01.02.2024
ўсе ардынцы хто супраць вайны
Ваня Нойз - поўнасцю рускі

Я разумею, што вельмі хочацца знайсці нейкую "дрэнную" нацыю, але нагдваю, што калі вы так лічаце, вы нічым не адрозніваецесь ад ваты
1
переоценка ценностей/адказаць/
01.02.2024
Лявон Вольскі: Колькі расійскіх фанатаў выйдзе на Красную плошчу з плакатам «Свабоду Бі-2»?

а дзе і колькі выйдзе за Вольского ?
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера