Знайсці
09.01.2024 / 20:167РусŁacБел

«Хлопцаў шкада, але калі ўжо людзі навучацца?!» Чаму ў затрыманні Nizkiz пачалі вінаваціць саміх музыкаў

Рэакцыя сацсетак на затрыманне гурту Nizkiz была неадназначнай. Шмат хто пачаў абурацца таму, што тры з чатырох музыкаў знаходзіліся ў Беларусі. Як так атрымалася, што вінаваціць пачалі ахвяр? 

Гэта «Нашай Ніве» растлумачыў псіхолаг, кансультант кагнітыўна-паводніцкай тэрапіі, спецыяліст па агрэсіі.

Гурт Nizkiz. Фота: nizkiz_music_band / Instagram

Эксперт (імя па яго просьбе не называецца) адзначае: існуе тры асноўныя прычыны, з-за якіх пачынаюць абвінавачваць ахвяру. Першая — гэта парушэнне таго, што грамадства лічыць нормай (напрыклад, у вельмі рэлігійных краінах, калі жанчына была апранутая неяк не так, як трэба, гэта будуць лічыць апраўданнем згвалтавання). Другая — калі грамадства адчувае, што вінаватае ў тым, што адбылося. І трэцяя — страх, з якім людзі не ведаюць як справіцца.

— Як мы можам пабачыць, для беларускага грамадства стала лічыцца нормай тое, што чалавек, які хаця б недзе «засвяціўся», павінен з’ехаць з краіны. Таму для пэўнай катэгорыі беларусаў паводзіны музыкаў з Nizkiz, якія запісалі моцны пратэсны кліп у 2020 годзе, але працягвалі жыць у Беларусі і ездзіць на гастролі за мяжу, трактаваліся як парушэнне нарматыўных паводзін. Жудасна, што за тры гады для беларусаў стала нормай бегчы і жыць у эміграцыі, а не заставацца на радзіме.

Псіхолаг кажа, што агрэсіўная рэакцыя на затрыманне Nizkiz можа быць індыкатарам яшчэ адной праблемы: людзі ў Беларусі і беларусы-эмігранты фактычна маюць розныя варыянты нарматыўных паводзін. Гэта можа ў будучыні стаць пунктам дзялення грамадства ў новай краіне.

— Безумоўна, трэба казаць і пра калектыўную віну. Шмат хто з нас і да гэтага часу абвінавачвае сябе ў тым, што не змог прадухіліць некаторыя падзеі ў краіне. Жыць з думкамі пра тое, што табе пашанцавала не стаць палітвязнем, а нехта цяпер за кратамі — вельмі складана. Злосць на сябе значна абвастрае пачуццё віны. Але мы не можам бясконца злавацца на сябе. Інакш гэта прыводзіць да самаразбурэння: ад алкагалізму да спроб самагубства. І тут спрацоўваюць ахоўныя механізмы нашай псіхікі — яна знаходзіць знешні аб'ект для агрэсіі.

І гэтым знешнім аб’ектам даволі часта становіцца ахвяра.

— Трыгеры маюць уласцівасць станавіцца меней раздражняльнымі. Гучыць жудасна, але людзі звыкліся з навінамі пра затрыманні, яны стаміліся злавацца на сілавікоў ці на Лукашэнку — таму частка агрэсіі можа даставацца сваім жа. І гэта не толькі музыкі, якія засталіся ў Беларусі. Гэта можа быць абвінавачванне палітыкаў, якія «недастаткова робяць».

Псіхолаг адзначае, што людзі ўнутры Беларусі кажуць пра тое, як расце ўзровень агрэсіі ў грамадстве на бытавым узроўні: усё часцей адбываюцца сваркі ў крамах, грамадскім транспарце і гэтак далей. Для эмігранцкага асяроддзя скандалы таксама ўласцівыя.

— Гэта нас прыводзіць да трэцяй прычыны агрэсіі — страх. Трэба разумець, што ўсе беларусы (і ў краіне, і ў эміграцыі) сутыкаюцца са страхам. Людзі ў Беларусі баяцца, што заўтра прыйдуць да іх. Людзі ў эміграцыі думаюць, ці правільна зрабілі, што з’ехалі, і часта баяцца, што заўтра не змогуць забяспечыць сябе і сваю сям’ю ў чужой краіне. Але доўга баяцца чалавек не можа, таму страх выцясняе агрэсія. А аб’ектам агрэсіі хутчэй за ўсё становіцца не рэальны вінаваты, а той, хто побач. Напрыклад, вы злуяцеся на начальніка, але баіцеся страціць працу, таму вывальваеце агрэсію дома.

У выпадку з Nizkiz атрымліваецца, што ахвяра проста больш зручны аб’ект для зліву агрэсіі.

— А калі людзі пачынаюць абмяркоўваць гэтую тэму ў сацыяльных сетках, то з’яўляюцца дадатковыя крыніцы для выказвання назапашанай агрэсіі — каментатары, якія пішуць, напрыклад, што трэба паважаць выбар музыкаў заставацца ў Беларусі.

Псіхолаг падкрэслівае, што ўся гэтая сітуацыя вакол затрымання Nizkiz сведчыць пра тое, што беларускае грамадства мае вялікі назапашаны патэнцыял агрэсіі і страху.

— Ці варта ўвогуле абвінавачваць ахвяру? Канешне, не. Добра было б, калі б беларусы навучыліся карэктна выказваць свае думкі. 

Чытайце таксама:

Удзельнікаў гурта Nizkiz асудзілі за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў

Лявон Вольскі: Я выдатна разумею хлопцаў з Nizkiz, бо жыў такім жыццём не адзін год

Што за гурт Nizkiz, які амаль у поўным складзе затрымалі ў Магілёве

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
24
Панылы сорам
6
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
9
Абуральна
6
0
Яўген/адказаць/
11.01.2024
А што калі ты злішся не на музыкаў (яны зрабілі свой выбар, яны за яго і нясуць адказнасць), а на людзей, якія ў чарговы раз на такія навіны рэагуюць: "о божа, якая несправядлівасць! Як жа шкада гэтых хлопцаў". Шкада справе не дапаможа і рэагаваць на такія навіны так, як быццам штосьці за апошнія тры гады змянілася - абсалютна бессэнсоўна. Асабліва ў дачыненні для музыкаў.
0
Влад/адказаць/
14.01.2024
ВСЕ кто работают в Беларуси и платят там налоги - колаборанты режима! 
0
Влад/адказаць/
14.01.2024
каранны жыцель 1-га пакаленія Чыжоўкі, Абсолютно согласен! Бастовать не хотят, уезжать не хотят... Нутык а что тогда поменяется в стране если вы сами своих вертухаев и содержите?  
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера