Знайсці
24.12.2023 / 15:547РусŁacБел

Спартсмен года і галоўны ябацька, класікі і ваяры, пашпарты і сэкс-скандалы — асноўныя людзі і падзеі 2023 года

Гэты год прынёс горкія страты. Разам з тым былі тыя, хто нас натхняў, смяшыў, здзіўляў і прымушаў выгукнуць: ды не можа быць! «Наша Ніва» падводзіць вынікі.

Патрасенне года — смерць Алеся Пушкіна

Мастак Алесь Пушкін памёр у няволі 11 ліпеня. У бальніцу хуткай дапамогі Гродна палітвязня прывезлі з турмы непрытомным, з запушчанай прабадной язвай, уратаваць яго было немагчыма.

Пушкін быў асуджаны на пяць гадоў калоніі па абвінавачванні ў здзеку з дзяржаўных сімвалаў (артыкул 370 КК) і распальванні варожасці (частка 3 артыкула 130 КК). У яго засталіся чацвёра дзяцей.

Алесь Пушкін быў адным з самых значных сучасных перформераў і іканапісцаў Беларусі. Самы яркі яго перформанс — вазок з гноем, які ў ліпені 1999 года ён прыкаціў да Адміністрацыі Лукашэнкі. Алесь раскідаў гной, а наверх дэвальваваныя рублі і Канстытуцыю, і ўсё гэта пракалоў віламі.

Марафон года — марафон салідарнасці 

Падчас анлайн-марафона «Нам не ўсё адно!» удалося сабраць 574 тысячы еўра (пасля сплаты камісіі засталося 545 тысяч еўра). Гэтыя грошы — на падтрымку палітвязняў і іх сем'яў, а таксама тых, хто выйшаў з-за кратаў. Сродкі размяркоўвалі сярод 13-ці фондаў — партнёраў акцыі, а яны ўжо перадавалі іх непасрэдна тым, хто мае патрэбу.

Улады адрэагавалі на гэту хвалю салідарнасці — крымінальнай справай на 60 арганізатараў і ўдзельнікаў марафону. 

Добраахвотнікі года — Дзяніс Урбановіч, Міраслаў Лазоўскі

З4-гадовы Дзяніс Урбановіч з пазыўным «Ваўкалак» ваюе ў батальёне «Волат» палка імя Кастуся Каліноўскага. Ён камандуе штурмавой групай. За час вайны ён перанёс пяць раненняў, апошняе ў верасні. Але былы «маладафронтавец» усё адно вяртаецца на фронт — будзе вучыць навабранцаў. 

Дзяніс Урбановіч. Фота: асабісты альбом Дзяніса Урбановіча

Заснавальнік «Белага легіёна» Міраслаў Лазоўскі загінуў пры абароне Бахмута 16 мая 2023 года. Ён прыкрываў эвакуацыю параненых — цаной уласнана жыцця. Яму было 49 год. Разам з ім у той аперацыі загінулі яшчэ чатыры ваяры.

У Кіеў Лазоўскі пераехаў пасля пратэстаў 2020 года. У добраахвотніцкім батальёне «Волат» ён ваяваў пад пазыўным «Мыш».

Усяго з 2022 года, баронячы Украіну, загінула 36 беларускіх добраахвотнікаў. Не ўсе імёны вядомы грамадскасці, бо сваякоў ваяроў у Беларусі прэсуюць сілавікі. 

Пастаноўка года — тэрарыст у парыку

У сакавіку па АНТ паказалі сюжэт пра тэрарыста Ламакіна, які нібыта рыхтаваў тэракт. Па легендзе яго закінулі з Польшчы, асеў ён у Гродне і там, у парыку і акулярах, закупаў у крамах неабходнае для «тэракту». На ТБ паказалі нават, як узброеныя байцы КДБ бралі яго на кватэры — Ламакін загінуў пры перастрэлцы.

«Ламакін» у парыку. Скрыншот сюжэта БТ

Але што ж адбылося насамрэч? Найбольш верагодная версія — адно з сілавых ведамстваў закінула свайго агента ў Гродна, каб праверыць мясцовых сілавікоў. Ламакін у рэальнасці — некалі супрацоўнік КДБ, грамадзянін Беларусі Аляксей Захараў. Штурмавалі пустую кватэру, таму ніхто не загінуў. Але, імаверна, нехта стаў сведкам праверкі і зняў на відэа тое, што пабачыў. Гэтае відэа трапіла ў сеціва, дзяржаўныя СМІ вымушаныя былі даць інфармацыю пра страляніну, а чэкістам давялося прыдумляць версію падзей для грамадства, бо дарогі назад ужо не было. 

Опера года — «Дзікае паляванне караля Стаха»

Оперу ў Лондане на сцэне тэатра «Барбікан» паставілі Мікалай Халезін і Наталля Каляда. Музыку да пастаноўкі напісала Вольга Падгайская, лібрэта — Андрэй Хадановіч. Опера трапіла ў спіс найцікавейшых спектакляў восені па версіі газеты The Guardian.

«Гатычны нуар Беларускага Свабоднага тэатра, заснаваны на рамане Уладзіміра Караткевіча 1964 года», — апісвала брытанскае выданне.

Сцэна з пастаноўкі. Фота: Barbican theatr

Мікалай Халезін і Наталля Каляда былі ганараваныя званнем членаў Ордэна Брытанскай імперыі за заслугі перад тэатрам у гонар дня нараджэння караля ў 2023 годзе.

Дэбют года — серыял «Працэсы»

Беларускія серыялы — рэдкая з'ява. Таму «Працэсы», знятыя купалаўцам Міхасём Зуем і рэжысёрам Андрэем Кашперскім разам з «Белсатам», — падзея ў беларускім кіно.

Амапавец прыносіць тэлефон з «правасуддзем» у «камеру». Кадр з серыяла «Працэсы»

Чатыры серыі ў жанры абсурдысцкай трагікамедыі расказваюць розныя гісторыі — як у ізалятарах скончыліся месцы і сілавікі забіраюць асуджаных дадому, як дзяцей водзяць на экскурсіі ў КДБ, як чыноўнікам сніцца пахаванне галоўнага ў краіне, як маці, якая баіцца за сына на вучэннях і кажа пра вайну, пераконваюць, што сына ў яе няма.

Дыкпік года — Алег Гайдукевіч

«Не прастытутка», «супернатурал» і «палітычны цнатлівец» лукашэнкаўскага парламента сёлета адзначыўся фоткай эрагаванага чэлеса, якая з'явілася ў яго тэлеграм-канале. Алег Гайдукевіч апраўдваўся, што яго ўзламалі, але рука на здымку была занадта падобная да яго. Да адказнасці за распаўсюд парнаграфічнага кантэнту дэпутата, канечне, ніхто не прыцягнуў.

Дыверсія года — Мачулішчы

Скрыншот відэа БТ

26 лютага 2023 года на аэрадроме Мачулішчы два дроны пашкодзілі вельмі каштоўны расійскі самалёт дальняй разведкі ДРЛВ А-50. Ён выкарыстоўваўся для навядзення расійскіх ракет на цэлі ва Украіне. Вынікі гэтай дыверсіі супярэчлівыя: самалёт быў падарваны ў двух месцах, але многім гэта каштавала свабоды.

Прапаганда паказала самалёт толькі праз некалькі дзён, здымалі яго позна ўвечары. Пазней самалёт перагналі на рамонт у Расію.

Аляксандр Азараў спачатку заявіў, што да дыверсіі датычны ўдзельнікі плана «Перамога», а ўсе выканаўцы ў бяспецы за мяжой. У ваколіцах Мінска прайшлі аблавы, затрымалі ўкраінца Мікалая Швеца, якога ўлады звязвалі з СБУ. Усяго, як казалі на ТБ, было каля 20 затрыманых — на многіх завялі крымінальныя справы. Толькі праз некалькі месяцаў Азараў расказаў, што гэту аперацыю яны сапраўды праводзілі разам з украінцамі.

Раскол года — «Байпол» і «Белпол»

Аб'яднанне былых сілавікоў распалася ў чэрвені 2023 года. Спачатку Аляксандр Азараў заявіў, што страціў доступ да ютуб-канала і сацсетак арганізацыі. Абвінаваціў у гэтым Мацвея Купрэйчыка, які раней адмовіўся прайсці паліграф. Той заявіў, што выгналі акурат Азарава з-за таго, што не плаціў супрацоўнікам апошнім часам і не паказаў фінансавай справаздачы. 

У выніку арганізацый стала дзве. У «Байполе» засталіся Азараў і Станіслаў Лупаносаў. У новаствораным «Белполе» — Купрэйчык, Уладзімір Жыгар і іншыя, пазней да іх далучыўся Андрэй Астаповіч, які раней сыходзіў з аб'яднання.

Закон года — забарона мяняць пашпарты за мяжой

У верасні 2023 года Лукашэнка падпісаў указ, які істотна ўскладніў жыццё беларусам, што з'ехалі. Цяпер МЗС (і, адпаведна, дыпмісіі) больш не выдаюць і абменьваюць пашпарты за мяжой. Афармляць угоды з маёмасцю і выконваць пэўныя адміністрацыйныя працэдуры можна толькі пры асабістай прысутнасці ў Беларусі або на аснове даверанасці, выдадзенай у нашай краіне. 

Абсурд года — Сяргей Аўтуховіч-Заслаўскі

Заслаўскі з намеснікам міністра ўнутраных спраў, генералам Дзмітрыем Карзюком

Ябацька лейтэнанта Шміта — так можна ахарактарызаваць гэтага персанажа. Спачатку ён, намеснік Дзмітрыя Паўлічэнкі ў асацыяцыі ветэранаў спецназа, трапіў на Акрэсціна. Шок у шэрагах лукашыстаў! Але далей — болей. Аказалася, што Сяргей Заслаўскі (у мінулым Аўтуховіч) — шматразова судзімы рэцыдывіст. Але ў сістэме гэта прагледзелі.

А псеўдаспецназавец тым часам праводзіў прызыўнікоў у войска, ціснуў рукі міліцэйскім генералам і лукашэнкаўскім міністрам, абдымаўся з Балабам. 

З 2020 года Заслаўскі сабраў цэлы іканастас падзяк і грамат ад сілавых структур Беларусі. Ён праводзіў семінары для работнікаў МУС і Мінабароны па ўсёй краіне. 

Ябацька лейтэнанта Шміта. Шматразова судзімы рэцыдывіст выдаў сябе за ветэрана спецназа і дарос да міністэрскага ўзроўню РАССЛЕДАВАННЕ

Класік-экстрэміст года — Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч

Спачатку экстрэмісцкімі прызналі два вершы, якія прыпісваюць Дуніну-Марцінкевічу — «Плынуць вятры» і «Гутарка старога дзеда». А пасля і двухтомнік класіка, які выйшаў у дзяржаўным выдавецтве «Мастацкая літаратура» (укладальнікам быў Язэп Янушкевіч).

Дунін-Марцінкевіч — не адзіны пісьменнік, чыю творчасць сёлета прызналі экстрэмісцкай. Такі ж статус набылі зборнікі Уладзіміра Някляева, Ларысы Геніюш, Наталлі Арсенневай і Лідзіі Арабей. 

Жаніцьба (і, магчыма, развод) года — Слава Камісаранка 

Навіна пра вяселле вядомага стэндап-коміка стала нечаканай. Але шчасце маладых было нядоўгім. Як аказалася, Слава Камісаранка не ведаў, што яго жонка — былая вэбкам-мадэль. Падман яго непрыемна ўразіў.

Фота: інстаграм нявесты Юліі

«У гэтай сітуацыі жудасна ўсё, пра гэту сітуацыю зневажальна казаць, але маўчаць пра яе, напэўна, яшчэ больш зневажальна. (…) Не, я пра гэта нічога не ведаў, а калі я даведаўся і спытаў, мне ўсё роўна схлусілі», — напісаў Камісаранка.

Жонка (магчыма, ужо былая) Юлія Шашкова пазней змясціла пост у сацсетках, што некалькі тыдняў сапраўды займалася вэбкамам і даўно даравала сабе тую памылку.

Мяцежнік года — Яўген Прыгожын

Фота: Vladimir Alexandrov/Anadolu Agency via Getty Images

Кіраўнік ПВК «Вагнер» многіх здзівіў, калі ў чэрвені зладзіў паход на Расію. У гарадах наймітаў горача віталі, а міністэрскія вайсковыя начальнікі РФ выглядалі разгубленымі. Вагнераўцы за дзень прайшлі Растоў, Варонеж, але за 200 кіламетраў да Масквы спыніліся, «разумеючы ўсю адказнасць за тое, што будзе праліта руская кроў з аднаго з бакоў». Мяцеж скончыўся гэтак жа нечакана, як і пачаўся.

«Кампраміс між Пуціным і Прыгожыным дасягнуты пры пасярэдніцтве Лукашэнкі», — адрапартавалі тады беларускія ўлады.

Пасля мяцяжу Прыгожын з часткай вагнераўцаў перабраўся ў Беларусь, у лагер пад Асіповічамі — пад гарантыі Лукашэнкі. Вагнераўцы навучалі беларускіх вайскоўцаў.

Чаго вартыя тыя гарантыі, усе пабачылі 23 жніўня, калі самалёт з Прыгожыным і камандзірам «Вагнера» Дзмітрыем Уткіным разбіўся ў Цвярской вобласці. Гэта здарылася прыкладна за 50 кіламетраў ад валдайскай рэзідэнцыі Уладзіміра Пуціна.

Частка вагнераўцаў, выглядае, дагэтуль застаецца ў Беларусі. На нядаўнім паказальным выступленні атрада спецпрызначэння «Тарнада» сцяг ПВК вісеў на флагштоку разам з дзяржсцягам Рэспублікі Беларусь і сцягам спецназа.

Ябацька года — Вольга Бондарава

Спіс таго, з чым змагаецца прарасійская інфаказачка, бясконцы. Яна атакуе ўсё беларускае, а таксама тое, што сама вызначае «заходнім» і «дэструктыўным». Ёй ёсць справа да таго, хто як адзяваецца, якую рэкламу здымае, якую музыку ўключае. Бондарава з прыхільнікамі распачала барацьбу з лацінкай у беларускіх гарадах (цяпер замест яе — руская мова). Па яе наводцы прыбралі помнік Ларысе Геніюш у Зэльве. 

Сваёй актыўнасці Бондарава дапякла і некаторых ябацек. Актывістка гродзенскай «Белай Русі» Святлана Вараніца не раз выказвалася супраць інфаказачкі. А гомельскі правакатар Яўген Катляроў званіў яе патроліць.

Памілаванне года — Раман Пратасевіч і Сафія Сапега

Пратасевіч і Сапега пасля памілавання. Фота: БелТА

Гучная гісторыя Пратасевіча і Сапегі пачалася ў маі 2021 года, калі ў Мінску прымусова пасадзілі самалёт Ryanair, а іх арыштавалі. 

Пратасевіч быў асуджаны 3 мая на 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па справе Nexta, але яго пакінулі пад хатнім арыштам да моманту ўступлення прысуду ў сілу. 16 мая яго памілавалі. Праз камісію па вяртанні ў Беларусь прыехала маці Пратасевіча, якая жыла ў Польшчы.

7 чэрвеня памілавалі Сафію Сапегу (яе асудзілі 6 мая да шасці гадоў калоніі за зліў даных сілавікоў). Пасля гэтага яна выехала ў Расію.

На выхадзе з калоніі Сафію сустракаў губернатар Прыморскага края. Пасля ён расказваў, як разам з Лукашэнкам спрабаваў ажаніць Пратасевіча з Сапегай.

Чыноўнік для біцця года — Раман Галоўчанка

Раман Галоўчанка ў Лукашэнкі на нарадзе. Фота: БелТА

Сёлета Лукашэнка пагражаў адправіць прэм'ер-міністра ў адстаўку і не раз рабіў яму вымову — за незадавальняючыя вынікі ў эканоміцы, за дэзінфармацыю, за карупцыю на малочных заводах.

У жніўні Лукашэнка загадаў выклікаць Галоўчанку з адпачынку, бо застаўся незадаволеным дакладамі пра сітуацыю ў адукацыі і хацеў спыніць «вакханалію пры арганізацыі ўступнай кампаніі».

Найхутчэй, усё для таго, каб паказаць народу: галоўныя віноўнікі дрэннага жыцця — чыноўнікі, якія не выконваюць мудрых указанняў Лукашэнкі.

Пасадка года — Ігар Брыло

Ігар Брыло. Фота: Мінсельгасхарч Беларусі

«Малочная справа» для памочніка Лукашэнкі па Віцебскай вобласці скончылася затрыманнем. Былы міністр сельскай гаспадаркі Ігар Брыло знік з працоўнага месца ў лістападзе.

Улады яго затрыманне не каментавалі. Але пазней паведамілі, што Брыло звольнены з пасады.

Па «малочнай справе» за карупцыю затрымалі кіраўніцтва некалькіх заводаў. Яе цэнтральным фігурантам стаў генеральны дырэктар магілёўскага ААТ «Бабушкіна крынка» Генадзь Скітаў. Брыло раней працаваў з ім і быў у сяброўскіх адносінах. 

Спартсмен года — Ілля Шкурын

Каб пералічыць беларускіх футбалістаў у еўрапейскіх чэмпіянатах вышэйшага дывізіёна хопіць пальцаў абедзвюх рук. І 24-гадовы Ілля Шкурын, які ў 2020-м адназначна выступіў супраць гвалту, — наша самая галоўная зорка.

Інстаграм ФК «Сталь»

Сезон 2022-2023 ён правёў у «Макабі» з Петах-Ціквы (каманда другога дывізіёна) і дапамог клубу выйграць турнір і вярнуцца ў эліту ізраільскага футбола.

Улетку Шкурын вырашыў вярнуцца ў Польшчу і паспрабаваць перазапусціць гэты этап у сваім жыцці (год таму ў «Ракуве» ў яго нічога не атрымалася).

Ілля стаў не толькі галоўным бамбардзірам падкарпацкай «Сталі», ён на сёння другі бамбардзір Экстраклясы (вышэйшай лігі польскага футбола) і дапамагае здабываць клубу важныя ачкі. Нездарма ён быў найлепшым футбалістам лістапада ў Польшчы.

Шкада, што мы пакуль не пабачым яго за зборную. Ілля катэгарычна адмовіўся гуляць за нацыянальную дружыну, пакуль краінай кіруе Лукашэнка.

ПВК года — «ПВК Родан»

Да прыватных ваенных кампаній гэта падлеткавая субкультура ніякага дачынення не мела. Гэта супольнасць нефармалаў і аматараў анімэ, якія носяць штаны ў клетку, доўгія валасы, а таксама цішоткі з выявамі павукоў і лічбай 4, што і адсылае да анімэ. Аднак міліцыя жорстка разганяла любыя сходкі.

У Гомелі ў лютым, напрыклад, затрымалі 200 фанатаў гэтай субкультуры, 183 з якіх былі непаўналетнімі (пасля падлеткаў перадалі бацькам).

«Будзьце гатовы, што вы пацерпіце фізічна», — так вілейская міліцыя адахвочвала моладзь ад сходак «ПВК Родан».

Людзі года па версіі «Нашай Нівы» — гурт Tor Band

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
47
Панылы сорам
1
Ха-ха
6
Ого
8
Сумна
7
Абуральна
10
1
Вам самому ня смешна? /адказаць/
24.12.2023
Правдоруб, ваздалося б у прыстойным свеце, а ў вашым улюбёным русском міре - ніколі.  
1
даведка/адказаць/
24.12.2023
Секс-скандал года — Олег Гайдукевич, публично застуканный со спущенными штанами наедине со своей правой рукой, из которого так и не стала ясна нынешняя сексуальная ориентация ни самого члена, ни его органа.
0
Шоу шоу шоу/адказаць/
25.12.2023
даведка, главное что член как и хозяин члена будут участвовать в выборах отдельно.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031