Знайсці
20.11.2023 / 21:041РусŁacБел

Не страляйце ў ластавак

Пра Яўгенію Янішчыц, пра загадку яе сыходу піша на Bellit.info Мікола Асавец.

Бадай што, у маім дзяцінстве гэта была першая ірацыянальная забарона, забарона жорсткая, пераступіць якую было нельга. Усякія іншыя забароны тлумачыліся лёгка, дыктаваліся стасункамі з суседзямі і навучалі рознаму: беражлівасці, акуратнасці, цярпенню, бяспецы. Але чаму нельга было з самаробных хвацкіх рагатак страляць у ластавак — мы не ведалі. «Можна» — па вераб’ях і нават шпаках улетку, па варонах ды галках, па сароках. Па ластаўках — нельга. Эх, а такая ж прывабная мішэнь! Проста ў тваім двары ўсядуцца на дрот, да якога прывязваў бацька электрычны кабель да сваёй майстэрні, сядзяць амаль нерухома, толькі ціўкаюць. Не баяцца людзей, гнёзды адкрыта робяць…

Даверлівыя.

Імклівыя.

Прыгожыя.

Загадкавыя.

Мабыць, і паэт Ніл Гілевіч вырас у тым асяроддзі, дзе ластаўка была асаблівай птушкай, і зусім нездарма «ахрысціў» Яўгенію Янішчыц прозвішчам «палеская ластаўка». Паэт насамрэч лічыў Янішчыц амаль за дачку. Сваю адну кнігу ён падпіша: «Дарагой Жэні Янішчыц». Ніл Сымонавіч хіба не абагаўляў Янішчыц, вось яго яшчэ адзін дарчы надпіс: «Таварыш Жэня! Тая драўляная кладачка, на якой я ўбачыў Вас у далёкім 1965, аказалася капітанскім мосцікам вялікага карабля беларускай паэзіі. Так трымаць! З нязменным захапленнем Ніл Гілевіч».

Яна як ёсць

Яна не прыйшла, яна ўварвалася ў беларускую паэзію імклівым палётам даверлівай птушкі. Уразлівая і ўражлівая. Яе маці, Марыя Андрэеўна, успамінала: «Жэня вельмі ранімая. Магла з-за «двойкі» праплакаць цэлы дзень». Пра ранімасць душы і ўразлівасць Янішчыц пісаў і Аляксей Дудараў: «Яна вельмі балюча ўсё ўспрымала, нават дробязі. Магла плакаць з прычыны, што нейкі пісьменнік не павітаўся». Барыс Сачанка, які быў вельмі блізкі да паэткі, і ў якім яна бачыла клапатлівага старэйшага сябра, у сваіх успамінах згадвае: «Неаднойчы, калі збіраліся разам (жанчыны), Жэня пакідала іх кампанію са слязамі.

— Барыс Іванавіч, — казала яна мне ў такія хвіліны, — за што мяне так ненавідзяць?»

Мабыць, такой яна і павінна была быць, адпавядаючы сваёй знешнасці. Тамара Аўсяннікава, пісьменніца, даследчыца, пісала: «Жэня, ці Жорж, як мы яе называлі, была невялікага росту, шчупленькая, з удумлівымі зялёна-карымі вачыма, сарамлівай усмешкай, з ямачкамі на шчоках. Асаблівую прывабнасць і жаноцкасць прыдавалі ёй валасы: як пушча, як травы. Прычоску Жэня насіла заўсёды пышную, толькі пазней, у больш сталым узросце, часам гладка зачэсвала іх. Мне запомнілася лёгкая Жэніна паходка. Яна не ішла — ляцела, нібы не краналася зямлі. І пышная прычоска ад імклівасці руху і сустрэчнага ветру то падымалася, то апускалася з тактам кожнага кроку».

Пра Яўгенію Янішчыц напісаныя многія дзясяткі артыкулаў, сабраныя ўспаміны соцень людзей. Здавалася б, нічога ў ейным жыцці не засталося па-за ўвагай, усё выкладзена на раўнюткі белы стол — глядзі, знаёмся, вывучай. І тым не менш — застаецца загадка. І найперш, канешне, яна звязана са смерцю паэткі.

Прашу вашага дазволу, шаноўныя чытачы, пабыць у адным-двух момантах гэтага артыкула бяздушна-цынічным. Лічу, так трэба. Таму што нельга замоўчваць пэўныя акалічнасці. І адначасова прашу прабачэння, калі мой цынізм выкліча ў некага абурэнне.

Пра містычнае

Паўтаруся, жыццё Яўгеніі Янішчыц вывучана, сыходзячы з розных «методаў». Канешне, нашаму паганска-хрысціянскаму народу ніяк не абысціся без містычнага. І містычнага, лічаць людзі, вакол і ў самім жыцці Янішчыц хапае. Вось некаторыя моманты:

  • у прыжыццёвых зборніках паэзіі паэткі было апублікавана 666 вершаў;

  • дом, з акна якога ўпала на зямлю Яўгенія Янішчыц, быў пабудаваны на могілках, а на гэтых могілках была пахаваная ў свой час Марына Мнішак;

  • у кватэры на першым паверсе дома на Ульянаўскай раней жыла актрыса Ларыса Горцава, якая пазней увасобіла постаць Янішчыц у спектаклі;

  • тройчы паэтка ў сваім жыцці знаходзілася на валасок ад смерці. Пра першы раз апавядала маці паэткі: «Ёсць там вір (на Ясельдзе). Месца глыбокае. Вось хлопцы, хто старэйшы, у гэты вір нырца давалі, а потым выплывалі. Малых туды не пускалі. Магло закруціць. Што Жэню да гэтага віру штурханула, ніхто не ведае. Яна сказала хлопцам: «Думаеце, што толькі вы адны такія смелыя. Я таксама магу». Хлопцы пачалі смяяцца, а яна разагналася па беразе — і боўць у вір. Ну, і выплыць сама не змагла». Падлеткі яе выцягнулі, адкачалі. Калі прыбегла маці, нехта з іх зазначыў: «Цётка Марыя, яна маўчыць, як на тым свеце пабывала». Другі раз надарыўся ў 1964 на возеры. Яўгенія была ўзнагароджана пуцёўкай у дом адпачынку «Нарач» за перамогу ў літаратурным конкурсе. І на возеры стала раптоўна тануць. Уратаваў яе Анатоль Грачанікаў. Ну і трэці вядомы ўсім выпадак — у Магілёве яна ледзь не загінула пад коламі «хуткай», пераходзячы дарогу. Сам факт патрапляння пад колы некаму падаецца загадкавым: быццам Янішчыц пераходзіла дарогу, а потым нечакана развярнулася і крочыла назад — проста пад колы;

  • падчас вяселля ў роднай вёсцы маладыя пасадзілі два дрэўцы. Адна з бярозак хутка засохла.

Пакінем містыку тым, хто ёй цікавіцца, не адмаўляючы ў праве існаваць містычнаму ў нашым жыцці.

Пра інтымнае

Неяк заўважылі, што ў нас слова «інтымнае» набыло сэнс скрайні, а яно азначае сямейнае, блізкае, даверлівае, прыватнае. Мне хочацца казаць пра асабістыя стасункі Яўгеніі Янішчыц як менавіта пра інтымныя, бо гэта, на маю думку, толькі падкрэсліць крохкасць і датклівасць яе душы.

Адносіны паэткі з Сяргеем Панізнікам зноў жа даследаваныя вельмі добра да моманту ад’езду жонкі і мужа за мяжу. Надрукавана эпісталярная частка спадчыны — лісты Яўгеніі да хлопца, жаніха, мужа… Іх льга знайсці, яны вельмі кранальныя, рамантычныя і чыстыя. Але што здарылася далей? Чаму не склалася сямейнае жыццё? Адказ: «не склалася», у большасці ўспамінаў. Што ж, давайце паспрабуем зірнуць глыбей. Не на адносіны, а на абставіны, у якія трапіла маладая сям’я.

Вяселле, шумнае, сапраўды — вяселле для ўсіх у сэнсе святла і весялосці. Ажно цэнтральная газета літаратараў паведамляе такую навіну і дае здымак маладых. «Іх вяселле было падзеяй свецкай хронікі, гэта не было характэрна для таго часу», — так кажа пра вяселле Аксана Бязлепкіна-Чарнякевіч, літаратуразнаўца. А сведкі кажуць яшчэ пра тое, што паэтка літаральна свяцілася шчасцем…

Пасля сям’я з’язджае ў Чэхаславікію — у 1971 годзе. Муж Янішчыц, Сяргей Панізнік на гэты час — чалавек са званнем і пасадай. Ён — ваенны карэспандэнт, скончыў факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча і патрапіў у Чэхаславікію яшчэ да шлюбу з Яўгеніяй.

І вось ад гэтага моманту — нібы чорная дзірка ў біяграфіі паэткі, ажно да моманту разводу, калі меркаваць па апублікаваных успамінах. Што ж было ў той кропцы сінгулярнасці?

Там, у Празе, паэтка нідзе не працавала — знаёмілася з горадам, новым жыццём. Праз колькі месяцаў маладая сям’я даведваецца, што ў іх народзіцца дзіця. Цяжарная Яўгенія вяртаецца на радзіму. Нарадзіўся сынок. Калі ён падрос, Яўгенія Янішчыц едзе да мужа. Гэта быў 1973 год. Але там паэтка пачуваецца вельмі дрэнна. Вершы амаль не пішуцца — дзіця і побыт скрадваюць час і натхненне. І чужына… Муж, Сяргей Панізнік, звяртаецца да камандавання з просьбай аб пераводзе ў Мінск. Просьбу задавальняюць. Але ў Мінску пачаліся праблемы, і праблемы сур’ёзныя.

Справа ў тым, што сям’я прывезла з сабой пяць залатых манет, якія ў Празе атрымалі ў падарунак. На той час гэта было фактычна злачынствам. Сяргея Панізніка выклікаюць на допыты. Урэшце яго выключаюць з партыі, пазбаўляюць звання, здымаюць пагоны. Балазе, пакідаюць за ім атрыманую раней службовую кватэру. Але мужчына, па сутнасці, губляе ўсё.

Сяброўка Яўгеніі Янішчыц, паэтка Раіса Баравікова, неаднаразова ў сваіх успамінах і інтэрв’ю падкрэслівала, што для такой жанчыны, як Яўгенія Янішчыц, моцны мужчына побач — яе сапраўдная апора, яе ратаванне, яе тыл і адхланне. Канешне, на той час Сяргей Панізнік не мог быць такім, бо яму самому неабходныя былі падтрымка і клопат.

Дадалося і тое, што ў 1974 годзе выйшла другая кніга паэзіі паэткі — «Дзень вечаровы». Ад Янішчыц чакалі новага, свежага слова, развіцця яе таленту, яскравасці — а гэтаму адпавядалі толькі асобныя вершы. Літаратурны крытык Варлен Бечык назваў гэту кнігу Янішчыц «цікавай і таленавітай», але выказаў думку, што кнізе не стае «…арганічнага суладдзя: то фарсіравалася форма, то спеў не дасягаў глыбінь, непасрэднасць знікала, а глыбіня не давалася».

А была ж крытыка куды больш зласлівая, нават зларадная… Яўгенія Янішчыц, для якой цёплыя і добрыя словы пра яе вершы так многа значылі, канешне, перажывала вельмі складаныя часы. «Калі аўтар піша пра свой боль (а ў другой кнізе Яўгенія Янішчыц пісала менавіта пра сваё, асабістае), выносіць гэты боль на агляд, а пасля крытыкі пачынаюць тыкаць пальцамі ў тваю рану, то гэта ўдвая балюча», — кажа Аксана Бязлепкіна-Чарнякевіч. І з ёй нельга не пагадзіцца.

Пры такіх абставінах разлад у сям’і быў непазбежны. Ён нарастаў і ён здарыўся. На маю думку, нельга вінаваціць тут хоць некага. Такія сем’і, на аснове чысцюткага рамантычнага кахання, ствараюцца для шчаслівага, бесклапотнага, творчага жыцця. Яны не могуць вытрымаць жыццёвых складаных пертурбацый. А тут была сапраўдная трагедыя, і дапамагчы не было каму. Сяргей Панізнік апынуўся ў спісе нядобранадзейных, у яго літаральна не засталося сяброў. Асяродак жонкі паўплываць на ягоныя справы не мог.

У 1976 годзе Яўгенія Янішчыц забрала сына і сышла ад мужа.

Яе бяруць на працу літкансультантам у цэнтральную газету. Вялікую дапамогу атрымала паэтка ад Барыса Сачанкі — ён моцна парупіўся, каб уладкаваць яе быт. У 1977 годзе Яўгенія Янішчыц атрымала тую самую паўпадвальную кватэру на Ульянаўскай. Адзін момант: яна сама выбрала жытло з некалькіх ёй прапанаваных. Мо таму, што кватэра была хоць і змрочная, але ж прасторная.

І яшчэ пару слоў пра інтымнае. Яўгенія Янішчыц нікому ніколі не казала аб прычыне і абставінах свайго разрыву з Сяргеем Панізнікам. Але яна працягвала кахаць — гэта добра бачылі як каляжанкі, гэта гучала ў вершах. Літаратуразнаўца Вячаслаў Рагойша ўспамінаў: «Ведаю, што не ён быў ініцыятарам разводу… Можа, ён і вінаваты. Але развод ініцыявала яна. Нават сына перапісала з прозвішча Панізнік на Янішчыц. Але прайшоў час, я бачыў яе сумную. Часам, яна як бы між іншым пыталася, як там Сяргей…»

І яшчэ. Па меркаванні адной з блізкіх сябровак Яўгеніі Янішчыц, паэтка магла б лёгка ўладкаваць сваё асабістае жыццё. Але засталася адна. Зрэшты, не адна — з сынам і паэзіяй.

Любоў і нелюбоў

Помніце, вышэй з успамінаў Барыса Сачанкі ўсклік-роспач паэткі: «За што мяне так ненавідзяць?»

Ці сапраўды былі падставы ў паэткі адчуваць нянавісць? Зайздрасць — так, яе не магло не быць, бо ж гэта наша нацыянальная рыса ў асяродку творчай інтэлігенцыі. Але нянавісць? Ці быў нехта, хто па-сапраўднаму жадаў ёй злога?

1968 год. Ва ўніверсітэце збіраюцца подпісы за выкладанне на беларускай мове. Ведаем з гісторыі, чым гэта скончылася: выключэннем колькіх студэнтаў, у тым ліку Алеся Разанава. І вось сярод студэнтаў пайшла гуляць чутка: Яўгенія Янішчыц не паставіла свайго подпісу, адмовілася. Каму гэта было патрэбна, хто стаяў за паклёпам? Бо ж калі праз 50 гадоў, у 2018 годзе раскрыліся архівы, подпіс Янішчыц пад тым лістом знайшоўся…

На вершы Янішчыц было напісана нямала пародый. Часам і вельмі кплівых. Адна з іх, аўтарам якой быў Георгій Юрчанка, мела для паэткі асаблівае значэнне. Пародыя была напісана на верш «Непрыручаная птушка», так, дарэчы, называлі Яўгенію ў асяродку студэнтаў, і свой першы зборнік паэтка хацела выдаць пад такім загалоўкам. Але… з’яўляецца пародыя, першы зборнік выходзіць пад назвай «Снежныя грамніцы». Ды парадыст не спыняецца — ён чытае сваю пародыю на вяселлі Яўгеніі і Сяргея Панізніка. Яўгенія тады, па сведках сябровак, ледзь стрымалася.

Прывяду ўрывак з кнігі Анатоля Казловіча «Белорусы между небом и землей», пакіну без каментарыяў. Ступень з’едлівай нянавісці ацаніце самі: ««Писатели, награждённые посещением ООН, по возвращении сочиняли очерки о стране «жёлтого дьявола». Подчиняясь выездному инструктажу, авторы отключали в себе зрение, слух, ум. Властвовали гордость, чванство, невежество. Американский стихотворный цикл Янишчиц не был исключением. В Америке Женя увидела «золото и тлен», а вместо человека — «Каина как феномен прогрессивных перемен». Американские стихи Женя включила в книгу «Пара любові і жалю» (1983), за неё получила Госпремию БССР. Советский патриотизм получил достойную оценку фарисейского государства. Пой, Женя, дальше…»

Яшчэ адзін выпадак з жыцця нашай ластаўкі. У 1983 годзе, калі памірала апальная паэтка Ларыса Геніюш, Яўгенія Янішчыц выправілася з сынам у бальніцу наведаць яе. Але Геніюш не прыняла Янішчыц. Данута Бічэль у сваім эсэ «Там былі дрэвы, снягі і вятры» тлумачыла: «Ларыса адмовіла ад начнога чування Жэні Янішчыц, таму што Жэня ездзіла з савецкай дэлегацыяй на сесію ААН». Па шчырасці, я не магу зразумець гэты ўчынак старэйшай паэткі… Хіба была між імі розніца? Хіба не абедзве тварылі ў тым асяродку, у якім мусілі жыць? Хіба не абедзве апявалі Беларусь і жанчыну?

Далей… Яўгенію Янішчыц вылучаюць на атрыманне Дзяржаўнай прэміі. Для яе самой гэта была поўная нечаканасць. Мікола Мятліцкі згадваў, што ў момант агучвання прапановы яна, дарослая жанчына, пераўтварылася ў разгубленую школьніцу. Але — галасаванне прайшло, усё як мае быць. І тут паступае скарга, за ёй другая: усё было няправільна, вылучэнне Янішчыц — памылковае, беспадстаўнае. Чарговы раз збіраецца пасяджэнне дзеля абмеркавання. І тут паэтка чуе пра сябе з вуснаў блізкага чалавека балючыя, крыўдныя, зневажальныя словы. Яўгенія Янішчыц сыходзіць да пачатку галасавання, не вытрымлівае. Але ўсё адбываецца на яе карысць, у 1986 годзе яна атрымлівае дзяржаўную прэмію.

Хто пісаў скаргу? Хто быў супраць? Маўчыць гісторыя, маўчаць сведкі. Адно вядома: пасля таго, як Жэня атрымала Дзяржаўную прэмію БССР імя Янкі Купалы, у яе раптам разладзілася цалкам сяброўства з паэткай і пісьменніцай Таісай Бондар.

Містыка і рэальнасць апошняга дня

Паэтка Раіса Баравікова, блізкая сяброўка Яўгеніі Янішчыц, успамінала: «Я ніколі не забуду дзень напярэдадні яе гібелі. Гэта быў чацвер, 24 лістапада. Я забегла да Жэні на працу, каб павіншаваць яе з былым юбілеем. Сяброўка сядзела за сваім рабочым сталом. Непадалёку, на падваконні, ляжалі чырвоныя кветкі. «Гэта мяне павіншаваў Мікола Мятліцкі», — неяк сумна прамовіла Жэня. На маю думку — гэта быў часовы надрыў, момант дэпрэсіі. За ўсёй гэтай трагедыяй ніякіх асаблівых катастроф не стаяла…»

З другога боку, тыя, хто вераць у самагубства паэткі, кажуць пра паступовае накапленне жыццёвых драм, пра невыносны груз праблем, стамленне. Згадваюць паездку ў ААН. А яшчэ паездка ў Хельсінкі, дзе зноў непрыемнасці, правакацыі. Яна часта плакала, скардзілася: «Колькі ж можна мяне правяраць?»

Яшчэ з успамінаў Раісы Баравіковай: «Ну, што ў цябе такое здарылася, ты сама не свая? — пытаюся. — Чаго раптам усё кінула-рынула і паехала да маці? — і тое, што пачула ад Жэні, да гэтага часу — загадка…

— Мне прыслалі рэквіем, разумееш? Нехта вельмі хоча, каб я пайшла з жыцця… Нікому ніколі не вер, проста пішы свае лірычныя вершы, мы ж зараз развітваемся, а не проста размаўляем… Мне не хочацца жыць.

— Жэня, што ты такое кажаш? Які рэквіем?

— Звычайны… Нехта прыслаў мне рэквіем!

І як я ні дапытвалася, Жэня так і не патлумачыла, што гэта такое было!»

Сапраўды, гучыць злавесна. Насцярожвае.

І разам з тым. Назаўтра яе не стане, а на самім балконе — будзе вісець памытая бялізна.

Яўгенія Янішчыц займалася самай будзённай, самай жаночай справай — мыла бялізну. Чаму гэты факт не прымушае нас задумацца: хіба ў такія моманты, светла-жыццёвыя, жанчыны думаюць пра самагубства?

Ці былі іншыя падставы

Пісьменніца Валянціна Коўтун расказвае пра сваю апошнюю размову з паэткай: «Якраз напярэдадні таго дня, калі яе не стала, мы дамовіліся сустрэцца ўвечары. І ў той жа дзень нечакана мне быў званок з Ліды, з рэдакцыі газеты, што яны знайшлі машыну, якая павязе мяне па сцяжынах Алаізы Пашкевіч (Цёткі). Я патэлефанавала Жэні і папрасіла прабачэння, што не змагу ўвечары прыйсці. Жэня вельмі засумавала, што наша сустрэча не адбудзецца, сказала, што і качку ўжо згатавала. Але дадала, каб я, як толькі заўтра вярнуся, адразу патэлефанавала ёй. Вось такая была наша апошняя тэлефонная размова, з якой нішто не прадказвала Жэнінай пагібелі».

Тамара Аўсяннікава згадвае пра цікавае: «Дзень прайшоў, і ноч на зыходзе. У тую ноч мы імкнуліся зразумець лёс Маякоўскага і Ясеніна. Самагубства — гэта сіла ці слабасць. Да высновы мы не прыйшлі. То нам здавалася, што гэта слабасць, і Жэня прыводзіла словы М. Астроўскага: «Умей жить и тогда, когда жизнь становится невыносимой…» Потым пярэчылі сабе. Ясна было адно: Жэня супраць самагубства. Але душэўны стан сяброўкі мяне трывожыў. «Ты за мяне не хвалюйся. У мяне ёсць выйсце — вершы. Калі б не пісала, страціла б розум», — супакойвала мяне Жэня».

Тым не менш, прыхільнікі версіі самагубства кажуць пра стан дэпрэсіі. Што падчас дэпрэсіі немагчыма патлумачыць логікай ці здаровым сэнсам учынкі чалавека… Але! Калі я чую «Яна стамілася ад жыцця, згубіла сэнс», дык заўважу: прабачце, але ж вы ў адзін голас — усе! — кажаце, што жыццё для Яўгеніі Янішчыц — яе вершы, паэзія! І ў гэты час пачынаецца якраз сапраўдны творчы ўздым. Па ўспамінах Вячаслава Рагойшы: «За некалькі месяцаў да яе заўчаснай смерці я сустрэў яе на вуліцы. Кажа: не ведаю чаму, але так пайшлі вершы — не паспяваю запісваць».

Версіі

Гаварылі пра неасцярожнасць. Валянціна Коўтун была перакананая, што «не абышлося без уздзеяння знешніх сіл» — нешта яшчэ паспрыяла такому зыходу. Але — тут зноў цынізм — версія смерці праз неасцярожнасць не была прынятая ў грамадстве. Не было месца для легенды і міфа. У гэтым кірунку і следчыя органы не капалі — не было сэнсу абцяжарваць сваю справу.

Вернемся зноў крышачку назад: сяброўкі паэткі казалі, што яна магла б лёгка ўладкаваць сваё асабістае жыццё. Але — «яна хацела жыць з тым, хто будзе не толькі яе кахаць, але і будзе каханым ёй». Такім чынам, факт заляцання некага з мужчын да Янішчыц адпрэчваць нельга. І ніколькі не будзе неверагодным знаходжанне такога мужчыны якраз 25 лістапада ў кватэры Янішчыц. І далей магло здарыцца што заўгодна.

Трэцяя версія нават не агучвалася, але хавалася ў шматзначным маўчанні. Маўляў, часы не тыя, дый…

Я кажу пра версію змовы. Ці магла Яўгенія Янішчыц стаць ахвярай рэжыму, службаў дзяржаўнай бяспекі? Не, чую ў адказ. Яўгенія Янішчыц — вунь жа і Анатоль Казловіч піша, была на баку дзяржаўнай ідэалогіі.

Але ці заставалася?

Давайце згадаем 1988 год. Не, нават спачатку 1987. Тады адбываецца першы мітынг у Купалаўскім парку, арганізаваны «Тутэйшымі» і «Талакой». І там гучыць услых тое, пра што большасць не ведала, а меншасць маўчала: пра расстраляных паэтаў — споўнілася 50 гадоў з таго дня трагедыі беларускай культуры і літаратуры. Адным з удзельнікаў таго мітынгу быў паэт Анатоль Сыс.

Ці ведала раней Янішчыц пра «ноч расстраляных паэтаў»? Мяркую, не. Можа, яшчэ і па той прычыне, што жыла ў паэзіі, адасоблена ад свету. Можа, і не хацела пускаць у сябе тыя страшныя веды, якімі раптам сталі поўніцца старонкі газет, перадачы радыё. Але мусіла. Помніце ж — у 1985 годзе пачалася «перабудова» — і пакрысе, пакрысе, а потым бы прарвала плаціну, і бурная плынь панесла да нас (адношу сябе да тых самых сляпых сучаснікаў) ільдзіны такой праўды, якая скоўвала страшным холадам. Руйнаваліся ідэі і перакананні — і не некім, а намі самімі пад уплывам тых фактаў.

Яўгенія Янішчыц, якая добра зведала ідэалогію і практыку яе ўвасаблення «знутры», калі двойчы пабывала за мяжой у капіталістычных краінах, якая адчувала за сабой нагляд, не магла не перагледзець сваё стаўленне да гістарычных падзей і цяперашняга часу. Тым больш — помнім — яна была паэткай з аголенай скурай. У пісьменніка Адама Глобуса ёсць апавяданне «Крыжа-чалавек» — яно пра Янішчыц, пра яе страх, пра той ціск, які на яе аказваўся шпегамі.

…А потым наступае дзень 30 кастрычніка 1988 года. «Дзяды», разгон і збіццё людзей. І зноў у першых шэрагах — паэты: Анатоль Сыс, Уладзімір Арлоў. Слова «Курапаты», дзякуючы Зянону Пазняку, набыло сэнс страшнай трагедыі Беларусі, напоўнілася смерцю і болем, стала рэальнай часткай гісторыі.

Як успрыняла гэта ўсё Яўгенія Янішчыц?

На жаль, пра гэта не згадваюць у сваіх успамінах былыя сяброўкі Янішчыц. Можа, успомняць цяпер?

У любым выпадку, ветлівыя таварышы, будзьце пэўныя, пыталіся ў паэткі: а як вы адносіцеся да апошніх падзей у Мінску?

Уявім…

У любым разе, давайце ўявім гіпатэтычнае: паэтка становіцца на бок дэмакратычнага руху, поруч з Сысом і Арловым. Што азначае для камуністычнай партыі на той момант такі яе крок? Яна, імклівая, крохкая і непахісная — гэта ж беларуская Жанна Д’арк!

У тыя гады з’явілася ў людзей цікавасць і да сваіх продкаў. І тут важнае: дзяды і бабулі Яўгеніі Янішчыц па ўсіх яе лініях пацярпелі ад камуністаў. Нехта быў раскулачаны, у некага адабралі хутар і маёмасць. Продкі паэткі не былі галотай, яны працавалі на сваёй зямлі, якой мелі нямала. І іх крыўды маглі адкрыцца Яўгеніі Янішчыц зусім у іншым святле.

Цяпер зададзім іншае пытанне: ці маглі ўлады разлічваць на яе ідэалагічную непахіснасць? Мой адказ: не. І найперш таму, што Янішчыц тонка адчувала розніцу між дабром і злом. Як бы яна ні хавалася (калі хавалася) ад падзей і фактаў, рана ці позна мусіла б убачыць праўду. І перакананы: яна б не здрадзіла свайму хроснаму бацьку Нілу Гілевічу — і стала б поруч з ім.

На хвілінку вернемся назад: вось Янішчыц кажа Раісе Баравіковай, што атрымала рэквіем. З аднаго боку, гэты ліст мог быць штуршком для самагубства. Маўляў, нейкі дурань напісаў, а бедная жанчына не вытрымала. А з другога боку — гэта магло быць спланаванай акцыяй перад забойствам (ужыву тут урэшце гэта слова), добрым прыкрыццём.

Адзін успамін падаўся мне надзвычай важным: «Можа, засланяла каму сонейка сваім талентам. Высветліцца калі-небудзь. Але нас ужо не будзе. Суседка Жэні расказвала, што аднойчы яна выносіла смецце і ўбачыла, як нейкі незнаёмы мужчына корпаецца каля дзвярэй Жэнінай кватэры, спрабуе ключом адкрыць дзверы. Яна запытала, што яму патрэбна, гаспадыні няма дома. Ён адказаў, што, маўляў, тэлевізар прыйшоў рамантаваць. І адразу ж пайшоў, сеў у «Жыгулі» блакітнага колеру і паехаў. Жэня ніякага майстра не выклікала. Хто падсылаў да яе гэтых людзей, невядома». Гэта казала родная цётка Янішчыц Таццяна Ждановіч.

…Не мы жывём з ластаўкамі. Гэта яны жывуць з намі. Датуль, пакуль існуе ў нашых душах тая самая забарона дзядоў: не страляйце ў ластавак.

Чытайце таксама:

«Адкуль жа ўзяўся той — рэальны ці ілюзорны — чорны чалавек, які падштурхнуў Янішчыц да балконнага поручня?»

Яе называлі палескай ластаўкай

Неверагодныя беларускі. ТОП-7 літаратарак. Новае відэа на канале Андрэя Хадановіча 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
20
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
5
Сумна
22
Абуральна
8
7
Ольга/адказаць/
20.11.2023
Начала за здравие, кончила за упокой. Так и лепят жертву "ражыма"... Песня о главном, по-другому уже не срастётся.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031