Знайсці
09.03.2024 / 13:494РусŁacБел

Дзве рэспублікі магнатаў Бжастоўскіх. Два нашы суайчыннікі-візіянеры даказалі, як паляпшае чалавека свабода

Пра два фенаменальныя маёнткі, у якіх эканамічныя свабоды змянілі якасць «чалавечага капіталу» ў XVIII і XIX стагоддзях, піша Цімох Акудовіч.

Руіны палаца ў Паўлаве. WIKIMEDIA COMMONS

Першай канстытуцыяй, прынятай у Рэчы Паспалітай (і, адпаведна, другой у свеце), была зусім не Канстытуцыя 3 мая 1791 года. За месяц да гэтага, 4 красавіка, варшаўскі сойм ухваліў канстытуцыю Паўлаўскай рэспублікі — невялікага па мерках дзяржавы маёнтка на мяжы цяперашніх Беларусі і Літвы. Стваральнікам гэтай «рэспублікі» быў святар і рэфарматар Павел Ксаверый Бжастоўскі. 

Болей ордэнаў!

Род Бжастоўскіх прыехаў у Вялікае Княства Літоўскае з Малой Польшчы (паўднёвы ўсход Польшчы з цэнтрам у Кракаве) у пачатку XVII стагоддзя, але адразу ж зрабіўся важным і ўплывовым. Пасада пісара Вялікага Княства стала для Бжастоўскіх амаль што сямейнай.

Ян Бжастоўскі набыў маёнтак Міхалішкі на беразе Віліі (цяпер гэта Астравецкі раён) у 1604 годзе. Менавіта ён у 1622-м запрасіў у Міхалішкі манахаў-аўгусцінцаў і заснаваў таямнічы і неймаверна прыгожы ўнутры касцёл Святога Міхала, які цяпер выконвае ролю спадарожніка гервяцкай турыстычнай Меккі.

Храм у Міхалішках на высокім беразе Віліі — адбітак эстэтычных густаў нашых продкаў. Усё тут цэльна і стрымана. ФОТА ЦІМАФЕЯ АКУДОВІЧА

Сын Яна, віленскі біскуп Казімір Канстанцін Бжастоўскі, плёў інтрыгі супраць Сапегаў і нават адлучыў іх ад Царквы, падтрымліваў пашырэнне езуіцкага ордэна (у тым ліку меў дачыненне да будаўніцтва мінскага кафедральнага касцёла), «прыдумаў» ордэн рахітаў і запрасіў у ВКЛ ордэн піяраў.

Ордэн рахітаў быў заснаваны віленскім біскупам Казімірам Бжастоўскім у 1713 годзе для манахаў, што бралі на сябе абавязак даглядаць хворых на чуму.

Апекуном выбралі святога Роха: паводле сучасных даследаванняў, гэта быў француз з заможнай сям’і, што атрымаў медычную адукацыю, але рана страціў бацькоў і, ахвяраваўшы сваё багацце бедным, выправіўся ў пілігрымку ў Італію. Гэта было XIV стагоддзе, Еўропа пакутавала на эпідэмію чумы, і самаахвярны лекар, які ўрэшце і сам перанёс страшную хваробу, быў сімвалам чалавечнасці.

Ордэн меў толькі тры кляштары: у Мінску (скрыжаванне сучасных Рэвалюцыйнай і Раманаўскай Слабады), Вільні і Коўне. Яго скасавалі ў 1840 годзе.

Рэлігійныя інстытуты і механізмы, відаць, былі звыклым светам для Казіміра Канстанціна Бжастоўскага, а тыя, хто замахваўся на гэты свет, — ворагамі. Ці не таму ён зрабіў усё, каб у 1689 годзе пакаралі смерцю колішняга таварыша па ордэне езуітаў Казіміра Лышчынскага? Апошні, скончыўшы Берасцейскі езуіцкі калегіум і Віленскую акадэмію, урэшце пакінуў ордэн езуітаў, а пасля напісаў кніжку на 530 старонак, якая заканчвалася фразай: «Такім чынам, Бога няма». Такое ў тыя часы было недаравальным грахом.

Біскуп прагрэсіўных поглядаў

У кожным пакаленні роду Бжастоўскіх нехта выбіраў для сябе чорную сутану: гэта таксама быў спосаб пабудаваць кар’еру. У другой палове XVIII стагоддзя такім выбранцам стаў сын Юзафа Бжастоўскага (і пляменнік Казіміра Канстанціна) Павел Ксаверый.

Нарадзіўся Павел Ксаверый у 1739 годзе ў вёсцы Мосар (цяперашні Глыбоцкі раён), дзе ў Бжастоўскіх быў маёнтак, а магчыма, нават невялікі замак. Касцёл, яшчэ нядаўна знакаміты на ўсю Беларусь сваім пробашчам Юозасам Булькам, цвярозасцю і батанічным садам, пабудаваў у 1792 годзе малодшы брат Паўла Ксаверыя Роберт і асвяціў іменем сваёй жонкі, Ганны з Плятэраў.

Так выглядаў палац Бжастоўскіх у Мосары. WIKIMEDIA COMMONS

У канцы 1750- х Бжастоўскі навучаўся ў Рыме, у езуіцкім калегіуме. А пасля вяртання ў 1762 годзе быў спачатку высвечаны на ксяндза, пасля атрымаў «сямейную» пасаду пісара ВКЛ і ў дадатак выбраўся дэпутатам на Галоўны трыбунал ВКЛ. У Рэчы Паспалітай XVIII стагоддзя так было можна.

Павел быў сярэднім сынам, на спадчынны Мосар спадзявацца не мог, таму ў 1767 годзе набыў уласны маёнтак Мерач за 40 км ад Вільні. Праз два гады ён пераназваў яго ў Паўлава і зрабіў тое, што ў бацькоўскім уладанні, можа, і не атрымалася б: вызваліў сваіх сялян ад паншчыны і ўладкаваў з іх парламент, стварыўшы такім чынам асобную Паўлаўскую рэспубліку.

Дзве Мерачы

Мерач Бжастоўскага, перайменаваная ім у Паўлава, — гэта сённяшняя невялікая вёска Мяркіне, якая месціцца ў Шальчынінкайскім (Салечніцкім) раёне Літвы, непадалёк ад мяжы з Беларуссю. У ёй цяпер засталося толькі некалькі дзясяткаў пастаянных жыхароў.

Не варта блытаць гэты населены пункт з аднайменным мястэчкам у цяперашнім Варэнскім раёне, колішнім павятовым і нават адзін час, у самым канцы існавання Рэчы Паспалітай, ваяводскім цэнтрам. Аб’ядноўвае гэтыя два паселішчы толькі тое, што абодва яны месцяцца на рацэ Мерычанцы (Мяркіне), толькі вёска — у яе верхнім цячэнні, а мястэчка — пры ўпадзенні ў Нёман.

Дэізм і фізіякратызм

Тут патрэбна невялікае адступленне.

У другой палове XVII стагоддзя ў Еўропе развілася філасофская плынь дэізм (ад лацінскага deus — Бог). Дэісты верылі ў Бога, але адмаўлялі яму ў звышнатуральных праявах і цудах, у пэўным сэнсе атаясамліваючы з Богам прыроду. Найважнейшай канцэпцыяй гэтай тэорыі была ідэя «натуральнага парадку»: вера ў тое, што, як і ў прыродзе, у грамадстве існуюць натуральныя законы развіцця і ўзаемадзеяння, якія трэба проста не парушаць для таго, каб эканоміка, людскія адносіны і нават палітыка развіваліся гарманічна.

У сярэдзіне XVIII стагоддзя гэтыя філасофскія разважанні сталі асновай для эканамічнай тэорыі французскага эканаміста Франсуа Кенэ, якую цяпер называюць «фізіякратызмам» (са старажытнагрэчаскай φύσις — прырода і κράτος — сіла, улада). Паводле яе пастулатаў выходзіла, што сапраўднай крыніцай багацця мусіць быць праца на зямлі, адно толькі трэба даць эканамічную свабоду сельскім вытворцам — і ўсё само сабой гарманізуецца.

Сукупнасць гэтых ідэй была вельмі папулярнай па ўсёй Еўропе. І Рэч Паспалітая не стала тут выключэннем. Хутчэй, наадварот: у нас фізіякратызмам зацікавіліся буйныя магнаты і высокапастаўленыя святары. 

Павел Ксаверый Бжастоўскі. WIKIMEDIA COMMONS

Якая эфектыўнасць ад прымусу?

З пазіцыі «натуральнага парадку» грамадства — гэта таксама частка прыроды, якая гэтак жа развіваецца па натуральных законах. Чалавек і ягоная ўнутраная маральнасць з’яўляюцца часткай гэтай сістэмы. Калі чалавека выняць з натуральных законаў прыроды — напрыклад, пазбавіць свабоды, маёмасці ці бяспекі, — ён становіцца неэфектыўным як для сябе, так і для грамадства. Фізіякраты казалі: «Якую эфектыўнасць можна патрабаваць ад чалавека, калі ён працуе пад прымусам і не бачыць сваёй выгады?»

Банальнасць для сённяшняга дня, але ў XVIII стагоддзі з яго распаўсюджаным прыгонам гэта гучала як выклік.

Статут Паўлаўскай рэспублікі. WIKIMEDIA COMMONS

Выклік гэты прынялі людзі з найвышэйшых колаў грамадства. Сам канцлер Вялікага Княства Літоўскага Іаахім Літавор Храбтовіч (пазней сталі пісаць «Храптовіч») адзначыўся як тэарэтык руху, напісаўшы некалькі твораў на гэту тэму. Сваю гаспадарку ў Шчорсах на Наваградчыне ён вёў у адпаведнасці з новымі прынцыпамі: скасаваў паншчыну, плаціў за наёмную працу, а за карыстанне зямлёй браў долю ад ураджаю. Да 1770 года шчорсаўскі маёнтак стаў адным з самых прыбытковых у Рэчы Паспалітай. 

Вар’яцтва са Статутам

Дзякуючы таму, што Шчорсы цяпер на тэрыторыі Беларусі, пра іх у нас шмат пішуць. Але Храбтовіч быў у сваіх памкненнях не адзін. Ідэі французскіх эканамістаў абмяркоўвалі ў палацах і маёнтках па ўсёй Рэчы Паспалітай. Але на практыцы да канца XVIII стагоддзя ніхто ў гэтым кірунку не зайшоў так далёка, як Павел Ксаверый Бжастоўскі.

10 сакавіка 1767 года ў вёсцы Паўлава (Мерач) было абвешчана аб стварэнні рэспублікі. Сяляне станавіліся вольнымі і ўтваралі парламент, дзе рашэнні прымаліся большасцю галасоў. Парламент быў двухпалатны, а яго пастановы выконвалі розныя міністэрствы, якімі кіравалі выключна сяляне. Пасаду старшыні ў парламенце займаў сам Бжастоўскі, і ён, відавочна, меў права вета, але не больш за тое.

Усё гэта было прапісана ў Статуце, які Бжастоўскі падрыхтаваў у тым жа годзе. У адпаведнасці са Статутам, усе сяляне абвяшчаліся вольнымі і маглі пакінуць гаспадарку пры ўмове выплаты ўсіх пазык і рамонту хаты. І хоць сума пазыкі была досыць пад’ёмнай, сыходзіць з рэспублікі ніхто не хацеў.

Ні Храбтовіч, ні іншыя фізіякраты на такі ўзровень «натуральнага парадку» падняцца не наважыліся. Большасць жа магнатаў усё яшчэ разглядала сялян як тавар і тое, што рабіў дзіўны ксёндз, увогуле лічыла вар’яцтвам. Вар’яцтвам, якое мусіла хутка скончыцца. 

Паўлаўская рэспубліка

Бжастоўскі выбраў для свайго эксперыменту невялікую вёску з бедным насельніцтвам. Сам рэфарматар узгадваў пра гэта так: «У 1767 годзе я знайшоў зямлю, парослую лесам, з ракой Мерычанка, якая ўпадае ў Нёман, незаселенай. І таму прыйшлося шукаць у лясах купку здзічэлых людзей, якія ў галечы і няшчасці жылі пад нявольніцкай працай згодна з агульнапрынятым у краіне звычаем».

Па плошчы Паўлаўская рэспубліка была роўнай палове Ліхтэнштэйна або Сан-Марына і пятнаццаці княствам Манака: каля 3 тысяч гектараў. Права ўдзельнічаць у парламенце мелі гаспадары, якія валодалі зямлёй, а іх сямейнікі і беззямельныя ў галасаваннях не ўдзельнічалі. Пры гэтым Бжастоўскі перыядычна выдзяляў зямлю тым, хто яе не меў, а таксама новым жыхарам.

За 20 гадоў колькасць грамадзян рэспублікі вырасла ўтрая і налічвала каля 700 чалавек. Неслабы міграцыйны працэс як для XVIII стагоддзя! Яно і не дзіўна, бо ўсе людзі ў Паўлаве былі вольныя. Даўшы свабоду, Бжастоўскі адразу ж адмяніў паншчыну і ўвёў чынш, бо гэта гарантавала асабістую зацікаўленасць сялян у выніках іх дзейнасці.

У Паўлаўскай рэспублікі былі свой сцяг і герб, чаканіліся грошы. Паўстала школа, лякарня і нават банк. Усё гэта з удзелам сялян і для сялян.

Было сваё войска і нават форма ў гэтага войска — белыя жупаны з чорнымі папахамі наверх. Форму, дарэчы, мела не толькі войска, але і звычайныя жыхары. Бжастоўскі пастанавіў, што мужчыны ў ягонай рэспубліцы мусяць хадзіць у блакітных жупанах і чырвоных шапках, а жанчыны ў блакітных сукенках з белымі фартухамі. Сучасны чалавек у гэтым месцы можа выставіць прэтэнзію Бжастоўскаму, што вольнасць ягоных сялян была моцна абмежаваная, калі пан вызначаў колер іх вопраткі, але для людзей той эпохі такія дробязі наўрад ці былі заўважныя.

 

Салдаты Паўлаўскай рэспублікі тры разы адбівалі штурм расійскіх войскаў. WIKIMEDIA COMMONS

Свабода, якую хочацца бараніць

Эксперымент Бжастоўскага выклікаў вельмі розную рэакцыю ў грамадскасці Рэчы Паспалітай. Шмат хто лічыў яго вар’ятам, але агулам, дзякуючы модзе на французскую філасофію таго часу, да таго, што адбывалася ў Паўлаве, ставіліся з цікавасцю. У рэспубліку прыязджаў нават сам кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, які, ацаніўшы зробленае, уручыў дзіўнаму ксяндзу ордэн Белага Арла.

Караль Бжастоўскі, які зрабіў сваіх сялян грамадзянамі. WIKIMEDIA COMMONS

Вяршыняй прызнання стала пастанова Чатырохгадовага сойма, калі 4 красавіка 1791 года яго пасламі была ратыфікаваная дапоўненая Канстытуцыя Паўлаўскай рэспублікі. У адпаведнасці з ёй сяляне маглі сыходзіць з гаспадаркі, ужо нават не выплачваючы ніякіх пазык Бжастоўскаму. Але ніхто не спяшаўся гэтага рабіць. Бо ці было лепшае месца для сялян ва ўсёй Рэчы Паспалітай на той момант?

На жаль, такім яно заставалася ўжо нядоўга. У наступным годзе пачалася вайна з Расіяй, пасля другі падзел Рэчы Паспалітай і паўстанне Тадэвуша Касцюшкі. У 1794 годзе парламент рэспублікі вырашыў далучыцца да паўстання. Нягледзячы на малалікасць Паўлава, расійскім войскам давялося тры разы падымацца на штурм, каб узяць дзіўную вёску, якую абараняла мясцовае паспалітае рушанне ў белых жупанах з чорнымі папахамі.

 Чвэрць стагоддзя парадку

Здавалася б, не можа такога быць, каб права прымаць рашэнні змагло адразу зрабіць з бедных прыгонных сялян эфектыўных гаспадароў. Аднак ужо ў XX стагоддзі гісторыкі падлічылі, што эфектыўнасць працы і колькасць здабытага ўраджаю ў Паўлаве былі на парадак вышэйшыя, чым агулам па Рэчы Паспалітай. Іншая справа, што адной эфектыўнасці гаспадарання ў асобна ўзятай маленькай дзяржаве мала.

25 гадоў праіснавала незвычайная рэспубліка пад кіраўніцтвам Бжастоўскага. Баючыся рэпрэсій з боку расійскіх уладаў, Павел Ксаверый з’ехаў у Саксонію. Сваю маёмасць ён прадаў іншаму гаспадару, які паабяцаў хаця б часткова захаваць парадкі старой рэспублікі.

Дзіўным чынам Кацярына II не ліквідавала гэтай гаспадаркі. Хаця якраз яна мела зуб на ўсіх фізіякратаў Рэчы Паспалітай: з-за чутак пра тое, што «польскія» паны даюць свабоду, у 1770—1780-х гадах з Расіі збягала шмат сялян. Канчаткова Паўлава было ліквідавана толькі пасля паўстання 1830—1831 гадоў, калі мясцовыя сяляне зноўку далучыліся да змагання.

На той час яны былі ўжо не проста эканамічным эксперыментам дзіўнага пана, але яркай рэгіянальнай з’явай, бо этнографы, якія падарожнічалі па гэтых землях у першай палове XIX стагоддзя, адзначалі відавочную розніцу ў жыццёвых падыходах паўлаўцаў: яны самі планавалі сваё жыццё (наколькі гэта было магчыма), лічылі свае прыбыткі і цікавіліся мастацтвам.

Сам Павел Бжастоўскі ў 1800 годзе вярнуўся на радзіму і пасяліўся ў суседняй з Паўлавам вёсцы Тургелі. Тут ён пражыў рэшту сваіх дзён, назіраючы за тым, як занепадае праект ягонага жыцця.

Памёр стары ксёндз у 1827 годзе і быў пахаваны ў мясцовым касцёле. Але па нейкай прычыне расійскія ўлады неўзабаве выцягнулі труну з целам Бжастоўскага і вывезлі яе ў невядомым кірунку. 

Вальнадумства ў спадчыну

Неўзабаве атмасфера ў Расійскай імперыі стане задушлівай і непрыдатнай для гадавання фізіякратызму і іншых прагрэсіўных ідэй. Аднак у першай чвэрці XIX стагоддзя Польшча яшчэ мела ілюзію некаторай самастойнасці, а Расійская імперыя не супрацьпастаўляла сябе цывілізаванаму свету. У 1818 годзе расійскі імператар Аляксандр І на адкрыцці сейма Царства Польскага нават анансаваў стварэнне расійскай Канстытуцыі, паводле якой Расія мусіла стаць канстытуцыйнай манархіяй.

Апошнюю спробу скарыстацца ідэяй натуральнага парадку на практыцы зрабіў нашчадак Храбтовічаў і Бжастоўскіх — Караль Бжастоўскі. Ён быў унукам Іаахіма Храбтовіча па маці і пляменнікам Паўла Ксаверыя Бжастоўскага па бацьку.

Нарадзіўся Караль у 1796 годзе ў Міхалішках і як нашчадак двух родаў атрымаў у спадчыну землі як саміх Бжастоўскіх (тыя ж Міхалішкі), так і Храбтовічаў: маёнтак Штабін у Падляшскім ваяводстве.

Вучыўся юнак у Вільні і Парыжы. Выявіўся здатным вучнем: лёгка авалодаў лацінай, французскай і нямецкай мовамі, але асаблівую цікавасць меў да тэхнічных навук. Як нашчадак двух магутных шляхецкіх родаў, паступіў у 1816 годзе на вайсковую службу і хутка рабіў кар’еру як вайсковы інжынер. Але ў 1818-м раптам нешта здарылася — і ён папрасіўся ў адстаўку. Верагодней за ўсё, меў праблемы са здароўем. 

Тысячы ранаў

Пасля адстаўкі Бжастоўскі з’ехаў у Штабін (цяпер гэта вёска ў Падляшскім ваяводстве Польшчы на поўдні ад Аўгустова, за 40 км на захад ад Гродна). На той момант штабінскі маёнтак — гэта 12 тысяч гектараў занядбанай зямлі, абцяжаранай пазыкамі Храбтовічаў.

Бжастоўскаму пашанцавала: ад суседа ён атрымаў грошы на пакрыццё ўсіх пазыкаў. І 23-гадовы шляхціч вырашыў не марнаваць гэты шанец. Закасаўшы рукавы ён распачаў тую ж справу, якую некалі распачыналі ягоныя дзед і дзядзька.

У 1819 годзе Караль абвясціў у Штабіне рэспубліку. Прыгоннае права было адмененае, сяляне сталі вольнымі. У эканамічным плане малады Бжастоўскі пайшоў далей за сваіх сваякоў: уся зямля была абвешчаная арэнднай. Гэта значыць, сяляне станавіліся цалкам эканамічна вольнымі і прыбытак іх гаспадаркі залежаў выключна ад іх.

Сам Бжастоўскі пра гэта пісаў так: «Я ганаруся, што сам сябе забяспечваю. Калі б я страціў гэту ўпэўненасць, жыццё б мне абрыдла. Я перастаў бы жыць, калі б не змог зарабляць на жыццё… Я вызваляю вас ад усялякай прымусовай працы, таму што ўсякая прымусовая праца прыніжае чалавека, ператварае яго ў звера, пакідае на ім тысячы ранаў і перашкаджае яго маральнаму ўздыму». 

Штабінская рэспубліка

Зямля ў маёнтках Бжастоўскага была не вельмі добрая, таму пан вырашыў прымусова ўвесці еўрапейскія практыкі сельскай гаспадаркі: замест трохпольнага севазвароту — шматпольны і абавязковая пасадка на сваім участку бульбы, хмелю і капусты. Бжастоўскі сам напісаў звод законаў, якія жорстка каралі за невыкананне правілаў і асабліва за п’янства.

На гэтым прыкладзе вельмі цікава назіраць за генезісам ідэй фізіякратызму ў XIX стагоддзі: у дзеяннях маладога Караля ўжо не было рамантычнага жадання пабудаваць ідэальную рэспубліку з канстытуцыяй, мундзірамі і парламентам, як тое рабіў у часы Асветніцтва ягоны дзядзька. Малады Бжастоўскі адкінуў усе «гульнявыя элементы», пакінуўшы толькі прагматыку: ён даў максімальную свабоду сялянам, увёўшы жорсткае пакаранне за невыкананне законаў, якія сам напісаў. Далоў цырымоніі: у XIX стагоддзі стаўка ўжо рабілася на тэхнічны прагрэс і чалавечы капітал.

У кожнай вёсцы маёнтка стваралася самакіраванне, якое збіралася па нядзелях і вырашала ўсе пытанні гаспадаркі прамым галасаваннем. На сялянскія грошы пры маёнтку была арганізавана школа. Часта там выкладаў сам Караль Бжастоўскі. Ужо праз 10 гадоў каля паловы жыхароў маёнтка ўмелі чытаць і пісаць: неверагодна вялікі працэнт для сярэдзіны XIX стагоддзя.

Таксама Бжастоўскі арганізаваў кантору, дзе сяляне маглі атрымаць пазыкі на арганізацыю сваіх гаспадарак. Спачатку пад 6%, а пазней пазыкі сталі беспрацэнтнымі. 

Апантанасць і адукацыя

Важнай часткай рэспублікі Бжастоўскага ў Штабіне была прамысловасць. Схільны да дакладных навук шляхціч не баяўся новага: гута, якую ён арганізаваў, стала звышпаспяховай і адной з найбуйнейшых у Расійскай імперыі. А між тым усю тэхналогію Бжастоўскі вывучыў і сканструяваў сам.

У 1824 годзе ў Аўгустове пачалі капаць знакаміты Аўгустоўскі канал — і малады рэфарматар з нуля стварыў ліцейную вытворчасць, дзе рабілі механізмы для шлюзаў канала. Пазней на заводзе пачалі выпускаць сельскагаспадарчую тэхніку. І тут таксама некаторыя прылады (напрыклад, механічную даілку для кароў) распрацаваў сам Бжастоўскі.

Усе гэтыя тэхнічныя навацыі, само сабою, патроху распаўсюджваліся па наваколлі.

Да паўстання 1830 года Караль Бжастоўскі на свае вочы ўбачыў: тэорыя працуе! Ён меў рацыю, калі пайшоў шляхам эканамічных свабод, то, відаць, і ў іншых пытаннях належыць верыць у свае сілы. З той жа энергічнасцю рэфарматар далучыўся да паўстанцкага войска, заняў не апошнюю ў ім пасаду і нават атрымаў ордэн Virtuti Militari за мужнасць у бітве. Але паўстанне прайграла, і толькі цудам можна патлумачыць тое, што шляхціч не быў пакараны пасля яго паразы і нават застаўся кіраваць сваімі ўладаннямі, толькі фармальна перапісаўшы іх на сястру.

Штабінская рэспубліка праіснавала да 1854 года, увесь гэты час паказваючы неслабую дынаміку. Раслі эканамічныя паказчыкі і тое, што цяпер бы назвалі індэксам развіцця чалавечага патэнцыялу: пісьменнасць, матываванасць, узровень жыцця, даўгалецце.

Аднак сам Бжастоўскі з дзяцінства не вылучаўся моцным здароўем. І 30 гадоў напружанай працы даліся ў знакі. У 1853 годзе ён выехаў на лячэнне ў Парыж, адкуль ужо не вярнуўся: налета неўтаймаваны рэфарматар памёр і быў пахаваны на могілках Манмарансі каля французскай сталіцы.

Перад смерцю добрасумленны гаспадар прапісаў план развіцця сваёй справы на будучыню. Сяляне атрымлівалі сваю зямлю ў прыватную ўласнасць, гаспадарка пераходзіла пад кіраванне аканома, які атрымліваў палову ад усіх прыбыткаў гаспадаркі (гэта павінна было стаць матывацыяй), спецыяльным загадам быў заснаваны Штабінскі сельскагаспадарчы інстытут і шмат чаго яшчэ.

Але, на жаль, прызначаны аканом не справіўся. Ужо праз 8 гадоў гаспадарка стала стратнай. Дзякуючы парадкам і тэхналогіям Бжастоўскага, праўда, маёнтак яшчэ праіснаваў да пачатку XX стагоддзя, але ўрэшце быў ліквідаваны за даўгі.

Так скончылася гісторыя фізіякратызму на нашых землях, амаль што дацягнуўшы да часу новых эканамічных тэорый, у якіх ідэі натуральнай выгады і маральнасці былі «зашытыя» ў саму сутнасць эканомікі. 

Ці гэта наша?

Павал Бжастоўскі заснаваў сваю рэспубліку ў вёсцы Мерач, якая цяпер размяшчаецца на тэрыторыі Літвы. І таму для фармалістаў, якія абмяжоўваюць гісторыю нашай нацыі межамі, гэта ўжо літоўская гісторыя. А Штабін Караля Бжастоўскага знаходзіцца на польскім цяпер баку, таму гэта, маўляў, гісторыя польская. Хоць у тыя часы цяперашніх межаў не існавала.

А заснавалі б Бжастоўскія свае гаспадаркі ў межах сучаснай Беларусі — мы мелі б цэлы параграф у школьных падручніках пра паноў-рэфарматараў, значна ранейшых (і моцна эфектыўнейшых) за рэфарматара Аляксандра II. І пісаць гэты артыкул не было б неабходнасці.

Але ўсё ж думаецца, што нам ужо час глядзець на Беларусь і яе спадчыну шырэй.

Цімафей Акудовіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
39
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
7
0
Gorliwy Litwin/адказаць/
09.03.2024
а як жа Дамінік Манюшка, родны дзядзька славутага кампазітара Станіслава М., і ягоны маёнтак Радкаўшчына?  ў Ігуменскім павеце (цяпер Чэрвеньскі раён).  гэты прэцэдэнт то дакладна на тэрыторыі РБ. Калі ласка, вунь нават артыкул у  бел. вікі пра яго і парадкі ў маёнтку:

https://be.wikipedia.org/wiki/%D0%94%D0%B0%D0%BC%D1%96%D0%BD%D1%96%D0%BA_%D0%9C%D0%B0%D0%BD%D1%8E%D1%88%D0%BA%D0%B0

дзіўна што не згадалі :-(
5
Божевильный/адказаць/
09.03.2024
Болей магнатов и олигархов нам трэба, вот тогда заживём!
0
Не дай бог з хама пана/адказаць/
09.03.2024
Божевильный, ты жыві з калхазанам яшчэ гадоў 20
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031