Знайсці
11.11.2020 / 10:40РусŁacБел

Памятаеце бацьку пяці дзяцей, якога забралі пад пад'ездам? Пры затрыманні зламалі плячо — так і праседзеў у ізалятары паўмесяца

Нядаўна «Наша Ніва» расказвала гісторыю цяжарнай жанчыны, якая пасля затрымання мужа засталася адна з пяццю дзецьмі. Алена Валковіч збіралася ў радзільню, калі яе муж выйшаў ненадоўга з пад’езда і знік. Пазней ён знайшоўся на Акрэсціна: відавочцы расказвалі, што Ігара і суседзяў зацягнулі ў аўтазак. За хуліганства мужчыну далі 13 сутак.

Фота з архіва сям'і

У аўторак Ігар нарэшце вярнуўся — са зламаным плячом. З гэтай траўмай, без належнай дапамогі, ён правёў у ізалятарах амаль два тыдні.

Мужчына згадвае вечар затрымання. У кампаніі суседзяў ён стаяў пад пад’ездам, за імі вісеў бел-чырвона-белы сцяг. Раптам да іх падышлі два чалавекі ў цывільным (яшчэ чацвёра стаялі непадалёку).

«Пачалі прэтэнзіі нам кідаць: «Задзяўблі, што вы гэтыя сцягі вешаеце!» Мы спыталі: «А вы хто?» — «Міліцыя». — «Пасведчанне пакажыце», — кажу ім. Пасля я атрымаў некалькі разоў па галаве, левую руку сталі заламваць. Пасля адцягнулі да рэчкі, там яшчэ дадалі», — распавядае шматдзетны бацька.

Ігара даставілі ў Маскоўскае РУУС. Больш яго не білі. Суд вырашыў, што, знаходзячыся каля дому, ён павесіў бел-чырвона-белы сцяг — тыповае хуліганства.

«Рука невыносна балела. Пасля суда фельчар абмацала плячо, нічога сур’ёзнага не знайшла, дала абязбольваючую таблетку. Я сам думаў, гэта вывіх. Нармальна руку падняць не мог, за гэтыя дні распрацаваў толькі рух наперад-назад», — кажа Ігар.

Суткі мужчына адбываў на Акрэсціна і ў Баранавічах. Першыя тры дні практычна не еў: было балюча з-за разбітага твару. 

Вызваліўся Ігар у ноч на 10 лістапада. Валанцёры дапамаглі дабрацца яму дадому. Ранкам ён адвёў дзяцей у садок і пайшоў у паліклініку зрабіць здымак. Рэнтген паказаў пералом левага пляча. Дактары спыталі пра характар траўмы — Ігар не стаў хаваць, што крымінальная.

«Сказалі, тэрмін загойвання такога пералому — пяць тыдняў. Два ўжо прайшло, яшчэ на тры мне далі бальнічны», — дзеліцца мужчына. Гіпс яму не накладалі, рука цяпер зафіксавана спецыяльнай сумкай.

У той жа дзень да Ігара прыйшлі з міліцыі. Удакладнялі, ці былі людзі, якія затрымлівалі, у форме. Днямі павінен прыехаць следчы. Мужчына мае намер падаць заяву.

НЛ

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031