У Пашыняна з рэзідэнцыі скралі камп'ютар, пасведчанне кіроўцы і парфуму
ТАСС
Удзельнікі пратэстаў супраць прыняцця трохбаковай заявы аб спыненні агню ў Нагорным Карабаху скралі з рэзідэнцыі прэм'ер-міністра Арменіі Нікола Пашыняна асабістыя рэчы, у тым ліку пасведчанне кіроўцы і парфуму. Пра гэта паведаміў у фэйсбуку сам Пашынян.
«З рэзідэнцыі прэм'ера скралі камп'ютар, гадзіннік, парфуму, пасведчанне кіроўцы ды іншае. Усё гэта, вядома, «у імя Радзімы», — напісаў Пашынян.
Раней Арменія, Азербайджан і Расія падпісалі пагадненне аб міры ў Нагорным Карабаху. У адпаведнасці з дакументам, Арменія і Нагорны Карабах павінны перадаць Азербайджану Кельбаджарскі, Агдамскі і Лачынскі раёны, а таксама тэрыторыі, якія ўтрымліваюцца армянскім бокам у Газахскім раёне.
Тым часам прэзідэнт Арменіі Армен Саркісян заявіў, што даведаўся пра падпісанне пагаднення з інтэрнэту і збіраецца ініцыяваць палітычныя кансультацыі.
«З прэсы я даведаўся таксама аб умовах спынення вайны. Адносна гэтага дакумента са мной як з прэзідэнтам Рэспублікі якіх-небудзь нарад ці абмеркаванняў, на жаль, не было, ні ў якіх перамовах я не ўдзельнічаў.
Урэгуляванне карабахскага канфлікту — пытанне агульнанацыянальнага значэння і важнасці. Любы датычны жыццёвых інтарэсаў бяспекі і правоў Арменіі, Арцаха [Нагорнага Карабаха], усяго армянскага народа крок, дзеянне, прыняцце любога рашэння, тым больш, падпісанне якога-небудзь дакумента павінна быць прадметам усебаковых кансультацый і абмеркаванняў», — заявіў Армен Саркісян.