Лукашэнка — апостальскаму нунцыю: Папа Францішак — найлепшы з папаў
БелТА
Сёння Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя граматы ад паслоў у тым ліку ад апостальскага нунцыя Антэ Ёзіча, піша БелТА.
«Перадайце Папу Рымскаму мае самыя добрыя пажаданні, я бясконца яго паважаю. Я сустракаўся з яго папярэднікамі, але гэта найлепшы Папа Рымскі», — падкрэсліў Лукашэнка.
Ён адзначыў: «Асаблівыя адносіны звязваюць Беларусь і Ватыкан. На міжнароднай арэне мы разам паслядоўна прасоўваем такія важныя ініцыятывы, як барацьба з гандлем людзьмі, супрацьдзеянне гвалту ў дачыненні да дзяцей, абарона традыцыйных сямейных каштоўнасцяў».
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што асаблівае месца ў двухбаковым парадку займаюць пытанні міжканфесійнага міру.
«Разлічваем на кансалідуючую і канструктыўную ролю каталіцкай царквы ў беларускім грамадстве», — сказаў Лукашэнка.
Ён таксама пацвердзіў зацікаўленасць Беларусі ў далейшым паглыбленні ўзаемадзеяння са Святым Пасадам.
Напярэдадні на сустрэчы з кіраўніком БПЦ Веніямінам, Лукашэнка заявіў, што кіраўнік беларускіх католікаў Тадэвуш Кандрусевіч ездзіў у Польшчу і атрымліваў кансультацыі, «як разбураць краіну». Нагадаем, што Тадэвуша Кандрусевіча не пусцілі 31 жніўня назад у Беларусь памежнікі, калі ён вяртаўся назад з Польшчы.