Знайсці
05.10.2020 / 13:498РусŁacБел

Кіраўнік раёна Віцебска, які прымусіў настаўнікаў на выбарах перапісаць пратакол, сышоў з пасады

Фота Сяргея Серабро, «Народныя навіны Віцебска»

Чыноўнік Сяргей Сташэўскі, які, як мяркуецца, 9 жніўня прымусіў настаўнікаў на выбарчым участку №25 перапісаць пратакол галасавання на карысць кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнкі, больш не з'яўляецца кіраўніком адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска, піша Tut.by.

З уласных крыніц Tut.by стала вядома, што 1 кастрычніка Сяргея Сташэўскага праводзілі з пасады кіраўніка раённай адміністрацыі. Дзе і кім ён будзе працаваць, пакуль невядома.

2 кастрычніка прозвішча, імя і фота Сташэўскага прыбралі з раздзела «кіраўніцтва» на сайце адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Віцебска.

Нагадаем, пасля выбараў у інтэрнэце з'явіўся аўдыёзапіс, на якім, як мяркуецца, былы кіраўнік Кастрычніцкага раёна Віцебска Сяргей Сташэўскі сустракаецца з членамі камісіі ўчастка №25 у СШ №44 пасля падліку галасоў і прымушае іх перапісаць пратакол, каб у кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай засталося ўсяго 20%, хоць менавіта яна перамагла на гэтым участку.

17 жніўня, на сустрэчы з дэлегацыяй гараджан, якія мірна пратэстуюць супраць вынікаў выбараў, губернатар Мікалай Шарстнёў заявіў, што ў дачыненні да Сяргея Сташэўскага праводзіцца праверка. Ён не ўдакладніў, хто яе ініцыяваў — абласныя ўлады або сілавыя структуры.

Ці скончылася гэтая праверка і чым — невядома. Паўтары тыдні таму Tut.by адправіў на імя старшыні аблвыканкама афіцыйны запыт з просьбай паведаміць аб выніках праверкі ў дачыненні да Сташэўскага. Адказу на яго пакуль няма.

У жніўні-верасні журналіст Tut.by спрабавала датэлефанавацца да Сяргея Сташэўскага асабіста. Аднак у прыёмнай Адміністрацыі раёна спачатку казалі, што ён знаходзіцца ў адпачынку, потым — што яго няма на працоўным месцы.

Сяргей Сташэўскі нарадзіўся ў 1975 годзе ў горадзе Бельцы (Рэспубліка Малдова). Скончыў БДУ па спецыяльнасці «правазнаўства» і Акадэмію кіравання пры прэзідэнце па спецыяльнасці «дзяржаўнае і мясцовае кіраванне».

Кар'еру пачаў у сталіцы, у аддзеле сацыяльнага забеспячэння Ленінскага раёна Мінска, затым працаваў на розных пасадах у Мінпрацы. З 2004 па 2007 гады — галоўны спецыяліст апарата Саўміна, пазней — памочнік намесніка прэм'ер-міністра.

У Віцебск пераехаў 11 гадоў таму. Спачатку быў намеснікам, а потым кіраўніком мясцовай адміністрацыі СЭЗ.

Кастрычніцкім раёнам Віцебска Сташэўскі кіраваў амаль 6 гадоў.

Tut.by

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031