Знайсці
02.10.2020 / 11:3230РусŁacБел

МЗС Беларусі рэзка адрэагавала на санкцыі ЕС. Палохае разрывам дыпадносін

МЗС Беларусі адрэагавала на прыняцце санкцый ЕС у дачыненні да афіцыйнага Мінска. Заява змешчана на сайце ведамства.

«Прынятым сёння рашэннем Еўрапейскі саюз аддаліў ад сябе свайго суседа — Беларусь. У апошнія гады беларускі бок актыўна і настойліва працаваў над выгадным для людзей і бяспекі ў нашым агульным рэгіёне ўмацаваннем адносін па лініі Беларусь-ЕС. Пазітыўныя вынікі ад гэтага былі адчувальныя для абодвух бакоў. Гэта факт.

Як факт і тое, што Еўрасаюзу не хапіла чвэрці стагоддзя, каб увесці ў дзеянне пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве з Беларуссю, затое некалькіх тыдняў аказалася дастаткова для ўвядзення санкцый. Напэўна, справіліся б і хутчэй, калі б не святы для еўрапейцаў сезон адпачынкаў.

На паверку ўсё проста: ЕС зноў нічога не хоча прапанаваць свайму партнёру, акрамя санкцый. Гэта значыць, такая «ўзнагарода» чакае кожнага, хто шчыра працуе над паляпшэннем двухбаковых адносін, але не стаіць у чарзе, молячы аб клубнай карце?

Прадэмакратычны таталітарызм — яшчэ больш напорысты, чым камуністычны. Не толькі іншыя меркаванні, дэталі і нюансы, але нават відавочныя факты апрыёры адпрэчваюцца, калі яны не адпавядаюць «правільнай ідэалогіі».

На жаль, такая палітыка ЕС апынулася ў пастцы сканструяванай ілюзорнай карцінкі падзей у Беларусі, дзе нібыта ідзе перманентная «барацьба дабра са злом», у якой усе сродкі добрыя, а ў ролі «зла» нязменна выступае легітымная ўлада.

Не трэба цешыць ілюзій, што такія крокі не адаб'юцца на грамадзянах і на іншых сферах кааперацыі. Службовыя асобы, якія прымаюць такія рашэнні ў ЕС выдатна разумеюць, што гэта ўтопія — любыя падобныя атакі адбіваюцца на людзях, іх бяспецы, дабрабыце і эканоміцы. Таму не трэба крывадушнічаць.

Менавіта ад такіх цынічных і бяздушных рашэнняў і нараджаецца імідж еўрабюракратыі, які адпужвае і насцярожвае як унутры ЕС, так і многіх знешніх партнёраў. У гэтай сувязі і Брэкзіт становіцца яшчэ больш зразумелым.

Санкцыі ўведзеныя як карная мера па сутнасці за тое, што Беларусь не пайшла на выкананне набору ўльтыматыўных патрабаванняў, задавальняць якія не стала б ніводная суверэнная дзяржава, якая паважае сябе. У першую чаргу сярод членаў ЕС.

Але, напэўна, палітычная воля і здаровы сэнс усё яшчэ не могуць узяць верх над генетычна заселым місіянерствам і ментальным для сябе падзелам краін на «стары» і «новы свет», на людзей першага свету, якія маюць права, і ўсіх астатніх, якія, у асноўным, чымсьці абавязаныя.

Цяжка ўявіць, напрыклад, што мы б убачылі перавыбары ў Польшчы, калі б мы ў Еўразійскім эканамічным саюзе ці Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы вырашылі, што на іх перамог Р. Тшаскоўскі, а не А. Дуда

Сумна, што асабліва шчыруюць у напрамку пагаршэння адносін з намі суседзі, якія як ніхто павінны быць зацікаўлены ў стабільнай, незалежнай, суверэннай і квітнеючай Беларусі.

На працягу ўсяго свайго існавання Беларусь паслядоўна даказвала сваю прыхільнасць асноватворным нормам і правілам міжнародных адносін, прынцыпам «Хельсінкскага Дэкалогу», такім як суверэнная роўнасць, мірнае ўрэгуляванне спрэчак і неўмяшанне ва ўнутраныя справы адзін аднаго.

Беларусь заўсёды на словах і на справе — супраць канфрантацыі. Мы — за дыялог і разуменне. Але як суверэнная дзяржава мы таксама рашуча, хоць і не без шкадавання, адкажам на недружалюбныя дзеянні ў мэтах натуральнай абароны сваіх нацыянальных інтарэсаў.

У сувязі з прынятымі ЕС візавымі санкцыямі ў дачыненні да шэрагу беларускіх службовых асоб беларускім бокам з сённяшняга дня ўводзіцца ў дзеянне зваротны санкцыйны спіс. У адпаведнасці з цывілізаванай дыпламатычнай практыкай, якая склалася, мы не будзем яго публікаваць.

Адзіны спіс неўязных асоб дзейнічае таксама ў рамках інтэграцыйных аб'яднанняў, у якія ўваходзіць Беларусь.

Далейшая раскрутка ЕС «санкцыйнага махавіка» можа прывесці да яшчэ больш сур'ёзных наступстваў, напрыклад, выхаду Беларусі з сумесных праграм і праектаў, перагляду ўзроўню і мадальнасці дыпламатычнай прысутнасці аж да пастановы аб мэтазгоднасці захавання дыпламатычных стасункаў.

Замест таго, каб абяцаць беларусам «залатыя горы ў наступным жыцці», заклікаем Еўрапейскі Саюз тут і цяпер падвоіць сумесныя намаганні па барацьбе з агульнымі выклікамі, такімі як нелегальная міграцыя, міжнародная злачыннасць і тэрарызм, пандэмія інфекцыйных захворванняў і іх сацыяльна-эканамічныя наступствы, якія Еўропе і свету яшчэ трэба будзе ў поўнай меры адчуць.

Замест выбудоўвання новых візавых платоў заклікаем Еўрапейскі Звяз адкрыць межы для ўсіх беларусаў, а не толькі для «сепараваных» вамі.

ЕС пагражае нам тым, што перагледзіць свае адносіны з Беларуссю. Гэта будзе яго выбар. Беларускі бок, у сваю чаргу, таксама гатовы да падобнага перагляду адносін і будзе і далей адэкватна рэагаваць на любыя недружалюбныя дзеянні.

Спробы навязаць беларусам нейкіх ухваленых звонку прадстаўнікоў, праекты нейкіх «урадаў у выгнанні» і т.п. асуджаныя на правал. Лёс такіх структур сумны — яшчэ не стартаваўшы, яны аказваюцца на абочыне гістарычнага працэсу.

Вядомы парадокс Гегеля абвяшчае, што гісторыя вучыць чалавека таму, што чалавек нічому не вучыцца ў гісторыі.

Аддаляючы ад сябе Беларусь, нашы партнёры з ЕС, на жаль, забываюць трагічныя ўрокі гісторыі, якая ім гэтага не даруе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031