Што мы слухалі ў студзені — дзесяць найлепшых альбомаў месяца АЎДЫЯ
Незаўважна праляцеў першы месяц новага года. Музычныя гіганты пакуль не парадавалі сваіх прыхільнікаў навінкамі, але ў студзені дакладна не было сумна. Як заўсёды, прыводзім найбольш цікавыя рэлізы ў нашым топе.
Apocalyptica — Cell-0
Для працы над сваім папярэднім альбомам Shadowmaker фінскі калектыў у свой склад запрасіў спевака Фрэнка Перэза. Адыход ад класічнага ўяўлення пра Apocalyptica як пра інструментальны гурт раззлаваў фанатаў, хаця альбом атрымаўся выдатным.
У выніку гэта вылілася ў першы за 17 гадоў цалкам інструментальны альбом. Такім чынам фіны паспрабавалі вярнуцца да вытокаў і адначасова дадаць новых фарбаў у сваю творчасць.
Mac Miller — Circles
Рэпер Мак Мілер памёр падчас працы над гэтым альбомам, які першапачаткова мусіў стаць працягам псіхатэрапеўтычнага альбома Swimming, дзе лірычны герой вучыўся плаваць, каб не патануць.
У альбоме Circles герой нібыта ходзіць заўсёды па кругу. Гэты пасыл мог бы быць даволі банальным, калі б не стаў месэджам пасмяротнага альбома.
Eminem — Music To Be Murdered By
Маршал Брус Мэтэрс III нечакана выпусціў свой адзінаццаты альбом. Як і з папярэднім рэлізам, не было аніякай рэкламнай кампаніі.
Эмінем, як заўсёды, правакатыўна і злобна асвятляе праблемы і свежыя раны амерыканскага грамадства, застаючыся ледзь не апошнім воінам хіп-хоп сцэны, пакуль Снуп Дог піша кулінарныя кнігі, а Джэй Зі выступае на падпеўках у жонкі.
Але пытанне: ці патрэбны таму грамадству, якое цяпер любіць прымітыўны хіп-хоп, такі Эмінем? Ці не выглядае новы альбом бурчаннем злобнага дзеда?
Bombay Bicycle Club — Everything Else Has Gone Wrong
Раварысты вярнуліся пасля чатырохгадовага перапынку са светлым і пазітыўным альбомам. З ім добра прачынацца ў выходны дзень, ладзіць шпацыры або ехаць у горад мары. За гэта іх і любяць: яны захоўваюць свой стыль у музычным віры, дзе прынята пастаянна мяняцца.
Boris Brejcha — Space Diver
Адзін з найбольш вядомых нямецкіх электроншчыкаў Барыс Брэйча стварыў свой уласны жанр «хай-тэк мінімал» на мяжы тэхна, трансу і хаўсу, у якім стварае ўжо амаль два дзясяткі гадоў.
Space Diver — гэта ягоны дзявяты альбом, у якім ён расказвае пра тое, што было для яго важным у апошнія гады.
Pet Shop Boys — Hotspot
Знакаміты дуэт працуе паводле прынцыпу: «Не трэба рамантаваць тое, што добра працуе». Удзельнікам Pet Shop Boys ужо за 60, але яны не імкнуцца маладзіцца, застаючыся самімі сабою, і радуючы прыхільнікаў новымі рэлізамі.
Bohren & der Club of Gore — Patchouli Blue
Як мы зразумелі з гісторыі Барыса Брэйчы, немцам досыць сумна ствараць у межах аднаго жанру, і яны ствараюць сабе новыя.
Bohren & Der Club Of Gore лічацца пачынальнікамі жанру dark jazz — сумесі эмбіенту, року и джазу. Музыка атмасферная, павольная, трывожная і дэпрэсіўная.
Dubioza Kolektiv — #fakenews
Ведаеце пра дзікі захад? Дык трымайце ж прывітанне з дзікага ўсходу ад самага вядомага гурта Босніі і Герцагавіны. Dubioza Kolektiv — гэта гарачы кактэйль са ска, рэгі, хіп-хопу і балканскіх матываў на вострасацыяльныя тэмы.
Гурт прынцыпова выкладвае свае альбомы ў адкрыты доступ і мужна змагаецца з эпохай спажывання.
П****фильмы — Это пройдет
(асцярожна, у песнях ёсць нецэнзурная лексіка)
За 10 гадоў свайго існавання «ПФ» прайшлі шлях ад рэпетыцый у гаражах да солд-аўтаў на галоўных пляцоўках і інтэрв'ю ў Дудзя. Але папулярнасць толькі дапамагае галоўнаму на сёння панк-гурту Расіі даносіць месэджы аб актуальных праблемах грамадства.
Ціма Беларускіх — Моя кассета — твой первый диск
Як і летась, у апошні дзень студзеня Ціма Беларускіх выклаў у сеціва свой новы альбом.
Песні з леташняга «Укантакце» праслухалі больш за 1 мільярд разоў, цяпер чарга біць рэкорды новаму альбому.
А што вы слухалі ў студзені? Пішыце ў каментарах