Форвард БАТЭ, што выцягнуў клуб у плэй-оф Лігі Еўропы, будзе гуляць у Венгрыі
Мікалай Сігневіч у гульні супраць іншага венгерскага клуба: «МОЛ Відзі», ім таксама ён забіў, фота fcbate.by
Форвард БАТЭ Мікалай Сігневіч будзе выступаць за 29-разовага чэмпіёна Венгрыі «Ферэнцвараш» (Будапешт), паведамляе сайт беларускага клуба.
Мікалай адгуляў за барысаўскі клуб пяць сезонаў, куды ён перайшоў з брэсцкага «Дынама». Згуляў за БАТЭ 158 матчаў, у якіх забіў 44 галы і аддаў 21 галявую перадачу.
У апошнім матчы супраць грэчаскага ПАОКа Сігневіч забіў два галы, што далі беларусам пуцёўку ў 1/16 фіналу.
Чэмпіянат Венгрыі праходзіць паводле сістэмы восень-вясна, але наступны тур будзе толькі 2 лютага. «Ферэнцвараш» (клуб названы па імені гістарычнага раёна Пешта) ідзе на першым месцы. «МОЛ Відзі», якога БАТЭ двойчы перамог у Лізе Еўропы, на 2-м месцы з адставаннем у пяць балаў.