Знайсці
29.01.2013 / 12:274РусŁacБел

Леанід Гайдай мяўкаў за катоў, гаўкаў за сабак

30 студзеня — юбілей рэжысёра культавых савецкіх камедый.

«Брыльянтавая рука», «Аперацыя Ы», «Іван Васільевіч мяняе прафесію» — яго фільмы бачыў кожны жыхар былога СССР. Геніяльнае пачуцце гумару, адчуванне пажаданняў гледача і проста добры густ дазволілі Гайдаю стварыць лёгкія і запамінальныя фільмы нават у часы найбольш жорсткага «сацыялістычнага рэалізму».

З цэнзурай Гайдай моцна сутыкнуўся ўжо ў першай сваёй карціне — «Жаніх з таго свету».

Міністэрства культуры СССР не ўпадабала сюжэт — чалавека памылкова прызналі памерлым, і ён не можа давесці бюракратам, што жывы.
Пасля цэнзарскіх нажніцаў паўнаметражная карціна ператварылася ў 50-хвілінны «кінафельетон». Які, дарэчы, і сёння глядзіцца актуальна — фільмы Гайдая, як і кнігі Ільфа і Петрова, зразумелыя абсалютна ўсім, хто паходзіць з былога СССР.

Каб улагодзіць начальства, давялося Гайдаю здымаць фільм «Тройчы ўваскрэслы» — настолькі ідэалагічна правільны, што рэжысёр да канца жыцця ні разу пра яго не ўзгадваў
. Затое пасля прабачэння ад партыі, Гайдай стрэліў цэлым шэрагам камедый — «Пес Барбос», «Самагоншчыкі», «Аперацыя Ы», «Каўказская палонніца», «Брыльянтавая рука», «Іван Васільевіч мяняе прафесію».

У яго камедыях, упершыню ў савецкім кіно, з’явіліся эратычныя сцэны, «Іван Васільевіч» быў зняты паводле напаўзабароненага Булгакава. А тройка сябрукоў «Баягуз — Балбес — Бывалы» стала такой папулярнай сярод савецкага гледача, што ўвайшла ў анекдоты замест «рускага, немца і паляка».

Падчас здымкаў Гайдай усяляк матываваў акцёрскую групу.

Пасля здымак «Каўказскай палонніцы» Юрый Нікулін зарабіў 24 бутэлькі шампанскага,
Яўгеній Маргуноў — 18, а Георгій Віцын — адну. Але не таму, што мала прыдумляў, проста шампанскае не любіў. Але
пасля таго фільма Гайдай перастаў запрашаць легендарную тройку. Бо Маргуноў раз прыйшоў на здымачную пляцоўку п’яны, і з дзвюма кабетамі.
Рэжысёр яму не прабачыў такой безадказнасці.

Яшчэ Гайдай любіў катоў, асабліва чорных, і сабак. І ў кожную сваю стужку ўстаўляў эпізоды з імі.

А падчас агучвання рэжысёр сам мяўкаў за катоў і гаўкаў за сабак.

Цэнзура па дробязях дакучала рэжысёру — у «Брыльянтавай руцэ» давялося замяніць «сінагогу» на «любоўніцу» (якую, на думку ўпраўдома, таемна наведае галоўны герой).

У фільме Гайдай пайшоў на хітрасць: уклеіў у канцы атамны выбух — каб цэнзары абурыліся настолькі, што забыліся пра ўсе астатнія «хібы».

Леанід Гайдай зняў адносна няшмат фільмаў, аднак большасць з іх «б’е ў дзясятку». Гэта і апальны «Жаніх» і напаўзабыты «Не можа быць» і нават самы апошні фільм рэжысёра «На Дзерыбасаўскай добрае надвор’е», дзе Гайдай сам сыграў трохсекундную ролю п’янага наведніка рэстарана.

Нават цяпер, калі большасць фільмаў савецкага часу выглядаюць як мінімум наіўнымі, стужкі Гайдая застаюцца непераўзыйдзенымі.

Юрась Ускоў

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031