Как бунт в жемойтском местечке вдохновил беларусского классика
В творческом наследии Францишка Богушевича есть небольшая брошура, выпущенная в первой половине 1890-х на белорусском и польском языках. Про то, что стало причиной её появления, пишет историк Сергей Астанкович.
Касцёл Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Крожах. Wikimedia Commons
Сёння за нашай усходняй мяжой заўважная тэндэнцыя на стварэнне ідэалізаванага вобразу Расійскай імперыі. У многіх фільмах і публікацыях апошняга часу насельніцтву Расіі прапануецца прыхарошаны вобраз цароў і імперыі.
Пры гэтым ці зусім замоўчваецца, ці, прынамсі, не надта акцэнтуецца тое, што тагачасная імперыя была ўсё ж, як ні круці, эканамічна адсталай дзяржавай з моцнымі феадальнымі перажыткамі, свавольствам сілавых органаў і беззаконнем. Да таго ж яна была сапраўднай «турмой народаў», дзе не існавала ні нацыянальнай, ні рэлігійнай свабоды. У апошнім неаднаразова пераконваліся жыхары Літвы і Беларусі — асабліва тыя, якія вызнавалі каталіцкую веру.
Вайна з каталіцтвам
Наступленне расійскіх імперскіх уладаў на рыма-каталіцтва ўзмацнілася пасля паўстанняў 1830—1831 і 1863—1864 гадоў. Пасля апошняга з іх урадавыя органы распрацавалі цэлую сістэму захадаў, скіраваных на змяншэнне ўплываў заходняй галіны хрысціянства. Пачалася кампанія па ліквідацыі касцёлаў і кляштараў. Абмяжоўвалася свабода перамяшчэння духавенства па парафіях, забаранялася ладзіць урачыстыя працэсіі, будаваць новыя храмы, ставіць прыдарожныя крыжы, забаранялі нават дзейнасць антыалкагольных таварыстваў (пра апошнія гл. мой артыкул «Чаму ў Беларусі пілі менш, чым у Расіі?» у № 7/2019 «Нашай гісторыі»). Таксама ўзмацніўся ціск на каталікоў, каб яны пераходзілі ў праваслаўе.
Улады ўважліва прыглядаліся да актыўнасці касцельнага кіраўніцтва. Амаль у кожнай праяве яго дзейнасці чыноўнікі вышуквалі непадпарадкаванне, апазіцыйнасць ці распаўсюджанне патрыятычных настрояў.
Напрыклад, Жамойцкай дыяцэзіяй, якая ўключала ў сябе тэрыторыі Ковенскай і Курляндскай губерняў, у той час кіраваў біскуп Мечыслаў Леанард Палулон. Яму напрыканцы 1880-х удалося атрымаць дазвол на візітацыю парафій сваёй дыяцэзіі, што было забаронена яшчэ ў 1863-м. Калі біскуп аб’язджаў парафіі ў Новааляксандраўскім павеце (цяперашняя Браслаўшчына), улады былі здзіўленыя размахам мерапрыемства. Віленскі, ковенскі і гродзенскі генерал-губернатар Іван Каханаў у чэрвені 1889-га даносіў у Пецярбург, што ў вітальных урачыстасцях узялі ўдзел 50 тысяч чалавек. Іерарха віталі натоўпы вернікаў, што было ўспрынята як палітычная дэманстрацыя. Выглядала, што, нягледзячы на ўсе захады, уладам не ўдавалася зменшыць уплывы Касцёла ў краі, таму барацьба з ім заставалася актуальнай і надалей.
На чарзе — Крожы
12 (24) снежня 1891 года ковенскі губернатар Мікалай Клінгенберг паведаміў згаданаму біскупу Палулону, што, згодна з царскім указам, вырашана ліквідаваць кляштар бенедыкцінак у мястэчку Крожы (па-літоўску Кражай) Расейнскага павета Ковенскай губерні. Матэрыял ад разабраных будынкаў прызначаўся на будаўніцтва земляробчай школы. Зямля кляштара пераходзіла дзяржаве і праваслаўнай царкве ў Коўне. А каталіцкія набажэнствы планавалася перанесці ў стары, спарахнелы касцёл Святога Міхала, які знаходзіўся на мясцовых могілках.
Згаданы кляштар быў заснаваны яшчэ ў XVII стагоддзі і лічыўся мясцовымі парафіянамі «панскім», бо яго ахвотна наведвалі мясцовыя землеўладальнікі. Значная частка манашак таксама была шляхецкага паходжання. Літургія правілася па-лацінску і па-польску, Евангелле чыталася па-польску і па-жамойцку, затое казані былі выключна жамойцкія. Так было таму, што парафія размяшчалася ў этнаграфічнай Жамойці і складалася ў сваёй большасці з заможных сялян, якія разумелі толькі сваю гаворку. Кляштар быў багаты, людзі за доўгі час прызвычаіліся да яго.
Прыкляштарны касцёл быў пабудаваны ў XVIII стагоддзі ў стылі позняга барока згодна з праектам архітэктара Тамаша Жаброўскага.
Жыхары Крожаў не згаджаліся на закрыццё касцёла і звярталіся з просьбамі да генерал-губернатара і цара аб змене яго статусу з прыкляштарнага на парафіяльны. Парафіяльны ж касцёл Святога Міхала меркавалася пераўтварыць у капліцу на могілках для адпявання памерлых. Аднак улады да гэтых зваротаў не прыслухаліся і працягнулі ліквідацыю святыні.
Першая старонка беларускамоўная брашуры Францішка Багушэвіча пра падзеі ў Крожах. Бібліятэка імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук.
Вернікі гатовыя змагацца
Першапачаткова чыноўнікі збіраліся зрабіць усю справу рукамі духавенства з Крожаў і найбліжэйшых вёсак. Аднак вернікі адмовіліся падпарадкавацца ксяндзам і не дазволілі ім вынесці з храма Святыя Дары. Не дапамагло і ўмяшанне паліцыі.
На пазіцыю жыхароў моцна ўплывала памежнае становішча іх мястэчка. Вядома, што пасля паўстання 1863—1864 гадоў літоўскі друк лацінкай быў забаронены. Аднак Літва межавала з Усходняй Прусіяй, адкуль кантрабандысты-кніганошы дастаўлялі патрэбную нелегальную літаратуру (гл. мой артыкул «Кніганошы: як кантрабанда ўзгадавала народ» у № 5/2019 «Нашай гісторыі»). У гэты час вялікі ўплыў на каталікоў Літвы мела друкаваная ў горадзе Тыльзіце (цяпер Савецк Калінінградскай вобласці) газета Žemaičių ir Lietuvos apžvalga («Агляд Жамойці і Літвы»). Ужо ў першым нумары рэдакцыя заклікала да супраціву прыгнёту, да барацьбы за літоўскасць і каталіцкую веру. А ў другім нумары, у студзені 1892 года, была змешчана падрабязная інфармацыя пра падзеі ў Крожах. Вернікаў з усёй Літвы заклікалі абараняць храм, не зважаючы на пагрозы з боку ўлады. Распаўсюджанне газеты сярод кражанцаў давала ім моцную маральную падтрымку.
У той жа час вернікі не маглі не ўсведамляць небяспеку сваіх дзеянняў. За сем гадоў да гэтых падзей расійская адміністрацыя загадала ліквідаваць мужчынскі кляштар і касцёл у вёсцы Кястайці Цельшаўскага павета. Мясцовыя людзі спрабавалі абараніць касцёл, абарона працягвалася каля двух месяцаў. Але ўрэшце расійская адміністрацыя на чале з ковенскім губернатарам і з дапамогай трох сотняў казакаў сілай выдалілі людзей з храма. Некалькі абаронцаў былі параненыя, 43 трапілі на нейкі час пад арышт.
Кражанцы ведалі пра гэтыя падзеі, але ўсё ж вырашылі да канца чакаць рашэння з Пецярбурга ці Вільні.
Вокладка польскамоўнай брашуры пра Крожы аўтарства Францішка Багушэвіча. Яго тэкст фактычна ідэнтычны беларускаму. Беларускамоўная версія назвы не мае, таму яе завуць па першых словах: «Гаспадары, для вас пішам гэта апавяданне…». Бібліятэка імя Урублеўскіх Літоўскай акадэміі навук.
Разбой губернатара
Мікалай Клінгенберг, выконваючы загад віленскага, ковенскага і гродзенскага генерал-губернатара Пятра Аржэўскага, 9 (21) лістапада 1893-га накіраваўся ў Крожы разам з жандарамі і паліцыяй. Даведаўшыся пра тое, што ля касцёла сабралася каля чатырохсот чалавек, ён загадаў тром сотням казакаў чакаць у вызначаным месцы. Імаверна, высокі чыноўнік планаваў выклікаць масавае абурэнне мясцовага насельніцтва, каб потым далажыць начальству ў Вільні і Пецярбургу аб паспяховым задушэнні «бунту» пры яго асабістым удзеле.
«Бунт» быў выкліканы вельмі проста. Губернатар прыбыў у мястэчка а другой гадзіне ночы ў суправаджэнні паліцэйскіх, узброеных шаблямі, бічамі і рэвальверамі, загадаў разбудзіць ксяндзоў і пачаў аперацыю па захопе касцёла. Храм вартавалі некалькі мясцовых жыхароў. Пабачыўшы набліжэнне войска, яны сталі перад уваходам з партрэтамі цара, царыцы і крыжам. Людзі сцвярджалі, што ніхто не можа забіраць у іх святыню, пакуль не прыйдзе адказ ад імператара. Клінгенберг адказаў: «Я тут якраз па даручэнні цара прыйшоў, каб зачыніць касцёл». Жыхары мястэчка запярэчылі:
«Ты не губернатар, а разбойнік, ніводзін губернатар ноччу царскіх загадаў не выконвае. Мы не хочам ніякіх ласкаў і дабрадзействаў, толькі справядлівасці. Каталіцкі касцёл належыць толькі каталікам».
Пачалася штурханіна, вырыванне крыжоў і абразоў, пачуліся стрэлы ў паветра.
Прыбыццё казакаў з пікамі, карабінамі, шаблямі і нагайкамі пераламала сітуацыю на карысць уладаў. Ксёндз Аўгусцін Мажэйка, які прыбыў разам з карнікамі, вынес Святыя Дары, касцёл быў апячатаны. На месцы засталося некалькі трупаў і мноства параненых. Арыштаваных кабет казакі згвалтавалі.
На наступны дзень у мястэчку адбыўся губернатарскі суд. На рынку засядаў Клінгенберг у суправаджэнні паліцыі. Да яго прыводзілі затрыманых, якіх казакі збівалі нагайкамі. Царскі чыноўнік назіраў за экзекуцыяй з усмешкай і вялікім задавальненнем. Час ад часу ён пытаўся: «Што? Я губернатар ці разбойнік?» Збітых людзей пазачынялі ў гумнах і шынках, пераўтвораных у часовыя турмы.
Пасля гэтага губернатар загадаў змясціць у «Ковенскіх губернскіх ведамасцях» інфармацыю, якая б цалкам апраўдвала дзеянні адміністрацыі. Сцвярджалася, што, згодна з найвышэйшым загадам, касцёл трэба было зачыніць, але жыхары мястэчка не падпарадкаваліся. Таму была ўжыта сіла. Пры сутыкненні з мясцовым людам нібыта былі лёгка параненыя чатыры паліцэйскія. Хоць насамрэч падчас гэтых падзей было забіта 9 чалавек, 54 атрымалі раненні, 69 чалавек (52 мужчыны і 17 жанчын) ва ўзросце ад 16 да 80 гадоў арыштаваныя.
Абурэнне і салідарнасць
Дзеянні ўладаў у Крожах выклікалі абурэнне шырокіх колаў ліберальнай грамадскасці — не толькі мясцовай, але таксама расійскай і польскай. Абаронай падсудных заняліся найлепшыя адвакаты з абедзвюх расійскіх сталіц, а таксама з Варшавы і Вільні.
Плакат, надрукаваны ў ЗША і прысвечаны «кражанскай разні». Канец ХІХ стагоддзя. Wikimedia Commons.
Сярод тутэйшых дзеячаў адзначыўся Францішак Багушэвіч, які на той момант працаваў у Віленскай судовай палаце. Свой літаратурны талент ён скарыстаў для напісання маленькіх ананімных брашур на беларускай і польскай мовах, якія павінны былі інфармаваць сялян пра сутнасць Кражанскай справы. Кнігі былі надрукаваныя да верасня 1894 года ў Варшаве, іх змест у нечым нагадваў «Мужыцкую праўду» Кастуся Каліноўскага. Як і іншыя творы класіка беларускай літаратуры, яны траплялі да чытача праз «зялёную мяжу», з дапамогай кніганошаў.
Вядома, гэтыя выданні толькі ў нязначнай ступені маглі паўплываць на сітуацыю. Уся сіла была ва ўладаў. 20 верасня (па старым стылі) 1894 года ў Віленскай судовай палаце пачаўся працэс. Падсудных было 69: 33 селяніны, 26 шляхцічаў і 10 мяшчан. Затрыманых абвінавачвалі ў перашкодзе выкананню найвышэйшага загаду, а таксама ва ўзброеным супраціве ковенскаму губернатару і чыноўнікам, што яго суправаджалі. Усяго было асуджана 36 чалавек, пры гэтым чацвёра атрымалі па 10 гадоў катаржных работ, а трое былі сасланыя ў Табольскую губерню.
Стала сімвалам
Уся каталіцкая грамадскасць літоўска-беларускага краю жыла тады гэтай справай, у дні працэсу сітуацыя ў Вільні была вельмі напружаная. «Кражанская разня» — так эмацыйна сталі паўсюдна называць гэтыя падзеі — нанесла сур’ёзны ўдар па іміджы тагачаснай Расіі, а назва мястэчка стала нечым накшталт сімвала барацьбы за свабоду веры.
У тым ліку і з-за высокіх іміджавых страт улады ў выніку вымушаныя былі пайсці на пэўную лібералізацыю ў адносінах да Каталіцкай царквы ў імперыі. Тым больш што хутка Аляксандр ІІІ памёр, а новы цар, Мікалай ІІ, амніставаў кражанцаў у гонар узыходжання на трон. Храм, праўда, ім вярнулі толькі ў 1908-м.
А памяць пра тыя падзеі захоўваецца і сёння. 4 сакавіка 1993 года літоўскае мястэчка Кражай атрымала герб і сцяг, якія нагадваюць пра падзеі стагадовай даўніны. На іх бачна, як арханёл Міхаіл перамагае чорта са срэбнымі рагамі, што сімвалізуе маральную перамогу кражанцаў над прыгнятальнікамі.