Даслаць навіну
Знайсці
17.11.2020 / 15:52

З Інстытута гісторыі Акадэміі навук масава звальняюць навукоўцаў

У Інстытуце гісторыі Акадэміі навук пачаліся звальненні. У панядзелак пра непрацягненне з ім кантракта паведаміў вядомы гісторык Аляксей Шаланда. Ён хвалюецца, што разам з яго сыходам збіраюцца ліквідаваць аддзел генеалогіі, нумізматыкі і геральдыкі.

Павялічыць

Аляксей Шаланда. Фота з Facebook

Сёння стала вядома, што кантракты не працягваюць таксама кандыдатам гістарычных навук Мікалаю Волкаву і Кацярыне Крывічанінай.

Павялічыць

Мікалай Волкаў. Фота з Facebook

Навукоўцы лічаць, што прычыны звальненняў — іх палітычныя погляды. Яны падпісвалі звароты супраць рэпрэсій у краіне, а Аляксей Шаланда даваў суду заключэнне пра каштоўнасць бел-чырвона-белага сцяга (мінчанку судзілі за надпіс «Жыве Беларусь» і намаляваны сцяг на асфальце).

«Мяне запрасілі ў аддзел кадраў, уручылі паведамленне. Намеснік дырэктара Вадзім Лакіза (пасада дырэктара пакуль вакантная. — «НН») асабіста мяне не запрашаў. Але мне трэба было напісаць заяву на адпачынак за свой кошт, таму я зайшла да яго і вырашыла заадно пагутарыць пра кантракт. Спытала: з якой прычыны звальняеце? «У сувязі з тым, што скончыўся кантракт». Кажу: але ж раней яго працягвалі, у вас прэтэнзіі да маёй працы? «Прэтэнзій няма». Лакіза патлумачыў, што ў Інстытуце будзе рэарганізацыя і многія атрымаюць такія паведамленні. Але нам пра рэарганізацыю даўно кажуць», — падзялілася Кацярына.

Павялічыць

Кацярына Крывічаніна

Аб тым, што пасля выбараў будуць звальненні, навуковец здагадвалася.

«8 верасня выйшаў загад кіраўніка Акадэміі навук Гусакова, які абвясціў пазачарговую атэстацыю. Мы зразумелі, што гэта будзе палітычная атэстацыя. Мяне пасля акцый, відэазвароту пастаянна выклікалі на размовы. І ў прэзідыум у тым ліку, дзе прапаноўвалі напісаць заяву на звальненне па ўласным жаданні. Я сказала: я вам такога падарунка не зраблю», — згадвае Крывічаніна.

У прэзідыуме, па яе словах, бурленнем у Інстытуце гісторыі незадаволеныя.

Нагадаем, у жніўні навукоўцы склалі заяву з патрабаваннямі спыніць гвалт і выконваць законы. А таксама даслалі ліст аб палітычнай сітуацыі на імя старшыні праўладных прафсаюзаў Міхаіла Орды. Кацярына Крывічаніна — старшыня прафсаюзнага камітэта Інстытута, Аляксей Шаланда — яе намеснік.

«Ёсць верагоднасць, што Інстытута гісторыі не будзе наогул. Мы ў расход ідзём, — занепакоеная Крывічаніна. — Пасля нашых заяў у жніўні Каваленя казаў мне: «Што ты робіш? Праз цябе нас зачыняць».

«Наша Ніва» звярнулася па каментар да намесніка дырэктара Інстытута гісторыі Вадзіма Лакізы. 

Павялічыць

Вадзім Лакіза. Фота «Інфа-Кур'ер»

«Вельмі крыўдна, што многія расцэньваюць звальненні як палітычныя акцыі. Нехта ў фэйсбуку ўжо дазваляе сабе абзываць мяне — хай прыйдзе ў Інстытут пагутарыць, у мяне дзверы ніколі не зачыняюцца. Канечне, сітуацыя складаная, бо зараз заканчваецца дзяржаўная праграма навуковых даследаванняў, якая выконвалася ў 2016-2020 гады. І якраз у вельмі вялікай колькасці людзей заканчваюцца кантракты. З большасцю з іх я размаўляў, яны ведалі пра гэта. 

Цяпер фарміруецца новая праграма навуковых даследаванняў на пяцігодку, і пад новую праграму будуць прыцягвацца кадры, якія працуюць у Інстытуце і краіне.

Учора размаўлялі з Аляксеем Шаландам і ніякіх палітычным пытанняў не гучала. Гэта, можа, мода такая, што трэба адмыслова выкласці сітуацыю як палітычную. Гэта іх пазіцыя і права выбару.

У сувязі з рэарганізацыяй Інстытута многія аддзелы, дзе працавала мала людзей, будуць аб’ядноўвацца. Але гэта яшчэ будзе абмяркоўвацца на вучоным савеце. Аддзела Шаланды хутчэй за ўсё не будзе, і цэнтр Крывічанінай (цэнтр усеагульнай гісторыі і міжнародных адносін. — НН) сальецца з іншым. Ніякіх палітычных рэпрэсій тут няма», — запэўніў намеснік дырэктар.

НН: Атрымліваецца, гэтыя навукоўцы ў новай праграме будуць непатрэбныя?

Вадзім Лакіза: Хтосьці будзе патрэбны, хтосьці не. Калектыў канчаткова сфарміруецца пасля Новага года.

НН: Супрацоўнікі казалі, што іх выклікалі на прафілактычныя гутаркі, былі незадаволеныя іх выступамі.

Вадзім Лакіза: А як па-іншаму, калі з чалавекам не размаўляць? Самае галоўнае, каб у выступах была адлюстравана пазіцыя ўсяго калектыву. Калі запісваецца відэазварот — каб гэта было пасля калегіяльнага рашэння. Бо ў нас працуе больш за 100 чалавек. Пазіцыя Інстытута гісторыі, мая — яны ніколі не змяняліся. Кожнае заключэнне робіцца на карысць нашай дзяржавы.

НН: Ходзяць чуткі, што сам Інстытут гісторыі могуць прыбраць. Ці ёсць такая пагроза?

Вадзім Лакіза: На сёння такога няма. Не можа быць краіны без гістарычнай навукі. На той жа археалогіі вельмі шмат завязана праектаў — напрыклад, зоны новабудоўляў. І патрэбны кожны, хто будзе працаваць на карысць краіны — не на раз’яднанне.

Наталля Лубнеўская

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ JavaScript пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ, пїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ пїЅ пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ
пїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅпїЅ...
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
2019 2020 2021
ПН АЎ СР ЧЦ ПТ СБ НД
1
2 3 4 5 6 7 8
9 10 11 12 13 14 15
16 17 18 19 20 21 22
23 24 25 26 27 28 29
30